РЫЛЕ́ЕЎ (Кандрат Фёдаравіч) (29.9.1795, с. Батава Гатчынскага р-на Ленінградскай вобл. — 25.7.1826),
рускі паэт, дзекабрыст. Скончыў 1-ы кадэцкі корпус у Пецярбургу (1814). Удзельнік замежных паходаў рус. арміі 1814—15. З 1818 у адстаўцы. З 1821 у Пецярбургу засядацель крымінальнай палаты, з 1824 у канцылярыі «Расійска-амерыканскай гандлёвай кампаніі». У 1823—25 з А.Бястужавым выдаваў альманах «Полярная звезда». З 1823 чл.Паўночнага таварыства дзекабрыстаў, адзін з кіраўнікоў паўстання 14.12.1825 на Сенацкай плошчы. Павешаны ў Петрапаўлаўскай крэпасці. Друкаваўся з 1820. Стварыў узоры грамадз.паліт. лірыкі («Грамадзянін», «Бястужаву»). У гіст. думах «Іван Сусанін», «Смерць Ермака» свабодалюбівыя патрыят. ідэі. Аўтар агітацыйных супрацьурадавых песень (разам з Бястужавым), любоўнай лірыкі, паэм «Налівайка» (не завершана), «Вайнароўскі» (1825). У 1815 жыццёвы шлях Р. быў звязаны з Беларуссю: ён служыў у мяст. Сталовічы Баранавіцкага р-на (тут адбываліся яго сяброўскія сустрэчы з Т.Занам) і ў Нясвіжы. Матэрыялы пра яго зберагаюцца ў Валеўскім нар. краязнаўчым музеі. На бел. мову думу Р. «Смерць Ермака» пераклаў У.Дзюба, думу «Рагнеда» — Г.Кажамякін.
Тв.:
Полн. собр. соч.М.; Л., 1934;
Полн. собр. стихотворений. Л., 1971;
Соч.Л., 1987.
Літ.:
Афанасьев В.В. Рылеев: Жизнеописание. М., 1982;
Мінскевіч С. Ён мог стаць такім жа, як і яны // Першацвет. 2000. № 2/3.