МА́НЧЭСТЭР (Manchester),
горад на З Вялікабрытаніі. Адм. ц. метрапалітэнскага графства і гал. горад канурбацыі Вял. Манчэстэр. 2252 тыс. ж. з прыгарадамі (1997). Буйны марскі порт на р. Эруэл і Манчэстэрскім канале, які звязвае М. з Ірландскім м. Міжнар. аэрапорт. Важны прамысл., гандл.-банкаўскі і культ. цэнтр краіны. Развіта разнастайнае машынабудаванне (у т. л. аўтамаб., самалётабуд., хім., эл.-тэхн.), хім. (вытв-сць фарбавальнікаў), тэкст. (апрацоўка баваўняных тканін), швейная, папяровая, паліграф., харч. прам-сць. Манчэстэрскі універсітэт. Ун-т Вікторыі (з 1903). Арх. помнікі: гатычны сабор (15—16 ст.) з капэлай Багародзіцы (14 ст.), шпіталь (15—17 ст.). Гар. музей. Маст. галерэя. Канцэртная зала Фры-трэйд-хол.
Першапачаткова паселішча кельтаў Мансеніян, з 79 н.э. рым. ўмацаваны лагер Манкуніум. У англ. летапісах упершыню згадваецца ў 1086. У 1301 атрымаў гар. правы. У 14—17 ст. гандл.-рамесны цэнтр. Пасля прамысловага перавароту (у 1789 тут устаноўлены першы паравы рухавік) з 19 ст. найб. ў свеце цэнтр баваўнянай прам-сці. У 1840 у М. заснавана Нац. чартысцкая арг-цыя (гл. Чартызм). У 1853 горад атрымаў права Прадстаўніцтва ў брыт. парламенце. Пасля пабудовы ў 1894 Манчэстэрскага канала — буйны порт.
т. 10, с. 96
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)