ПАЛУ́ШНІК, шыльнік (Isoëtes),

род дзеразападобных раслін сям. палушнікавых. Каля 70 відаў. Пашыраны ва ўмераным і трапічным паясах. На Беларусі рэдкі атлантычна-еўрап. рэліктавы від — П. азёрны (I. lacustris), занесены ў Чырв. кнігу. Трапляецца пад вадой на глыб. 40—250 см (водныя формы), у вільготных мясцінах і часовых вадаёмах (наземныя і земнаводныя формы).

Вечна-, зімне- і летнезялёныя шматгадовыя расліны выш. 5—20 см. Лісце шылападобнае (адсюль другая і нар. назвы шыліца), цвёрдае, размешчана спіральна. Спарангіі круглаватыя ці авальныя, знаходзяцца каля асновы ліста (спарафіла) і ўкрыты перапончатым пакрывалам. Дэкар., прыдатныя для аквакультуры расліны.

В.​В.​Маўрышчаў.

Палушнік азёрны.

т. 12, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНТАРЫ́ФМА [ад грэч. pan (pantos) усё + рыфма],

рыфма, заснаваная на суцэльнай сугучнасці не толькі канцавых, але і ўнутраных гукавых элементаў верша. Пашырана ў нар.-паэт. творчасці. У бел. паэзіі сустракаецца ў вершах Я.​Купалы, В.​Віткі, Р.​Барадуліна і інш.

За годам год, за родам род, Што хвалі хмар, што плесні вод Па зменах змен, на ўсход, на сход, За родам род, за годам год. (Я.​Купала. «За годам год») Верш, цалкам напісаны П., называецца пантарымам. Напр., «Рыфма пра каханне» Я.​Сіпакова:

Знай, дужы вецер, абы не злая дзея, —
Знайду — жывеце, рабыня, у зладзея.

М.​М.​Грынчык.

т. 12, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПАСКІ́РЫ (Іван Георгіевіч) (25.12.1902, с. Кутол Абхазія — 14.11.1980),

абхазскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Абхазіі (1977). Друкаваўся з 1926. Аўтар зб-каў «Апавяданні» (1956), «Апавяданні маёй бабулі» (1977), аповесці «Чалавек і Радзіма» (1979), першага абх. сац.-быт. рамана «Тэмыр» (1937), эпапеі «Жаночая годнасць» (кн. 1—3, 1949—63, першапач. назва «Шлях Хімур», 1948), рамана «Каля падножжа Эрцаху» (1953). Яго творчасць адыграла значную ролю ў станаўленні абх. прозы і літ. мовы.

Тв.:

Рус. пер.К долгой жизни. 2 изд. Сухуми, 1954;

Темыр. Сухуми, 1972;

Женская честь: Роман. Сухуми, 1987.

Літ.:

Митин Г. Художник из Апсны. Сухуми, 1973.

т. 12, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПУЛЯ́РЫ (лац. populares ад populus народ),

ідэйна-палітычная плынь у Стараж. Рыме ў канцы 2—1 ст. да н.э. Абаранялі інтарэсы плебсу, у першую чаргу сельскага, супрацьстаялі аптыматам. У цэнтры барацьбы з аптыматамі былі аграрнае пытанне і дэмакратызацыя рым. дзяржавы. Абапіраючыся на нар. сход, П. імкнуліся абмежаваць буйное і аднавіць сял. землеўладанне, забараніць даўгавую кабалу, адмяніць ліхвярства. Значную ролю сярод П. адыгрывалі браты Гракхі, Апулей Сатурнін. Уплыў П. у сваіх мэтах выкарыстоўвалі Г.Марый, Ліцыній Крас, Цэзар.

Літ.:

Трухина Н.Н. Политика и политики «золотого века» Римской республики (П в. до н.э.). М., 1986. С. 56—59.

т. 12, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́РНАЯ РЫ́ФМА, сумежная рыфма,

рыфма, якая звязвае два суседнія вершаваныя радкі ці рытмарады па схеме аабб. Пашырана ў нар. вершаскладанні і сілабічных вершах:

Вясна красна па зарэччу йшла,
А малым дзеткам па яечку нясла,
А старым дзядкам па кіёчку,
Маладым жанкам па сыночку.
(«Вясна красна па зарэччу йшла»)

У бел. паэзіі П.р. выкарыстоўваецца і ў сілаба-танічным вершы (часцей у двухрадкоўях і ў астрафічным вершы):

Прачнулася сэрца, не спіцца, выходжу на ганак.
Дзень добры, жыццё маладое і сонечны ранак!
Над полем шырокім, над борам высокім світае.
Дзень добры, прастор салаўіны, Айчына святая!
(Я.​Пушча. «Дзень добры!»)

М.​М.​Грынчык.

т. 12, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПАСТУ́Х І ВОЎК»,

бел. нар. гульня. Удзельнікі (ад 6 да 15 чал.) выбіраюць «пастуха» і «ваўка». Апошні хаваецца, а «пастух» збірае гульцоў — «авечак» і заганяе іх у «статак», пасля садзіцца і робіць выгляд, што спіць. «Воўк» хавае «авечак», а сам застаецца. «Пастух», «прачнуўшыся», ідзе шукаць «авечак». Калі ён набліжаецца да месца, дзе яны схаваны, «авечкі» пачынаюць ці сіпець, ці стукаць, ці пішчаць, на што «воўк» павінен хутка адказаць, хто гэта робіць Калі ён з адказам затрымліваецца, то «авечкі» пачынаюць «бляяць». «Воўк» уцякае, а «авечкі» павінны злавіць яго і прывесці да «пастуха».

Я.​Р.​Вількін.

т. 12, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНО́ЧНЫЯ ПІСЬМЁНЫ,

умоўны тэрмін, прыняты ў гісторыі стараж.-рус. мастацтва для пазначэння стылістычна блізкіх твораў іканапісу, створаных жывапісцамі рус. Поўначы ў 15—18 ст. Напачатку развіваліся як найб. дэмакр. галіна наўгародскай школы іканапісу. З 16 ст., побач з некат. уплывам маскоўскай школы жывапісу, фарміраваліся мясц. маст. традыцыі, у т. л. абанежскія, карэльскія, усцюжскія і інш. «пісьмёны». У 17 ст. дэмакр. асновы П.п. умацоўваліся пад уздзеяннем нар. размалёўкі па дрэве. Для П.п. характэрны наіўная нагляднасць вобразаў, дэкаратыўнасць і некат. спрошчанасць жывапісных прыёмаў.

Літ.:

Реформатская М.А. Северные письма. М., 1968.

Да арт. Паўночныя пісьмёны. Палажэнне ў труну. 15 ст.

т. 12, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАВЕ́РЗЕЎ (Іван Фёдаравіч) (3.9.1914, в. Кузьмінкі Арлоўскай вобл., Расія — 23.4.1978),

расійскі кінаакцёр. Нар. арт. СССР (1975). Скончыў Маскоўскае гар. тэатр. вучылішча (1938). З 1938 у маскоўскім т-ры Рэвалюцыі, з 1945 у Т-ры-студыі кінаакцёра кінастудыі «Масфільм». У характарах персанажаў імкнуўся раскрыць драматызм, супярэчлівасць, кантрастнасць і павароты лёсу. Зняўся ў фільмах «Марскі ястраб» (1942), «Тарас Шаўчэнка» (1951), «Адмірал Ушакоў» і «Караблі штурмуюць бастыёны» (1953), «Знаёмцеся, Балуеў!» (1963), «Фронт без флангаў» (1975), «Фронт за лініяй фронту» (1977); на кінастудыі «Беларусьфільм» — «Маё каханне» (1940), «Палеская легенда» (1957). Дзярж. прэмія СССР 1952.

В.​С.​Іваноўскі.

т. 12, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́НСКАЕ АДКРЫ́ТАЕ АКЦЫЯНЕ́РНАЕ ТАВАРЫ́СТВА «ГІДРАСЕЛЬМА́Ш».

Засн. ў г. Пінск Брэсцкай вобл. ў 1940 як міжраённыя майстэрні капітальнага рамонту. У Вял. Айч. вайну разбурана, адноўлена ў 1947. У 1958 ператворана ў аўтарамонтны з-д, у 1959 у экскаватарарамонтны; з 1995 арэнднае прадпрыемства «Гідрасельмаш», з 1999 — сучасная назва. Асн. прадукцыя (2000): с.-г. тэхніка (камбінаваныя глебаапр. агрэгаты, касілкі і інш.) і запасныя часткі да яе; кавальскія вентылятары, гідраўл. шасцяронныя помпы, тавары нар. ужытку (ледабуры, прыстасаванне для дэмантажу шын, бетонамяшалкі і інш.). Ажыццяўляе рамонт гідраўл. помпаў і размеркавальнікаў, павузлавы рамонт экскаватараў.

А.​В.​Нікіфараў, В.​А.​Чакулаеў.

т. 12, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛЬСКАЕ ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЕ ТАВАРЫ́СТВА,

дэмакратычная арг-цыя польскай эміграцыі, створаная ў 1832 у Парыжы. Кіруючы орган — Цэнтралізацыя. Мэта т-ва — увядзенне замест старога парадку новага ладу для паляпшэння дабрабыту ўсяго грамадства і лёсу нар. мас. Для дасягнення гэтай мэты ідэолагі партыі бачылі 2 шляхі: паступовыя змены і звяржэнне ўрада. З 1840 П.д.т. праз эмісараў рыхтавала паўстанне на тэр. былой Рэчы Паспалітай. У 1845 эмісары т-ва дзейнічалі на Гродзеншчыне (Я.​Рэр), Брэстчыне (А.​Хафмаер), Віленшчыне (А.​Рэніер). Пасля 1848 Цэнтралізацыя перамясцілася ў Лондан. У 1862 П.д.т. далучылася да Варшаўскага цэнтр. нац. к-та.

М.​А.​Сакалова.

т. 12, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)