АПЯРА́ЗВАЛЬНЫ ЛІША́Й апяразвальны герпес,

вострая інфекцыйная хвароба з пашкоджаннем нерв. сістэмы і скуры; узнікае ад віруса ветраной воспы. Бывае ў выглядзе спарадычных адзінкавых выпадкаў пераважна вясной і восенню ў дарослых (дзеці да 10 гадоў хварэюць рэдка). Прыкметы захворвання: ліхаманка, боль, пачуццё паколвання, свербу ў вобласці адчувальных нерваў (пераважна міжрэберных і трайчастага на твары). Потым узнікаюць ружовыя плямы (3—5 см і болей), на якіх праз 1—2 сут з’яўляюцца дробныя шматлікія пухіры. Праз 6—8 сут на месцы пухіроў утвараюцца скарыначкі, якія праз 3 тыдні адпадаюць, застаецца пігментацыя. Бываюць атыпічныя формы апяразвальнага лішаю: абартыўная (без высыпкі), генералізаваная (шматлікія пухіры на целе), булёзная (зліццё дробных пухіроў), гемарагічная (крывяністыя пухіры), гангрэнозная (найбольш цяжкая — на месцы пухіроў узнікае некроз тканкі, потым рубцы). У некаторых выпадках пры апяразвальным лішаі пашкоджваюцца нервы (напр., нервы твару), галаўны мозг і яго абалонкі — менінгаэнцэфаліт. Лячэнне: тэрапеўтычнае і фізіятэрапеўтычнае.

т. 1, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТЭ́РЫІ (грэч. artēria),

крывяносныя сасуды, па якіх кроў рухаецца ад сэрца ва ўсе органы і часткі цела. Да артэрый належыць аорта і ўсе яе разгалінаванні, у т. л. самыя дробныя — артэрыёлы. Артэрыі нясуць кроў, багатую кіслародам (толькі лёгачныя накіроўваюць вянозную кроў ад сэрца ў лёгкія).

Сценкі артэрый маюць 3 абалонкі. Вонкавая злучальнатканкавая абалонка надае артэрыям трываласць і эластычнасць, што дае магчымасць ім вытрымліваць унутраны ціск, расшырацца і звужацца; багатая сасудамі і нервамі. Сярэдняя абалонка складаецца з эластычных валокнаў і гладкіх мышачных клетак, скарачэнне або расслабленне якіх рэгулюе дыяметр прасвету артэрый і, адпаведна, колькасць крыві, што падаецца да органа. Унутраная абалонка ўтворана эндатэліем і злучальнай тканкай, мае ўнутраную эластычную мембрану, што робіць сценкі больш трывалымі. Асобныя ствалы адной або некалькіх суседніх артэрый часта злучаюцца паміж сабой і ўтвараюць анастамозы (больш дробныя артэрыі). Артэрыі, што не маюць анастамозаў, наз. канцавымі.

Ю.​Г.​Шанько.

т. 1, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЛУЧА́ЛЬНАЯ ТКА́НКА,

тканка арганізмаў жывёл і чалавека, якая складаецца з клетак і міжклетачнага рэчыва і ўтварае ўнутр. асяроддзе арганізма. Есць ва ўсіх органах і ў залежнасці ад функцыі мае розную будову. Яе стан і функцыі рэгулююцца нерв. і гумаральнымі механізмамі. Функцыі З.т.: механічная (утварае шкілет, абалонкі і апору ўнутр. органаў, злучае органы), трафічная (пераносіць пажыўныя і інш. рэчывы да функцыянальнай тканкі — парэнхімы і ад адных органаў да другіх), ахоўная (ажыццяўляе ахоўныя запаленчыя рэакцыі арганізма), пластычныя (удзельнічае ў рэгенерацыі, запаўняе дэфекты пры пашкоджанні органаў).

Паводле будовы падзяляецца на касцявую, храстковую, рэтыкулярную (складае аснову крывятворных органаў), тлушчавую і валакністую, якая пранізвае ўсе органы і ўтварае праслойкі паміж асобнымі органамі. У міжклетачным рэчыве валакністай З.т. ёсць валокны калагенавыя (моцныя, не расцягваюцца), эластычныя і тыкулінавыя (пераплятаюцца, утвараюць сетку). Прамежкі паміж валокнамі і клеткамі запоўнены студзінападобным рэчывам. Клеткі З.т.: камбіяльныя, фібрабласты, гістыяцыты, плазматычныя, пігментныя, тлушчавыя і інш.

А.​С.​Леанцюк.

т. 7, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЫЯЛО́ГІЯ (ад карыя... + ...логія),

навука пра будову і функцыі, эвалюцыю і асобныя структуры клетачнага ядра (храмасом, ядзерка, ядзернай абалонкі); раздзел цыталогіі. Даследуе мікраскапічную і субмікраскапічную будову і паводзіны ядзерных структур пры розных формах дзялення ядра клеткі (амітоз, мітоз, меёз, эндамітоз) і ў прамежку паміж дзяленнямі (інтэрфаза), будову і заканамернасці рэпрадукцыі (гл. Рэдуплікацыя храмасом). Выкарыстоўваюць метады аптычнай і электроннай мікраскапіі, цытахіміі, аўтарадыяграфіі, морфаметрыі. К. ўзнікла ў канцы 19 — пач. 20 ст. пасля выяўлення вядучай ролі ядра клеткі ў спадчыннасці. На Беларусі даследаванні па К. праводзяцца з 1960-х г. У БДУ на кафедры генетыкі вывучаюць механізмы дзялення клетак пры мітозе і меёзе, у Ін-це генетыкі і цыталогіі Нац. АН Беларусі вядуць работы па К. культурных раслін і ракавых клетак жывёл, у Бел. НДІ жывёлагадоўлі — па К. с.-г. жывёл, у Мінскім мед. ін-це — па К. чалавека.

А.​С.​Леанцюк.

т. 8, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯТА́ЛЬНЫ АПАРА́Т,

агульная назва машын, тэхнічных канструкцый, прылад для палёту ў атмасферы або ў касм. прасторы.

Адрозніваюць 2 асн. групы Л.а.: лягчэйшыя за паветра і цяжэйшыя за яго. Дзеянне Л.а. 1-й групы (аэрастаты) заснавана на выкарыстанні аэрастатычнай падымальнай сілы, што ствараецца ў выніку напаўнення спец. абалонкі газам, што лягчэйшы за паветра. Л.а. 2-й групы падзяляюцца на аэрадынамічныя (верталёты, вінтакрылы, дэльтапланы, планёры, самалёты, экранапланы), балістычныя (ракеты-носьбіты, касмічныя апараты). Аэрадынамічныя трымаюцца ў паветры ад дзеяння падымальнай аэрадынамічнай сілы, што ўзнікае на крылах або вінтах Л.а. Балістычныя Л.а. рухаюцца па балістычных траекторыях ад дзеяння рэакцыі масы газу, што выходзіць з сапла рэактыўнага рухавіка. Касм. апараты, прызначаныя для пасадкі на паверхню планеты, могуць рухацца ад дзеяння аэрадынамічнай сілы або рэактыўнага рухавіка. Л.а. 2-й групы шырока выкарыстоўваюцца ў многіх галінах нар. гаспадаркі, у навуцы, вайск. справе, спорце. Гл. таксама Авіяцыя, Касманаўтыка, Паветраплаванне.

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 9, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНГІ́НА (лац. angina літар. ўдушша),

вострая інфекцыйная хвароба з запаленнем міндалін, пераважна паднябенных. Узбуджальнік ангіны — звычайна гемалітычны стрэптакок; перадаецца хвароба праз кантакты з хворым, праз ежу і пітво. Ангіна можа быць сімптомам некаторых інфекц. захворванняў (дыфтэрыя, шкарлятына, адзёр), пры хваробах крыві і крывятворных органаў. Захворванню спрыяе агульнае і мясц. ахаладжэнне арганізма. Бывае катаральная (пачырваненне, прыпухласць слізістай абалонкі міндалін), лакунарная (у лакунах — паглыбленнях міндалін з’яўляецца фібрынозны налёт, які выступае на паверхні міндаліны ў выглядзе белых, шэрых палосаў), фалікулярная (нагнаенне лімфозных фалікул, што выступаюць пад слізістай абалонкай у выглядзе буйных жоўтых кропак), флегманозная (запаленне тканак вакол міндаліны, каляміндалінавы абсцэс). Асн. сімптомы ангіны: боль у горле, недамаганне, павышаная тэмпература (38—40°). Працягласць хваробы — 4—7 дзён. Ускладненні: рэўматызм, энда-, міякардыт, нефрыт. Лячэнне ангіны: пасцельны рэжым, цёплая, негустая ежа, сагравальныя кампрэсы, павязкі на шыю, паласканне горла (1—2%-ным растворам борнай к-ты, растворам марганцавакіслага калію, кухоннай солі), гарачкапаніжальныя (аспірын), сульфаніламіды, антыбіётыкі (пры цяжкім стане). Пры абсцэсах неабходна іх ускрыццё.

В.​А.​Быстрэнін.

т. 1, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРАМАТЫ́ЧНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,

цыклічныя арган. злучэнні, атамы якіх ствараюць адзіную спалучаную (араматычную) сістэму сувязяў. Назва ад прыемнага паху першых адкрытых такіх злучэнняў.

У вузкім сэнсе да араматычных злучэнняў адносяць толькі бензольныя злучэнні: араматычныя вуглевадароды (арэны), напр. бензол, талуол, стырол, бі-, тры- і поліцыклічныя злучэнні, пабудаваныя з бензольных ядраў, напр. нафталін, антрацэн, і іх вытворныя (галагензмяшчальныя, аміны, нітразлучэнні, фенолы і інш.). Фіз. і хім. асаблівасці араматычных злучэнняў звязаны з існаваннем у іх замкнёнай электроннай абалонкі з π-электронаў. У параўнанні з ненасычанымі злучэннямі яны больш устойлівыя, удзельнічаюць пераважна ў рэакцыях замяшчэння і захоўваюць араматычную сістэму сувязяў. У шырокім сэнсе да араматычных злучэнняў адносяць таксама гетэрацыклічныя электронныя аналагі бензолу (пірыдзін, пірол, фуран, тыяфен), небензоідныя злучэнні тыпу азуленаў, баразолу, ферацэну і інш. Асн. крыніца араматычных злучэнняў — прадукты каксавання каменнага вугалю, перапрацоўкі нафты (гл. Араматызацыя). Араматычныя злучэнні — прадукты прамысл. арган. сінтэзу (палімеры, фарбавальнікі, лекавыя сродкі, выбуховыя рэчывы).

Араматычныя злучэнні: 1 — бензол; 2 — талуол; 3 — стырол; 4 — нафталін; 5 — антрацэн.

т. 1, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДБО́РУ ПРА́ВІЛЫ ў фізіцы,

умовы, што вызначаюць магчымасць пераходу квантавых сістэм (ядраў, атамаў, малекул і інш.) з пачатковага стану ў канчатковы пры фіз. працэсах, звязаных з выпрамяненнем і паглынаннем энергіі.

Адбору правілы выражаюць выкананне пэўных захавання законаў у дадзеным працэсе і фармулююцца ў выглядзе суадносін паміж квантавымі лікамі. Аснова тэарэт. вызначэння адбору правілаў — патрабаванне адрознення ад нуля імавернасці пераходу паміж пач. і канчатковым станамі сістэмы, напр., імавернасць дыпольных пераходаў, звязаных з выпрамяненнем святла атамам, адрозніваецца ад нуля пры змене квантавых лікаў; ΔL = ±1, Δs = 0, ΔI = 0 або ±1 (за выключэннем, калі I = 0 у пач. і канчатковым станах), дзе I, L і s — адпаведна квантавыя лікі поўнага моманту імпульсу электроннай абалонкі, арбітальнага моманту і агульнага спінавага моманту электронаў. Пераходы, якія падпарадкоўваюцца адбору правілам дыпольнага выпрамянення, наз. дазволенымі, у адваротным выпадку — забароненымі (іх імавернасць у атамах вельмі малая). Адпаведныя адбору правілы існуюць у ядз. спектраскапіі і фізіцы элементарных часціц.

Л.​М.​Тамільчык.

т. 1, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ААМІЦЭ́ТЫ (Oomycetes),

клас (аддзел) ніжэйшых грыбоў. Уключае 4 парадкі: сапралегніяльныя, лептамітавыя (Leptomitales), лагенідыевыя (Lagenidiales), перанаспаральныя; 70 родаў, каля 550 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Афрыцы, Амерыцы. На Беларусі каля 100 відаў з парадкаў перанаспаральных і сапралегніяльных. Сапратрофы і паразіты. Водныя і наземныя формы. Некаторыя ааміцэты развіваюцца на рэштках раслін, трупах насякомых і інш. дробных жывёл. Шмат ааміцэтаў паразітуе на водарасцях, водных грыбах, чарвях, ікры, маляўках рыб і амфібій, вышэйшых раслінах. Вегетатыўнае цела (міцэлій) грыбоў пераважна добра развітае, шмат’ядравае, няклетачнае. Бясполае размнажэнне зааспорамі (маюць 2 жгуцікі), радзей канідыямі. Вынік палавога працэсу — ааспора, пераходзіць у стан спакою, у якім ааміцэты пераносяць неспрыяльныя ўмовы. Выклікаюць захворванні культ. раслін: фітафтароз бульбы, памідораў і інш. паслёнавых, караняед цукр. буракоў, чорную ножку розных с.-г. культур, мільдзю вінаграду і інш.

У адрозненне ад большасці інш. грыбоў, каркасным рэчывам клетачнай абалонкі з’яўляецца цэлюлоза і глюкан, а не хіцін, што сведчыць пра паходжанне ааміцэтаў ад продкаў жоўта-зялёных водарасцяў або ад флагелятаў.

Літ.:

Жизнь растений. М., 1976. Т. 2. С. 35—64.

т. 1, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЭ́Х (Juglans),

род кветкавых раслін сямейства арэхавых. Каля 40 відаў. Пашыраны ў Паўднёвай Еўропе, Азіі, Амерыцы. У некаторых месцах утвараюць так званыя арэхавыя лясы. Шэраг відаў вырошчваюць з прамысловымі мэтамі. На Беларусі ў паўднёвых і заходніх раёнах, у садах і парках вырошчваюць як інтрадукаваныя дэкаратыўныя і арэхаплодныя культуры арэх грэцкі (J. regia), маньчжурскі (J. mandshurica), шэры (J. cinerea), чорны (J. nigra) і інш.

Лістападныя аднадомныя дрэвы вышынёй да 50 м з разгалістай кронай. Лісце буйное, складанае няпарнаперыстае. Кветкі раздзельнаполыя: мужчынскія ў доўгіх каташках, жаночыя адзіночныя або па некалькі ў гронках. Плод касцянкападобны з вонкавай мясістай зялёнай абалонкай і цвёрдай дравяністай унутранай; мае гаспадарчую назву «арэх». Ядры арэхаў (насенне) смачныя, багатыя алеем (да 68%), бялкамі (да 18%), вугляводамі. Выкарыстоўваецца ў харчовай і кандытарскай прамысловасці. Лісце і абалонкі пладоў маюць вітамін C і дубільныя рэчывы. Драўніна арэха прыгожая, цвёрдая, з малюнкам; з яе робяць мэблю, музычныя інструменты і інш.

Арэх грэцкі.

т. 2, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)