КОЛЮШКАПАДО́БНЫЯ (Gasterosteiformes),

атрад касцістых рыб. 9 сям., каля 55 родаў, больш за 200 відаў. Вядомы з эацэну. Пашыраны пераважна ў тропіках, у прыбярэжных марскіх водах, некат. віды — у прэснай вадзе. На Беларусі 2 роды, 2 віды: колюшка трохіголкавая (Gasterosteus aculeatus) і колюшка дзевяцііголкавая (Pungitius pungitius).

Даўж. ад 3 см да 1,8 м, маса ад некалькіх грамаў да 3,4 кг. Спінных плаўнікоў 1—2, першы ў выглядзе асобных калючак. Брушныя плаўнікі з 1—7 прамянёў, у некаторых адсутнічаюць. Луска ктэноідная, у многіх К. цела ўкрыта касцявымі пласцінкамі. Рыла звычайна трубкападобнае. Некат. К. ў перыяд размнажэння робяць гнёзды. Планктафагі, але могуць знішчаць ікру і лічынак інш. рыб.

т. 8, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)