шматлікая пазасістэматычная група жывёл, у якіх няма пазваночнага слупа і хорды. Назву ў пач. 19 ст. прапанаваў франц. заолаг Ж.Б.Ламарк. Падзяляюцца на 2 падцарствы: прасцейшыя, або аднаклетачныя, і шматклетачныя, у якіх адпаведна 5—9 і да 26 тыпаў жывёл. Узніклі беспазваночныя яшчэ ў дакембрыі (1,5—2 млрд. гадоў назад, магчыма, і раней). Каля 1 млрд. гадоў назад ад аднаклетачных (прасцейшых) развіліся шматклетачныя жывёлы. Прамежкавая ступень паміж імі — каланіяльныя прасцейшыя. У кембрыі ўжо існавалі прадстаўнікі многіх тыпаў беспазваночных. Да беспазваночных належаць тыпы інфузорый, губак, кішачнаполасцевых, ігласкурых, малюскаў, некаторых тыпаў ніжэйшых чарвей, членістаногіх і шэраг інш., усяго да 1—2 млн. відаў. Сярод сучасных беспазваночных найб. колькасцю відаў вызначаюцца членістаногія — да 1 млн. і малюскі — 250 тыс. Беспазваночныя пашыраны ва ўсіх біятопах Зямлі. Сярод іх па колькасці відаў пераважаюць насякомыя. На Беларусі каля 11 тыпаў беспазваночных, больш за 30 тыс. відаў, найбольш насякомых.
Важны момант у эвалюцыі беспазваночных — пераход ад радыяльнай (кішачнаполасцевыя) да двухбаковай (білатэральнай) сіметрыі, якая ўласціва больш высокаарганізаваным беспазваночным. Вышэйшыя беспазваночныя маюць другасную поласць цела (цэлом); лічыцца, што яны далі пачатак першым хордавым жывёлам. Беспазваночныя ўдзельнічаюць у біял. кругавароце рэчываў і энергіі ў біясферы. Доля іх складае да 95% біямасы наземных жывёл. Многія беспазваночныя — корм для звяроў, птушак і рыб, носьбіты ўзбуджальнікаў розных хвароб, шкоднікі с.-г. раслін; выкарыстоўваюцца таксама на харч., лек., гасп.-тэхн. мэты, для барацьбы са шкоднымі жывёламі. Некаторыя ахоўваюцца: 85 відаў беспазваночных занесена ў Чырв. кнігу Беларусі.
Літ.:
Догель В.А. Зоология беспозвоночных. 7 изд. М., 1981;
Жизнь животных. Т. 1—3. 2 изд. М., 1987—89;
Хаусман К. Протозоология: Пер. с нем. М., 1988;
Беспозвоночные: Новый обобщ. подход: Пер. с англ.М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНКАРА́ (Ankara),
Ангора, горад, сталіца Турцыі і адм. ц. аднайменнага іля. 2,56 млн.ж. (з прыгарадамі каля 3,2 млн.; 1990). На выш. 848 м у катлавіне Анаталійскага пласкагор’я ў месцы зліцця рэк Чубук і Анкара. Адзін з важнейшых прамысл. і гандл. цэнтраў краіны. Блізкасць Анкары да металург. базы (з-д у г. Карабюк), каменнавугальнага бас. Зангулдак і крыніц с.-г. сыравіны спрыяе развіццю разнастайнай прам-сці: металаапр., маш.-буд. (авіяц., электратэхн., трактаразборачны і інш. з-ды), хім., цэментнай, шыннай, харчасмакавай, паліграфічнай. Рамесная вытв-сць — вырабы з воўны ангорскіх коз (тыфтык), ткацтва дываноў і інш. Чыгункі і аўтатрасы звязваюць Анкару з асн.прамысл. цэнтрамі і партамі краіны, праз міжнар. аэрапорт — з многімі краінамі свету.
Засн. ў 7 ст. да н.э. фрыгійскім царом Мідасам. Уваходзіла ў Рымскую імперыю, Візантыю, з 14 ст. ў Асманскую імперыю. У стараж. і сярэднія вякі — важны цэнтр караваннага гандлю ў Анатоліі. Каля горада адбылася Анкарская бітва 1402. Анкара — цэнтр нац.-вызв. руху 1918—22, рэзідэнцыя Прадстаўнічага к-та, з 23.4.1920 — Вял.нац. сходу Турцыі і створанага ім урада. З 1923 сталіца Турцыі.
У Старым горадзе з вузкімі вулачкамі — храм Аўгуста і Ромы (засн. ў 2 ст. да н.э.), тэрмы (канец 2 ст. — пач. 3 ст.), калона Юліяна (4 ст.), сцены цытадэлі (эпоха Аўгуста), мячэці Алааддзіна (1178), Арслан-хана (1210, перабудавана ў 1330), крыты рынак Махмудпашы (паміж 1464 і 1471). У Новым горадзе (развіваецца з 1920) рэгулярная планіроўка, шматпавярховыя дамы, катэджы, комплекс мін-ваў і новага меджліса, маўзалей Атацюрка (1953, арх. Э.Анат, А.Арда, скульпт. З.Мюрыдаглу і інш). Помнік Атацюрку (1971, скульпт. Х.Гезер). 3 ун-ты, кансерваторыя, 6 дзярж. тэатраў. Археал. і этнагр. музеі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЮ́СКІ (Mollusca),
мяккацелыя, тып беспазваночных жывёл. 2 падтыпы: боканервовыя (2 або 3 класы) і ракавінныя (5 кл.). Каля 130 тыс. сучасных і больш за 100 тыс. вымерлых відаў. Вядомы з ранняга палеазою (больш за 550 млн. гадоў назад). Важны сродак вызначэння ўзросту геал. адкладаў. Пашыраны ўсюды, жывуць у морах, саланаватых і прэсных водах, на сушы. На Беларусі больш за 60 відаў з кл.двухстворкавых малюскаў і бруханогіх малюскаў, належаць да палеарктычнай фауны. Жывуць на дне вадаёмаў і на раслінах. У Чырв. кнізе Беларусі жамчужніца звычайная.
Даўж. ад 1,1 мм (смоўж гарацыя) да 2,5 м (трыдакна), на Беларусі да 15 см. Цела двухбакова-сіметрычнае, у большасці відаў укрыта ракавінай — двухстворкавай, спіральнай, суцэльнай ці з 8 пласцінак (у некат. відаў рэдукаваныя). Ракавіна мае рогавы, прызматычны і перламутравы слаі. Галава (у некат. відаў выяўлена слаба або адсутнічае) мае вочы, шчупальцы і ротавую адтуліну. Тулава ўтварае складку (мантыю), якая выдзяляе рэчывы ракавіны. Паміж мантыяй і тулавам у мантыйнай поласці знаходзяцца шчэлепы, органы хім. адчування, раўнавагі і інш. Мускулісты выраст брушной сценкі ўтварае нагу — орган перамяшчэння. Кормяцца водарасцямі, дэтрытам, большасць лёгачных малюскаў — зялёнымі ч. раслін; ёсць драпежнікі. Пераважна раздзельнаполыя. Ядомыя М. (вустрыцы, грабеньчыкі, кальмары, мідыі, ахаціны, смаўжы вінаградныя і інш.) — аб’екты промыслу і аквакультуры. Са старажытнасці ракавіны М выкарыстоўваліся ў якасці грошай, у культавых рытуалах, як упрыгожанні, у дэкар.-прыкладным мастацтве. Гл. таксама Галаваногія малюскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАВЕ́НА (Ravenna),
горад на Пн Італіі. Адм. ц. правінцыі Равена. Каля 150 тыс.ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на Адрыятычным м. (звязаны з ім суднаходным каналам). Прам-сць: нафтаперапр. і хім., маш.-буд., харч., абутковая, цэм., керамічная. Вытв-сцьмуз. інструментаў. Музеі. Турызм.
Засн., верагодна, племем умбраў. З 2 ст. да н.э. пад уладай Рыма, важны порт Італіі. З 402 н.э. Р. — рэзідэнцыя імператараў Зах.Рым. імперыі. З 540 пад уладай Візантыі, у 565—751 сталіца Равенскага экзархата. У 751 заваявана лангабардамі, у 765 Піпін Кароткі перадаў горад папе рымскаму. У 12 ст.засн.ун-т. Міжусобная вайна арыстакратычных родаў скончылася ўстанаўленнем у Р. сіньёрыі роду Палентаў (да 1441). Абмяленне канала выклікала закрыццё порта і эканам. заняпад горада. У 1449—1509 падпарадкавана Венецыяй. У 1512 зруйнавана французамі. Пасля іх выгнання Свяшчэннай Лігай — у Папскай вобласці (за выключэннем 1797—1814). З 1860 у складзе аб’яднанай Італіі.
Горад багаты на помнікі раннехрысц. і візант. архітэктуры і манум. мастацтва: маўзалей Галы Плацыдыі (каля 440), баптыстэрыі правасл. (сярэдзіна 5 ст.) і арыян (канец 5 — пач. 6 ст.), базіліка Сант-Апалінарэ Нуова (пач. 6 ст., кампаніла 8—9 ст., порцік 16 ст.), 8-гранны храм Сан-Вітале (526—547). Усе збудаванні аздоблены мазаікамі 5—6 ст. Часткова захаваліся помнікі мастацтва остготаў — т.зв. палац (пач. 6 ст., паводле інш. крыніц, 8 ст.) і маўзалей (каля 520) Тэадорыха. Па-за гар. сценамі — базіліка Сант-Апалінарэ ін Класе (асвячона ў 549. мазаікі 6, 7 і 9 ст., кампаніла канца 10 ст.). У Р. знаходзіцца надмагілле Дантэ (1483, арх. і скульпт. П.Ламбарда), над ім — класіцыстычны храмік (1780, арх. К.Марыджа).
Равена. Базіліка Сант-Апалінарэ ін Класе з кампанілай канца 10 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗУМО́ВАЯ І ФІЗІ́ЧНАЯ ПРА́ЦА,
узаемазвязаныя і ўзаемазалежныя віды мэтанакіраванай дзейнасці людзей у выглядзе затрат інтэлектуальнай, разумовай або фіз. энергіі чалавека ў працэсе стварэння матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей. Падзел працы на разумовую і фіз. адбыўся ў старажытнасці і абумоўлены развіццём прадукц. сіл грамадства, якія дазвалялі невялікаму слою людзей (жрацам, правадырам і інш.) не займацца непасрэдна здабываннем сродкаў для свайго існавання — фіз. працай. У выніку разумовая праца стала прывілеяй асобных сац. слаёў — брахманаў у Стараж. Індыі, свабодных грамадзян у Стараж. Грэцыі і інш. Паводле утапічнай мадэлі ідэальнай дзяржавы Платона, разумовай працай мелі права займацца толькі яе кіраўнікі — філосафы. Супярэчнасць паміж гэтымі відамі працы са старажытнасці мела сац. карані, набыла антрапалагічныя і сац.-псіхал. аспекты і праходзіць праз усю гісторыю чалавецтва, своеасабліва праяўляецца ў розныя гіст. эпохі. Аднак такі падзел працы адыграў і пазітыўную ролю ў развіцці грамадства: вызвалены ад неабходнасці займацца паўсядзённай фіз. працай, пэўны сац. слой людзей атрымаў матэрыяльныя сродкі і магчымасць сканцэнтраваць энергію менавіта на разумовай працы, што дазволіла развіць інтэлект і стварыць складаны і важны прадукт мысліцельнай дзейнасці, які знайшоў увасабленне ў архітэктуры, мастацтве, музыцы, паэзіі і г.д. Самым значным дасягненнем работнікаў разумовай працы сталі навук.веды. У перыяд усталявання рыначных адносін сфарміравалася інтэлігенцыя — сац. слой людзей, разумовая праца для якіх стала прафес. родам заняткаў. Станоўчы ўплыў на развіццё разумовай працы зрабіла прамысл. рэвалюцыя, якая ахапіла прам-сць, сельскую гаспадарку і значна паўплывала на фіз. працу. Найб. дынамічнае развіццё разумовая праца атрымала ў эпоху навукова-тэхнічнай рэвалюцыі, якая запатрабавала ад чалавека развітога мыслення, глыбокіх навук. ведаў і высокага ўзроўню кваліфікацыі — інтэлектуальнай працы. Праблема суадносін Р. і ф.п. захоўваецца і ў постіндустрыяльным грамадстве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЗЕЛЬ (Basel),
горад на Пн Швейцарыі. Адм. ц. паўкантона Базель-Штат. 175,6 тыс.ж. (1994). Трансп. вузел. Порт на Рэйне і канале Рэйн—Рона (грузаабарот больш за 10 млн.т, каля 20% знешнегандлёвых грузаў Швейцарыі). Міжнар. аэрапорт. Важныгандл.-фінансавы цэнтр міжнар. значэння (знаходзіцца Банк міжнар. разлікаў). Хіміка-фармацэўтычная, машынабуд., эл.-тэхн., швейная, шаўковая, дрэваапр., паліграф., харч.прам-сць. Штогадовыя прамысл. кірмашы. Ун-т. Музеі: гіст., нар. мастацтва і этнаграфіі, ант. мастацтва, Кунстгале і інш.
Упершыню ўпамінаецца як рым. ўмацаванне ў 374. Да 13 ст. стаў значным цэнтрам рамёстваў і гандлю. У 14 ст. дамогся правоў імперскага горада. У 1431—39 тут праходзіў Усяленскі сабор каталіцкай царквы. У 1460 засн. старэйшы ў Швейцарыі ун-т. У 15—16 ст. адзін з цэнтраў Адраджэння і Рэфармацыі. Месца заключэння Базельскіх мірных дагавораў 1795. У 1869 і 1912 тут праходзілі кангрэсы 1-га і 2-га Інтэрнацыяналаў.
Рэйн падзяляе Базель на Вялікі (на левым, узвышаным, беразе, дзе знаходзяцца гіст. цэнтр, асн. помнікі архітэктуры, захаваліся тыповыя рысы стараж. гандлёва-рамесніцкага горада) і Малы (Новы горад на правым, нізінным, беразе з прамысл. зонай). Яны звязаны 5 мастамі і 3 паромнымі пераправамі. На Пн ад Базеля гавань Хюнінген з партовымі пабудовамі. Сярод помнікаў архітэктуры: раманска-гатычны сабор (закладзены ў 1019, будаваўся да 15 ст.), цэрквы: гатычныя Санкт-Марцін (1356—98), Санкт-Петэр (14 ст.), дамініканская прапаведніцкая (1356); неараманскія Санкт-Паўль (1898—1901), Санкт-Антоніус (1925—27) і інш.; ратуша з фрэскамі 16 ст. У 1962—63 пабудаваны комплекс Школы мастацтва і рамёстваў (арх. Г.Баўр). На Саборнай пл. дамы ў стылі барока, готыкі і класіцызму, шматлікія стараж. фантаны, у т. л. Фішмарктбрунен (14 ст.).
Да арт.Базель. Інтэр’ер царквы Санкт-Антоніус. 1925—27. Арх. К.Мозер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРМУ́ДСКІЯ АСТРАВЫ́ (Bermuda),
уладанне Вялікабрытаніі на аднайм. астравах у Атлантычным ак. (900 км на У ад Паўн. Амерыкі). Пл. 53,3 км². Нас. 60,7 тыс.чал. (1993), каля 60% — негры, астатнія пераважна англічане і амерыканцы. Адм. ц. і порт — г.Гамільтан (на найб. в-ве Бермуда). Афіц. мова англійская. Большасць вернікаў англікане і метадысты. Астравы каралавыя, складзены з вапнякоў, размешчаны на вяршыні патухлага падводнага вулкана. Выш. да 79 м. Клімат трапічны, умерана вільготны. Сярэдняя т-ра самага халоднага месяца (сак.) 16,7 °C, самага цёплага (жн.) 26,7 °C. Ападкаў да 1350 мм за год. Аснова гаспадаркі (занята палавіна самадзейнага насельніцтва) — курортная справа і абслугоўванне турыстаў (больш за 500 тыс.чал. за год). Вырошчванне кветак (вывозяцца ў ЗША), агародніцтва (ранняя агародніна і бульба) і пладаводства (бананы, цытрусавыя). Прам-сць: нафтаперапр., фармацэўтычная, хім., харч., у т. л. рыбаперапрацоўчая; суднабудаванне (спарт. судны, яхты) і суднарамонт; здабыча і перапрацоўка вапняку. Транспарт аўтамаб. (7 астравоў злучаны дамбамі і мастамі). Міжнар. аэрапорт (в-аў Бермуда). Гандл. сувязі пераважна з ЗША, Вялікабрытаніяй, Канадай. Грашовая адзінка — бермудскі долар.
Гісторыя. Адкрыты ў 1522 ісп. мараходам Х.Бермудасам. У 1609 тут з’явіліся першыя англ. пасяленцы, з 1684 Бермудскія астравы — калонія Вялікабрытаніі. Да 1862 важны ваенна-марскі порт і месца ссылкі. У час 2-й сусв. вайны мелі стратэг. значэнне як брыт. марская авіябаза. З 1941 арандаваны ЗША (ваен. базы).
З 1968 унутр. самакіраванне (у 1973 пашырана). Дзеянні брыт. і мясц. адміністрацыі з мэтай атрымання Бермудскімі астравамі незалежнасці (канец 1970-х г.) не падтрыманы насельніцтвам. Дзейнічае канстытуцыя 1968 (са зменамі 1973 і 1979). Брыт. манарх прадстаўлены ген.-губернатарам. Заканадаўчы орган — двухпалатны парламент. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе прэм’ер-міністр. Паліт. партыі: Аб’яднаная бермудская партыя, Прагрэс. лейбарысцкая партыя, Нац. ліберальная партыя. Прафсаюзы: Бермудскі саюз прамысл. працоўных, Бермудская асацыяцыя дзярж. служачых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАЦІСЛА́ВА (Bratislava),
горад, сталіца Славакіі. На З краіны, па берагах Дуная. Утварае асобную адм. адзінку. 446,8 тыс.ж. (1993). Вузел 6 чыгунак і аўтадарог. Рачны порт. Міжнар. аэрапорт. Важныпрамысл., навук. і культ. цэнтр краіны. Хім. і нафтахім., маш.-буд. (у т. л. эл.-тэхн., дакладнае прыладабудаванне), паліграф., тэкст., харчасмакавая (у т. л. вінаробчая), швейная, буд. матэрыялаў, папяровая, мэблевая прам-сць. Славацкая АН, 5 ВНУ, у т. л.ун-т імя Я.А.Каменскага (з 1919). Нац.тэатр.Нац. музей і нац. галерэя. Міжнар.муз. фестываль «Браціслаўская ліра».
Упершыню ўпамінаецца на пач. 10 ст. як адна з крэпасцей Вялікамараўскага княства. З 10 ст. да 1918 у складзе Венгрыі (наз. Пожань). Гар. правы атрымала ў 1291. З 1526 сталіца габсбургскай ч. Венгрыі (наз. Прэсбург). Да 1848 рэзідэнцыя венг. сейма. З 1919 у складзе Чэхаславацкай рэспублікі, гал. горад Славакіі. У 1939—45 і з 1969 сталіца Славакіі.
На ўзгорку над Дунаем — крэпасць Град (9—18 ст.). На ПнУ раёны Старога горада: рэшткі мураваных умацаванняў 13—15 ст., Старая ратуша (13—18 ст.; цяпер Гар. музей), гатычныя і барочныя саборы і цэрквы, палацы ў стылях барока і класіцызму. Грамадскія будынкі ў духу эклектызму (Славацкі нац.т-р, 1886), неакласіцызму і функцыяналізму. У 1950—60-я г. распрацаваны ген. план рэканструкцыі горада (арх. Д.Кедра і інш.), пабудаваны комплекс будынкаў Славацкай АН, будынкі Славацкай вышэйшай тэхн. школы (арх. М.Кусі), мін-ва знешняга гандлю, зімовы стадыён, мост Славацкага нац. паўстання (1966—73), новыя жылыя раёны (Ружынаў, Петржалька, Красняны, Ружова-Даліна, Карлава-Вес і інш.). Помнікі: воінам Сав. Арміі на ўзгорку Славін (1950—60-я г., скульпт. Я.Куліх, І.Костка і інш.), Славацкаму нац. паўстанню (1974) і інш.
Горад Браціслава.Мост цераз Дунай у Браціславе.Да арт.Браціслава. Замак. 9—18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІР,
гарадскі пасёлак у Карэліцкім р-не Гродзенскай вобл., на р. Міранка. За 26 км ад Карэліч, 211 км ад Гродна, 17 км ад чыг. станцыі Гарадзея на лініі Мінск — Баранавічы, на аўтадарозе Навагрудак — Мінск. 2,6 тыс.ж. (1998).
Упершыню згадваецца ў гіст. крыніцах пад 1395. З 1486 належаў Іллінічам. З 15 ст.наз. горадам. Каля 1510 быў пабудаваны замак. З 1555 цэнтр Мірскага графства. Пасля 1568 перайшоў да сваякоў Іллінічаў — кн. Радзівілаў. З 1589 у складзе іх Нясвіжскай ардынацыі як асобнае графства. З 1579 карыстаўся няпоўным магдэбургскім правам. У 17 ст.важны цэнтр рамяства і гандлю, у 18 ст. дзейнічалі палатняныя і суконныя мануфактуры. З 1795 у Рас. імперыі, у 19 — пач. 20 ст. мястэчка, цэнтр воласці Навагрудскага пав. Мінскай губ. У вайну 1812 каля М. адбыліся Мірскі бой 1812 (9—10 ліп.) і бой 10—11 лістапада. У 1828 у выніку дынастычнага шлюбу перайшоў да кн. Вітгенштэйнаў, з 2-й пал. 19 ст. ўласнасць кн. Святаполк-Мірскіх (гл.Мірскія). У 1886 2 царквы, 7 сінагог, мячэць, паштовая станцыя, заезны дом, 74 крамы. У 1897—5401 ж. У 1921—39 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Стаўбцоўскага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 гар. пасёлак, цэнтр Мірскага раёна. У Вял.Айч. вайну з 26.6.1941 да 7.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў М. і раёне больш за 2560 чал. Дзейнічала Мірскае камсамольска-маладзёжнае падполле. Адбыўся Мірскі бой 1944. З 1956 у Карэліцкім р-не.
Прадпрыемствы харч. (спіртзавод, птушкафабрыка) прам-сці. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, паліклініка, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: Мірскі замкава-паркавы комплекс (16 ст.), Мірскі Мікалаеўскі касцёл (1605), Мірская Троіцкая царква (1533—50). Цэнтр ганчарнага рамяства (гл.Мірская кераміка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ТЭРДАМ (Rotterdam),
горад на З Нідэрландаў. Знаходзіцца на паўн. рукаве дэльты р. Рэйн; каналам Новы водны шлях злучаны з Паўн. морам, інш. каналамі — з Амстэрдамам і Гаагай. 1105 тыс.ж. з прыгарадамі (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Найб. марскі порт свету (штогадовы грузаабарот каля 300 млн.т), аванпарты на Паўн. моры — Улардынген, Східам, Хук-ван-Холанд, Еўрапорт; вузел суднаходства ў бас.р. Рэйн. Абслугоўвае трансп. сувязі Нідэрландаў (каля 60% знешнегандл. абароту краіны), Германіі, Бельгіі, Швейцарыі і інш. краін. Паромная сувязь з Вялікабрытаніяй. Нафта- і прадуктаправодамі злучаны з прадпрыемствамі Германіі і Бельгіі. Міжнар. аэрапорт. Важныгандл.-прамысл. цэнтр краіны (праўленні транснац. манаполій, банкаў). Прам-сць базіруецца гал.ч. на прывазной сыравіне. У Р. і яго ваколіцах буйныя нафтахім. і нафтаперапр. прадпрыемствы (штогод перапрацоўваюць больш за 100 млн.т нафты). З інш. галін прам-сці найб. развіты металаапрацоўка і машынабудаванне (судна- і аўтамабілебудаванне, абсталяванне для партоў, эл.-тэхн. і інш.), хім., лёгкая (асабліва тэкст. і швейная), харч. і харчасмакавая (вытв-сць кармоў, маргарыну, перапрацоўка чаю, какавы, кавы). Метрапалітэн. Ун-т імя Эразма, Акадэмія, мастацтваў, Нац.ін-т навігацыі і караблебудавання і інш. Музеі: гіст., марскі, горада, этналогіі. Карцінная галерэя. Гатычныя цэрквы (15 ст.), у т. л. царква Сінт-Лаўрэнскерк, дамы і ветраныя млыны (17—18 ст.).
На тэр. сучаснага Р. паселішча вядома з 9 ст., у пісьмовых крыніцах — з 1282. З 1 340 горад. У 1572 захоплены і разрабаваны іспанцамі, далучыўся да паўстання Нідэрландаў супраць ісп. панавання. Пасля адмены ў 1685 Нанцкага эдыкта 1598 у Р. перасялілася шмат франц. пратэстантаў (гандляры і рамеснікі). У 17—18 ст. цэнтр гандлю (у асн. з Францыяй і Англіяй), караблебудаўніцтва і сукнаробства. Пасля злучэння ў 1882 Р. каналам з Паўн. морам — адзін з найб. партоў свету. У 2-ю сусв. вайну моцна пацярпеў ад ням. бамбардзіровак.