ФАРМАКАГЕНЕ́ТЫКА (ад грэч. pharmakon лякарства + генетыка),

раздзел фармакалогіі, які вывучае асаблівасці дзеяння лякарстваў у арганізме чалавека ў залежнасці ад генет. фактараў.

Уплываючы на гены, храмасомы, перадачу генет. матэрыялу, лекавыя сродкі зменьваюць якасці і прыкметы арганізма, якія і перадаюцца ў спадчыну. Ф. даследуе гэты ўплыў, спадчынныя індывід. спецыфічныя рэакцыі арганізма на лякарствы. Напр., генет. абумоўленая нізкая актыўнасць у крыві ферменту псеўдахалінэстэразы, які расшчапляе мышачна расслабляльны сродак дытылін, прыводзіць да рэзкага павелічэння працягласці яго дзеяння і спынення дыхання. Прыроджаны дэфіцыт ферменту метгемаглабінрэдуктазы ў спалучэнні, напр., з прыёмам сульфаніламідных прэпаратаў, вікасолу выяўляецца кіслароднай недастатковасцю. Ф. высвятляе, якія лякарствы выклікаюць заганы эмбрыянальнага развіцця, памяншае ўскладненні ад лек. тэрапіі і інш.

І.​М.​Семяненя.

т. 16, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)