КРАЁВА РА́ДА НАРАДО́ВА (КРН, Krajowa Rada Narodowa, Нацыянальны савет краіны),
часовы прадстаўнічы орган улады ў Польшчы ў 1944—47. Створаны ў ноч на 1.1.1944 па ініцыятыве Польскай рабочай партыі з мэтай прыняцця на сябе дзярж. улады ў Польшчы пасля ўступлення на яе тэр.Сав. Арміі. КРН не прызнала легітымнасці прэзідэнта і ўрада Польскай Рэспублікі ў эміграцыі. У яе праграмнай дэкларацыі абвяшчаліся барацьба з ням.-фаш. акупантамі, стварэнне ў краіне часовага ўрада, ажыццяўленне сац.-эканам. рэформ, саюз з СССР, прынцыпы стварэння Арміі Людовай. У чэрв. 1944 КРН прызналі СССР і Саюз польскіх патрыётаў, пасля ўступлення на тэр. Польшчы сав. войск яе прадстаўнікі сфарміравалі 21.7.1944 Польскі камітэт нацыянальнага вызвалення, ператвораны 31.12.1944 у часовы ўрад Польскай Рэспублікі. З жн. 1945 КРН выконвала функцыі часовага парламента, яе працай кіраваў прэзідыум на чале з Б.Берутам. У склад КРН уваходзілі прадстаўнікі паліт. партый, прафсаюзаў, грамадскіх арг-цый, ваяводскіх нац. саветаў, арміі, інтэлігенцыі. КРН заключыла дагавор аб дружбе, узаемнай дапамозе і пасляваен. супрацоўніцтве з СССР (21.4.1945), прыняла закон аб нацыяналізацыі буйной і сярэдняй прам-сці, транспарту, банкаў і сродкаў сувязі (3.1.1946) і інш. Пасля абрання Заканад. сейма (4.2.1947) спыніла сваю дзейнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАЯВЫ́ САКРАТАРЫЯ́Т ЦК КПЗБ,
цэнтральны кіруючы орган Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі ў 1924—37 (у 2-й пал. 1920-х г. называўся Краявое бюро ЦККПЗБ). Працаваў у падполлі. Фактычна быў часткай Цэнтральнага Камітэта КПЗБ з 3—4 яго членаў, якія пастаянна знаходзіліся на нелегальнай рабоце ў Вільні, з канца 1920-х г. — у Варшаве. У склад сакратарыята зрэдку ўваходзілі кандыдаты ў чл.ЦККПЗБ. Працаваў пад кіраўніцтвам Бюро ЦККПЗБ, агульнае паліт. кіраўніцтва яго дзейнасцю ажыццяўляў Краявы сакратарыят ЦК КПП (знаходзіўся ў Варшаве). Кіраваў Цэнтр. краявой рэдакцыяй, Цэнтр. тэхнікай (падп. друкарні, распаўсюджванне л-ры), акр. к-тамі КПЗБ, ЦК КСМЗБ, ЦК МОПР Зах. Беларусі, некаторымі цэнтрамі бел.нац.-вызв. руху і іх легальнымі выданнямі, вёў парт. касу; падтрымліваў канспіратыўную сувязь з Прадстаўніцтвам ЦККПЗБ пры ЦККП(б)Б у Мінску. У розны час К.с. ЦККПЗБ узначальвалі члены Бюро ЦК А.А.Альшэўскі, Л.Н.Аранштам, М.С.Арэхва, І.К.Лагіновіч (П.Корчык), С.Т.Мілер, Л.М.Янкоўская; у яго склад уваходзілі члены Бюро і канд. ў чл.ЦККПЗБ Я.С.Бабровіч, Р.Д.Вольф, М.І.Гурын-Маразоўскі, Г.М.Дуа, А.У.Канчэўскі, С.М.Малько, М.Л.Перавалоцкі, Ф.Б.Пірышка, А.Х.Раф, Л.І.Родзевіч, А.М.Розенштайн і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́НДЗЕРА ((Kundera) Мілан) (н. 1.4.1929, г. Брно, Чэхія),
чэшскі пісьменнік. Скончыў Акадэмію муз. мастацтваў у Празе. У 1968 творы К. на радзіме забаронены. З 1975 жыве ў Парыжы. Дэбютаваў паэт. зб-камі «Чалавек — бязмежны сад» (1953), «Апошні май» (1955), «Маналогі» (1957). Тэма кахання і мастацтва ў зб-ках псіхал.-лірычных навел «Смешныя каханні» (1963), «Другі сшытак смешных каханняў» (1965), «Трэці сшытак смешных каханняў» (1968). Аўтар п’ес «Уладары ключоў» (1962; паст. ў СССР пад назвай «Паварот ключа»), «Лухта» (1969), «Якуб і пан» (1970). У раманах «Жарт» (1967), «Жыццё недзе там» (1973), «Развітальны вальсок» (1979), «Нясцерпная лёгкасць быцця» (1985, экранізацыя 1988; аб лёсе інтэлігенцыі, звязанай з паліт. падзеямі Пражскай вясны 1968), «Несмяротнасць» (1990), «Няспешнасць» (1995), «Ідэнтычнасць» (1997) спалучыў філас. змест з займальнай фабулай, узнімаў экзістэнцыяльныя праблемы парушанай камунікатыўнасці сучаснага грамадства. Сваю канцэпцыю рамана распрацаваў у эсэ «Мастацтва рамана» (1960; пашыр.выд. 1986). На бел. мову асобныя творы К. пераклалі А.Вострыкава, А.Ціхановіч, С.Сматрычэнка.
Тв.:
Бел.пер. — Трагедыя Цэнтральнай Эўропы // Фрагмэнты... 1996. № 1.
Літ.:
Вострыкава А. Жыццяпіс. Жыццёвае крэда — раманіст;
Шаблоўская І. Запрашэнне да няспешнасці // Крыніца. 1998. № 10 (47).
рускі паэт, перакладчык, журналіст. Брат М.С.Курачкіна. Да 1853 на ваен. службе. У 1859—73 рэдактар і выдавец сатыр.час.«Искра» (да 1864 з М.А.Сцяпанавым). У 1861—63 чл.цэнтр.к-та тайнай рэв. арг-цыі «Зямля і воля». Друкаваўся з 1848. Пісаў вершы, вадэвілі («Паміж намі, панове!», паст. 1853; «Сюрпрыз», паст. 1854), фельетоны. Пачынальнік у рус. л-ры надзённай паліт. паэзіі, для якой характэрна парадыйнае выкарыстанне розных жанраў (санет, ода, стансы, элегія), увядзенне для камічнага эфекту ў якасці дзеючых асоб герояў вядомых літ. твораў (А.Грыбаедава, М.Гогаля, Дз.Фанвізіна). Перакладаў зах.-еўрап. пісьменнікаў (Мальера, А.Мюсэ, А.Барб’е, В.Гюго і інш.). Найб. вядомы яго пераклады «Песень Беранжэ» (1858; усяго пераклаў 89 песень), у якіх тэмы і вобразы франц. арыгінала суаднесены з рэаліямі рас. рэчаіснасці. Аўтар сатыр. камедыі «Прынц-Лугоня» (пераробка камедыі М.Манье «Кароль Бабален», 1880). Некат. вершы пакладзены на музыку А.Даргамыжскім і М.Мусаргскім.
Тв.:
Стихотворения. Статьи. Фельетоны. М., 1957;
Стихотворения. М.; Л., 1962.
Літ.:
Ямпольский И. Василий Курочкин // Ямпольский И. Середина века. Л., 1974;
Старицына З.А. Беранже в русской литературе. М., 1980. С. 76—88.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ДЭР (ад англ. leader вядучы, кіраўнік),
аўтарытэтны член арг-цыі або групы, асабістыя якасці якога істотна ўплываюць на жыццядзейнасць і маральна-псіхал. клімат у калектыве. Л. валодае найб. ярка выяўленымі і карыснымі якасцямі для групы, дзякуючы чаму яе дзейнасць становіцца больш эфектыўнай, за ім прызнаецца права прымаць найб. значныя рашэнні. Аўтарытэт Л. заснаваны на псіхал. феномене адлюстраванай суб’ектыўнасці, на здольнасці згуртоўваць і аб’ядноўваць інш. людзей. Ён рэгулюе ўзаемаадносіны ў групе, адстойвае яе інтарэсы, уплывае на фарміраванне ўнутрыгрупавых каштоўнасцей. Да сац. фактараў, што дэтэрмінуюць сутнасць Л., адносяцца: асобасныя якасці Л.; характэрныя рысы сац. груп і індывідаў, Л. якіх з’яўляецца дадзены суб’ект; характар узаемаадносін паміж Л. і яго паслядоўнікамі; сац.-эканам. і паліт. ўмовы, у якіх Л. ажыццяўляе сваю дзейнасць. Псіхал. якасці Л. можна падзяліць на змястоўныя (матывы, мэты, каштоўнасці, перакананні, веды і ўяўленні) і працэсуальныя (тэмперамент, здольнасць, сіла волі, асаблівасці эмацыянальнай сферы). Адрозніваюць Л. фармальных (іх дзейнасць звязана з пэўнымі бюракратычнымі працэдурамі, прадугледжвае канкрэтныя функцыян. адносіны і абавязкі) і нефармальных (фарміруюцца на аснове асобасных узаемаадносін, істотна ўплываюць на членаў групы сваімі асобаснымі якасцямі і паводзінамі). Ад мэты, матываў і дзеянняў Л. ў многім залежыць далейшае развіццё грамадства. Гл. таксама Лідэрства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТВІ́НЫ.
ліцвіны, назва жыхароў Вялікага княства Літоўскага, пераважна зах. беларусаў і ўсх. літоўцаў у 14—18 ст. Упершыню сустракаецца ў польск. гіст. крыніцах 14 ст. У бел.-літ. летапісах і інш. дакументах 14—16 ст. назва Л. звязвалася ў этнагенетычным аспекце з легендарнымі рымскімі перасяленцамі на чале з кн. Палемонам, а тэрытарыяльна — з землямі першапачатковай лакалізацыі тапоніма Літва — на З ад Мінска ў міжрэччы Нёмана і Віліі, дзе існавала змешанае балта-слав. насельніцтва (гл. ў арт.Літва летапісная). У канфесіянальным аспекце нярэдка звязвалася з каталіцтвам. У 16—18 ст. назва Л. набыла гучанне палітоніма — дзярж.паліт. вызначэння ўсяго насельніцтва ВКЛ, аднак адрознівалася ад саманазвы менавіта літоўцаў (аўкштайты і жэмайты), усх. беларусаў правасл. веры (русіны, руськія) і палешукоў. Жыхароў Белай Русі называлі Л.-беларусцамі (гл.Беларусцы). У 19 — пач. 20 ст. арэал існавання назвы Л. звузіўся. У наш час ужываецца як экзаэтнонім у палякаў для вызначэння літоўцаў, а таксама як лакальны этнікон невял. груп бел. насельніцтва (у раёне Бярозы, Івацэвіч, Косава, Пружан, Навагрудка, Воранава, Гродна, Паставаў, Браслава і інш.), некат. раёнаў бел.-ўкр. Палесся (раёны Століна, Ракітнага, Кастопаля, Сарнаў, Оўруча) і часткова беларускамоўнага насельніцтва паўн. Чарнігаўшчыны і Кіеўшчыны, зах. Браншчыны і Смаленшчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАБЛІ́ ((Mably) Габрыэль Бано дэ) (14.3.1709, г. Грэнобль, Францыя — 23.4.1785),
французскі паліт. мысліцель і гісторык. Брат Э.Кандыльяка. Вучыўся ў езуіцкім каледжы і семінарыі, пазней адмовіўся ад духоўнай кар’еры. З 1742 на дыпламат. службе, з 1746 прысвяціў сябе навук. заняткам. Асн. ідэі М. выкладзены ў працах «Сумненні, якія прапануюцца філосафам-эканамістам адносна прыроднага і неабходнага парадку палітычных грамадстваў» (1768) і «Аб заканадаўстве, або Прынцыпы законаў» (1776). У сац.-філас. разважаннях М. зыходзіў з уласнага паняцця аб чалавечай прыродзе, лічыў, што менавіта добрыя пачаткі (спачуванне, удзячнасць) аб’ядноўваюць людзей у грамадства, а розум дыктуе пэўныя законы дзеля агульнага дабрабыту і стрымання чалавечага эгаізму. Адзінай крыніцай і носьбітам усялякай улады лічыў народ; яму належыць права змены тыранічнай улады з дапамогай любых сродкаў, у т. л. рэвалюцыі. Як прыхільнік эгалітарызму патрабаваў адпаведных законаў з мэтай устанаўлення сістэмы кіравання, якая б абараняла грамадства ад разбурэнняў. Прапаноўваў прыняць законы супраць раскошы, дзярж. падтрымкі гандлю і купецтва; выказваўся за абмежаванне багаццяў прыватных асоб, у т. л. землеўладальнікаў, адмаўляў гіст. рэгрэс і магчымасць вяртання ў «залаты век» — да першабытнага камунізму.
Тв.:
Рус.пер. — Избр. произв.М.; Л., 1950;
Об изучении истории. О том, как писать историю. М., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДО́РАЎ (Фёдар Аляксандравіч) (27.2. 1890, г.п. Мсцёра Вязнікаўскага р-на Уладзімірскай вобл., Расія — 4.3.1967),
расійскі і бел. жывапісец. Засл. дз. маст. Беларусі (1944). Нар. мастак Расіі (1965). Чл.-кар.АМСССР (1950). Вучыўся ў Петраградскай АМ (1914—18). Арганізатар і дырэктар Мсцёрскага маст.-прамысл. вучылішча і маст. школы-камуны (1918—22). Чл. Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі (з 1923). У 1948—62 рэктар Маскоўскага ін-та імя Сурыкава. У 1938—41 кіраўнік курсаў павышэння кваліфікацыі мастакоў у Мінску. Аўтар партрэтаў грамадскіх, паліт., ваен. дзеячаў (М.А.Сямашкі, 1924; Г.В.Чычэрына, 1926; Р.І.Пятроўскага, 1928; К.Я.Варашылава, 1933, 1963 і інш.), удзельнікаў і кіраўнікоў партыз. руху на Беларусі (У.З.Царука, 1942; дзеда Талаша, 1943; П.К.Панамарэнкі, В.І.Казлова, І.Дз.Варвашэні, М.П.Шмырова, усе 1944; С.А.Каўпака, Р.Н.Мачульскага, абодва 1945; В.З.Каржа, 1947; К.П.Арлоўскага, 1956, і інш.), групавога партрэта «Героі Першай коннай арміі» (1938), тэматычных карцін «Свята 1 Мая ў сяле Колва. Комі АССР» (1927), «Магнітагорск. Будоўля камсамольскай домны» (1931), «Народны сход у Заходняй Беларусі» (1940), пейзажаў і нацюрмортаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАМО́НЬКА (Язэп Аляксеевіч) (28.1. 1889, в. Залессе Слуцкага р-на Мінскай вобл. —10.9.1937),
бел.паліт. дзеяч. Скончыў 3 курсы камерцыйнага ін-та ў Празе (1925). У 1907—17 чл. партыі рас.сацыялістаў-рэвалюцыянераў, з кастр. 1917 чл.БСГ, у 1918—24 чл.Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р). У 1-ю сусв. вайну ў арміі. Дэлегат ад 12-й арміі 3-га з’езда БСГ (кастр. 1917), на якім абраны ў ЦК. Адзін з арганізатараў і дэлегат 1-га Усебел. з’езда 1917. Чл.Вялікай беларускай рады і Цэнтральнай беларускай вайсковай рады. Пасля ўтварэння БПС-Р чл. яе кіраўніцтва, з 1921 чл. Бюро ЦК. Чл. Прэзідыума рады БНР (снеж. 1919). Неаднаразова быў арыштаваны сав. і польскімі ўладамі. У 1920-я г. жыў у Літве, Чэхаславакіі, Польшчы, Латвіі. Удзельнік дзвюх Усебел. канферэнцый: у Празе (1921) і Берліне (1925), дзе выступіў супраць самароспуску ўрада БНР. У вер. 1928 атрымаў візу для пераезду ў СССР, дзе адразу пасля прыезду быў арыштаваны. У 1929 прыгавораны да 10 гадоў канцлагераў, у 1937 — да расстрэлу. Рэабілітаваны ў 1989 і 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАХНО́ (Нестар Іванавіч) (29.10.1889, г. Гуляйполе Запарожскай вобл., Украіна — 6.7.1934),
украінскі паліт. дзеяч, адзін з кіраўнікоў анарха-сял. паўстанцкага руху на Украіне ў 1918—21. У рэвалюцыю 1905—07 далучыўся да анархістаў (гл.Анархізм). У 1909 за забойства паліцэйскага прыстава прыгавораны да смяротнага пакарання, замененага на 10 гадоў катаргі. Пасля вызвалення (1917) вярнуўся ў Гуляйполе, дзе ў крас. 1918 узначаліў анархісцкі партыз. атрад, які змагаўся супраць памешчыкаў, укр. гетманскіх улад і аўстра-герм. акупантаў. У 1919—21 ваяваў супраць белагвардзейцаў, пятлюраўцаў і Чырв. Арміі. З восені 1919 камандаваў «Рэвалюцыйна-паўстанцкай арміяй Украіны» (30—50 тыс.чал.). Дзейнічаў імкліва і жорстка, спалучаў партыз. тактыку з дзеяннямі буйных сіл конніцы і пяхоты. Выступаў за «безуладную дзяржаву» і «вольныя Саветы», свабоду эканам. дзейнасці для сялян. Тройчы заключаў пагадненні з Сав. уладай і дзейнічаў на баку чырв. войск, але кожны раз, незадаволены палітыкай бальшавікоў у адносінах да сялянства і байцоў сваіх атрадаў, уздымаў антысав. мяцяжы. Да восені 1921 разгромлены Чырв. Арміяй, эмігрыраваў. Жыў у Румыніі, Польшчы, Францыі. Аўтар кн. «Успаміны» ( выд. 1992).