ГРАНА́ДАС,
Гранадас-і-Кампінья (Granados y Campiña) Энрыке (27.7.1867, г. Лерыда, Іспанія — 24.3.1916), іспанскі кампазітар, піяніст, педагог. Вучыўся ў Ш.Берыо, Ф.Педрэля і Ж.Маснэ. Шмат канцэртаваў, вядомы як выканаўца твораў Ф.Шапэна і Э.Грыга. Выступаў з І.Альбенісам, Э.Ізаі, К.Сен-Сансам, Ж.Цібо і інш. У 1900 заснаваў у Барселоне Т-ва класічных канцэртаў (выступаў як дырыжор), у 1901 — Акадэмію музыкі (кіраўнік да 1916; пазней яго імя). Кампазітарская творчасць Гранадаса звязана з адраджэннем ісп. нар. музыкі, т.зв. Рэнасім’ента; асн. рыса яго твораў — спалучэнне нац. элемента з сучаснай тэхнікай пісьма. Сярод твораў: 7 опер, у т. л. «Марыя дэль Кармэн» (1898), «Гаескі» (1916); сімф. паэма «Боская камедыя» паводле Дантэ (1908) і інш. арк. творы; камерна-інстр. ансамблі; для фп. — 10 ісп. танцаў, «Арагонская рапсодыя», «Іспанскае капрычыо»; для голасу з фп. — танадыллі, песні, і інш.
Літ.:
Розеншильд К. Э.Гранадос. М., 1971.
т. 5, с. 404
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)