КРЫ́ШНА (санскр., літар. цёмны, чорны),

у індуізме і індуісцкай міфалогіі бажаство, восьмае ўвасабленне (аватара) бога Вішну. У эпічных легендах К. — мудры і мужны воін, часам вераломны да ворагаў, пазней, у сярэднія вякі, — боскі пастух-асілак (увасабленне сіл прыроды і кахання). Культ К. адыгрывае значную ролю ў індуізме. Легенды пра каханне К. да пастушак і яго подзвігі (забойства дэманаў і цара-тырана Кансу, узніманне над галавой гары, каб выратаваць ад дажджу людзей і іх статкі і інш.) здаўна выкарыстоўваюцца інд. л-рай і мастацтвам. На выявах К. — мужчына з цёмным (часцей цёмна-сінім або цёмна-ліловым) колерам скуры, ад якога і паходзіць яго імя.

т. 8, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)