НЕ́ЕДЛЫ ((Nejedly) Здэнак) (10.2.1878, г. Літамішль, Чэхія — 9.3.1962),

чэхаславацкі гісторык культуры, грамадскі дзеяч. Чл. Чэш. акадэміі навук і мастацтваў (1907). Замежны чл.-кар. АН СССР (1947), шэрагу інш. замежных АН. Скончыў Карлаў ун-т у Празе (1899), выкладаў у ім (у 1909—39, з 1945 праф.). Ініцыятар заснавання (1925) і старшыня «Т-ва культ. і эканам. збліжэння з Новай Расіяй». Адзін з кіраўнікоў створанай у 1930 арг-цыі сав.чэхаславацкай дружбы «Саюз сяброў СССР». Змагаўся супраць пагрозы фашызму і вайны. У 1939 эмігрыраваў у СССР. У 1939—45 праф. Маскоўскага ун-та і навук. супрацоўнік Ін-та гісторыі АН СССР. У 1945—53 на міністэрскіх пасадах, у 1953 нам. прэм’ер-міністра, потым чл. урада (міністр без партфеля) Чэхаславакіі. Заснавальнік і прэзідэнт (з 1952) Чэхаславацкай АН. Старшыня Саюза чэхаславацка-сав. дружбы, Славянскага к-та Чэхаславакіі (з 1945). Аўтар манаграфій пра Б.Сметану, З.Фібіха, даследаванняў па гісторыі чэш. гусіцкіх песень, прац па гісторыі чэш. і інш. слав. народаў, чэхаславацкай культуры, гісторыі музыкі, па эстэтыцы, выяўл. і тэатр. мастацтве. У 1920-я г. ў Празе выступаў на літ. вечарах, прысвечаных Я.Купалу, Я.Коласу, Ц.Гартнаму, з лекцыямі і дакладамі пра Беларусь, бел. нар. песню. У 1925 сустракаўся ў Празе з Я.Купалам і М.Чаротам, у 1927 прыязджаў у Мінск. Нам. старшыні Усеславянскага к-та (з 1939), працаваў разам з Я.Купалам, Я.Коласам, К.Крапівой, М.Лыньковым. Аўтар артыкулаў пра Беларусь, яе гісторыю і культуру: «Беларусы» (1927), «БССР» (1929), «Нашы блізкія сябры», «Прывітанне беларусам» (абодва 1944). Падпісаў «Пратэст чэхаславацкіх інтэлігентаў» (1927) супраць расправы над Беларускай сялянска-работніцкай грамадой. Дзярж. прэмія Чэхаславакіі 1951.

Тв.: Рус. пер. — История чешского народа. Т. І. М., 1952; Избр. труды. М., 1960; Статьи об искусстве. Л.; М., 1960.

Літ.: Зденек Неедлы — выдающийся общественный деятель и ученый. М., 1964; Мажэйка А. Здэнек Неедлы пра Беларусь // Беларусь. 1962. №12; Z.Nejedly. Praha, 1980.

Дз.Дз.Воран.

З.Неедлы.

т. 11, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)