КРЫНАІДЭ́І (Crinoidea),
клас марскіх беспазваночных жывёл тыпу ігласкурых. Вядомы з ардовіку да карбону. Каля 5 тыс. выкапнёвых відаў. Былі пашыраны ўсюды. Найб. распаўсюджанасць у сярэднім палеазоі. На Беларусі асабліва шматлікімі і разнастайнымі былі ў ардовіку. Амаль поўнасцю вымерлі да канца палеазою. У пачатку мезазою з’явілася новая група — марскія лілеі.
Цела ў выглядзе чашачкі, ад якой падымаліся пёрыстыя, разгалінаваныя промні. Каля асновы чашачкі іх 5, вышэй — 10 і больш, да 200. У сцябліністых К. чашачкі змяшчаліся на сцёблах (даўж. да 21 м), якія мацаваліся на грунце. У бессцябліністых К. былі шматлікія рухомыя адросткі. Мелі вапняковы шкілет з пласцінак розных форм і памераў.
т. 8, с. 515
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)