БЛОК
(англ. block) у тэхніцы, 1) асобны механізм або дэталь грузапад’ёмных машын у форме кола з жолабам па акружнасці для каната, ланцуга, троса, шнура. Выкарыстоўваецца для змены напрамку дзеяння сілы (нерухомы блок),
выйгрышу ў сіле ці шляху (рухомы блок), часам для перадачы вярчальнага моманту. Для атрымання значнага выйгрышу ў сіле выкарыстоўваюць камбінацыю блокаў — паліспаст.
2) Сукупнасць вузлоў, збудаванняў, якіх-н. частак, аб’яднаных па прызначэнні, размяшчэнні і інш. (напр., турбінны блок, энергаблок кацёл-турбіна-генератар).
3) Частка механізма, прыстасавання, якая складаецца з функцыянальна аб’яднаных, часта аднатыпных элементаў (напр., блок цыліндраў, блок сілкавання).
4) У будаўніцтве — зборны (сценавы) ці мантажны (аб’ёмны) элемент, што выкарыстоўваецца пры ўзвядзенні будынкаў.
Блокі сценавыя бываюць суцэльныя і пустацелыя (у т. л. з цеплатэхн. эфектыўнымі пустотамі) Вырабляюцца з лёгкіх, ячэістых ці цяжкіх бетонаў, цэглы і прыроднага каменя; выпускаюцца таксама керамічныя пустацелыя (шчылінныя) і сілікатабетонныя. Адрозніваюць блокі дробныя (сценавыя камяні) стандартнага памеру (напр., 19 х 19 х 38 см), якія выкарыстоўваюцца пры буд-ве 2—3-павярховых будынкаў, і буйныя (напр., фундаментныя), што вырабляюцца па спец. нармалях і ідуць на буд-ва тыпавых шматпавярховых будынкаў. Блок аб’ёмны выкарыстоўваецца найчасцей у выглядзе сан.-тэхн. кабін, частак ліфтавых шахтаў, трансфарматарных падстанцый, часам — пакояў і кватэр. Бываюць: з жалезабетону (найб. пашыраны), азбестацэменту, металу, дрэва, пластмасы; маналітныя (суцэльнафармаваныя) і састаўныя (з асобных панэляў).
5) У суднабудаванні — частка аб’ёму судна, якое будуецца паточным спосабам. Блокі збіраюць і зварваюць з секцый у кандуктарах, а секцыі робяць на стэлажах і стэндах. Корпус судна і надбудовы падзяляецца на асобныя блокі па ўмовах эканамічнасці вытв-сці, трываласці і інш. 6) Блок кніжны — лісты кнігі, змацаваныя ніткамі, дротам ці клеем і падрыхтаваныя да ўстаўкі ў пераплётную накрыўку.
т. 3, с. 193