КРЭВЕ́ТКІ (Natantia),

падатрад беспазваночных жывёл атр. дзесяціногіх ракападобных. Каля 2 тыс. відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах, пераважна ў тропіках і субтропіках, ёсць прэснаводныя. На Беларусі акліматызавана (1982, ахаладжальныя вадаёмы Бярозаўскай ДРЭС) К. ўсходняя субтрапічная рачная (Macrobrachium nipponense).

Даўж. 2—30 см. Брушка значна даўжэйшае за галавагрудзі. Пярэднія ногі (2—3 пары) узброены клюшнямі. Брушныя канечнасці служаць для плавання, выношвання ікры (у самак) і ў якасці капулятыўнага органа (у самцоў). Некаторыя К. мяняюць афарбоўку цела, сярод глыбакаводных ёсць формы, якія свецяцца. Кормяцца водарасцямі, воднымі беспазваночнымі, расліннымі і жывёльнымі рэшткамі. Раздзельнаполыя. Аб’екты промыслу і развядзення.

Ю.Р.Гігіняк.

Крэветкі: 1 — натастомус, 2 — макрабрахіум.

т. 8, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)