РАДЗЕ́ВІЧ ((Rodziewiczdwna) Марыя) (2.2.1863, в. Пянюга Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл. — 16? 11.1944),
польская пісьменніца. З 1881 жыла ў маёнтку Грушава (Кобрынскі р-н Брэсцкая вобл.). Раннія творы напісаны пад уплывам Э.Ажэшкі. У раманах і аповесцях «Страшны дзядок» (1887), Дзевайціс» (1888), «Шэры пыл» (1889), «Верас» (1903), «Лета лясных людзей» (1920), «Гняздо Белазора» (1931) і інш. закранала бел. тэматыку, апісвала жыццё сялян-палешукоў, хараство палескай прыроды. Апошнім яе творам уласцівы рэлігійнасць, меладраматызм, схематызм.
Тв.:
Pisma. T. 1—36. Poznań, 1926—39.
Літ.:
Зборнік навуковых матэрыялаў, прысвечаных ... 130-годдзю з дня нараджэння ... Марыі Радзевіч. Брэст, 1999;
Martuszewska A. Jak szumi «Dewajtis»;
Studia o powieściach Marii Rodziewiczówny. Kraków, 1989.
А.В.Мальдзіс.
т. 13, с. 208
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦУ́РА (Мікалай Уладзіміравіч) (н. 2.6.1952, в. Пагост Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл.),
бел. артыст эстрады. Засл. дз. маст. Беларусі (1997). Скончыў Гомельскае муз. вучылішча імя Н.Сакалоўскага (1971), Мінскі ін-т культуры (1987). Вучань Я.Глебава. З 1975 артыст і муз. кіраўнік вак.-інстр. ансамбля «Сябры». Музыцы ўласцівы фалькл. традыцыі. Аўтар песень «Раздолле» (словы С.Астравога), «Шлях да Беларусі» (словы Н.Гілевіча), «Сцежачка», «Дзева Марыя» (абедзве на словы А.Лягчылава), «Саперніца» (словы Г.Бураўкіна), «Перажывём», «Нашы песні — наша жыццё», «Чырвонае і белае» (усе на словы В.Кавальчука), «На каляды» (словы Л.Дранько-Майсюка), «Свет у вакне» (словы А.Папярэчнага), «Бабыль» (словы Л.Ашаніна). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1984.
Л.В.Баравікоў.
т. 14, с. 209
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНЕ́ЛЬНІКАВА (Людміла Мікалаеўна) (н. 24.7.1950, г. Варонеж, Расія),
бел. і рас. балерына. Засл. арт. Беларусі (1979). Скончыла Варонежскае харэагр. вучылішча (1968). Працавала ў т-рах оперы і балета Варонежа і Казані. У 1972—82 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Яе творчая індывідуальнасць найб. ярка выявілася ў партыях лірычнага плана. Сярод партый на бел. сцэне: Папялушка («Папялушка» С.Пракоф’ева), Марыя («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Ева («Стварэнне свету» А.Пятрова), Адэта — Адылія («Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Раймонда («Раймонда» А.Глазунова), Жызэль («Жызэль» А.Адана), Ліза («Ліза і Кален» Л.Герольда), Радысачка («Чыпаліна» К.Хачатурана). Выконвала мазурку і прэлюд у балеце «Шапэніяна» на музыку Ф.Шапэна і інш. Лаўрэат Міжнар. конкурсу артыстаў балета (Варна, 1970).
т. 14, с. 399
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРСТО́К (Марына) (Марыя Мікітаўна; 15.4.1916, в. Наркавічы Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобласці — чэрв. 1994),
бел. крытык і літ.-знавец. Канд. філал. н. (1950). Скончыла БДУ (1945). Настаўнічала. У 1949—53 і 1959—78 у Ін-це л-ры АН Беларусі. Друкавалася з 1934. Аўтар даследаванняў пра творчасць Я.Коласа, П.Глебкі, П.Броўкі, Я.Маўра, М.Танка, Г.Бураўкіна, кніг «Вывучэнне творчасці Кузьмы Чорнага ў школе» (1959; 2-е выд. 1973), «Максім Багдановіч» (1961; 3-е выд. 1991). Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (т. 2, 1966), дапаможніка для студэнтаў ВНУ «Беларуская дзіцячая літаратура» (1966, 2-е выд. 1980) і інш. Пісала вершы.
Тв.:
Адзінства і разнастайнасць сучаснай беларускай паэзіі. Мн., 1973.
І.У.Саламевіч.
т. 2, с. 318
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЯ́РДА (Boiardo) Матэо Марыя, граф ды Скандыяна (Scandiano; 1441, замак Скандыяна, каля г. Рэджа-нель-Эмілія, Італія — 19.12.1494), італьянскі паэт, перакладчык. Займаў высокія прыдворныя пасады ў Ферары. Аўтар любоўнай лірыкі (зб. «Тры кнігі пра каханне», 1499), лац. вершаў (цыкл «Epigrammata», «Хвалебныя вершы пра ўчынкі фаміліі д’Эстэ»), эклог на лац. і італьян. мовах, незакончанай паэмы «Закаханы Раланд» (кн. 1—2-я і пач. 3-й, 1495), у якой перапляліся элементы рыцарскай героікі і фантастыкі, рэальнага прыдворнага жыцця і чарадзейства. Мяккая іронія Баярда разбурыла створаны ім рыцарскі свет, які набыў адценне ўмоўнасці, вытанчанай гульні ўяўлення. Дыялог Лукіяна «Ціман» перарабіў у п’есу, напісаную тэрцынамі («Timone», 1500). Перакладаў Герадота, Ксенафонта, Карнелія Непота, Апулея. Працяг паэмы Баярда напісаў Л.Арыёста.
А.С.Шаўчэнка.
т. 2, с. 369
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРНАРДО́НІ (Bernardoni, Bernardonus) Джавані (Ян) Марыя (1541?, г. Кома, Італія — 1605), італьянскі архітэктар і матэматык; прадстаўнік барока. З 1564 манах ордэна езуітаў. Будаваў езуіцкія храмы ў Рыме і Неапалі пад кіраўніцтвам Дж.Трыстана. У 1583 запрошаны ў Рэч Паспалітую, збудаваў шэраг фарных і езуіцкіх касцёлаў у Любліне, Познані, Калішы, Гданьску, Кракаве. У 1586—99 прыдворны архітэктар кн. М.Радзівіла (Сіроткі) у Нясвіжы. Удзельнічаў у першым этапе буд-ва Нясвіжскага палацава-паркавага комплексу, інш. грамадз. пабудоў горада (ратуш, семінарый, палаца ў прадмесці Альба), пабудаваў комплекс Нясвіжскага касцёла езуітаў і калегіума (абодва 1587—94), касцёлы ў Гродне і Клецку. Распачаў у ВКЛ і Рэчы Паспалітай характэрную для Новага часу арх.-буд. практыку на аснове праектных чарцяжоў (гл. «Бернардоні альбом»).
Т.В.Габрусь.
т. 3, с. 119
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЎГУВЕ́ЦІС ((Dauguvietis) Барысас) (26.3.1885, Даўгувечай Біржайскага р-на, Літва — 13.7.1949),
літоўскі рэжысёр, акцёр, драматург. Засл. дз. маст. Літвы (1946), нар. арт. СССР (1948). Скончыў Пецярбургскую тэатр. школу (1909). Да 1921 працаваў у Петраградзе і ў правінцыяльных т-рах Расіі. У 1923—41 рэжысёр і акцёр Дзярж. т-ра ў Каўнасе. З 1944 гал. рэжысёр Драм. т-ра ў Вільні. Для яго пастановак характэрны яркая псіхалагічнасць і эмацыянальнасць: «Атэла» (1924) і «Зімовая казка» (1925) У.Шэкспіра, «Марыя Сцюарт» (1937) і «Каварства і каханне» (1949) Ф.Шылера, «Ворагі» М.Горкага (1947, Дзярж. прэмія СССР 1947). Створаным ім вобразам уласцівы тэмперамент, экспрэсія: Барон («Скупы рыцар» А.Пушкіна), Клаўдзій («Гамлет» Шэкспіра), Нешчасліўцаў («Лес» А.Астроўскага). Аўтар п’ес «Заданне» (паст. ў 1946), «Жалдакіне» (паст. ў 1948).
т. 6, с. 66
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖЫ́ЛЫ ((Gigli) Беньяміна) (20.3.1890, г. Рэканаці, Італія — 30.11.1957),
італьянскі спявак (тэнар); адзін з буйнейшых прадстаўнікоў мастацтва бельканта 1-й пал. 20 ст. З 1914 спяваў на оперных сцэнах Італіі (у т. л. «Ла Скала») і інш. краін, з 1954 у канцэртах. Валодаў голасам рэдкай прыгажосці, аднароднага гучання ва ўсіх рэгістрах, што дазваляла яму выконваць партыі лірычнага і драм. тэнара: Немарына, Эдгар («Любоўны напітак», «Лючыя ды Ламермур» Г.Даніцэці), Надзір («Шукальнікі жэмчугу» Ж.Бізэ), Радамес («Аіда» Дж.Вердзі), Каніо («Паяцы» Р.Леанкавала), Каварадосі («Тоска» Дж.Пучыні). Вядомы як выканаўца неапалітанскіх песень. Здымаўся ў муз. фільмах, у т. л. «Авэ Марыя», «Ты маё шчасце», «Джузепе Вердзі», «Паяцы», «Голас у тваім сэрцы» і інш.
Літ. тв.: Рус. пер. — Воспоминания. 2 изд. М.; Л., 1967.
т. 6, с. 96
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮЛЕ́Н ((DuUin) Шарль) (12.5.1885, г. Ен, Францыя — 12.12.1949),
французскі рэжысёр, акцёр, педагог. У 1907—21 удзельнічаў у спектаклях парыжскіх т-раў пад кіраўніцтвам рэжысёраў А.Антуана, Ж.Капо, Ф.Жэм’е, Г.Баці і інш. У 1922 заснаваў у Парыжы т-р «Атэлье», дзе працаваў да 1940. У 1940-я г. акцёр і рэжысёр «Тэатра дэ Пары» і «Тэатра Сары Бернар» (Парыж), «Тэатра Селесцінцаў» (Ліён). Сярод пастановак: «Марыя Магдаліна» Ф.Гебеля (1912), «Асалода жыцця» Л.Пірандэла (1922), «Вальпоне» Б.Джонсана (1928; і гал. роля). З лепшых акцёрскіх работ: Гарпагон («Скупы» Мальера), Смердзякоў («Браты Карамазавы» паводле Ф.Дастаеўскага). Выхаваў плеяду выдатных акцёраў і рэжысёраў франц. т-ра (Ж.Вілар. Ж.Баро, М.Марсо, Р.Руло і інш.). Аўтар кн. «Успаміны і нататкі акцёра» (1946).
т. 6, с. 129
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ГА ((Doga) Еўжэніу) (Яўген Дзмітрыевіч; н. 1.3.1937, с. Мокра Рыбніцкага р-на, Малдова),
малдаўскі кампазітар. Нар. арт. Малдовы (1982), нар. арт. СССР (1987). Скончыў Кішынёўскую кансерваторыю па класах віяланчэлі (1960) і кампазіцыі (1965). У 1957—62 артыст аркестра Малд. радыё і тэлебачання. У 1963—67 выкладаў у Кішынёўскім муз. вучылішчы. Яго творчасць, пераважна песенная, цесна звязана з малд. муз. фальклорам. Сярод твораў: балет «Лучафэрул» (1983); кантаты, сімфоніі, уверцюры, стр. квартэты, 9 хароў на вершы Я.Букава, рамансы, песні, музыка да спектакляў драм. т-ра, тэле- і кінафільмаў (больш за 100), у т. л. «Лаутары» (1972), «Табар адыходзіць у неба» (1976), «Мой ласкавы і пяшчотны звер» (1978), «Марыя, Мірабела» (1982). Дзярж. прэмія Малдовы 1980, прэмія Румыніі 1982, Дзярж. прэмія СССР 1984.
т. 6, с. 175
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)