спосаб адлюстравання прасторавых фігур на чарцяжы пры дапамозе паралельных праекцый. Для пабудовы аксанаметрычнай праекцыі выбіраюць 3 узаемна перпендыкулярныя восі OX, OY, OZ і маштабы даўжыняў на гэтых восях; праецыруюць на плоскасць восі і дадзеную фігуру. Калі X, Y, Z — даўжыні 3 адрэзкаў у фігуры, то іх аксанаметрычныя праекцыі, паралельныя восям, будуць мець даўжыні x, y, z, пры гэтым x/X=lx, y/Y=ly, z/Z=lzназ. паказчыкамі скажэння. Найбольш выкарыстоўваецца аксанаметрыя, пры якой lx: ly : lz = 1 : 1 : 1 (ізаметрыя) і lx : ly: lz=1/2 : 1 : 1 (дыметрыя). У залежнасці ад вугла паміж напрамкам праецыравання і плоскасцю аксанаметрычных праекцый адрозніваюць прамавугольную і косавугольную аксанаметрыю. Гл. таксама Нарысоўная геаметрыя. Аксанаметрыя ў архітэктуры — адзін з відаў перспектыўнага адлюстравання. Выкарыстоўваецца ў арх. праектах і чарцяжах будынкаў, комплексаў, ансамбляў для нагляднага паказу іх структуры, асабліва ў выпадку, калі генпланы, планы, фасады і разрэзы не даюць поўнага ўяўлення пра іх арх.-прасторавую арганізацыю. Нярэдка аксанаметрыя агульнага выгляду пабудоў сумяшчаецца з іх арх. разрэзам, што ўдакладняе структуру ў цэлым.
Да арт.Аксанаметрыя: а — ізаметрыя; б — дыметрыя.Да арт.Аксанаметрыя. Праект Дома урада Беларусі. Архітэктар І.Лангбарп. 1931.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗГУ́Р (Заір Ісакавіч) (15.1.1908, в. Маўчаны Сенненскага р-на Віцебскай вобл. — 18.2.1995),
бел. скульптар. Нар. мастак Беларусі (1944), нар. мастак СССР (1973). Чл.АМСССР (1958), Герой Сац. Працы (1978). Вучыўся ў Віцебскім маст. тэхнікуме, Ленінградскім і Кіеўскім маст. ін-тах. Працаваў у галіне станковай і манум. скульптуры, прыхільнік строгай рэаліст. формы. У канцы 1920-х—30-я г. стварыў партрэты дзеячаў сацыяліст. і рэв. руху для Дома ўрада ў Мінску. Прыкладам тонкага разумення сутнасці гіст. асобы з’яўляюцца партрэты пісьменнікаў Лу Сіня і Р.Тагора. Стварыў галерэю партрэтаў герояў Вял.Айч. вайны. Найб. значныя манум. работы: помнікі-бюсты С.І.Грыцаўцу, Я.Купалу і Ф.Э.Дзяржынскаму ў Мінску, В.І.Талашу ў Петрыкаве, помнікі П.М.Машэраву ў Віцебску і інш. Вобраз Я.Коласа ўвасоблены ў помніку паэту ў Мінску. Сярод станковых работ 1980-х г. партрэт М.Гусоўскага. З 1980 кіраўнік Творчай майстэрні скульптуры ў Мінску. Аўтар публіцыст. твораў па праблемах выяўл. мастацтва і мемуараў («Незабыўнае», 1962; «Тое, што помніцца...», кн. 1—2, 1977—83). Дзярж. прэмія СССР 1946.
Э.А.Петэрсон.
З.І.Азгур.З.Азгур. Помнік Якубу Коласу ў Мінску. 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ТКАЎСКАЯ РАЗЬБА́,
1) аб’ёмна-ажурная пазалочаная разьба, якой у г. Ветка Гомельскай вобл. ў 18—19 ст. аздаблялі ківоты да абразоў. Была высокаразвітым пасадскім ці манастырскім рамяством, працягвала і развівала традыцыі беларускай рэзі. Дэкор уключаў вінаградныя лозы, лісце, гронкі, пазней кветкі і інш. На пач. 20 ст. прыйшла ў заняпад. Калекцыя ўзораў веткаўскай разьбы ёсць у Веткаўскім музеі народнай творчасці.
2) Архітэктурны дэкор, пашыраны ў г. Ветка і навакольных вёсках. Традыцыя ідзе ад перасяленцаў з Цэнтр. Расіі (17—18 ст.). Веткаўская разьба арганічна спалучае бел. і рус. традыцыі нар.арх. дэкору. У 18—19 ст. нескладанай выемчатай разьбой геам. характару аздабляліся пераважна аконныя ліштвы. З сярэдзіны 19 ст. пад уплывам класіцызму дэкор узбагаціўся накладнымі элементамі ў выглядзе ромбаў, прамавугольнікаў, рэечак, такарных дэталей. Верхнія часткі ліштваў набылі форму трохвугольных франтончыкаў з прафіляванымі накладкамі, дэкор карнізаў і вуглоў часам імітаваў элементы мураванай архітэктуры класіцызму. З канца 19 ст. пашырыўся прапілаваны дэкор расліннага характару, якім багата аздаблялі ліштвы, карнізы, ганкі, вароты, а ў наш час і веранды, мансарды, франтоны. Сучасная веткаўская разьба звычайна спалучаецца з паліхромнай расфарбоўкай, вызначаецца павышанай дэкаратыўнасцю, перавагай стылізаваных раслінных матываў, шматпланавасцю кампазіцыі.
Я.М.Сахута.
Фасад дома, аздоблены традыцыйнай веткаўскай разьбой.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕВАНО́ВІЧ (сапр.Лявонаў) Леанід Кірэевіч
(н. 14.9.1938, в. Клеявічы Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1963). З 1963 працаваў у рэдакцыях газет, час. «Неман», «Полымя», у 1980—82 гал. рэдактар літ.-драм. перадач Бел. тэлебачання. З 1984 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкуецца з 1955. Кнігі нарысаў «Гаспадар зямлі» (1971), «Зялёны трохкутнік» (1973) пра вёску. Аўтар зб-каў аповесцей і апавяданняў «Мадонна з кветкаю» (1976), «Якар надзеі» (1979), зб. публіцыстыкі «Хлеб і мужнасць» (1987). Прататып аповесці «Валанцёр свабоды» (1983) Ф.Варанішча — удзельнік рэв. руху ў Аргенціне і Іспаніі, руху Супраціўлення ў Францыі. У цыкле раманаў-хронік пра пасляваен. вёску «Шчыглы» (1986), «Паводка сярод зімы» (1989), «Дзікая ружа» (1993), «Сіняе лета» (1998) імкненне паказаць нар. душу, жыццястойкасць бел. нацыі, матывы дома і сям’і, працягу роду. Аўтар кн. «Вяртанне ў радыяцыю» (1997). Піша п’есы (аднаактоўка «Ці любіце вы грэчку?», 1972; драмы «Пасля разводу», нап. 1972; «Чабор», 1973, апубл. 1980; гераічная хроніка «Павел і Хуаніта», нап. 1974). Аўтар сцэнарыя дакумент. фільма «Дом майстроў» (1973) і інш.
Тв.:
Ларыса, альбо Прыгоды аўтамабіліста: Аповесць, п’есы. Мн., 1998.
Літ.:
Рагуля А. Святло знутры // Роднае слова. 1998. № 9;
Бугаёў Дз. Дасягнутае і страчанае // Полымя. 1999. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЕ МАСТА́ЦКАЕ ПРАДПРЫЕ́МСТВА «СКУЛЬПТУ́РНЫ КАМБІНА́Т» Беларускага саюза мастакоў.
Створана ў 1991 у Мінску на базе Мінскага мастацка-вытворчага камбіната. Выконвае заказы на стварэнне манум. і станковай скульптуры, у т. л. помнікаў, манументаў, эмблем, гербаў, мемар. дошак і інш. Сярод работ помнікі Ф.Скарыне ў Празе (Э.Астаф’еў, 1991—92), у г. Ліда (В.Янушкевіч, 1992—93), воінам-інтэрнацыяналістам у Мінску (Ю.Паўлаў, 1995—96), у г. Светлагорск (У.Жбанаў, А.Каструкоў), М.Шагалу ў Віцебску (В.Магучы; абодва 1997), А.Пушкіну ў г. Мазыр (Ю.Вараб’ёў) і Мінску (Ю.Арэхаў), «Святая Соф’я — князёўна слуцкая» ў г. Слуцк (М.Інькоў), воінам, што загінулі ў гады Вял.Айч. вайны, у Магілёве (Паўлаў; усе 1999), Скарыне (А.Дранец, 1999—2000); бюсты М.В.Доўнар-Запольскага ў г. Рэчыца (Э.Агуновіч, 1995), У.Л.Бядулі ў г. Камянец (С.Гарбунова, 1997) і інш.; гербы Беларусі на рэзідэнцыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (У.Папсуеў, 1996), на будынках Дома ўрада (В.Мурашоў, 1997), Нац. банка (Жбанаў, 1998); на гар. ратушы ў Віцебску (Магучы, 1997); паркавая скульптура ў Нясвіжскім парку (У.Слабодчыкаў, Г.Гаравая і інш., 1992) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГАРЭ́ЛАЎ (Леў Мікалаевіч) (н. 27.6.1929, г. Ачакаў Мікалаеўскай вобл., Украіна),
бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1973). Скончыў Адэскі інж.-буд. ін-т (1954). У 1954—91 працаваў у ін-це «Мінскпраект» (з 1964 кіраўнік майстэрні). Асн. работы (у Мінску): жылыя дамы па вуліцах Казлова, Енісейскай, Апанскага, Партызанскім праспекце, у мікрараёне Чыжоўка (1960—70-я г.), па вул. М.Танка (1977—84, у сааўт.), Омскім зав., на Велазаводскай пл.; масты цераз р. Свіслач па вуліцах Кастрычніцкай і Аранскай (1962); будынкі Цэнтр.н.-д. і праектна-тэхнал. ін-та арг-цыі і тэхнікі кіравання (1973), ін-та «Мінскпраект» (1975, абодва ў сааўт.), гасцініц «Турыст» (1972); «Кастрычніцкая» (1980) і «Беларусь» (1987), Мінскі аўтавакзал «Усходні» (1983, у сааўт.), будынак Епархіяльнага ўпраўлення па вул. Вызвалення (1984); станцыі метрапалітэна «Маскоўская» (1984) і «Пралетарская» (1990), б. Дом паліт. асветы (цяпер канцэртная зала «Мінск»; 1987, усе ў сааўт.), і інш. Паводле праектаў П. будуюцца комплекс Дома міласэрнасці (з 1997; царква, дом для састарэлых, школа для дзяцей-інвалідаў, мед. цэнтр), храм-помнік у гонар Усіх Святых і ў памяць бязвінна забітых у нашай Айчыне па вул. Каліноўскага (з 1998).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАТО́НАЎ (Сяргей Фёдаравіч) (28.6.1860, г. Чарнігаў, Украіна — 10.1.1933),
расійскі гісторык. Акад.АНСССР у 1920—31. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1882), з 1899 праф. гэтага ун-та. Старшыня Археагр. камісіі (1918—29), камісіі па выданні твораў А.С.Пушкіна, дырэктар Пушкінскага дома Ін-та рус. л-ры АНСССР (1925—29) і Б-кі АНСССР (1925—28). Даследаваў падзеі 2-й пал. 16 — пач. 17 ст. ў Расіі, эпоху Пятра I, каланізацыю рас. Поўначы і інш. У гал. працы «Нарысы па гісторыі смуты ў Маскоўскай дзяржаве, XVI—XVII стст.: Спроба вывучэння грамадскага ладу і саслоўных адносін у Смутны час» (1899, перавыд. 1995) разглядаў спробы дасягнуць раўнапраўнай уніі Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай, ход вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18. У 1930 арыштаваны, абвінавачаны ў антысав. дзейнасці і сасланы (1931) на 5 гадоў у Самару, дзе і памёр.
Тв.:
Учебник русской истории. М., 1992;
Русская история. М., 1995;
Полный курс лекций по русской истории. СПб., 1998.
Літ.:
Очерки истории исторической науки в СССР. Т. 3. М., 1963;
Рахматуллин М.А. Дело по обвинению академика С.Ф.Платонава // Отечественная история. 1994. № 6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРО́Ў (Міхаіл Уладзіміравіч) (н. 23.12.1937, г. Ваўкавыск Гродзенскай вобл.),
бел. акцёр. Нар.арг. Беларусі (1991). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1960). З 1960 працуе ў Бел.рэсп. т-ры юнага гледача. Характарны акцёр. Творчую манеру вызначаюць дакладнасць распрацоўкі характару, музыкальнасць, пластычнасць, яркая тэатральнасць і імправізацыйнасць. Лепшыя вобразы стварыў у бел. рэпертуары: Ваня («Дзеці аднаго дома» І.Шамякіна), Марат Казей («Марат Казей» В.Зуба), Яўмень («Чаму ж мне не пець, чаму ж не гудзець» паводле Я.Купалы і М.Чарота), Пан («На ўсіх адна бяда» П.Макаля), дзед Астап («Міколка-паравоз» паводле М.Лынькова), Мікіта Драніца («Плач перапёлкі» І.Чыгрынава; Нац.акад.т-р імя Я.Купалы) і інш. Стварыў каларытныя вобразы Скіда і блазна Фесты («Два веронцы» і «Дванаццатая ноч» У.Шэкспіра), Старога («Пушкінскія казкі» паводле А.Пушкіна), Артамон («Прыгоды Бураціна» паводле А.Талстога) і інш. Паставіў спектакль «Царэўна-жаба» Н.Гернет (1979, разам з В.Маршаком). Зняўся ў бел. фільмах «Нашы суседзі», «Чырвонае лісце», «Гарачая душа», «Пра Чырвоную Шапачку», «Рэха ў пушчы», «Трэцяга не дадзена», «Зорны хлопчык», «Купальская ноч», «Хлеб пахне порахам», «Людзі на балоце», «Полымя» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫНЕ́ВІЧ (Антон Антонавіч) (3.5.1877, фальварак Іваноўшчына Лепельскага пав. Віцебскай губ. — 8.12.1937),
збіральнік і папулярызатар бел.муз. фальклору, выдавец, педагог, кампазітар. З 1896 жыў у Пецярбургу, служыў у дэпартаменце гандлю і промыслу. З 1906 чл.бел. выдавецкай суполкі «Загляне сонца і ў наша аконца». У 1910 заснаваў прыватнае выдавецтва (гл.Грыневіча выдавецтва). У 1919 у Мінску, заг.Бел.нар.дома, выкладчык музыкі ў школе, у бел. гімназіі. З 1920 у Вільні, у кааператыве друкароў. Выдаў «Народны спеўнік» і «Школьны спеўнік» (абодва 1920). У апошнім акрамя нар. песень змясціў і свае муз. творы на словы Я.Купалы, Я.Коласа, Г.Леўчыка. У 1921 зняволены ў лукішскую турму. У 1922—23 сакратар Т-вабел. школы, выкладчык музыкі ў Віленскай бел. гімназіі. У 1923 выдаў бел. падручнік па музыцы «Навука спеву», у 1925 — «Дзіцячы спеўнік». З 1925 жыў у Мінску, быў сакратаром муз. падсекцыі Інбелкульта, старшынёй песеннай камісіі. Зрабіў каля 300 запісаў нар. меласу, дзіцячых гульняў на Тураўшчыне і Полаччыне. У 1928—33 жыў у Гарадку, Віцебску. 6.9.1933 арыштаваны. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956. Частка фалькл. архіва Грыневіча за 1906—24 у Цэнтр.навук. б-цы АН Беларусі.
Літ.:
Ліс А. Песня прасілася ў свет // Полымя. 1966. №2;
Каруза П. Музычная спадчына Антона Грыневіча // Мастацтва Беларусі. 1983. № 9.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛЬЯШЭ́ВІЧ (Хведар) (17.3.1910, Вільня — 7.11.1948),
бел. паэт, празаік, гісторык. Магістр філасофіі (1936). Брат М.Ільяшэвіча. Скончыў Віленскую бел. гімназію, Віленскі ун-т. Выкладаў бел. мову ў Віленскай бел. гімназіі, удзельнічаў у рабоце Бел.навук.т-ва. За грамадскую дзейнасць арыштоўваўся польск. ўладамі, у 1927 зняволены ў Віленскую турму на Лукішках. У час ням.-фаш. акупацыі кіраваў «Беларускім аб’яднаннем» у Беластоку, рэдагаваў беластоцкую газ. «Новая дарога». З 1944 на эміграцыі. Жыў у Зах. Германіі. У 1946 у Рэгенсбургу стварыў літаб’яднанне «Шыпшына». Рэдагаваў час. «Шляхам жыцця» (1946—48), бюлетэнь «Апошнія весткі». Друкаваўся з 1925. Аўтар зб. вершаў «Веснапесні» (1929), «Зорным шляхам» (1932), «Захварбаваныя вершы» (1936), літ.-знаўчай працы «Ядвігін Ш. (Антон Лявіцкі): Жыццё і літаратурная творчасць» (1933). Даследаваў гісторыю друкарства на Беларусі («Друкарня дома Мамонічаў у Вільні (1572—1622)», 1938]. Выйшлі яго «Апавяданні» (Ватэнштат, 1948, пад. псеўд. Святаслаў Залужны), «Недапетая песня» (1982, 2-е выд. Ляймен, 1987). Выступаў як крытык («Максім Багдановіч як пясняр места», 1930). Перакладаў на бел. мову творы Г.Гейнэ. Рукапісы І. захоўваюцца ў Бел. музеі г. Ляймена (Германія), б-цы АН Літвы (Вільнюс).
Літ.:
Сачанка Б. Беларуская эміграцыя. 2 выд.Мн., 1991;
Ліс А. Паэзія Хведара Ільяшэвіча // Культура беларускага замежжа. Мн., 1993. Кн. 2.