ПА́ЎЛІ ((Pauli) Вольфганг) (25.4.1900, Вена — 15.12.1958),

швейцарскі фізік-тэарэтык, адзін са стваральнікаў квантавай механікі і рэлятывісцкай квантавай тэорыі поля. Скончыў Мюнхенскі ун-т (1921). З 1923 у Гамбургскім ун-це, з 1928 праф. Вышэйшага тэхн. вучылішча ў Цюрыху. У 1940—46 у Ін-це фундаментальных даследаванняў (г. Прынстан, ЗША). Навук. працы па квантавай механіцы, мезоннай тэорыі ядз. сіл, тэорыі адноснасці, па гісторыі і філасофіі навукі. Сфармуляваў Паўлі прынцып. Прадказаў існаванне нейтрына (1930). Нобелеўская прэмія 1945.

Тв.:

Рус. пер. — Труды по квантовой теории. Квантовая теория. Общие принципы волновой механики: Статьи, 1920—1928. М., 1975;

Труды по квантовой теории: Статьи, 1928—1958. М., 1977;

Теория относительности. 3 изд. М., 1991.

Літ.:

Теоретическая физика XX в. М., 1962.

В.Паўлі.

т. 12, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ЎЭЛ, Поўэл (Powell) Сесіл Франк (5.12.1903, г. Тонбрыдж, Вялікабрытанія — 9.8.1969), англійскі фізік, стваральнік навук. школы англ. фізікаў. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1949). Замежны чл. АН СССР (1958). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1925), працаваў у Кавендышскай лабараторыі. З 1928 у Брыстольскім ун-це (з 1948 праф.). У 1952—61 дырэктар Еўрап. экспедыцыі па даследаванні касм. прамянёў у высокіх слаях атмасферы. Навук. працы па ядз. фізіцы, фізіцы элементарных часціц і касм. прамянёў. Распрацаваў фатагр. метад даследавання ядз. працэсаў (метад ядз. фатагр. эмульсій). Адкрыў π-мезоны ў касм. прамянях (1947, разам з супрацоўнікамі). Нобелеўская прэмія 1950. Залаты медаль імя Ламаносава АН СССР 1968.

Тв.:

Рус. пер. — Исследование элементарных частиц фотографическим методом. М., 1962 (разам з П.​Фаўлерам, Д.​Перкінсам).

С.Ф.Паўэл.

т. 12, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РЭС ЭСКІВЕ́ЛЬ ((Pérez Esquivel) Адольфа Марыя) (н. 26.11.1931, Буэнас-Айрэс),

аргенцінскі скульптар, праваабаронец. Скончыў Нац. школу выяўл. мастацтваў у Буэнас-Айрэсе (1956), у 1956—71 выкладаў у ёй і ў Нац. ун-це г. Ла-Плата. Адзін са стваральнікаў (1971) праваабарончай хрысц. арг-цыі «Служба ў імя міру і справядлівасці ў Лац. Амерыцы», з 1974 яе ген. сакратар. Адзін з заснавальнікаў арг-цыі «Пастаянная асамблея ў абарону правоў чалавека». За праваабарончую дзейнасць праследаваўся ў час кіравання ў Аргенціне ваенных (1976—83), у 1977—78 зняволены. Са снеж. 1987 старшыня Міжнар. лігі барацьбы за правы і вызваленне народаў. Каардынатар Экуменічнага руху за правы чалавека. Для яго скульптурных твораў характэрна ўвасабленне матываў дакалумбавай Амерыкі. Нобелеўская прэмія міру 1980.

А.Перэс Эсківель.

т. 12, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПНЕ́ЎСКІ ((Pniewski) Богдан) (26.7.1897, Варшава — 5.9.1965),

польскі архітэктар, адзін са стваральнікаў польскай арх. школы 20 ст. Ганаровы чл. франц. Акадэміі архітэктуры (з 1952). Скончыў політэхн. ін-т у Варшаве (1923). З 1932 праф. Акадэміі выяўл. мастацтваў, з 1945 — політэхн. ін-та. Для творчасці П. характэрна спалучэнне рыс неакласіцызму і функцыяналізму. Яго пабудовы адметныя рацыянальнай прастатой форм, манументальнасцю аб’ёмаў, фактурнай выразнасцю: жылыя дамы на вул. Мадалінскага (1925—26), віла на вул. Клёнавай (1935—37), будынкі Польскага радыё (1939), Мін-ва шляхоў зносін (1946—47), Дом селяніна (1957—61, з М.​Гандзялевіч), перабудова комплексу будынкаў Сейма (1948—51), Вял. т-ра (1954—65, у сааўт.; усе ў Варшаве); віла «Патрыя» ў г. Крыніца (1934). Дзярж. прэмія Польшчы 1952.

Б.Пнеўскі. Віла «Патрыя» ў г. Крыніца. 1934.

т. 12, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́РТЭР ((Porter) Джордж) (н. 6.12.1920, г. Стэйнфарт, Вялікабрытанія),

англійскі фізікахімік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1960). Замежны чл. Рас. АН (1988). Вучыўся ва ун-це г. Лідс і Кембрыджскім ун-це (1938—41). З 1945 у Кембрыджскім, з 1955 у Шэфілдскім ун-тах. З 1963 праф., у 1966—85 дырэктар Каралеўскага ін-та Вялікабрытаніі, адначасова ў 1968—72 прэзідэнт Міжнар. к-та па фотабіялогіі. Навук. працы па даследаванні быстрых фотахім. рэакцый у газавай і кандэнсаванай фазах. Стварыў устаноўку імпульснага фатолізу (разам з Р.​Дж.Р.Норышам;1950) і адну з першых установак імпульснага лазернага фатолізу. Даследаваў механізм першасных фотахім. рэакцый на мадэльных сістэмах фотасінтэзу. Устаноўлены медаль імя П. (1986) за лепшыя працы па фотахіміі. Нобелеўская прэмія 1967 (разам з Норышам і М.Эйгенам).

Дж.Портэр.

т. 12, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРААБРАЖЭ́НСКІ (Уладзімір Барысавіч) (н. 15.7.1950, г. Гродна),

бел. архітэктар. Скончыў Брэсцкі інж.-буд. ін-т (1972). Працаваў у ін-це «Гроднаграмадзянпраект» (да 1988 гал. архітэктар праектаў), у 1988—93 і з 1998 гал. архітэктар праектнага ўпраўлення «Гроднажылбуда», у 1994—97 нач. упраўлення архітэктуры і горадабудаўніцтва Гродзенскага гарвыканкома. Асн. работы ў Гродне: адм. будынкі абл. ўпраўлення МУС (1968—77), Дома тэхнікі (1977—84), аблвыканкома (1978—84), буд. арг-цый (офіс «Гроднажылбуда»; 1987—88), групы жылых дамоў па вуліцах Горкага (1974—75), Сав. пагранічнікаў, на пл. Дзекабрыстаў (абодва 1998—99), у мікрараёне «Вішнявец» (1999—2000); забудова мікрараёна «Перасёлка 3» (1975—77). За жылы комплекс гарадка Рось у Ваўкавыскім р-не Гродзенскай вобл. (1993—94) Дзярж. прэмія Беларусі 1998.

т. 12, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАБІ́ ((Rabi) Ісідар Айзек) (29.7.1898, г. Рыманаў Падкарпацкага ваяв., Польшча — 11.1.1988),

амерыканскі фізік, адзін з заснавальнікаў радыёспектраскапіі. Чл. Нац. АН ЗША, Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1940). Скончыў Корнелскі ун-т (1919). З 1929 у Калумбійскім ун-це (з 1937 праф., з 1967 ганаровы праф.). У 1940—45 нам. дырэктара радыяцыйнай лабараторыі Масачусецкага тэхнал. ін-та. Навук. працы па магнетызме, ядз. фізіцы, спектраскапіі малекулярных пучкоў, квантавай механіцы. Адкрыў ядз. магн. рэзананс на ізаляваных атамах (1937). Распрацаваў рэзанансны метад вымярэння магн. момантаў атамных ядраў (метад Р.), радыёчастотны рэзанансны метад вымярэння дыпольных момантаў малекул (1949—53). Ажыццявіў прэцэзійныя вымярэнні магн. момантаў пратона і дэйтрона, выявіў эл. квадрупольны момант у дэйтрона (1939). Залаты медаль Н.​Бора (1967). Нобелеўская прэмія 1944.

М.​М.​Касцюковіч.

І.А.Рабі.

т. 13, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМА́НАЎ (Генадзь Сцяпанавіч) (н. 26.6.1938, г. Новачаркаск Растоўскай вобл., Расія),

бел. фізік-тэарэтык. Канд. фіз.-матэм. н. (1965). Скончыў БДУ (1960). З 1960 у Ін-це фізікі АН Беларусі. З 1973 у Ін-це прыкладных фіз. праблем пры БДУ (заг. лабараторыі, аддзела), з 1990 нам. дырэктара Ін-та цепла- і масаабмену Нац. АН Беларусі. Навук. працы па фізіцы плазмы, радыяцыйнай газавай дынаміцы, фізіцы ударных хваль і ўздзеянні канцэнтраваных патокаў энергіі на рэчыва. Дзярж. прэмія Беларусі 1992.

Тв.:

Действие излучения большой мощности на металлы. М., 1970 (у сааўт.);

Численное моделирование обтекания космических тел гиперзвуковым потоком газа при их прохождении через плотные слои атмосферы (разам з В.​Я.​Окуневым) // Инж.-физ. журн. 1999. Т. 72, № 6.

Л.​Я.​Мінько.

т. 13, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСУ́Л РЗА (сапр. Рзаеў Расул Ібрагім аглы; 19.5.1910, г. Геакчай, Азербайджан — 1.4.1981),

азербайджанскі пісьменнік. Засл. дз. маст. Азербайджана (1944). Нар. паэт Азербайджана (1960). Герой Сац. Працы (1980). Вучыўся ва Усерас. дзярж. ін-це кінематаграфіі (1935—37). У 1965—81 гал. рэдактар Азерб. сав. энцыклапедыі. Друкаваўся з 1927. У зб-ках вершаў і апавяд. «Бессмяротныя героі» (1942), «Лютасць і каханне» (1943) тэма Вял. Айч. вайны. Аўтар паэм «Ленін» (1950; Дзярж. прэмія СССР 1951), «Лейлі і Меджнун» (1973), паэт. зб. «Супраць ветру» (1978), п’ес, перакладаў і інш. Асобныя яго творы на бел. мову пераклаў М.​Танк.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1975;

Избр. произв. Т. 1—2. М., 1982.

Літ.:

Алибекова Г.С. Всегда в пути: Жизнь и творчество Расула Рзы. М., 1972.

т. 13, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́РЭР ((Rohrer) Генрых) (н. 6.6.1933, Бухс, Швейцарыя),

швейцарскі фізік. Чл. Швейц. акадэміі тэхн. навук (1988). Замежны чл. Нац. АН ЗША (1988). Скончыў Швейц. тэхнал. ін-т у Цюрыху (1955). З 1963 у Цюрыхскай н.-д. лабараторыі фірмы «Інтэрнэшанал бізнес мэшынс карпарэйшэн». З 1997 у н.-д. установах Іспаніі і Японіі. Навук. працы па звышправоднасці, фізіцы цвёрдага цела, мультыкрытычных з’явах, сканіруючай тунэльнай мікраскапіі, нанамеханіцы. Стварыў першы сканіруючы тунэльны электронны мікраскоп (1981; з Г.​Бінігам), што дало пачатак новай галіне навукі — нанатэхналогіі. Нобелеўская прэмія 1986 (з Бінігам).

Тв.:

Рус. пер. — Растровый туннельный микроскоп (разам з Г.​Бінігам) // В мире науки. 1985. Вып. 10;

Сканирующая туннельная микроскопия — от рождения к юности (з ім жа) // Успехи физ. наук. 1988. Т. 154, вып. 2.

М.​М.​Касцюковіч.

Г.Рорэр.

т. 13, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)