КРА́НКА ((Cranko) Джон) (15.8.1927, г. Рустэнбург, Паўд.-Афр. Рэспубліка — 26.6.1973),
англійскі артыст балета, балетмайстар. Вучыўся ў балетнай школе Кейптаўнскага ун-та (1942—46), у 1946 у школе трупы «Сэдлерс-Уэлс бале» (з 1957 Каралеўскі балет Вялікабрытаніі), з 1946 саліст гэтай трупы. Творчасць К.-танцоўшчыка вылучалася ўменнем харэагр. сродкамі перадаць змест, раскрыць характары персанажаў. З 1961 узначальваў Штутгарцкі балет. Сярод пастановак: у Каралеўскім балеце — «Дама і блазан» на муз. Дж.Вердзі (1954), «Прынц пагад» на муз. Б.Брытэна (1957); у Штутгарцкім балеце — «Анегін» на муз. П.Чайкоўскага (1965), «Утаймаванне свавольніцы» на муз. К.Х.Штольцэ (па матывах Д.Скарлаці; 1969), «Паэма экстазу» на муз. А.Скрабіна (1970), «Кармэн» на муз. Ж.Бізэ (1971), «Ініцыялы Р.Б.М. Э.» на муз. І.Брамса (1972), «Сляды» на муз. Г.Малера (1973).
т. 8, с. 450
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРГА́Н (Ілья Львовіч) (н. 26.5.1926, г. Барысаў Мінскай вобл.),
бел. акцёр, дыктар радыё, педагог. Засл. арт. Беларусі (1968). Скончыў Бел. тэатр. ін-т (1949). З 1949 дыктар (да 1987) і артыст Нац. тэлерадыёкампаніі Беларусі. З 1959 выкладае ў Бел. АМ (з 1992 праф.), з 1995 у Бел. ун-це культуры. Яго мастацтва выявілася ў радыёпастаноўках «Прымакі» Я.Купалы, «Паляўнічае шчасце» Э.Самуйлёнка, «Сцяг брыгады» А.Куляшова, «Незабыўныя дні» М.Лынькова і інш., у шматсерыйным радыёспектаклі «Доктар Русель» У.Дзюбы. Сярод запісаў: на радыё — «Скіп’ёўскі лес» К.Чорнага (1995), «Пан Тадэвуш» А.Міцкевіча (1997), на грампласцінках — паэмы «Курган» Я.Купалы, «Новая зямля» і «Сымон-музыка» (урыўкі) Я.Коласа, «Мужнасць» і «Летні дзень» (урыўкі) П.Глебкі, «Дзесяты падмурак» П.Труса, вершы М.Багдановіча, П.Броўкі і інш.
В.С.Іваноўскі.
т. 9, с. 46
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРКО́Ў (Аляксандр Валер’евіч) (н. 21.4.1958, Баку),
бел. і расійскі артыст балета. Засл. арт. Расіі (1995). Скончыў Бакінскае харэаграфічнае вучылішча (1976). З 1976 саліст Азерб. т-ра оперы і балета імя М.Ф.Ахундава, у 1980—87 Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, з 1989 — Марыінскага т-ра. Творчасці ўласцівы дасканалая тэхніка танца, выразнасць і чысціня пластычнага малюнка, лірычная пранікнёнасць. Сярод партый на бел. сцэне: Зігфрыд і Прынц («Лебядзінае возера» і «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага), Альберт («Жызэль» А.Адана), Вацлаў («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Крас («Спартак» А.Хачатурана), Тарэра («Кармэн-сюіта» Ж.Бізэ—Р.Шчадрына), Юнак («Балеро» М.Равеля) і інш. Лаўрэат V Усесаюзнага конкурсу артыстаў балета ў Маскве (1984). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1986.
Літ.:
Чурко Ю.М. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988. С. 140—144.
Т.М.Мушынская.
т. 9, с. 49
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КШАСІ́НСКІ (сапр. Кшасінскі-Нечуй) Фелікс
(Адам-Валезіуш) Іванавіч (Янавіч; 17.11.1823, Варшава — 16.7.1905),
расійскі артыст балета, балетмайстар. Засл. арт. імператарскіх т-раў (1898). Вучыўся ў Варшаўскай балетнай школе (1831—38, педагог М.Піён). У 1844—52 танцоўшчык балетнай трупы «Варшаўскіх урадавых тэатраў». З 1853 саліст Пецярбургскай балетнай трупы. Асабліва па-заліхвацку выконваў польск., цыганскія, венг. танцы ў балетах і операх; першы ў Расіі «мазурыст». Сярод партый: Ініга («Пахіта» Э.Дэльдэвеза), Бірбанта («Карсар» А.Адана), цар Нубійскі, Кандаўл, Клод Фрола («Дачка фараона», «Цар Кандаўл», «Эсмеральда» Ц.Пуні), Брамін («Баядэрка» Л.Мінкуса). Наватар у пошуках «рэаліст. грыму» ў балетным т-ры. Паставіў балеты «Сялянскае вяселле» («Вяселле ў Айцове») Я.Стэфані, «Роберт і Бертрам, або Два злодзеі» І.Шміта і Пуні і інш.
Літ.:
Кшесинская М. Воспоминания. М., 1992.
т. 9, с. 68
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАКШТА́НАЎ (Іосіф Пятровіч) (22.8. 1911, г. Сумы, Украіна — 11.9.1986),
бел. акцёр, рэжысёр. Засл. арт. Беларусі (1970). Скончыў студыі т-ра імя Лесі Украінкі ў Кіеве (1936), Т-ра імя Станіслаўскага ў Маскве (1939). Працаваў у т-рах Расіі. З 1952 у Дзярж. рус. драм. т-ры Беларусі. З 1960 рэжысёр, у 1980—85 артыст Бел. філармоніі. Выканаўца характарных роляў, спалучаў глыбокі псіхалагізм з яркасцю формы, музыкальнасцю: у рус. драм. т-ры Беларусі Пінчук, Мікалай II («Брэсцкая крэпасць», «Галоўная стаўка» К.Губарэвіча), Першы афіцэр («Аптымістычная трагедыя» У.Вішнеўскага), Міка Ставінскі («Барабаншчыца» А.Салынскага), Люсінда («Хітрамудрая закаханая» Лопэ дэ Вэгі), Кароль французскі («Кароль Лір» У.Шэкспіра). Сярод пастановак: «Не называючы прозвішчаў» В.Мінко і «Вясна ў Маскве» В.Гусева (1953), «Паўторны візіт» С.Дубравіна (1957), «Далёкая дарога» А.Арбузава (1958).
Г.Р.Герштэйн.
т. 9, с. 110
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРТЫ́НАЎ (Георгій Раманавіч) (н. 28.8.1925, г. Іванава, Расія),
бел. артыст балета. Засл. арт. Беларусі (1955). Скончыў Бел. харэаграфічнае вучылішча (1954). З 1948 у Іванаўскім т-ры муз. камедыі. З 1952 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, з 1963 2-і балетмайстар Дзярж. ансамбля танца Беларусі; у 1967—75 саліст балета Бел. філармоніі. Выконваў пераважна партыі характарнага плана: Хмель («Палымяныя сэрцы» В.Залатарова), Мацей і бацька Анежкі («Падстаўная нявеста» і «Святло і цені» Г.Вагнера), Блазан і Кот у ботах («Лебядзінае возера» і «Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага) і інш. Танец М. вызначаўся пластычнай выразнасцю і артыстызмам. Паставіў шэраг эстр. харэаграфічных нумароў, у т. л. «Паўлінка», «Лявоніха», «Перапёлачка»; танцы да драм. спектакляў, у т. л. «Эдзіт Піяф» В.Легентава ў Бел. рэсп. т-ры юнага гледача.
т. 10, с. 139
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВУ́МЕНКА (Якаў Паўлавіч) (н. 28.3.1959, г. Орша Віцебскай вобл.),
бел. эстрадны спявак. Засл. арт. Беларусі (1997). Скончыў Мінскае муз. вучылішча імя М.І.Глінкі (клас хар. дырыжыравання, 1984), Маскоўскі муз.-пед. ін-т імя Гнесіных (клас вакалу, 1992). З 1984 артыст ансамбля нар. музыкі «Свята», саліст Дзярж. акад. нар. хору Беларусі імя Г.Цітовіча, з 1990 — Нац. тэлерадыёкампаніі і ансамбля нар. музыкі «Бяседа» (1992—97), з 1993 саліст-вакаліст Дзярж. аркестра сімф. і эстр. музыкі Беларусі. Валодае голасам прыгожага барытанальнага тэмбру. Яго выкананне вылучаецца яскравай сцэнічнасцю, шчырасцю, эмацыянальнай выразнасцю. У рэпертуары эстр. песні бел. кампазітараў, шэраг уласных песенных твораў на словы бел. паэтаў, у т. л. «Іншапланецянка», «Колькі год Беларусі», «Ночка-чараўніца», «Арабінавы сум», «Не хадзіце, мае хлопчыкі», «Я вымалю цябе», «Мне ўсё верыцца», «Дзяўчына-красуня» і інш.
Г.М.Загародні.
т. 11, с. 112
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІРАТА́ (Мікалай Васілевіч) (н. 17.6.1941, в. Драмайлаўка Кулікоўскага р-на Чарнігаўскай вобл., Украіна),
бел. баяніст, дырыжор. Засл. дз. маст. Беларусі (1986). Скончыў Бел. кансерваторыю (1969). З 1965 артыст Дзярж. нар. аркестра Беларусі. З 1969 выкладчык Гомельскага муз. вучылішча. У 1974—97 муз. кіраўнік Дзярж. акад. нар. хору Беларусі імя Цітовіча. З 1992 выкладчык Мінскага пед. ун-та, кіраўнік створанага ім студэнцкага фалькл. ансамбля «Ярыца» і мужчынскага фалькл. ансамбля «Вячоркі». Аўтар харавых, вак. і інстр. апрацовак бел. нар. песень і мелодый; вак.-харэагр. кампазіцый «Беларускія веснавыя гульні, абрады і карагоды», «Вяночак жніўных песень», «Зімовыя абрады і гульні», «Песні роднага краю» на сл. Я.Купалы, «Беларусь — мая песня» (з І.Кузняцовым), хораў на нар. тэксты, песень на словы У.Карызны, А.Куляшова і інш.
Л.С.Мітаковіч.
т. 14, с. 413
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛЬСКІ (Ігар Дзмітрыевіч) (н. 28.3.1925, С.-Пецярбург),
рускі артыст балета, балетмайстар, педагог. Нар. арт. Расіі (1966). Скончыў Ленінградскае харэагр. вучылішча (1943), Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1957). З 1943 саліст Ленінградскага т-ра оперы і балета імя Кірава. Гал. балетмайстар ленінградскіх Малога т-ра оперы і балета (з 1962), т-ра імя Кірава (з 1973), мюзік-хола (1979—92). З 1946 выкладчык Ленінградскага харэагр. вучылішча, з 1966 Ленінградскай (цяпер С.-Пецярбургскай) кансерваторыі, з 1992 маст. кіраўнік Акадэміі рускага балета. Сярод лепшых партый: Шурале («Шурале» Ф.Яруліна), Нуралі («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Эспада («Дон Кіхот» Л.Мінкуса). Паставіў балеты «Бераг надзеі» А.Пятрова, «Канёк-Гарбунок» Р.Шчадрына, «Ленінградскую сімфонію» і «Адзінаццатую сімфонію» на муз. Дз.Шастаковіча, «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага і інш. Сярод вучняў В.Елізар’еў, Г.Маёраў, Р.Нурыеў, М.Барышнікаў. Дзярж. прэмія СССР 1951.
т. 3, с. 91
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДРЭ́ЕЎ (Аляксей Леанідавіч) (н. 24.2.1920, С.-Пецярбург),
рускі і бел. артыст балета і балетмайстар. Засл. арт. Расіі (1957), засл. дз. маст. Беларусі (1963). Скончыў Ленінградскае харэагр. вучылішча (1939). Да 1959 саліст і балетмайстар Ленінградскага т-ра оперы і балета імя Кірава. У 1960—64 і 1971—73 гал. балетмайстар Дзярж. т-ра оперы і балета БССР. Паставіў (разам з Н.Стукалкінай) першыя нац. балеты на сучасную тэму «Мара» Я.Глебава (1961) і «Святло і цені» Г.Вагнера (1963). З інш. пастановак на бел. сцэне: «Казка пра мёртвую царэўну і сем асілкаў» У.Дзешавова на тэмы А.Лядава (1961), «Дон Кіхот» Л.Мінкуса (1962), «Трыстан і Ізольда» на муз. Р.Вагнера і «Балеро» на муз. М.Равеля (1963), «Гарэзлівыя частушкі» на муз. Р.Шчадрына (1971; усе са Стукалкінай).
Літ.:
Грищенко М.М. Белорусский балет и современная тема. Мн., 1989.
т. 1, с. 359
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)