старажытная краіна ў 4—2-м тыс. да н.э. ў Паўд. Месапатаміі, у ніжнім цячэнні рэк Тыгр і Еўфрат, на Пд сучаснага Ірака. Найб.стараж. паселішчы на тэр. Ш. адносяцца да 5—4-га тыс. да н.э. У 2-й пал. 4-га тыс. да н.э. заселена шумерамі, якія засн. тут гарады-дзяржавы: Ур, Урук, Лагаш, Ума, Кіш, Эрыду і інш. Эканоміка Ш. была засн. на ірыгацыйным земляробстве: у абшчынных, храмавых і буйнаўласніцкіх гаспадарках выкарыстоўвалася праца вольных абшчыннікаў, кліентаў, рабоў. Змест паліт. жыцця Ш. складала ўнутр. барацьба ў гарадах паміж абшчынай, родава-храмавай арыстакратыяй і вярх. правіцелем. Паміж гарадамі-дзяржавамі вялася барацьба за с.-г. ўгоддзі і ірыгацыйныя сістэмы, што прыводзіла да часовых узвышэнняў аднаго з іх. На пачатку раннедынастычнага перыяду ў 28—25 ст. да н.э.паліт. перавага ад I дынастыі Кіша перайшла да I дынастыі Урука, а потым да I дынастыі Ура. З сярэдзіны 25 ст. да н.э. ўсталявана гегемонія правіцеляў Лагаша (страчана ў 1-й пал. 24 ст. да н.э. пасля няўдалай спробы сац. рэформ Уруінімгіны). Раннедынастычны перыяд скончыўся ў 2-й пал. 24 ст. да н.э. заваяваннем Ш. дзяржавай Акад. Акад быў разгромлены гуціямі, якія ў канцы 22 ст. да н.э. выгнаны царом Урука Утухенгалем. Улада над Ш. перайшла да цароў III дынастыі Ура. У канцы 21 ст. да н.э. ў выніку нашэсця амарытаў і эламітаў Ш. канчаткова страціў самастойнасць. Пазней існаваў як частка Вавілоніі. Пра культуру Ш. гл. ў арт.Вавілона-асірыйская культура.
Літ.:
Тюменев А.И. Государственное хозяйство древнего Шумера. М.; Л., 1956;
Дьяконов И.М. Общественный и государственный строй древнего Двуречья: Шумер. М., 1959;
Вулли Л. Ур халдеев;
Пер. с англ.М., 1961;
Белицкий М. Забытый мир шумеров: Пер. с пол. М., 1980;
Крамер С. История начинается в Шумере: Пер. с англ. 2 изд. М., 1991;
Яго ж. Шумеры: Первая цивилизация на земле: Пер. с англ.М., 2002.