АНТРАПАЛАГІ́ЧНЫЯ ТЫ́ПЫ,

у расавай класіфікацыі — групы людзей з комплексам пэўных марфал. прыкмет (будова цела, шкілета, чэрапа, колер скуры, вачэй, валасоў і інш.); дробныя адзінкі адной расы. Антрапалагічныя тыпы фарміруюцца як спадчынныя асаблівасці, што склаліся пад уздзеяннем прыродных і сац. фактараў за многія пакаленні. Арэалы пашырэння антрапалагічных тыпаў звычайна не супадаюць з этнічнымі ці дзярж. межамі, бо не супадаюць час і заканамернасці фарміравання гэтых супольнасцяў. Да аднаго антрапалагічнага тыпу могуць належаць некалькі розных народаў (гэта сведчыць пра іх фарміраванне на генетычна роднаснай аснове) або адзін народ можа складацца з некалькіх антрапалагічных тыпаў з прычыны неаднароднасці яго паходжання. Адносная стабільнасць антрапалагічных тыпаў у часе і прасторы ўлічваецца пры вызначэнні генетычнай роднасці пэўных этнатэрытарыяльных груп або выяўленні напрамку і ступені іншароднай прымесі ў выніку гіст. перамяшчэнняў і скрыжаванняў розных плямёнаў і народаў. На тэр. Беларусі вылучаюць верхнедняпроўскі (паўн.) і палескі (паўд.) антрапалагічныя тыпы. Сярод першага тыпу часцей сустракаюцца людзі са светлымі адценнямі вачэй і валасоў, увагнутай спінкай носа, з больш высокім ростам. Акрамя таго, з ПдЗ на ПнУ Беларусі ў насельніцтва назіраецца невялікае паслабленне еўрапеоідных рыс: больш нізкая і шырокая пераносіца, змешаныя адценні колеру вачэй, менш густая барада. Асаблівасці будовы твару, цела, звязаныя з тэр. размеркаваннем, і інш. прыкметы дазваляюць аднесці беларусаў да ўсходнееўрап. варыянта (балтыйскага тыпу) еўрапеоіднай расы.

І.І.Салівон.

т. 1, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛМА́З

(цюрк. алмас ад грэч. adamas несакрушальны),

дыямент, мінерал, крышт. кубічная мадыфікацыя самароднага чыстага вугляроду. Бясколерны, белы, блакітны, зеленаваты, жаўтаваты, чырванаваты, шэры ці чорны. Бляск алмазны, тлусты. Празрысты; моцная дысперсія святла. Цв. 10 (найцвярдзейшы з вядомых мінералаў). Шчыльн. 3,5—3,53 г/см³. Каштоўны камень 1-га класа.

Трапляецца ў ультраасноўных вывергнутых пародах — кімберлітах, здабываецца з карэнных радовішчаў і россыпаў, звычайна ў выглядзе дробных зярнят і асколкаў крышталікаў (сярэдняя маса 0,2 карата — 40 мг). Вельмі рэдкія алмазы, маса якіх перавышае 50 каратаў (10 г). Самыя вял. ў свеце: «Кулінан» (3106 каратаў, Паўд. Афрыка, Трансвааль, 1905), «Эксцэльсіёр» (971,5 карата, Паўд. Афрыка, ПАР, 1983), «Зорка Сьера-Леоне» (968,9 карата, Зах. Афрыка, Сьера-Леоне, 1972), «Прэзідэнт Варгас» (726,6 карата, Бразілія, 1938), «Джонкер» (726 каратаў, Паўд. Афрыка, Трансвааль, 1934) і інш. Празрыстыя і бясколерныя крышталі самых вял. памераў выкарыстоўваюцца ў ювелірнай справе (пасля агранкі наз. брыльянтамі), дробныя, зярністыя, афарбаваныя або з дэфектамі (борт, карбанада) — у тэхн. мэтах (для бурэння свідравін у цвёрдых пародах, шліфавання ў металаапрацоўцы, у электроннай прам-сці, рэзкі шкла і інш.). Радовішчы алмазу ў Аўстраліі, Рас. Федэрацыі — Рэспубліка Саха (Якуція), у Паўд. Афрыцы, Паўд. Амерыцы, Індыі. Пошукі алмазу вядуцца на Беларусі (гл. Алмазная прамысловасць).

Алмаз «Гарняк» (44,62 кар).
Да арт. Алмаз. Малая расійская імператарская карона. Серабро. Брыльянты. С.-Пецярбург. 1801.

т. 1, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ЦЭНТРА́ЛЬНЫ САЮ́З СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧЫХ КАЛЕКТЫ́ВАЎ, Белкалгасцэнтр,

рэспубліканская кааператыўная арг-цыя ў 1928—32. Створаны ў Мінску на 2-м Усебел. з’ездзе калгасаў як Усебел. саюз с.-г. калектываў (Белкалгассаюз), у студз. 1930 перайменаваны ў Белкалгасцэнтр. Меў на мэце стварэнне, кіраўніцтва і арганізац.-гасп. абслугоўванне калгасаў. Яго органамі кіраўніцтва былі Усебел. з’езд с.-г. калектываў, савет і праўленне, якія выбіраліся з’ездам. Напачатку складаўся з сакратарыята і 4 аддзелаў (арганізац.-інструктарскі, планава-вытв., нарыхтоўчы і крэдытна-фін.), з 1930 з 7 аддзелаў. З перайменаваннем у Белкалгасцэнтр пашыраны і яго функцыі. Кантраляваў гасп. дзейнасць калектываў, перапрацоўку і збыт імі сваёй прадукцыі, культ.-масавую работу, распрацоўваў правілы ўнутр. распарадку, спагнанняў з калгасаў запазычанасці па збожжанарыхтоўках. Яго фінансаванне вялося з дзярж. бюджэту і не залежала ад вынікаў дзейнасці гаспадарак, якія ён аб’ядноўваў. Ва ўмовах цэнтралізаванага размеркавання крэдытаў, с.-г. тэхнікі і інш. сродкаў, недахопу кваліфікаваных спецыялістаў гэты фактар стаў прычынай поўнай залежнасці вытв. калектываў ад вышэйшых органаў. Апарат Белкалгассаюза і падпарадкаваныя яму акр. саюзы практыкавалі ўмяшанне і ў арганізац. і ў дробныя гасп. пытанні. На пач. 1930-х г., калі вёскі сталі калгаснымі і ўзмацнілася цэнтралізацыя, Белкалгасцэнтр стаў непатрэбным элементам адм.-загаднай сістэмы і ў кастр. 1932 ліквідаваны. Яго функцыі перададзены Наркамату земляробства БССР.

С.М.Ходзін.

т. 2, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАБ

(Carpinus),

род кветкавых раслін сям. бярозавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ва Усх. Азіі, Еўропе, Паўн. Амерыцы (1 від). Лесаўтваральнікі (утвараюць грабавыя лясы). На Беларусі 1 дзікарослы — граб звычайны, або еўрапейскі (С. betulus), і 3 інтрадукаваныя ў Цэнтр. бат. садзе Нац. АН віды: граб каралінскі (С. caroliniana), каўказскі (С. caucasica) і ўсходні, або грабіннік (С. orientalis). Граб звычайны — цеплалюбны зах.-еўрап. від. Расце як дамешак ці ўтварае другі ярус ў мяшаных і лісцевых лясах; на месцы высечаных лясоў стварае чыстыя другасныя (вытворныя) насаджэнні — грабнякі.

Аднадомныя лістападныя дрэвы (выш. да 30 м), рэдка кусты з густой яйцападобнай кронай і вертыкальна-рабрыстым ствалом. Кара гладкая, светлая, серабрыста-шэрая, потым цёмная, трэшчынаватая. Лісце двухрадна размешчанае, чаргаванае, простае, шчыльнае, цёмна-зялёнае. Кветкі дробныя, аднаполыя, аднадомныя, у павіслых зеленавата-чырв. каташках. Цвітуць адначасова з распусканнем лісця. Плод — аднанасенны рабрысты арэшак. Ценевынослівыя, засухаўстойлівыя расліны. Устойлівыя да гарадскіх умоў, шкоднікаў і хвароб. Жывуць да 100—300 (400) гадоў. Добра пераносяць падстрыганне. Размнажаюцца насеннем і вегетатыўна (парасткамі). Дэкар., дубільныя, кармавыя, тэхн. і фарбавальныя расліны. Драўніна цяжкая, цвёрдая, выкарыстоўваецца ў машынабудаванні, сталярнай, такарнай справе, ідзе на выраб муз. інструментаў, мэблі, паркету. Выкарыстоўваюць для азелянення нас. месцаў. Ёсць дэкар. садовыя формы: пірамідальная, ніцая, калонападобная, лопасцялістая, пурпуровая і інш.

Г.У.Вынаеў.

т. 5, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАДСКІ́ ВЫЯЎЛЕ́НЧЫ ФАЛЬКЛО́Р,

від народнай творчасці, які развіваецца ў рэчышчы мастацтва прымітывізму. Генетычна звязаны з сял. творчасцю, сістэмай нар. выяўленчага і дэкар.-прыкладнога мастацтва. Выразна выявіўся ў 2-й пал. 18 ст., калі завяршалася дыферэнцыяцыя на прафес. і нар. мастацтва, на сял. і гар. культуру. Як самаст. галіна развіваўся ў 19 — пач. 20 ст. (рускі мяшчанскі, купецкі партрэт). Яго стваральнікі — гар. і прыгонныя дваровыя мастакі, рамеснікі, дробныя гандляры, купцы і інш., найчасцей — самавукі, дылетанты, аматары, былі і прафес. рамеснікі, выхаванцы правінцыяльных маст. школ. Існавалі розныя спосабы і формы выяўлення: станковыя, камерныя (лубок, безыменныя мяшчанскія партрэты), манум.-дэкар. (размалёўка інтэр’ераў шынкоў і корчмаў, шыльды і вітрыны крам, жывапіс на плоце і інш.), тэатр.-дэкарацыйныя (антураж правінцыяльных фотастудый, афішы, дэкарацыі ў балаганах, цырках, батлейках і інш.). Адметныя рысы: рэпрэзентатыўнасць, дэмакратызм, стыхійны рэалізм і непасрэднасць выяўл. мовы, свежасць светаўспрымання, плоскаснасць формаў, перавага стракатых фарбаў, святочныя інтанацыі, гумар і інш. У гарадскім выяўленчым фальклоры відавочны і адбітак маст. кірункаў (класіцызм, рамантызм, рэалізм, мадэрн і інш.). Многія віды традыц. нар. мастацтва істотна паўплывалі і ўзбагацілі яго. На пачатку творчасці многія мастакі 19—20 ст. зазналі ўплыў гарадскога выяўленчага фальклору, сярод іх М.Шагал, М.Ларыёнаў, Н.Ганчарова, А.Шаўчэнка, У.Лебедзеў, І.Машкоў і інш. чл. аб’яднання «Бубновы валет», а таксама інш. жывапісцы, графікі.

Літ.:

Островский Г.С. О городском изобразительном фольклоре // Сов. искусствознание, 74. М., 1975.

М.Л.Цыбульскі.

т. 5, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІНАГРА́Д

(Vitis),

род раслін сям. вінаградавых. Вядома каля 70 відаў, пашыраных у Еўразіі і Амерыцы; на Беларусі 5 відаў. Вінаград культурны, або еўрапейскі (Vitis vinifera), вырошчваюць ва ўсім свеце паміж 20—40° паўн. ш. і 35—45° паўд. ш., ад 20 да 3000 м над узр. мора. Найб. плошчы ў Іспаніі, Італіі, Францыі, Азербайджане, Малдове, Украіне, Расіі. Культурны вінаград узнік ад дзікага ў працэсе працяглай эвалюцыі, натуральнага і штучнага адбору, існуе больш за 20 тыс. сартоў. Вырошчваюць таксама паўн.-амер. віды: вінаград Ізабела (Vitis labrusca), вінаград скальны (Vitis rupestris) і інш., якія часта выкарыстоўваюць у якасці філаксераўстойлівага прышчэпа; вінаград амурскі (Vitis amurensis), вінаград лісіны (Vitis vulpina) і інш. — для азелянення.

Шматгадовыя дрэвавыя ліяны з доўгімі (3—5 м) тонкімі аднагадовымі парасткамі і магутнай каранёвай сістэмай. Кветкі двухполыя або функцыянальна жаночыя, дробныя, зялёныя, сабраныя ў мяцёлчатае суквецце. Апыленне перакрыжаванае і самаапыленне. Цепла- і святлолюбівая расліна, якая не выносіць пераўвільгатнення, расце на лёгкіх урадлівых глебах, адчувальная да позніх веснавых і ранніх асенніх замаразкаў. Ва ўмовах Беларусі цвіце ў чэрв.—ліпені, ягады паспяваюць у канцы жніўня — пач. верасня. Ягады багатыя цукрамі, арган, кіслотамі, вітамінамі групы B, C, D. Выкарыстоўваюцца свежыя і на перапрацоўку (разынкі, сокі, віно і інш.), у лек. мэтах (гл. Ампелатэрапія). Найб. пашыраныя ў Беларусі сарты — Касманаўт, Паўночны ранні, Краса Поўначы, Мічурынскі. Гл. таксама Вінаградарства.

т. 4, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРША́ЎСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1943,

паўстанне вязняў Варшаўскага гета супраць ням.-фаш. акупац. улад у крас.ліп. 1943 у 2-ю сусв. вайну. Пачалося 19 крас. па ініцыятыве падп. Яўрэйскага нац. к-та, Яўр. баявой арг-цыі і Яўр. вайск. саюза ў адказ на спробу фашыстаў вывезці насельніцтва гета ў лагеры знішчэння. На 1-м этапе (да 23 крас.) каля 3 тыс. паўстанцаў (узначальваў М.Анялевіч), узброеных самаробнай і перададзенай польск. падп. арг-цыямі зброяй, вялі ўпартыя вулічныя баі з намнога большымі сіламі ням. паліцыі і СС, якія адразу пасля ўварвання ў гета падпалілі яго. 24 крас. — 9 мая паўстанцы праводзілі асобныя баявыя аперацыі. Пасля 10 мая асобныя дробныя групы абараняліся ў руінах спаленых дамоў, у скляпах і каналах. Паўстанцаў падтрымлівалі і пастаўлялі ім зброю групы Арміі Краёвай, Гвардыі Людовай, Нар. міліцыі і Баявой сацыяліст. арг-цыі, дзякуючы якім на заключным этапе ўзбр. выступлення з гета выведзены некалькі ўцалелых груп. Паводле ням. даных, у баях загінулі каля 7 тыс. паўстанцаў, каля 6 тыс. згарэлі ў час пажараў і загінулі пад руінамі дамоў, больш за 50 тыс. вывезены і знішчаны ў канцлагеры Трэблінка. Пасля задушэння паўстання (сярэдзіна ліп.) раён гета знішчаны. На месцы гета помнік Героям гета (скульптар Н.Рапапорт, арх. Л.М.Сузін).

Літ.:

Mark B. Powstanie w getcie warszawskim. Warszawa, 1963;

Gutman I. Żydzi warszawscy, 1939—1943. Warszawa, 1993.

Н.К.Мазоўка.

т. 4, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫСО́КАЕ

(да 1939 Высока-Літоўск),

горад у Камянецкім р-не Брэсцкай вобл., на р. Пульва. За 40 км ад г. Камянец, за 3 км ад чыг. ст. Высока-Літоўск на лініі Брэст—Беласток, аўтадарогамі злучаны з Брэстам і Пружанамі. 4,8 тыс. ж. (1996).

Упершыню ўпамінаецца ў 14 ст. пад назвай Высокі Горад. У 1494 горад атрымаў магдэбургскае права і герб: у блакітным полі сярэбраная 2-павярховая вежа-брама. Належаў Ёдкам, вял. князю, Хлявіцкім, Войнам, Сапегам, Патоцкім. У 1605 засн. касцёл св. Тройцы (у 1950-я г. пераабсталяваны на грамадскія патрэбы). Пры Сапегах пабудаваны Высокаўскі замак. У 16—18 ст. цэнтр дывановага і палатнянага ткацтва. З 1671 штогод праводзіліся кірмашы. У 1773—85 каля Высокага пабудаваны кляштар, тады ж працаваў цагельны з-д. У 1794—97 існаваў водны шлях з Высокага ў Гданьск. З 1795 у складзе Прусіі, з 1807 — у Рас. імперыі, мястэчка Брэсцкага пав. У 1826—28 працавала Высока-Літоўская суконная мануфактура. У 1897 — 3434 ж., дробныя прадпрыемствы, 3 школы. З 1921 у Польшчы, горад у Брэсцкім пав. Палескага ваяв. З 1939 у БССР, у 1940—62 цэнтр Высокаўскага раёна Брэсцкай вобл. З 23.6.1941 да 28.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі 1297 чал. У 1959 — 2,6 тыс. чал. З 1962 у Камянецкім р-не.

Прадпрыемствы харчовай, буд. матэрыялаў прам-сці. Помнікі архітэктуры: Варварынская капліца (1772), царква (1869), сядзіба канца 19 — пач. 20 ст. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.

А.С.Барысавец, В.А.Міронаў.

т. 4, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛОК (англ. block) у тэхніцы, 1) асобны механізм або дэталь грузапад’ёмных машын у форме кола з жолабам па акружнасці для каната, ланцуга, троса, шнура. Выкарыстоўваецца для змены напрамку дзеяння сілы (нерухомы блок), выйгрышу ў сіле ці шляху (рухомы блок), часам для перадачы вярчальнага моманту. Для атрымання значнага выйгрышу ў сіле выкарыстоўваюць камбінацыю блокаў — паліспаст.

2) Сукупнасць вузлоў, збудаванняў, якіх-н. частак, аб’яднаных па прызначэнні, размяшчэнні і інш. (напр., турбінны блок, энергаблок кацёл-турбіна-генератар).

3) Частка механізма, прыстасавання, якая складаецца з функцыянальна аб’яднаных, часта аднатыпных элементаў (напр., блок цыліндраў, блок сілкавання).

4) У будаўніцтве — зборны (сценавы) ці мантажны (аб’ёмны) элемент, што выкарыстоўваецца пры ўзвядзенні будынкаў.

Блокі сценавыя бываюць суцэльныя і пустацелыя (у т. л. з цеплатэхн. эфектыўнымі пустотамі) Вырабляюцца з лёгкіх, ячэістых ці цяжкіх бетонаў, цэглы і прыроднага каменя; выпускаюцца таксама керамічныя пустацелыя (шчылінныя) і сілікатабетонныя. Адрозніваюць блокі дробныя (сценавыя камяні) стандартнага памеру (напр., 19 х 19 х 38 см), якія выкарыстоўваюцца пры буд-ве 2—3-павярховых будынкаў, і буйныя (напр., фундаментныя), што вырабляюцца па спец. нармалях і ідуць на буд-ва тыпавых шматпавярховых будынкаў. Блок аб’ёмны выкарыстоўваецца найчасцей у выглядзе сан.-тэхн. кабін, частак ліфтавых шахтаў, трансфарматарных падстанцый, часам — пакояў і кватэр. Бываюць: з жалезабетону (найб. пашыраны), азбестацэменту, металу, дрэва, пластмасы; маналітныя (суцэльнафармаваныя) і састаўныя (з асобных панэляў).

5) У суднабудаванні — частка аб’ёму судна, якое будуецца паточным спосабам. Блокі збіраюць і зварваюць з секцый у кандуктарах, а секцыі робяць на стэлажах і стэндах. Корпус судна і надбудовы падзяляецца на асобныя блокі па ўмовах эканамічнасці вытв-сці, трываласці і інш. 6) Блок кніжны — лісты кнігі, змацаваныя ніткамі, дротам ці клеем і падрыхтаваныя да ўстаўкі ў пераплётную накрыўку.

т. 3, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРБА́

(Salix),

род кветкавых раслін сям. вярбовых. Каля 350 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. Утвараюць шматлікія міжвідавыя гібрыды. На Беларусі 16 дзікарослых і каля 20 інтрадукаваных відаў. З дзікарослых найб. пашыраныя: вярба белая, або белалоз (Salix alba); казіная, або брэднік (Salix caprea); пяцітычынкавая, або вербалоз (Salix pentandra); пурпуровая, або жаўталоз (Salix purpurea); вастралістая, або ракіта, шэлюга, чырвоная вярба (Salix acutifolia); ломкая (Salix fragilis); трохтычынкавая, або белатал (Salix triandra); попельная (Salix cinerea); вушастая (Salix aurita); размарыналістая (Salix rosmarinifolia); кошыкавая, або прутападобная, руская (Salix viminalis); Старка, або прысадзістая (Salix starkeana). Растуць па берагах рэк, сажалак, у мяшаных лясах, на забалочаных лугах і балотах, на дзюнах і каля дарог. Некат. віды вытрымліваюць працяглае затапленне. Дрэвавыя віды часам утвараюць вярбовыя лясы, куставыя — зараснікі (вербалозы, вербнякі). Да рэдкіх відаў належаць вярба шарсцістапарасткавая (вядома каля 20 месцаў росту) і чарнічная, якая занесена ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. У зялёным буд-ве выкарыстоўваюцца пераважна інтрадукаваныя вярба Шверына (Salix schwerini) і Зібальда (Salix sieboldii). Куставыя віды вярбы называюць таксама лазой, лазняком.

Лістападныя двухдомныя насякомаапыляльныя дрэвы, кусты і кусцікі. Лісце суцэльнае, чаргаванае, рэдка — супраціўнае. Кветкі аднаполыя, дробныя, без калякветніка, з нектарнікамі, у прамастойных ці павіслых мужчынскіх і жаночых каташках. Цвітуць ранняй вясной да распускання лісця. Плод — шматнасенная каробачка. Насенне з доўгаваласістай лятучкай. Лек. (прэпараты з кары — вяжучы, гарачкапаніжальны, кроваспыняльны сродак), тэхн. (некат. хуткарослыя віды ідуць на стварэнне т.зв. «энергетычных плантацый»), дубільныя і меданосныя расліны. Выкарыстоўваюцца для азелянення і ў дэкар. садоўніцтве. Размнажаюць вярбу чаранкамі і каламі. Маладыя парасткі ідуць на пляценне кошыкаў, мэблі, агароджы; драўніна — на розныя вырабы; галінкі, лісце, пупышкі — на корм хатнім і дзікім жывёлам; кара — каштоўны дубільнік, выкарыстоўваецца на выраб. лек. прэпарату саліцыну.

т. 4, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)