род голанасенных раслін сям. хваёвых. Каля 40 відаў. Пашыраны ў гарах, радзей на раўнінах Паўн. паўшар’я, некат. віды — у трапічным поясе (горы Мексікі і Гватэмалы). Расце разам з елкай і інш. дрэвамі ці ўтварае чыстыя дрэвастоі (піхтарнікі), адна засн. парод цемнахвойнай тайгі. На Беларусі 1 цэнтр.-еўрапейскі рэліктавы від — П. белая або еўрапейская (A. alba), занесены ў Чырв. кнігу. Ізалявана трапляецца ў Белавежскай пушчы.
Аднадомныя вечназялёныя дрэвы выш. 50—100 м, дыяметр ствала да 2 мз густой конусападобнай кронай. Жывуць да 200, некат. да 500—700 гадоў. Кара ўсіх відаў мае смалу. Ігліца шматгадовая, плоская, лінейная, мяккая, з 2 белаватымі палоскамі вусцейкаў на ніжнім баку. Жаночыя шышкі (зялёныя або чырванаватыя) і мужчынскія каласкі размешчаны на канцы леташніх парасткаў у верхняй ч. кроны. Спелыя шышкі цыліндрычныя, прамастойныя, фіялетавыя або карычневыя. Выспяваюць у 1-ы год і рассыпаюцца. Семя з крыльцам. Драўніна выкарыстоўваецца ў буд-ве, вытв-сці цэлюлозы і дробных вырабаў. З кары паўночнаамерыканскай П. бальзамічнай (A. balsamea) атрымліваюць канадскі бальзам, знайб. пашыранай П. сібірскай (A. sibirica) — піхтавы бальзам, з ігліцы і маладых галінак — піхтавы алей. Лек., тэхн., дэкар. расліны.
А.Дз.Антанюк.
Піхта сібірская: 1 — агульны выгляд; 2 — галінка з жаночай шышкай; 3 — галінка з мужчынскімі каласкамі; 4 — спелая шышка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЕ́ЎСКІ Іосіф Майсеевіч (7.1.1901, г. Арэнбург, Расія — 23.9.1972),
расійскі і бел. рэжысёр, педагог, акцёр. Нар.арт. Беларусі (1955). Нар.арт.СССР (1968). Праф. (1968 1939). З 1922 вучыўся ў 2-й студыі Маск. маст.акад.т-ра. З 1925 акцёр, з канца 1930-х г. рэжысёр Маск. маст.акад.т-ра. З 1932 у Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва імя Луначарскага (з 1945 заг. кафедры). Выкладаў акцёрскае майстэрства трупе БДТ-3 на курсах у Маскве (1933). Маст. кіраўнік Дэкады бел. мастацтва ў Маскве (1940). Творчасці ўласцівы яснасць рэжысёрскай думкі, завершанасць пастановачнага вырашэння і псіхал. абгрунтаванасць сцэн. існавання персанажаў. Вучань К.Станіслаўскага, развіваў лепшыя традыцыі Маск. маст.акад.т-ра ў галіне рэжысёрскага і акцёрскага майстэрства. Паставіў спектаклі: у т-ры імя Я.Купалы — «Апошнія» М.Горкага (1939, з М.Зоравым, дапрацоўка 1937), «Хто смяецца апошнім» (1939, з Л.Рахленкам), «Мілы чалавек» (1945) К.Крапівы; у т-ры імя Я.Коласа — «Ворагі» М.Горкага (1952). Са спектакляў у Маск. маст.акад. т-ры: «Дасцігаеў і іншыя» М.Горкага (1938, з Л.Леанідавым), «Афіцэр флоту» А.Крона (1945, з М.Гарчаковым), «Разлом» Б.Лаўранёва (1950, з В.Станіцыным), «Мілы лгун» Дж.Кілці (1962), «Дон Кіхот вядзе бой» В.Карастылёва (1966).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСТРЫ́РАВАННЕ,
працэс ператварэння тонавага відарыса ў растравы. Робіцца пры дапамозе праекцыйнага і кантактнага растраў або электронным спосабам. У выніку Р. атрымліваецца мікраштрыхавы відарыс, які складаецца з маленькіх, розных па памерах кропак з аднолькавымі адлегласцямі паміж іх цэнтрамі. Участкі яго з больш буйнымі кропкамі выглядаюць цямнейшымі (цёмныя тоны), з дробнымі — святлейшымі (светлыя тоны).
Пры Р. з праекцыйным растрам ёй змяшчаецца ў рэпрадукцыйным фотаапараце паміж фотаматэрыялам і аб’ектывам. Пры фатаграфаванні прамяні святла ад арыгінала праходзяць праз аб’ектыў, на растры расшчапляюцца на асобныя элементы (кропкі) і ствараюць на фотаматэрыяле адпаведны відарыс. Пры Р. з кантактным растрам ён знаходзіцца ў кантакце з фотаслоем з аднаго боку і з тонавым негатывам або дыяпазітывам — з другога. Святло, праходзячы праз растр, разбіваецца на асобныя светлавыя пучкі рознай яркасці, якія ўтвараюць на святлоадчувальным матэрыяле кропкі розных памераў. Пры электронным Р. тонавы відарыс ператвараецца ў мікраштрыхавы пры дапамозе разгорткі і пры фарміраванні імпульсных сігналаў у электронным вылічальным прыстасаванні, якое кіруе святлозапісвальным прыстасаваннем. У аўтаматызаваных сістэмах электроннай перапрацоўкі ілюстрацый Р. адбываецца па сігналах растравых працэсараў пры вывадзе растравых відарысаў на лазерныя прынтэры і экспануючыя прыстасаванні.
У.М.Сацута.
Растрыраванне: а — у высокім друку; б — у плоскім; в — у глыбокім; 1 — тонавы арыгінал; 2 — друкарскія формы; 3 — адбіткі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫЛЕ́ЕЎ Кандрат Фёдаравіч (29.9.1795, с. Батава Гатчынскага р-на Ленінградскай вобл. — 25.7.1826),
рускі паэт, дзекабрыст. Скончыў 1-ы кадэцкі корпус у Пецярбургу (1814). Удзельнік замежных паходаў рус. арміі 1814—15. З 1818 у адстаўцы. З 1821 у Пецярбургу засядацель крымінальнай палаты, з 1824 у канцылярыі «Расійска-амерыканскай гандлёвай кампаніі». У 1823—25 з А.Бястужавым выдаваў альманах «Полярная звезда». З 1823 чл.Паўночнага таварыства дзекабрыстаў, адзін з кіраўнікоў паўстання 14.12.1825 на Сенацкай плошчы. Павешаны ў Петрапаўлаўскай крэпасці. Друкаваўся з 1820. Стварыў узоры грамадз.паліт. лірыкі («Грамадзянін», «Бястужаву»). У гіст. думах «Іван Сусанін», «Смерць Ермака» свабодалюбівыя патрыят. ідэі. Аўтар агітацыйных супрацьурадавых песень (разам з Бястужавым), любоўнай лірыкі, паэм «Налівайка» (не завершана), «Вайнароўскі» (1825). У 1815 жыццёвы шлях Р. быў звязаны з Беларуссю: ён служыў у мяст. Сталовічы Баранавіцкага р-на (тут адбываліся яго сяброўскія сустрэчы з Т.Занам) і ў Нясвіжы. Матэрыялы пра яго зберагаюцца ў Валеўскім нар. краязнаўчым музеі. На бел. мову думу Р. «Смерць Ермака» пераклаў У.Дзюба, думу «Рагнеда» — Г.Кажамякін.
Тв.:
Полн. собр. соч.М.; Л., 1934;
Полн. собр. стихотворений. Л., 1971;
Соч.Л., 1987.
Літ.:
Афанасьев В.В. Рылеев: Жизнеописание. М., 1982;
Мінскевіч С. Ён мог стаць такім жа, як і яны // Першацвет. 2000. № 2/3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯДЗЕ́ГАЎ Роберт Сяргеевіч (н. 12.5.1934, г. Шуміха Курганскай вобл., Расія),
бел. вучоны-эканаміст. Д-рэканам.н. (1978), праф. (1981). Скончыў Ленінградскі караблебуд. ін-т (1957). З 1958 у Чэлябінскім політэхн. ін-це. З 1963 у Цэнтр.н.-д. і праектна-тэхнал. ін-це арганізацыі і тэхнікі кіравання (з 1963 заг. лабараторыі, з 1970 нам. дырэктара), з 1991 заг. кафедры Бел.эканам. ун-та, з 1997 — Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Навук. працы па праблемах удасканальвання сістэм кіравання прадпрыемствамі, арг-цыямі і фірмамі, выкарыстання ў кіраванні вытв-сцю сучасных інфарм. тэхналогій і сродкаў электроннай выліч. тэхнікі. Распрацаваў канцэпцыю інтэграваных аўтаматызаваных сістэм кіравання маш.-буд. і прыборабуд. прадпрыемствамі. Дзярж. прэмія Беларусі 1972. Дзярж. прэмія СССР 1984.
Тв.:
Технико-экономическое планирование и учет в АСУ. Мн., 1974 (разам з Б.В.Пашкевічам);
Интеграция производственного планирования. М., 1978 (разам з Н.М.Арловай, Ю.І.Сідаравым);
Машинная система технико-экономического планирования на предприятии. М., 1982 (разам з Н.М.Арловай, М.І.Чашэнкам);
АСУ на промышленном предприятии: Справ. 2 изд. М., 1989 (у сааўт.);
Основы менеджмента и маркетинга. Мн., 1995 (у сааўт.);
Управление персоналом. Мн., 1997 (разам з М.І.Кабушкіным, В.М.Крыўцовым);
Теория системного менеджмента. Мн., 2001 (у сааўт.);
Управление персоналом: От фактов настоящего к возможностям будущего. Мн., 2002 (у сааўт).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАНА́ЕЎ Вячаслаў Сяргеевіч (28.3.1940, в. Акулава Бежацкага р-на Цвярской вобл., Расія — 19.7.2002),
бел. вучоны ў галіне матэм. кібернетыкі і інфарматыкі. Акад.Нац.АН Беларусі (2000; чл.-кар. 1994), д-рфіз.-матэм.н. (1978), праф. (1980). Засл. дз. нав. Беларусі (1995). Скончыў Крымскі пед.ін-т (1962). З 1963 у Ін-це цепла- і масаабмену, з 1965 у Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац.АН (з 1987 дырэктар). З 1996 ген. дырэктар НДА «Кібернетыка». Адначасова з 1979 праф.БДУ. Навук. працы па даследаванні аперацый, тэорыі прыняцця рашэнняў, мадэліраванні інтэлектуальных працэсаў, тэорыі і метадах аптымізацыі і іх выкарыстання ў аўтам. сістэмах праектавання, планавання і кіравання. Распрацаваў асновы агульнай тэорыі параметрычнай дэкампазіцыі экстрэмальных задач. Развіў тэорыю раскладаў («Тэорыя раскладаў. Аднастадыйныя сістэмы», 1984, з В.С.Гардонам, Я.М.Шафранскім; «Тэорыя раскладаў. Шматстадыйныя сістэмы», 1989, з Ю.Н.Сацковым, В.А.Струсевічам; абедзве перавыд. 1994 на англ. мове; «Тэорыя раскладаў. Групавыя тэхналогіі», 1998, з М.Я.Кавалёвым, Шафранскім), распрацаваў метады аптымізацыі дэтэрмінаваных абслуговых сістэм і рэжымаў іх функцыянавання. Дзярж. прэмія Беларусі 1998.
Тв.:
Введение в теорию расписаний. М., 1975 (разам з В.В.Шкурбам);
Декомпозиция и агрегирование в задачах математического программирования. Мн., 1987;
Математические модели и методы календарного планирования. Мн., 1994 (разам з Ю.Н.Сацковым, В.А.Струсевічам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯЛІ́ЗАВА,
рабочы пасёлак у Асіповіцкім р-не Магілёўскай вобл., на р. Бярэзіна. Чыг. ст. на лініі Асіповічы—Магілёў. За 28 км на ПнУ ад Асіповіч, 106 км ад Магілёва. 3,3 тыс.ж. (2002). Ялізаўскі шклозавод, хлебапякарня, лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка. Брацкая магіла сав. ваеннапалонных і мірных жыхароў. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Гарадзішча жал. веку і эпохі Кіеўскай Русі.
У 19 ст. пабудаваны палац, які атрымаў назву Я. ад імя памешчыцы Лізаветы Велікапольскай. У 1900 тут пабудаваны лесапільны з-д і пачаў складвацца пасёлак. У пач. 20 ст. Я. ў Свіслацкай вол. Бабруйскага пав., 56 ж., 9 двароў, пач. школа. У 1912 пабудавана гута (60 рабочых). У 1917—247 ж., 50 двароў. З 1924 Я. ў Свіслацкім, з 1931 у Асіповіцкім р-нах. Пасля пабудовы ў 1931 чыг. Магілёў—Асіповічы за 1 км ад пасёлка пабудавана чыг. ст. Свіслач (з 1955 Ялізава). З 27.9.1938 Я. — рабочы пасёлак Магілёўскай вобл. У 1939—4502 ж.З канца чэрв. 1941 да 29.6.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі тут 175 ж.З 1944 у Бабруйскай, з 1954 у Магілёўскай абл., з 25.12.1962 у Бабруйскім, з 6.1.1965 у Асіповіцкім р-нах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕШАНКО́ВІЦКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ АНСА́МБЛЬ,
помнік палацава-паркавай архітэктуры класіцызму ў г.п. Бешанковічы Віцебскай вобл. Створаны ў 1770-я г. Належаў Агінскім, з 1786 Храптовічам. У ансамбль уваходзяць палац, парк з вадаёмамі, гасп. пабудовы.
Палац — мураваны П-падобны ў плане; складаецца з 2-павярховага цэнтр. корпуса і 1-павярховых бакавых. Гал. фасад мае сіметрычна-восевую кампазіцыю, вырашаны плоскасна з невял. рызалітам у цэнтры, завершаным трохвугольным франтонам. Дэкор сціплы: ажурны балкон у стылі ампір (чыгуннае ліццё), простыя карнізы, неглыбокія нішы. Парк — першапачаткова рэгулярнага тыпу. Пейзажныя куткі арганізаваны вакол 2 ставоў, адзін з якіх круглы ў плане з выспай пасярэдзіне, другі — з невял. паўвыспай. на якой стаяла альтанка. У канцы 18 — пач. 19 ст. за палацам пабудавана аранжарэя, пасаджаны сад, разбіты кветнікі. У 1820 пастаўлены помнік рас. імператару Аляксандру I. У парку мясц. пароды дрэў (дуб, ліпа, клён) і шэраг экзотаў.
А.М.Кулагін.
Бешанковіцкі палацава-паркавы ансамбль. З малюнка Н.Орды.Бешанковіцкі палацава-паркавы ансамбль. Палац.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРО́НІЧЫ,
вёска ў Беларусі, у Полацкім р-не Віцебскай вобл., на р. Ушача. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 22 км на ПдЗ ад Полацка, 127 км ад Віцебска, 16 км ад чыг. ст. Ветрына, на аўтадарозе Ушачы—Полацк. 575 ж., 237 двароў (1995). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.
Упамінаецца ў 1552 як сяло «Вороноч» Полацкага ваяв.ВКЛ. У час Лівонскай вайны 1558—83 пабудаваны замак. З 2-й пал. 16 ст. мястэчка (потым зноў сяло). З 1793 у складзе Рас. імперыі. У 19 ст. цэнтр воласці Лепельскага пав. Віцебскай губ. У пач. 20 ст. каля 300 ж.З 1919 у Полацкім пав., з 1923 у Акцябрскай вол.З 1924 і з 1935 цэнтр сельсавета Ветрынскага, з 1931 і з 1962 — Полацкага р-наў. У Вял.Айч. вайну ў лют. 1942 ням.-фаш. захопнікі спалілі ў Варонічах 68 двароў і 500 чал. У 1970 — 551 жыхар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІЛЕ́ВІЧЫ,
горад у Беларусі, у Рэчыцкім р-не Гомельскай вобл. За 45 км ад Рэчыцы, 86 км ад Гомеля. Чыг. вузел (лініі на Гомель, Калінкавічы, Хойнікі), аўтадарогай злучаны з аўтамагістраллю Гомель—Калінкавічы. 5,1 тыс.ж. (1995). Харч., дрэваапр., буд. матэрыялаў прам-сць. Брацкія магілы падпольшчыкаў, сав. воінаў і партызан, могілкі ахвяр фашызму.
Па пісьмовых крыніцах вядомы з 16 ст., у 18 ст. вёска. З 1793 у складзе Рас. імперыі, цэнтр воласці Рэчыцкага пав. У 1825 пабудавана Мікалаеўская царква, у 1866 адкрыта нар. вучылішча, у 1878 заснавана метэастанцыя. У сувязі з пракладкай чыгункі сталі значным гандл. цэнтрам. У 1897 — 1724 ж., 298 двароў. З 1919 у Гомельскай губ. У 1926—27 і 1937—59 цэнтр Васілевіцкага раёна. З 25.8.1941 да 18.11.1943 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія ў Васілевічах і раёне загубілі 1880 чал. Дзейнічала Васілевіцкае патрыятычнае падполле. З 29.4.1950 гар. пасёлак, з 19.11.1971 горад. У 1959 — 6,4 тыс.ж., у 1970 — 6,9 тыс. жыхароў.