КАРАДА́ГСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК на Пд Крыма, паміж Кактэбельскай і Шчабятоўскай далінамі, Украіна. Засн. ў 1979. Пл. 3 тыс.га. Асн. каштоўнасць запаведніка — прыродныя комплексы вулканічнага масіву Карадаг. Расліннасць складаецца з лясоў, стэпаў, зараснікаў нізкарослых цвердалістых паўхмызнякоў. Агульная колькасць відаў раслін каля 1040, у т. л. 60 рэдкіх, эндэмічных і знікаючых. У фаўне відаў: 31 млекакормячых (у т. л.вял. і малы падкованосы, звычайная шыракавушка, звычайны доўгакрыл, стэпавы тхор, куніца, казуля), 110 птушак (у т. л. кеклік, чорны дрозд, сокалы сапсан і балабан, арол-магільшчык, асаед), 3 амфібій, 8 рэптылій (у т. л. крымскі гекон, леапардавы полаз, жаўтапузік), 16 рыб, больш за 1000 матылькоў і інш. насякомых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІМБЕРЛІ́Т (ад назвы г. Кімберлі ў Паўд.-Афрыканскай Рэспубліцы),
вулканічная і субвулканічная ультраасноўная шчолачнага саставу брэкчыя- або туфападобная горная парода. Складаецца з алівіну, кальцыту, піропу, піраксену, храміту, ільменіту і інш. мінералаў, уключаных у дробназярністую асн. масу (серпентын, кальцыт, флагапіт і інш.). Колер чорны, з сіняватым і зеленаватым адценнем. Запаўняе трубкі выбуху (дыятрэмы) і трапляецца ў выглядзе жыл, даек, сіл; пашырана пераважна на стараж. платформах. Вядома больш за 1500 цел К., з якіх 8—10% алмазаносныя. Асн. алмазаносныя К. ў ПАР і Расіі (Рэспубліка Саха, б. Якуція). На Беларусі праводзяцца пошукавыя работы на К.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́ШНА (санскр., літар. цёмны, чорны),
у індуізме і індуісцкай міфалогіі бажаство, восьмае ўвасабленне (аватара) бога Вішну. У эпічных легендах К. — мудры і мужны воін, часам вераломны да ворагаў, пазней, у сярэднія вякі, — боскі пастух-асілак (увасабленне сіл прыроды і кахання). Культ К. адыгрывае значную ролю ў індуізме. Легенды пра каханне К. да пастушак і яго подзвігі (забойства дэманаў і цара-тырана Кансу, узніманне над галавой гары, каб выратаваць ад дажджу людзей і іх статкі і інш.) здаўна выкарыстоўваюцца інд. л-рай і мастацтвам. На выявах К. — мужчына з цёмным (часцей цёмна-сінім або цёмна-ліловым) колерам скуры, ад якога і паходзіць яго імя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́НІНСКІ,
біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Салігорскім р-не Мінскай вобл. і Жыткавіцкім р-не Гомельскай вобл.Засн. ў 1960 у цэнтр.ч.Бел. Палесся паміж р. Случ і Лань. Пл. 42 тыс.га. Нізінныя, пераходныя і вярховыя балоты ў спалучэнні з сухадольнымі, верасовымі, чарнічнымі і імшыстымі хвойнікамі. На нізінных балотах чорнаальховыя і пушыстабярозавыя лясы. Невял. колькасць дуброў з прымессю ясеню і грабу. Водзяцца лось, казуля, дзік, ліс, янотападобны сабака, заяц-русак; баравая дзічына, вадаплаўныя і балотныя птушкі. Рэакліматызаваны рачны бабёр, рассялілася андатра. Шмат жывёл, занесеных у Чырв. кнігу Беларусі (чарапаха балотная, зімародак звычайны, пугач, бугай вялікі, бусел чорны і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУ́ФЕРАЎ (Мікола) (Мікалай Пятровіч; 7.1.1929, в. Трубільня Краснапольскага р-на Магілёўскай вобл. — 28.10.1994),
бел. крытык і літ.-знавец. Канд.філал.н. (1956). Скончыў Магілёўскі пед.ін-т (1950). Настаўнічаў, працаваў у Ін-це л-ры АН Беларусі, Магілёўскім пед. ін-це, Гомельскім ун-це. З 1982 настаўнік у Магілёўскім р-не. Друкаваўся з 1952. Даследаваў праблемы гісторыі бел. л-ры. Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (т. 1, 1965), кн. «Праблемы беларускай сучаснай прозы» (1967), падручніка для філал. ф-таў пед. ін-таў «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (1981) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ЦЦА-ТЫНТА (ад італьян. mezzo сярэдні + tinto афарбаваны, таніраваны),
«чорная манера», від заглыбленай гравюры, у якім паверхні металічнай (часцей меднай) дошкі мех. або хім. спосабам надаецца шурпатасць (зярністасць), каб пры друкаванні атрымаць роўны чорны фон. Малюнак робіцца іголкай або алоўкам. Часткі дошкі, якія адпавядаюць светлым месцам малюнка, выскрабаюць, выпрасоўваюць, паліруюць, што стварае паступовыя пераходы ад ценю да святла. Гравюры М.-т. вылучаюцца глыбінёй і аксаміцістасцю тону, багаццем і тонкасцю святлоценявых эфектаў. Выкарыстоўваецца таксама для каляровага друку. Тэхніка М.-т. вынайдзена ў сярэдзіне 18 ст.ням. майстрам Л.Зігенам. У 18 — пач. 19 ст. была пашырана для рэпрадуцыравання карцін. Выкарыстоўваецца і ў наш час.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАСКУ́РАЎ (Васіль Фёдаравіч) (25.8.1926, в. Негаціна Дубровенскага р-на Віцебскай вобл. — 22.5.1987),
бел. пісьменнік, публіцыст. Засл. дз. культ. Беларусі (1968). Скончыў БДУ (1963). У 1957—62 у ганцавіцкай раённай газеце, з 1966 яе рэдактар; у 1962—66 у ляхавіцкай раённай газеце. Друкаваўся з 1950. Аўтар зб-каў нарысаў «Святая сівізна» (1966), «Трое з-за Лані» (1967), «Людзі-суседзі» (1974), «Пакажы чалавеку дарогу» (1979), «Пакланіся зямлі-карміцельцы» (1982), «Чорны хлеб» (1984; за апошнія дзве Дзярж. прэмія Беларусі 1986), асн. тэмы якіх — духоўнае жыццё і праца сучасніка, ахова прыроды, галерэя партрэтаў жыхароў Палескага краю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭПЕТЭ́КСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК,
у Туркменіі, на ПдУ Каракумаў. Створаны ў 1928 для аховы прыроднага комплексу пустыні Каракумы. З 1978 біясферны запаведнік. Пл. 34,6 тыс.га. Замацаваныя бугрыстыя (з зараснікамі белага і чорнага саксаулаў) і барханна-градавыя пяскі. У фауне пераважаюць вялікая пясчанка, тушканчыкі, суслікі, джэйран, заяц-пясчанік; у арнітафауне 196 відаў птушак, у т. л. беркут, пугач пустынны, сыч дамавы, каршун чорны, сойка саксаульная, дзяцел белакрылы; 23 віды паўзуноў, у т. л. шэры варан, геконы, чарапахі, эфа пясчаная, страла-змяя; каля 1 тыс. відаў насякомых і павукападобных, у т. л. скарпіён, фаланга, тарантул, жукі-скарабеі, жужалі. Многія расліны і жывёлы — рэдкія і эндэмічныя віды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДВЕРБІЯЛІЗА́ЦЫЯ (ад лац. adverbium прыслоўе),
пераход у прыслоўі словаформаў інш. часцін мовы, які абумоўлены іх сінтаксічнымі функцыямі і зменамі лексічнага і грамат. значэнняў Адвербіялізуюцца: назоўнікі ўскосных склонаў («прыехаць раніцай»), прыметнікі («прыбіраць збольшага»), лічэбнікі («працаваць удваіх»), займеннікі («адбылося па-нашаму»), дзеепрыметнікі («сказаць адкрыта»), дзеепрыслоўі («глядзець седзячы»), часціцы («плесціся абы-абы»), У выніку адвербіялізацыі канчаткі зменных часцін мовы ператварыліся ў прыслоўныя суфіксы, а прыназоўнікі, што ўжываюцца з рознымі склонавымі формамі, сталі прыстаўкамі прыслоўяў: «З боку вёскі даносіліся галасы» (І.Мележ), «Збоку, ля самай дарогі, ляжаў вялікі камень» (К.Чорны). Адвербіялізаваныя словаформы становяцца нязменнымі, набываюць новыя сінтаксічныя функцыі і сувязі, часам змяняюць месца націску («бе́гам — бяго́м», «кру́гам — круго́м») і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬТЭРНА́РЫЯ (Alternaria),
род недасканалых грыбоў сям. дэмацыевых. Больш за 100 відаў. Пашырана па ўсім зямным шары. На Беларусі больш за 10 відаў: паслёнавая (A. solani), капусная (A. brassicae), агурковая (A. cucumerina), парэю (A. porri), каранёвая (A. radicina), чаргаваная (A. tenuis) і інш. Сапратрофы. Узбуджальнікі альтэрнарыёзаўс.-г. раслін. Выклікаюць сухую і мокрую гніль пладоў і агародніны ў час вегетацыі і асабліва пры захоўванні, мікозы чалавека і жывёл.
Міцэлій шматклетачны, гаплоідны, развіваецца ў тканках або паверхневы, бясколерны, з узростам набывае аліўкавы ці аліўкава-буры колер. Размнажаецца канідыямі. Канідыяльны напыл аксамітны, кропкавы, аліўкавы або чорны. Альтэрнарыі зімуюць міцэліем у глебе, на раслінных рэштках.