ГЛІКАПРАТЭІ́ДЫ,
глікапратэіны, складаныя бялкі, у якіх ёсць вугляводы. Прысутнічаюць ва ўсіх тканках жывёл, раслін і ў мікраарганізмах. Мал. маса 15 000—1 000 000. Колькасць вугляводаў у глікапратэідах вар’іруе ад долей працэнта да 80%. Да глікапратэідаў належаць многія бялкі крыві (цэрулаплазмін, трансферын, фібрынаген, імунаглабуліны і інш.), бялкі сакрэтаў слізістых залоз (муцыны), апорных тканак (мукоіды), некаторыя ферменты (панкрэатычная рыбануклеаза Б), гармоны (эрытрапаэцын, тырэатрапін), структурныя бялкі клетачных мембран. Глікапратэіды клетачнай абалонкі ўдзельнічаюць у іонным абмене клеткі, імуналагічных рэакцыях, у з’явах міжклетачнай адгезіі і г.д. У крыві і тканках антарктычных рыб выяўлены глікапратэіды-антыфрызы, якія перашкаджаюць утварэнню крышталёў лёду ў арганізме рыб пры т-ры ніжэй за 0 °C.
т. 5, с. 295
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)