ДУХО́ЎНАСЦЬ,

уласцівае асобе або сац. групе імкненне да пазнання Сусвету, месца і ролі ў ім чалавека, стаўленне да чалавечай асобы і яе творчасці як да вышэйшай мэты і каштоўнасці развіцця грамадства, падпарадкаванне матэрыяльных здабыткаў і інтарэсаў духоўным, маральна-эстэт. здабыткам і каштоўнасцям. Існуюць 3 формы Д.: Д. асобнага індывіда (асобы); Д. сац. групы (напр., інтэлігенцыі) ці грамадства ў цэлым; Д. Бога, абсалютнай ідэі (у Платона, Г.​Гегеля). Д. асобы ствараецца ў працэсе духоўнай працы; таму духоўныя адрозненні паміж людзьмі значна большыя, чым біялагічныя. Індывід. Д. становіцца сама сабой і няўхільна развіваецца пры актыўным уключэнні асобы ў духоўную сферу, культуру сац. групы і грамадства, якую яна можа засвоіць і тым самым узбагаціць сваю духоўную сутнасць у працэсе сацыялізацыі, адукацыі і выхавання. Носьбіт індывід. Д. — сац.-псіхалагічны свет пэўнай асобы, грамадскай Д. — сац. супольнасць (група, этнас, нацыя, народ). Д. грамадства трэба разглядаць як інтэграваную цэласнасць у непарыўным адзінстве з мноствам разнастайных індывід. Д. Напр., грамадская Д. бел. народа — сукупнасць духоўных прэдыкатаў, уласцівых гэтаму народу, адзінаму творцу сваёй гісторыі і культуры.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 6, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭРМАТАГЛІ́ФІКА (ад дэрмата... + грэч. glyphō гравірую),

навука пра скурныя малюнкі далоней і падэшваў у чалавека і некат. малпаў. Тэрмін прапанаваны амер. вучонымі, афіцыйна зацверджаны ў 1926. Мае некалькі кірункаў. Этнічная Д. вывучае характар і прычыны зменлівасці скурных малюнкаў у розных рас і народаў, яе даныя шырока выкарыстоўваюць для праверкі гіпотэз па сістэматызацыі рас і паходжанні асобных народаў. Генетычны кірунак у Д. вывучае механізм перадачы па спадчыннасці папілярных (сасочкавых) малюнкаў, магчымасці выкарыстання іх як дыягнастычнага тэста пры спадчынных хваробах. Анатамічны кірунак вывучае сувязі скурных малюнкаў з сасудзістым пучком і нерв. адросткамі, а таксама ўзнікненне ў плода скурных малюнкаў (морфагенез). Даследаваннямі ўстаноўлена, што асн. віды малюнкаў — петлі, завіткі і дугі паяўляюцца на 17-м тыдні эмбрыянальнага развіцця, а ў 5-месячнага плода назіраецца ўстойлівы тып сігнальных барознаў і скурных малюнкаў, які на працягу далейшага жыцця не мяняецца, а пасля неглыбокіх раненняў аднаўляецца. У суд. медыцыне (дактыласкапія) скурныя малюнкі выкарыстоўваюць для ідэнтыфікацыі асобы.

Літ.:

Тегако Л.И. Дерматоглифика населения Белоруссии: Популяционные аспекты изменчивости. Мн., 1989.

Л.​І.​Цягака.

т. 6, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАЦЭ́Н (ад грэч. holos увесь + kainos новы),

пасляледавіковая эпоха, сучасная геалагічная эпоха, якая складае апошні, незавершаны адрэзак антрапагенавай сістэмы (перыяду). Настаў пасля плейстацэну, каля 10 тыс. гадоў назад, калі завяршылася апошняе мацерыковае зледзяненне Еўропы. Пачатак галацэну адпавядае пераходу ад палеаліту да мезаліту. У галацэне суша і мора, прыродныя зоны Зямлі набылі сучасны выгляд, узніклі поймавыя тэрасы рэк, памножыліся тарфянікі, пад узмоцненым уплывам дзейнасці чалавека пачалася трансфармацыя прыродных экасістэм.

Галацэн падзяляюць на перыяды: перадбарэальны, барэальны, атлантычны, суббарэальны, субатлантычны або сучасны (паводле шкалы Бліта — Сернандэра, распрацаванай для тэр. Скандынавіі і Фінляндыі). Характарызуецца паступовым пацяпленнем клімату (адносна позналедавікоўя), якое было максімальным у атлантычным перыядзе (оптымум галацэну, калі клімат быў больш цёплы і вільготны, чым цяпер) і змянілася некаторым пахаладаннем.

Горныя пароды, што намножыліся ў галацэне, залягаюць на паверхні. На тэр. Беларусі найб. пашыраны алювіяльныя адклады, якія на вял. рэках дасягаюць магутнасці 15—18 м, азёрныя — да 20—25 м, балотныя — 1—10 м; дэлювіяльныя, пралювіяльныя, крынічныя (вапняковыя туфы, сідэрыт, вівіяніт, буры жалязняк) і эолавыя маюць меншае пашырэнне. У галацэне сфарміраваліся радовішчы торфу, сапрапелю, прэснаводных вапнавых адкладаў, балотнай жал. руды.

В.​П.​Якушка.

т. 4, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ (Мікалай Мікалаевіч) (27.2.1831, г. Варонеж, Расія — 13.6.1894),

рускі жывапісец. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1850—57), пенсіянер АМ у Італіі (1857—63). Працаваў у Рыме (1857—59) і Фларэнцыі (1860—69). З 1870 у Пецярбургу. Зазнаў уплыў К.Брулова і А.Іванава. Адзін з заснавальнікаў Таварыства перасоўных мастацкіх выставак. У ранніх творах традыц. для акад. мастацтва евангельскія тэмы трактаваў з глыбокім псіхалагізмам і драматызмам («Тайная вячэра», 1863; «Вестуны ўваскрэсення», 1867). У карцінах на евангельскія тэмы («Што ёсць ісціна?», 1890; «Распяцце», 1892—94, «Галгофа», 1893) сцвярджаў блізкія да поглядаў Талстога ідэі духоўнага пратэсту супраць зла, веліч ахвярнага подзвігу ў імя ідэі. Звяртаўся да гіст. жывапісу («Пётр I дапытвае царэвіча Аляксея Пятровіча ў Пецяргофе», 1871, і інш.), пейзажаў, партрэтаў. Яго партрэты перадаюць складанасць духоўнага жыцця чалавека («А.​І.​Герцэн», 1867, «Л.​М.​Талстой», 1884, «Аўтапартрэт», 1893). У Нац. маст. музеі Беларусі тры карціны Ге: «Ахілес аплаквае цела Патрокла», 1855, «Рымлянка», 1857, «Мужчынская галава», 1868.

Літ.:

Н.​Н.​Ге: Письма. Статьи. Критика;

Воспоминания современников. М., 1978.

М.Ге. Што ёсць ісціна? 1890.

т. 5, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЬЮ́І ((Dewey) Джон) (20.10.1859, г. Берлінгтан, штат Вермонт, ЗША — 1.6.1952),

амерыканскі філосаф, псіхолаг і педагог, адзін з вядучых прадстаўнікоў прагматызму. Скончыў Вермонцкі ун-т (1879). Праф. Мічыганскага (1889—94), Чыкагскага (1894—1904) і Калумбійскага (1904—30) ун-таў. Развіў новы кірунак прагматызму — інструменталізм, распрацаваў прагматысцкую метадалогію ў галіне логікі і тэорыі пазнання. Паводле Дз., адрозненні суб’екта і аб’екта, псіхічнага і фізічнага — гэта толькі адрозненні ўнутры «вопыту», які ўключае арганізм і асяроддзе, усведамленне чалавека і прыроду. Пазнанне ён трактаваў у духу біхевіярызму, як складаную форму паводзін, канчаткова — сродак барацьбы за біял. выжыванне. Этычная канцэпцыя Дз. зыходзіць з таго, што дабро з’яўляецца унікальным, устойлівых агульных нормаў маральнасці няма і вырашэнне этычных праблем з’яўляецца сітуацыйным. Стваральнік педацэнтрычнай тэорыі і методыкі навучання (гл. Педацэнтрызм), у аснове якой прынцып навучання шляхам фарміравання практычных навыкаў. Аўтар прац «Філасофія і цывілізацыя» (1931), «Вопыт і прырода» (1934), «Праблемы чалавецтва» (1946) і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Введение в философию воспитания. М., 1921;

Психология и педагогика мышления. 2 изд. Берлин, 1922;

Школы будущего. М., 1922;

Школа и общество. М., 1925.

В.​М.​Пешкаў.

т. 6, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАДЭ́ ((Daudet) Альфонс) (13.5.1840, г. Нім, Францыя — 16.12.1897),

французскі пісьменнік. Ураджэнец Праванса, ён ужо ў першых творах, якія зрабілі яго імя вядомым (зб. вершаў «Закаханыя», 1858; аўтабіягр. раман «Малы», 1868; зб. апавяданняў і нарысаў «Пісьмы з майго млына», 1869), з тонкім лірызмам і мяккім гумарам расказаў пра побыт, норавы, звычаі, паданні сваіх землякоў, з любоўю намаляваў вобраз «маленькага чалавека». На правансальскім матэрыяле напісана і вядомая сатыр. трылогія пра Тартарэна («Незвычайныя прыгоды Тартарэна з Тараскона», 1872; «Тартарэн у Альпах», 1885; «Порт Тараскон», 1890). У вобразе гал. героя ён высмеяў дробнага буржуа, правінцыяльнага абывацеля, фразёра і хвалько. У сац. раманах 1870—80-х г. з гіст. і амаль дакументальнай канкрэтнасцю, паказаў сучасную яму Францыю, стварыў трапныя сатыр. вобразы драпежных дзялкоў і паліт. авантурыстаў («Фрамон малодшы і Рыслер старэйшы», 1874; «Набоб», 1877; «Каралі ў выгнанні», 1879), прадажных журналістаў і рэліг. фанатыкаў («Нума Руместан», 1881; «Евангелістыка», 1883), бяздарных артыстаў і лжэвучоных («Сафо», 1884; «Бессмяротны», 1885). Аўтар п’ес («Арлезіянка», 1872, і інш.), успамінаў.

Тв.:

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—7. М., 1965.

Літ.:

История всемирной литературы. Т. 7. М., 1990.

Т.​У.​Кавалёва.

т. 6, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМАНЕ́ЎСКІ (Даманоўскі) Язэп

(2-я пал. 16 ст. — 1-я пал. 17 ст.),

бел. мысліцель і гуманіст, паэт эпохі позняга Адраджэння і барока. Сын Ф.Даманеўскага. З пазіцый сацыніянства (гл. Сацыніяне) удзельнічаў у 1594 у Навагрудку ў дыспуце з філосафам-схаластам М.​Сміглецкім пра спрадвечнасць Хрыста. У канцы 1590-х г. схіляўся да атэізму, адмаўляў бессмяротнасць душы, існаванне замагільнага свету, за што быў выключаны з сацыніянскай абшчыны. Займаўся паэт. творчасцю, пісаў на польск. і лац. мовах. Свае філас.-этычныя погляды адлюстраваў у вершаваных творах «Жыццё сельскае і гарадское», «Перасцярога і заахвочванне тым, хто многа гаворыць і думае, але нічога не робіць», «Суцяшэнне тым, каму мужы перашкаджаюць паводзіць сябе з годнасцю», «Некаторыя эмблемы», «Афарызмы Саламона ў паэтычным выкладанні» і інш. (1620—23). Апяваў працавітасць, памяркоўнасць, сумленнасць, імкненне да ведаў, чалавечы розум. Ідэалізаваў вясковае жыццё як увасабленне «натуральнага стану» чалавека. Каларытна апісаў жыццё бел. горада пач. 17 ст.

Літ.:

Падокшын С.А. Філасофская думка эпохі Адраджэння ў Беларусі: Ад Францыска Скарыны да Сімяона Полацкага. Мн., 1990.

С.​А.​Падокшын.

т. 6, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІ́ЗА, Эль-Гіза, Гізех,

горад у Верхнім Егіпце, на беразе Ніла, прыгарад Каіра. Адм. ц. мухафазы Гіза. 2144 тыс. ж. (1992). Вузел чыгунак і шашэйных дарог. Буйны гандл. цэнтр (гандаль збожжам). Тытунёвая, радыётэхн. і маш.-буд. прам-сць. Каірскі ун-т. Цэнтр міжнар. турызму.

Паблізу Гізы ў Лівійскай пустыні захаваўся комплекс пірамід-грабніц, у т. л. фараонаў Хеопса (Хуфу), Хефрэна (Хафра), Мікерына (Менкаўра), пабудаваных у 1-й пал. 3-га тыс. да н.э. Каля ніжняга храма піраміды Хефрэна знаходзіцца «Вялікі сфінкс» — высечаная са скалы фантастычная істота з тулавам ільва і галавой чалавека. На полі пірамід знаходзіцца некропаль, у якім больш за 7 тыс. пахаванняў знатных егіпцян часоў II—VI дынастый Стараж. царства (каля 2800—2250 да н.э.). Археал. раскопкі праводзяцца з 19 ст. Пахаванні даюць багаты матэрыял для вывучэння вытв-сці, сац. жыцця і культуры Стараж. Егіпта. Знойдзены прадметы пахавальнага культу, мадэлі хатніх рэчаў, прылады працы, зброя, ганчарныя вырабы, скульптуры, барэльефы са сцэнамі жыцця, іерагліфічныя надпісы і інш. Ансамбль пірамід фараонаў Хеопса, Хефрэна і Мікерына занесены ЮНЕСКА у Спіс сусветнай спадчыны.

т. 5, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ЛУБ (Давыд Моўшавіч) (н. 23.8.1901, г. Чэрвень Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне нармальнай анатоміі і эмбрыялогіі; заснавальнік новай нейрамарфалагічнай бел. школы. Акад. Нац. АН Беларусі (1960, чл.-кар. 1940). Д-р мед. н. (1936), праф. (1935). Засл. дз. нав. Беларусі (1971). Скончыў БДУ (1926). У 1926—75 у Мінскім мед. ін-це, адначасова з 1933 у Ін-це псіханеўралогіі, з 1954 у Ін-це фізіялогіі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па анатоміі і эмбрыялогіі сасудзістай і нервовай сістэм чалавека і жывёлы. Выявіў асн. заканамернасці развіцця перыферычнай нерв. сістэмы, распрацаваў тэорыю кружной шматсегментарнай і контрлатэральнай інервацыі ўнутр. органаў, даследаваў кампенсаторныя прыстасаванні ў вегетатыўнай нерв. сістэме. Распрацаваў прынцыпы ўтварэння новых нерв. і сасудзістых шляхоў, якія тэарэтычна абгрунтаваны, пацверджаны эксперыментальна і выкарыстаны ў клініцы. Дзярж. прэмія СССР 1973.

Тв.:

Ганглиопексия и реиннервация органов. Мн., 1986 (разам з Р.​В.​Даніленка, Н.​М.​Кавалёвай);

Реиннервация поднижнечелюстной слюнной железы. Мн., 1991 (разам з С.​В.​Трыхманенка);

Восстановление целостности передней брюшной стенки и иннервации внутренних органов. Мн., 1994 (у сааўт).

Д.М.Голуб.

т. 5, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАХІМІ́ЧНЫЯ ПРАЦЭ́СЫ,

хімічныя працэсы ў геасферах, што выклікаюць міграцыю хім. элементаў і іх ізатопаў. Вядуць да канцэнтрацыі іх і ўтварэння радовішчаў карысных выкапняў або да рассейвання, утварэння арэолаў вакол радовішчаў і геахімічных анамалій, а таксама да забруджвання навакольнага асяроддзя.

Найб. вывучаныя геахімічныя працэсы ў літасферы, гідрасферы і ніжніх слаях атмасферы, а таксама ў біясферы. Аб геахімічных працэсах у ніжняй мантыі і ядры Зямлі існуюць толькі гіпотэзы. Паводле формы міграцыі хім. элементаў вылучаюць некалькі груп геахімічных працэсаў. Да механічных геахімічных працэсаў належаць эрозія, абразія, дэфляцыя, плоскасны змыў і ўтварэнне дэлювію. З ім звязана фарміраванне россыпных радовішчаў золата, плаціны, алмазаў. Фізіка-хімічныя геахімічныя працэсы ўключаюць эндагенныя, глыбінныя (працякаюць без доступу свабоднага кіслароду, пры высокіх т-рах і ціску; да іх належаць магматычныя, метамарфічныя і гідратэрмальныя), экзагенныя, або гіпергенныя працэсы (адбываюцца на паверхні Зямлі і на невял. глыбінях пры нізкіх т-рах і ціску, пераважна з удзелам свабоднага кіслароду). Біягеахімічныя геахімічныя працэсы абумоўленыя дзейнасцю арганізмаў; разам з тэхнагеннымі геахімічнымі працэсамі, што працякаюць пры гасп. дзейнасці чалавека, яны ахопліваюць усю наасферу.

т. 5, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)