ЯЛІ́ЗАВА,
рабочы пасёлак у Асіповіцкім р-не Магілёўскай вобл., на р. Бярэзіна. Чыг. ст. на лініі Асіповічы—Магілёў. За 28 км на ПнУ ад Асіповіч, 106 км ад Магілёва. 3,3 тыс. ж. (2002). Ялізаўскі шклозавод, хлебапякарня, лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка. Брацкая магіла сав. ваеннапалонных і мірных жыхароў. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Гарадзішча жал. веку і эпохі Кіеўскай Русі.
У 19 ст. пабудаваны палац, які атрымаў назву Я. ад імя памешчыцы Лізаветы Велікапольскай. У 1900 тут пабудаваны лесапільны з-д і пачаў складвацца пасёлак. У пач. 20 ст. Я. ў Свіслацкай вол. Бабруйскага пав., 56 ж., 9 двароў, пач. школа. У 1912 пабудавана гута (60 рабочых). У 1917—247 ж., 50 двароў. З 1924 Я. ў Свіслацкім, з 1931 у Асіповіцкім р-нах. Пасля пабудовы ў 1931 чыг. Магілёў—Асіповічы за 1 км ад пасёлка пабудавана чыг. ст. Свіслач (з 1955 Ялізава). З 27.9.1938 Я. — рабочы пасёлак Магілёўскай вобл. У 1939—4502 ж. З канца чэрв. 1941 да 29.6.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі тут 175 ж. З 1944 у Бабруйскай, з 1954 у Магілёўскай абл., з 25.12.1962 у Бабруйскім, з 6.1.1965 у Асіповіцкім р-нах.
Г.І.Дулеба (гісторыя).
т. 18, кн. 1, с. 261
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)