ЛЯЎЧУ́К (Цімафей Васілевіч) (19.1.1912, с. Быстроўка Ружынскага р-на Жытомірскай вобл., Украіна — 14.12.1998),
украінскі кінарэжысёр, педагог. Нар. артыст Украіны (1969). Нар. арт. СССР (1972). Скончыў Кіеўскі кінаінстытут (1935). Працаваў на Кіеўскай кінастудыі маст. фільмаў імя Даўжэнкі. У 1962—85 выкладаў у Кіеўскім ін-це тэатр. мастацтва імя І.Карпенкі-Карага (з 1974 праф.). Дэбютаваў навукова-папулярным фільмам «Зара над Карпатамі» (1949). Зняў дакумент. фільмы «Кіеў» (1950), «М.В.Гогаль» (1951), фільмы-спектаклі па п’есах А.Карнейчука «У стэпах Украіны» (1952) і «Калінавы гай» (1953), першы ўкр. шырокафарматны фільм «Закон Антарктыды» (1963). Яго работам уласціва імкненне да маштабных тэм, эпічных форм апавядання. Сярод фільмаў: «Кіяўлянка» (3 серыі, 1958—60), «Сям’я Кацюбінскіх» (1970, Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1971), трылогія «Дума пра Каўпака» (1973—76), «Калі вораг не здаецца...» (1982), «Мы абвінавачваем» (1985) і інш.
т. 9, с. 434
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)