МЕНО́ЦІ ((Menotti) Джан Карла) (н. 7.7.1911, Кадэльяна, каля г. Варэсе, Італія),
амерыканскі кампазітар. Вучыўся ў Міланскай кансерваторыі (1923—27), у Муз. ін-це Кёртыс у Філадэльфіі (1928—33), у 1941—45 выкладаў у ім. З 1928 у ЗША. У 1958 заснаваў у г. Спалета (Італія) «Фестываль двух светаў» (італьян. і амер. музыкі; з 1977 дубліруецца ў г. Чарлстан, штат Паўд. Караліна, ЗША). З 1974 жыве ў Шатландыі. Яго оперы (больш за 20; многія ставіў як рэжысёр на ўласныя лібрэта) вылучаюцца яскравай тэатральнасцю, меладычным багаццем: «Медыум» (паст. 1946; у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі ў 1989), «Тэлефон» (1947), «Консул» (1950), «Амал і начныя госці» (тэлеопера, 1951), «Святая з Блекерстрыт» (1954; усе Нью-Йорк), «Марыя Галавіна» (паст. 1958), «Апошні дзікун» (паст. 1963), «Лабірынт» (тэлеопера; 1963), «Самы важны чалавек» (паст. 1971), «Таму-таму» (паст. 1973), «Герой» (паст. 1976), «Вар’ятка» (паст. 1979), «Гоя» (паст. 1986). Аўтар балетаў «Себасцьян» (паст. 1944), «Падарожжа ў лабірынт» (паст. 1947), «Аднарог, Гаргона і Мантыкора» (паст. 1956); сімфоніі «Зацішша» (1976), сімф. паэмы «Апакаліпсіс» (1951), канцэртаў для фп. (1945), скрыпкі (1952) з арк.; камерна-інстр. ансамбляў, п’ес для фп. і інш.
т. 10, с. 288
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)