СМІРНО́Ў Аляксей Аляксеевіч (н. 14.2.1921, в. Кулеміха Вятлужскага р-на Ніжагародскай вобл., Расія),

парт. і дзярж. дзеяч БССР. Скончыў Днепрапятроўскі горны ін-т (1945). Ў 1958—59 заг. аддзела ЦК КПБ, з 1959 1-ы сакратар Брэсцкага абкама КПБ, у 1962—64 нам. старшыні Бюро ЦК КПБ па кіраўніцтве прам-сцю і буд-вам, заг. аддзела цяжкай прам-сці і транспарту ЦК КПБ. З 1965 сакратар ЦК КПБ, старшыня К-та парт.-дзярж. кантролю ЦК КПБ і СМ БССР. Нам. старшыні СМ БССР, старшыня К-та нар. кантролю БССР. У 1968—78 сакратар ЦК КПБ. З 1978 у Маскве старшыня праўлення Цэнтрасаюза спажывецкіх т-ваў, у 1983—91 нам. міністра паліўнай прам-сці РСФСР. Чл. ЦК КПБ у 1960—81, Бюро ЦК КПБ у 1966—78. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1959—63, 1970—75, Вярх. Савета СССР у 1962—70, 1974—83.

Я.​С.​Фалей.

т. 15, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМЫШЛЯ́ЕЎ Валянцін Сяргеевіч (27.3.1891, г. Н. Ноўгарад, Расія — 3.10.1936),

рускі акцёр, рэжысёр, педагог, тэатр. дзеяч. Засл. арт. Расіі (1935). Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1912—17). З 1915 акцёр і рэжысёр у 1-й Студыі Маскоўскага Маст. т-ра, у 1924—31 у Маскоўскім Маст. акад. т-ры другім. Паставіў спектаклі «Утаймаванне свавольніцы» (1923), «Гамлет» (1924) У.​Шэкспіра, «Арэстэя» Эсхіла (1926) і інш. У 1925—31 узначальваў тэатр. студыі, з 1933 Маскоўскі драм. т-р. У 1922—26 маст. кіраўнік Беларускай драматычнай студыі ў Маскве, дзе паставіў спектаклі «Цар Максімілян» (нар. драма ў апрацоўцы А.​Рэмізава і М.​Міцкевіча, 1924), «Сон у летнюю ноч» Шэкспіра (1925), «Вакханкі» Эўрыпіда (1926, з К.​Саннікавым) і інш. Яго рэжысуры ўласцівы пошукі новых сродкаў сцэнічнай выразнасці, выкарыстанне прыёмаў гратэску і буфанады. Аўтар кн. «Тэхніка апрацоўкі сцэнічнага відовішча» (ч. 1—2, 2-е выд. 1922).

т. 15, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СНЕ́ЧКУС (Sniečkus) Антанас (7.1.1903, в. Бубляляй Марыямпальскага пав., Літва — 22.1.1974),

літоўскі паліт. дзеяч. Герой Сац. Працы (1973). Скончыў Смаленскі ун-т (1925), Міжнар. ленінскую школу ў Маскве (1935). У 1919—21 тэхнік на тэлеграфе ў г. Алітус. З 1920 чл. Камуніст. партыі Літвы (КПЛ). Працаваў у выд-ве ЦК КПЛ у Смаленску (1921—25). Пасля дзярж. перавароту ў Літве (снеж. 1926) на падп. рабоце ў Каўнасе, сакратар ЦК КПЛ (1927—30). У 1930 арыштаваны; пасля абмену палітзняволенымі паміж Літвой і СССР прыбыў у Маскву. У 1933—36 нам. прадстаўніка КПЛ пры Выканкоме Камінтэрна. У 1936—39 і 1940—74 1-ы сакратар ЦК КПЛ. У 1942—44 нач. штаба партыз. руху Літвы. Чл. ЦК КПСС (з 1952; канд. з 1941). Дэп. Вярх. Саветаў Літвы (з 1940) і СССР (з 1941).

Тв.:

Советская Литва на пути расцвета. Вильнюс, 1970;

Верность ленинским заветам. Вільнюс, 1988.

т. 15, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАЖЭ́НСКІ (Старжынскі) Віктар Вацлаў

(Віктар Мацвеевіч; 26.9.1826, маёнтак Страбля Падляскага ваяв., Польшча — 31.5.1882, паводле інш. звестак 17.6.1882),

бел. грамадскі дзеяч ліберальнага кірунку 1860-х г. Вучыўся ў езуіцкім пансіёне ў Швейцарыі і Мюнхенскім ун-це. У 1847—50 у рас. арміі. З 1861 гродзенскі губернскі маршалак шляхты. Вёў перагаворы з царскімі ўладамі наконт аўтаноміі Беларуска-Літоўскага краю, аднаўлення Віленскага ун-та. У час. паўстання 1863—64 адзін з кіраўнікоў партыі «белых» у Беларусі і Літве. Вясной 1863 згодна з загадам паўстанцкага ўрада падаў у адстаўку і звярнуўся з адпаведным цыркулярам да павятовых маршалкаў шляхты. У маі 1863 арыштаваны, зняволены ў Віленскую цытадэль і засуджаны да высылкі ў Сібір. Пазней пакаранне зменшана: адсядзеў паўтара года ў Бабруйскай крэпасці, потым высланы ў Варонежскую губ. У 1869—75 жыў у Галіцыі, потым у Пецярбургу.

Літ.:

Смирнов А.Ф. Восстание 1863 г. в Литве и Белоруссии. М., 1963.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 15, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУ́ХЭ-БА́ТАР Дамдзіны (Сухбаатар; 2.2.1893, каля г. Улан-Батар — 22.2.1923),

мангольскі ваен. і дзярж. дзеяч; адзін з кіраўнікоў Мангольскай нацыянальна-дэмакратычнай рэвалюцыі 1921. З 1912 служыў у войску Манголіі Знешняй; за мужнасць у баях супраць кіт. войск атрымаў ганаровае найменне Батар (волат, герой). У 1919 далучыўся да рэв. гурткоў, на аснове якіх у 1920 створана Манг. нар. партыя (МНП). З 1922 чл. ЦК МНП, у 1923 канд. у чл. Прэзідыума ЦК МНП. З 1921 ваен. міністр часовага, потым пастаяннага Нар. ўрада Манголіі, адначасова галоўнакамандуючы Манг. нар. арміяй (МНА). Камандаваў атрадам МНА, які перамог кітайцаў у баі за Маймачэн (18.3.1921). Удзельнічаў у паходзе сав. Чырв. Арміі супраць белагвардзейцаў Р.Ф.Унгерна фон Штэрнберга і вызваленні ад іх Ургі. У сав. і манг. гістарыяграфіі да 1990-х г. С.-Б. лічыўся адзіным стваральнікам МНП і кіраўніком манг. рэвалюцыі.

Літ.:

Рощин С.К. Политическая история Монголии (1921—1940 гг.). М., 1999.

т. 15, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЭ́СІЛ.

Сесіл (Cecil) Эдгар Олджэрнан Роберт Гэскайн (14.9.1864, Лондан — 24.11.1958), брытанскі дзярж. дзеяч. Скончыў Оксфардскі ун-т (1886), юрыст. З 1906 дэпутат брыт. парламента. З пач. 1-й сусв. вайны ў Міжнар. к-це Чырв. Крыжа. У 1915—16 нам., у 1916—18 міністр замежных спраў Вялікабрытаніі. У вер. 1916 выдаў мемарандум з прапановай стварэння пасля вайны міжнар. трыбунала для вырашэння міждзярж. спрэчак: многія палажэнні мемарандума пакладзены ў аснову праекта стварэння Лігі Нацый. Удзельнік Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20, адзін са стваральнікаў статута Лігі Нацый. У 1920—23 прадстаўляў у Лізе Нацый Паўд.-Афр. Саюз. У 1923—45 прэзідэнт Лігі Нацый. Імкнуўся ператварыць яе ў моцную арг-цыю, здольную ўтаймоўваць агрэсараў; выступаў супраць яп. агрэсіі ў Кітаі, італьян. — у Эфіопіі, Мюнхенскага пагаднення 1938; адстойваў спыненне гонкі ўзбраенняў, але не сустрэў падтрымкі ад урадаў краін — чл. Лігі Нацый. Нобелеўская прэмія міру 1937.

т. 15, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАНА́КА Гііці (6.3.1863, г. Хагі, Японія — 29.9.1929),

японскі ваенны і дзярж. дзеяч. Барон (1920). Генерал (1921). Вызначыўся ў час руска-японскай вайны 1904—05. У 1918—21 і 1923—24 ваенны міністр яп. ўрада. У 1927—29 прэм’ер-міністр Японіі. Лідэр партыі Сэюкай. Выступаў за больш жорсткую палітыку ў дачыненні да Кітая. З мэтай спыніць рух войск Гаміньдана на Пн Кітая у 1928 накіраваў яп. войскі ў кіт. прав. Шаньдун. Ва ўнутр. палітыцы кабінет Т. ажыццяўляў рэпрэсіі супраць левых арг-цый. З імем Т. звязана гісторыя з т.зв «мемарандумам Т.» — нібыта сакрэтнай знешнепаліт. праграмай яп. ўрада, тэкст якога быў распаўсюджаны ў 1929 кіт. і сусв. прэсай. Па сутнасці гэта і была праграма заваявання Японіяй сусв. панавання. Сапраўднасць «мемарандума Т.» не даказана, але яп. агрэсія ва Усх. і Паўд.-Усх. Азіі ў 1930 — пач. 1940-х г. развівалася ў поўнай адпаведнасці з гэтым дакументам.

т. 15, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРУ́САЎ Антон Данілавіч (27.5.1835, г. Барысаў Мінскай вобл. — 1886?),

бел. рэвалюцыянер-дэмакрат, адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 на Беларусі, дзеяч міжнар. рэв. руху, выдавец. Брат Б.К.Д.Трусава. Скончыў Мінскую гімназію (1853), вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1854—56; 1860—61). Паслядоўнік М.​Г.​Чарнышэўскага і К.​Каліноўскага. У 1861—62 рыхтаваў паўстанне ў Мінску. У 1863 узначаліў паўстанцкі атрад з жыхароў Мінска, удзельнічаў у баях супраць урадавых войск у Мінскай губ. Пасля паўстання ў. эміграцыі. У Жэневе зблізіўся з рус. рэвалюцыянерам М.​І.​Уціным, арганізаваў з ім і інш. рэвалюцыянерамі Рус. секцыю 1-га Інтэрнацыянала (1870). У 1871 чл. Жэнеўскага к-та дапамогі парыжскім камунарам. Адзін з арганізатараў друкарні час. «Народное дело», у 1869—71 яе загадчык, з 1873 уладальнік. У 1884 прадаў друкарню групе «Вызваленне працы» і вярнуўся ў Мінск, дзе жыў пад наглядам паліцыі.

Літ.:

Кісялёў Г. Сейбіты вечнага. Мн. 1963.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 15, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУРБІ́Н Мікалай Васілевіч (3.12.1912, с. Тума Клепікаўскага р-на Разанскай вобл., Расія — 22.7.1998),

бел. вучоны ў галіне селекцыі і генетыкі. Акад. Нац. АН Беларусі (1953). Акад. УАСГНІЛ (1967). Д-р біял. н. (1943), праф. (1948). Засл. дзеяч нав. Беларусі (1972). Скончыў Варонежскі с.-г. ін-т (1935). З 1945 у Ленінградскім ун-це. У 1953—63 дырэктар Ін-та біялогіі АН Беларусі. З 1965 дырэктар Ін-та генетыкі і цыталогіі АН Беларусі. З 1971 акад.-сакратар аддз. раслінаводства і селекцыі УАСГНІЛ. У 1974—80 дырэктар НДІ прыкладной малекулярнай біялогіі і генетыкі УАСГНІЛ. Навук. працы па пытаннях тэорыі гетэрозісу і метадах гетэрозіснай селекцыі раслін, тэорыі відаўтварэння, філас. пытаннях генетыкі.

Тв.:

Периодический отбор в селекции растений. Мн., 1976 (разам з Л.​У.​Хатылёвай, Л.​М.​Камінскай);

Гетерозис и радиоустойчивость растений. Мн., 1977 (разам з У.​Г.​Валодзіным, І.​А.​Гардзеем).

В.​Ф.​Ермакоў.

М.В.Турбін.

т. 16, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУРУ́К Фёдар Фёдаравіч (20.2.1889, в. Балотца Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — 20.7.1960),

бел. гісторык і грамадскі дзеяч. Праф. (1921). Скончыў петраградскія гіст.-філал. і археал. ін-ты (1915). З 1915 выкладчык у гімназіях Мінска, Масквы. З сак. 1918 заг. аддзела Бел. нац. камісарыята, адзін з арганізатараў Бел. нар. ун-та і Бел. навук. т-ва ў Маскве (1918). З 1919 заг. бел. пададдзела аддз. асветы нац. меншасцей Наркамата асветы РСФСР; садзейнічаў выхаду ў свет першага зб. Я.​Купалы на рус. мове «Выбраныя вершы ў перакладах рускіх паэтаў» (1919). Удзельнічаў у арганізацыі БДУ, з 1921 яго прафесар. З 1923 выкладчык Камуніст. ун-та нац. меншасцей Захаду ў Маскве. У 1923—55 праф. ВНУ Масквы. Аўтар прац па гісторыі Беларусі. У кн. «Беларускі рух» (1921, рэпрынт. выд. 1994) гісторыю Беларусі разглядаў з аб’ектывісцкіх пазіцый. Аўтар прадмовы і складальнік «Курса беларусазнаўства» (1918—20).

В.​У.​Скалабан.

т. 16, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)