ДРЫ́БІНСКІ РАЁН,

на ПнУ Магілёўскай вобл. Утвораны 17.7.1924, скасоўваўся ў 1931, 1959, зноў утвораны ў сучасных межах 29.12.1989 для перасялення жыхароў Краснапольскага р-на, якія найб. пацярпелі ад Чарнобыльскай катастрофы 1986. Пл. 0,8 тыс. км². Нас. 16,9 тыс. чал. (1997). Сярэдняя шчыльн. 21 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г.п. Дрыбін, 104 сельскія населеныя пункты. Падзяляецца на 6 сельсаветаў: Кароўчынскі, Міхееўскі, Першамайскі, Расненскі, Цемналескі, Чэрнеўскі.

Тэрыторыя раёна ў межах Аршанска-Магілёўскай раўніны. Паверхня раўнінная, месцамі хвалістая, з агульным нахілам на Пд. Найвыш. пункт 226 м (на ПдЗ ад в. Еськаўка). Пераважаюць выш. 170—190 м. Карысныя выкапні: пясок, гравій, торф, гліна для грубай керамікі. Сярэдняя т-ра студз. -8 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 620 мм. Вегетац. перыяд 184 сут. З Пн на Пд працякае р. Проня з прытокамі Рэста, Бася, Быстрая, Вербаўка і інш. На некат. малых рэках вадасховішчы і сажалкі. Пашыраны дзярнова-падзолістыя і дзярнова-палева-падзолістыя глебы. Пад лесам 27,4% тэр. раёна; пераважаюць шыракаліста-яловыя лясы. Балоты і забалочаныя землі займаюць каля 1,5 тыс. га у асноўным на Пн. На тэр. раёна гідралагічныя заказнікі: Брацтва (73,1 га), Галамукскае (153), Жэваньскае (144), Жэваньскі Мох (123); паляўнічыя заказнікі: Расненскае (2650), Даманоўскі (1364 га).

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 49,1 тыс. га, з іх асушана 5 тыс. га. На 1.1.1997 у раёне 7 калгасаў, 4 саўгасы, 20 фермерскіх гаспадарак, кормапрадпрыемства «Высакаборскае». Асн. галіна сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля; вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы харч. прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгунка Орша—Крычаў, аўтадарога Магілёў—Мсціслаў, нафтаправод Унеча—Полацк. У раёне 8 сярэдніх, 2 базавыя, 4 пачатковыя школы; Расненская дапаможная школа-інтэрнат, муз. школа, 9 дашкольных устаноў, 14 б-к, 14 клубаў, 3 клубы-бібліятэкі, раённы цэнтр культуры, 4 бальніцы, 9 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры: Пакроўская царква (1845), помнік у памяць аб выступленні ў 1905 сялян супраць памешчыка ў в. Кішчыцы; рэшткі касцёла Казіміра эпохі класіцызму (1818) і сядзіба (канец 19 ст.) у в. Расна. Гісторыка-этнаграфічны музей. Выдаецца газ. «Ленінскі шлях» (сумесна з Горацкім р-нам).

Г.​С.​Смалякоў.

т. 6, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЛО́БІНСКІ РАЁН,

на ПнУ Гомельскай вобл. Утвораны 17.7.1924 (у сучасных межах з 1962). Пл. 2,1 тыс. км². Нас. 38,1 тыс. чал. (1997). Сярэдняя шчыльнасць 18 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г. Жлобін; г.п. Стрэшын, 156 сельскіх нас. пунктаў. Падзяляецца на Стрэшынскі пасялковы Савет і 16 сельсаветаў: Акцябрскі, Верхнеалбянскі, Дабрагашчанскі, Кабанаўскі, Кароткавіцкі, Кіраўскі, Луцкі, Майскі, Малевіцкі, Навамаркавіцкі, Папаратнянскі, Пірэвіцкі, Салонскі, Стараруднянскі, Чырвонабярэжскі, Шчадрынскі.

Раён размешчаны пераважна ў межах Гомельскага Палесся, паўн.-зах. ч. ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны, асноўная ч. тэр. занята Прыдняпроўскай нізінай. Паверхня плоская з выш. 130—145 м. Найвыш. пункт 151,5 м (каля в. Дабрагошча). Карысныя выкапні: нафта, торф, гліны, пяскі. Сярэдняя т-ра студз. -6,9 °C, ліп. 18,4 °C. Ападкаў 595 мм за год. Вегетац. перыяд 193 сут. Рэкі: Дняпро з прытокамі Бярэзіна, Добасна, Окра і Ржаўка, прыток Бярэзіны р. Ала. Пашыраны глебы дзярнова-падзолістыя (40,6%), тарфяна-балотныя (13,2%). Пад лесам 31,1%. Пераважаюць хваёвыя і бярозавыя, сустракаюцца чорнаальховыя і дубовыя лясы. Балоты займаюць 2,9% тэр. Помнік прыроды — Чырвонабярэжскі парк, гідралагічны заказнік Выдрыца.

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 101 тыс. га, з іх асушана 32,4 тыс. га. На 1.1.1997 у раёне 19 калгасаў, 9 саўгасаў, Чырвонабярэжскі саўгас-тэхнікум, 2 птушкафабрыкі, прадпрыемствы па кормавытворчасці «Ала». Асн. галіна сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля, свінагадоўля, птушкагадоўля. Вырошчваюць збожжавыя, бульбу, лён, кармавыя культуры. Прадпрыемствы паліўнай (торфабрыкет), пач. апрацоўкі лёну (ільнозавод), харч. (мясакамбінат, малочны, крухмала-патачны з-ды) прам-сці; домабудаўнічы камбінат і камбінат буд. матэрыялаў. Лясгас. Здабыча фармовачных пяскоў. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі Мінск—Гомель і Магілёў—Калінкавічы, аўтадарогі Бабруйск—Гомель, Рагачоў—Светлагорск. Суднаходства па Бярэзіне і Дняпры. У раёне 25 сярэдніх, 7 базавых, 7 пач. школ, Чырвонабярэжскі с.-г. тэхнікум, дапаможная школа-інтэрнат, 52 дашкольныя ўстановы, 37 клубаў, 37 бібліятэк, 8 бальніц, 29 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры: Пакроўская царква (1807) у г.п. Стрэшын, сядзіба — палаца-паркавы ансамбль (1890—1893) у в. Чырвоны Бераг; ветраны млын (19 ст.) каля в. Ляды, царква Усіх Святых (1902) у в. Пірэвічы.

Выдаецца аб’яднаная раённая і гарадская газ. «Новы дзень».

С.​І.​Сідор.

т. 6, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ВЕ́РХНІ ГО́РАД,

горадабудаўнічы ансамбль 16—19 ст. у Мінску. Пачаў фарміравацца ў пач. 16 ст. як новы цэнтр горада на тэр. сучаснай пл. Свабоды і прылеглых да яе кварталаў, абмежаваны р. Свіслач (У) і вуліцамі Рэспубліканскай (З), Нямігай (Пн) і Інтэрнацыянальнай (Пд). Быў абкружаны земляным валам (існаваў да канца 18 ст). У 17—18 ст. тут, пераважна на цэнтр. плошчы — Высокім рынку (з 1860-х г. Саборная, з 1917 пл. Свабоды) склаўся барочны ансамбль мураваных жылых, культавых і грамадскіх будынкаў. Да плошчы з З і У прымыкалі прамавугольныя кварталы мураванай забудовы. Захавалася першапачатковая прамавугольная сістэма планіроўкі і мураваная забудова на пл. Свабоды і прылеглых да яе вуліцах: з У — Кірылы і Мяфодзія (назва з 1990, б. Вял. Бернардзінская, з 19 ст. Манастырская, з 1922 Бакуніна), Гандлёвая (б. Зыбіцкая), Герцэна (назва з 1922, б. Малая Бернардзінская, пасля 1863 Стараманастырская), Дзям’яна Беднага (назва з 1933; б. Школьная, Козьмадзям’янская), Музычны зав. (б. Манастырскі зав.), Энгельса (б. Петрапаўлаўская); з З — вуліцы Рэвалюцыйная (назва з 1922, б. Койданаўская), Няміга, Камсамольская (назва з 1922, б. Феліцыянская, з 19 ст. Богаяўленская), Рэспубліканская (назва з 1922, былыя Раманаўскі зав., вуліцы Старараманаўская, Новараманаўская); з Пд — вул. Інтэрнацыянальная (з 1919 назва яе паўд.-зах. часткі — б. Зборавая, у 17 ст. Праабражэнская; з 1919 яе паўд.-ўсх. частка наз. Кастрычніцкай — б. Валоцкая, у 19 ст. Хрышчэнская). У ансамбль М.В.г. ўваходзілі: Мінская ратуша, Мінскі гасціны двор, Мінскі касцёл і кляштар бернардзінцаў, Мінскі касцёл і кляштар бернардзінак, Мінскі езуіцкі калегіум, Мінскі касцёл і кляштар францысканцаў, Мінскі касцёл і кляштар дамініканцаў, Мінскі кляштар бенедыкцінак, адм. будынак. гар. сядзіба Ваньковіча (гл. ў арт. Мінскія сядзібы Ваньковічаў), Мінская царква Святога Духа і базыльянскія манастыры, Мінскага тэатра будынак, жылыя будынкі 17—19 ст. і інш. У 1979 зацверджана ахоўная зона М.В.г. У 1988 ён у межах вуліц Нямігі, Інтэрнацыянальная, Гарадскога вала, набярэжнай р. Свіслач абвешчаны помнікам археалогіі, горадабудаўніцтва і архітэктуры рэсп. значэння.

Літ.:

Денисов В.Н. Площадь Свободы в Минске. Мн., 1985.

Т.​Л.​Чарняўская.

Мінскі Верхні горад. Рэканструкцыя.
Мінскі Верхні горад. Выгляд Высокага рынку з Траецкай гары. Малюнак Я.​Драздовіча. 1919.

т. 10, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ МУЗЕ́Й НАРО́ДНАЙ АРХІТЭКТУ́РЫ І ПО́БЫТУ.

Засн. 9.12.1976. Музейны комплекс размешчаны за 12 км на ПдЗ ад Мінска, каля Воўчкавіцкага вадасховішча, у вярхоўях рэк Пціч і Менка, паміж вёскамі Азярцо, Воўчкавічы, Гарадзішча і Строчыца. У аснову музея пакладзены тэр.-этнічны, функцыянальна-падпарадкавальны, гіст. і сац. прынцыпы. Асаблівасці тэрыторыі і наяўнасць гіст. помнікаў (гарадзішча на Менцы, курганы-валатоўкі 9—11 ст., стараж. в. Строчыца з традыц. структурай, сядзібамі) вызначылі канцэпцыю музея як нац. арх.-этнагр. парку-запаведніка.

Пл. каля 210 га. Экспазіцыйная зона складаецца з сектараў, прысвечаных матэрыяльнай і маст. культуры асн. этнагр. рэгіёнаў Беларусі: «Цэнтральная Беларусь», «Паазер’е», «Падняпроўе», «Панямонне», «Усходняе Палессе», «Заходняе Палессе» і «Мястэчка» (нар. архітэктура і побыт бел. гарадоў 16—19 ст.). Ландшафт зямельных участкаў сектараў музея мае прыродна-ландшафтныя асаблівасці адпаведных рэгіёнаў Беларусі. Структурнай адзінкай сектараў і музея ў цэлым з’яўляецца сядзіба селяніна (двор) з поўным наборам пабудоў і адпаведным інтэр’ерам. 5—6 такіх двароў, дапоўненых малымі арх. формамі, кампануюцца ў паселішчы (або іх фрагменты), у планіровачную структуру якіх арганічна ўключаюцца культавыя і грамадскія пабудовы. Апрача калекцыі помнікаў нар. дойлідства ў музеі 23 калекцыі (знаходзяцца ў экспазіцыі, дэманструюцца на выстаўках, захоўваюцца ў фондах), у т. л. тканіны, адзенне, абутак, галаўныя ўборы, хатняе начынне, с.-г. інвентар і трансп. сродкі, муз. інструменты і гадзіннікі, кераміка, дакументы, кнігі. На 1.1.1996 сабрана каля 17 тыс. музейных прадметаў, з іх больш за 13 тыс. адзінак асн. захавання і больш як 3 тыс. навук.-дапаможнага фонду. У музеі дзейнічае рэстаўрацыйны аддзел. Складаюцца каталогі помнікаў драўлянага дойлідства і этнаграфіі Беларусі. Адкрыты для наведвання з 18 мая да 1 кастр.

Г.​А.​Ткацэвіч.

Да арт. Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту. Экспазіцыйны сектар «Цэнтральная Беларусь». Царква з в. Логнавічы Клецкага раёна Мінскай вобл. (18 ст.).
Да арт. Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту. Экспазіцыйны сектар «Цэнтральная Беларусь». Жылы дом з в. Ісерна Слуцкага раёна Мінскай вобл. (канец 19 ст.).
Да арт. Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту. Экспазіцыйны сектар «Паазер’е». Вятрак (пач. 20 ст.).
Да арт. Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту. Экспазіцыйны сектар «Паазер’е». Царква са званіцай з в. Вялец Глыбоцкага раёна Віцебскай вобл. (18 ст.).

т. 2, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІ́НКАВІЦКІ РАЁН,

у цэнтральнай частцы Гомельскай вобл. Утвораны 17.7.1924 (у сучасных межах з 24.3.1960). Пл. 2,8 тыс. км². Нас. 32 тыс. чал. (1997; без г. Калінкавічы), гарадскога 5,3%. Сярэдняя шчыльн. 11,4 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г. Калінкавічы; г.п. Азарычы, 130 сельскіх населеных пунктаў. Падзяляецца на 22 сельсаветы: Бярозаўскі, Вялікааўцюкоўскі, Гарбавіцкі, Гарочыцкі, Даманавіцкі, Дудзіцкі, Зеляноцкі, Казловіцкі, Капліцкі, Крукавіцкі, Ліпаўскі, Малааўцюкоўскі, Міхнавіцкі, Нахаўскі, Прудоцкі, Савіцкі, Сыродскі, Хобненскі, Чкалаўскі, Шыіцкі, Юравіцкі, Якімавіцкі. Раён моцна пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Да зоны з перыяд. кантролем аднесена 66 нас. пунктаў (19,2 тыс. чал.), да зоны пражывання з правам адсялення — 12 нас. пунктаў (3,3 тыс. чал); з абароту выведзены 3157 га с.-г. угоддзяў.

Раён размешчаны ў межах Прыпяцкага (зах. ч.) і Гомельскага (паўн. і ўсх. часткі) Палесся. Паверхня пераважна нізінная. На ПдУ Юравіцкае ўзвышша. 99% тэр. на выш. да 150 м. Найвыш. пункт 167,5 м (на У ад в. Юравічы). Карысныя выкапні: нафта, торф, мінер. фарбы, гліна, жвір, пясок. Сярэдняя т-ра студз. -6,2 °C, ліп. 18,7 °C. Ападкаў 575 мм за год. Вегетац. перыяд 197 сут. На ПдУ працякае р. Прыпяць з прытокамі Трэмля, Іпа (з Вішай), Ненач, Закованка, Віць. Найб. меліярац. каналы: Ненач, Абедаўка, Гарочыцкі, Дубнянская канава. Пераважаюць глебы тарфяна-балотныя (34,6%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (27,4%) і дзярнова-падзолістыя (22,5%). Пад лесам 50,4% тэр. Пашыраны хваёвыя і бярозавыя лясы. Балоты займаюць 2,4% тэр.; найб. з іх Васілевічы-2, Іпа-Вішанскае, Сухавіцкае і Вял. Мох.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 107 тыс. га, з іх асушаных 54,2 тыс. га. На 1.1.1997 у раёне 21 калгас, 11 саўгасаў, 5 дапаможных і 20 фермерскіх гаспадарак, міжгас. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі. Вырошчваюць збожжавыя, бульбу і кармавыя культуры. Прадпрыемствы дрэваапрацоўчай, буд. матэрыялаў і харч. прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі Жлобін—Оўруч (Украіна) і Гомель—Лунінец, аўтадарогі Гомель—Брэст, Бабруйск—Оўруч, нафтаправод «Дружба», газаправод. У раёне 24 сярэднія, 16 базавых, 6 пач. школ, 1 школа-інтэрнат, 32 дашкольныя ўстановы, 27 дамоў культуры, 24 клубы, 6 бальніц, амбулаторыя, радзільны дом, 46 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры: сядзіба з пейзажным паркам (сярэдзіна 19 ст.) у в. Ліпава, касцёл і калегіум езуітаў (1717—46) у в. Юравічы. Помнік гісторыі — мемарыяльны комплекс вязням Азарыцкіх лагераў смерці (1965). Выдаецца газ. «Калінкавіцкія навіны».

Г.​С.​Смалякоў.

т. 7, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСТА́ЎСКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ КО́МПЛЕКС,

помнік сядзібна-паркавай архітэктуры класіцызму ў г. Паставы Віцебскай вобл. Створаны ў канцы 18—1-й пал. 19 ст. на паўд. ускраіне горада на левым беразе р. Мядзелка. Комплекс, які ўключае палац і парк, пабудаваны на месцы сядзібы 1-й пал. 17 ст.

Першапачатковая сядзіба складалася з жылых і гасп. пабудоў (5 драўляных жылых дамоў, кухня, 5 свірнаў, 3 стайні, вазоўня, склеп і інш.), якія ўтваралі прамавугольны ў плане двор, абнесены астрогам з 2 брамамі. Гал. жылы дом — 1-павярховы будынак складанай канфігурацыі з 2 алькежамі і 2 ганкамі, завершаны гонтавым дахам. Астатнія дамы — традыц. 2- і 3-камернае жыллё. Асобнае падвор’е ўтваралі 3-камерны жылы дом для прыслугі, сыраварня, склеп і абора, на гумнішчы — стадола, асець, адрына, абарогі. Пры сядзібе быў бровар.

Буд-ва П.п.-п.к. распачата на месцы сядзібы ў 1760-я г. (верагодна, паводле праекта арх. Дж.​Сака). У 1770-я г. спынена (пабудаваны 2 бакавыя флігелі і падмурак палаца). У 1-й пал. 19 ст. на паўд. беразе возера пабудаваны П-падобны ў плане 1-павярховы мураваны палац. Цэнтр. часткі паўд. і ўсх. крылаў вылучаны больш высокімі аб’ёмамі з мезанінамі. Усе часткі палаца накрыты пакатымі 2-схільнымі дахамі з трохвугольнымі франтонамі на тарцах. Сіметрычны ўсх. фасад мае па баках глыбокія рызаліты і аздоблены пілястрамі, плоскі рызаліт у цэнтры з вял. тэрасай перад ім. У 1830-я г. да паўн. фасада прыбудаваны 6-калонны дарычны порцік з манум. лесвіцай; у паўн. крыле — капліца, аздобленая лепкай і размалёўкай у тэхніцы грызайль. Парк — рэгулярна-пейзажнага тыпу, размешчаны на раўнінным рэльефе. Ствараўся ў 2 этапы. Пл. каля 10 га. Меў форму выцягнутага з Пн на Пд прамавугольніка, абмежаванага па баках каналамі, з Пн — возерам. Каля палаца знаходзілася пейзажная частка парку з экзотамі ў дэкар. групах. Ад рэгулярнага парку ўцалелі і рэшткі старых ліпавых прысад, ад пейзажнага — асобныя групы дрэў па берагах вадаёма і ўсх. канала, а таксама на ўзгорку паміж каналам і гал. вуліцай горада.

В.​Р.​Анціпаў, А.​М.​Кулагін, Ю.​А.​Якімовіч.

Пастаўскі палацава-паркавы комплекс. Фрагмент парку.
Пастаўскі палацава-паркавы комплекс. Галоўны фасад палаца.

т. 12, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́СЛАЎСКІ РАЁН,

на ПнЗ Віцебскай вобл. Беларусі. Утвораны 15.1.1940. Пл. 2,2 тыс. км². Нас. 37,1 тыс. чал. (1996), гарадскога 38,4%. Сярэдняя шчыльн. 16,5 чал/км². Цэнтр — г. Браслаў, гар. пасёлкі Відзы і Друя, 667 сельскіх населеных пунктаў. Падзяляецца на 11 сельсаветаў: Ахрэмавіцкі, Далёкаўскі, Друйскі, Дрысвяцкі, Зарацкі, Казянскі, Мяжанскі, Опсаўскі, Плюскі, Слабодкаўскі, Цяцеркаўскі.

Большая ч. раёна занята Браслаўскай градой, на Пд — Дзісенская нізіна (частка Полацкай нізіны). Паверхня ўзгорыстая і раўнінная. Пераважаюць выш. 130—160 м, найвыш. пункт 210 м. Карысныя выкапні: торф, сапрапелі, легкаплаўкія гліны, пясчана-жвіровы матэрыял. Сярэдняя т-ра студз. -6,8 °C, ліп. 17 °C. Ападкаў 554 мм за год. Вегетац. перыяд 184 сут. Найб. рака Зах. Дзвіна і яе прытокі Дзісна (з Дрысвятай) і Друйка. Больш за 200 азёр (каля 10% пл. раёна). Вылучаюць Браслаўскую групу азёр. Пашыраны дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя і тарфяна-балотныя глебы. Пад лясамі 22,8% тэр. раёна (асобныя масівы: Богінскі, Відзаўская лясная дача, Друйская лясная дача і інш.); лясы пераважна хваёвыя, яловыя, бярозавыя. У межах раёна нац. парк Браслаўскія азёры. Помнікі прыроды: дуб-патрыярх у в. Опса, біягрупа лістоўніцы сібірскай каля в. Ахрэмаўцы, Слабодкаўская (озавая) града.

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 98,5 тыс. га, з іх асушана 23 тыс. га. На 1.1.1995 у раёне 20 калгасаў і 4 саўгасы. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля. Вырошчваюць збожжавыя, кармавыя культуры, бульбу, агародніну, з тэхнічных — лён. Конегадоўля. Зверагадоўля. Пчалярства. Рыбаводства. Прадпрыемствы харч. (вытв-сць малочных, мясных, рыбных кансерваў; агародніна-сушыльны з-д), лёгкай (ільновалакно, швейныя вырабы), паліўнай (тарфяны брыкет) прам-сці; вытв-сць буд. матэрыялаў (піламатэрыялы, цэгла). На тэр. раёна канцавы пункт чыг. Варапаева—Друя; аўтадарогі ад Браслава на Шаркаўшчыну, Друю, Паставы, Даўгаўпілс (Латвія). У раёне 16 сярэдніх, 19 базавых і 11 пач. школ, 2 ПТВ, 31 дашкольная ўстанова, 35 б-к, 41 клуб, 5 бальніц, 2 амбулаторыі, 31 фельчарска-амбулаторны пункт, санаторый «Браслаў», турысцка-экскурсійны комплекс «Браслаўскія азёры». Арх. помнікі: Петрапаўлаўскі касцёл (1929) і царква (1908) у в. Дрысвяты; вадзяны млын канца 18 — 1-й пал. 19 ст. ў в. Зарачча; вянковы двор (1909) і Мікалаеўская царква (1905) у в Іказнь; царква пач. 20 ст. ў в. Кірыліна; Пакроўская царква пач. 20 ст. ў в. Мінкавічы, касцёл маці Божай Анёльскай пач. 20 ст. ў в. Мяжаны; касцёл пач. 20 ст. і сядзіба (1904) у в. Опса; касцёл пач. 20 ст. ў в. Плюсы; касцёл Сэрца Ісуса (1903) у в. Слабодка. Выдаецца газ. «Браслаўская звязда».

М.​М.​Брылеўскі.

т. 3, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯРО́ЗАЎСКІ РАЁН,

у цэнтральнай частцы Брэсцкай вобл. Беларусі. Утвораны 15.1.1940. Пл. 1,5 тыс. км². Нас. 75,4 тыс. чал. (1996), гарадскога 56%. Сярэдняя шчыльн. 57 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г. Бяроза, г. Белаазерск, 110 сельскіх населеных пунктаў. Падзяляецца на 15 сельсаветаў: Белаазерскі, Боркаўскі, Бярозаўскі, Высокаўскі, Здзітаўскі, Малецкі, Міжлескі, Нарутавіцкі, Першамайскі, Пескаўскі, Сакалоўскі, Сігневіцкі, Спораўскі, Стрыгінскі, Сялецкі.

Раён займае паўд.-ўсх. ч. Прыбугскай раўніны і паўн.-зах. Прыпяцкага Палесся. Паверхня — плоская забалочаная раўніна, пераважная выш. 150—160 м, найвыш. пункт 189 м (каля чыг. ст. Бронная Гара). Карысныя выкапні: торф, мел, пясчана-жвіровы матэрыял, сілікатныя і буд. пяскі, гліны. Сярэдняя т-ра студз. -5,2 С, ліп. 18,3 °C. Ападкаў 593 мм за год. Вегетац. перыяд 200 сут. Рака Ясельда з прытокамі Вінец і Жыгулянка. Азёры: Чорнае, Спораўскае, Белае, вадасх. Сялец. Пашыраны дзярнова-падзолістыя забалочаныя, тарфяна-балотныя, дзярновыя і дзярнова-падзолістыя глебы. Пад лясамі 22,3% тэр. раёна; вял. лясныя масівы (Галавіцкі, Буды, Бронная Гара); пераважаюць хваёвыя, бярозавыя, чорнаальховыя лясы. Біял. заказнік Спораўскі.

На 1.1.1996 агульная плошча с.-г. угоддзяў 69,8 тыс. га, з іх асушана 36,3 тыс. га. У раёне 14 калгасаў і 4 саўгасы. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля (свінагадоўля, буйн. раг. жывёла, авечкагадоўля, конегадоўля). Вырошчваюць збожжавыя (жыта, пшаніцу, ячмень, авёс), цукр. буракі, бульбу, агародніну, кармавыя культуры. Прадпрыемствы энергетыкі (Бярозаўская ДРЭС), машынабудавання і металаапрацоўкі (абсталяванне для электраэнергет. прам-сці, вентылятары, рамонт камбайна-трактарных рухавікоў і інш.), лёгкай (вытв-сць спарт. абутку), харч. (сыр, масла, сухое абястлушчанае малако, цукар), дрэваапр. прам-сці; вытв-сць буд. матэрыялаў (піламатэрыялы, цэгла, керамічная плітка, жалезабетонныя канструкцыі, сілікатныя вырабы і інш.). Па тэр. раёна праходзяць чыгунка і аўтамагістраль Брэст—Мінск. У раёне 23 сярэднія, 7 базавых і 14 пач. школ, 2 СПТВ, 18 дашкольных устаноў, 42 клубы, 45 б-к, 5 бальніц, 2 амбулаторыі, 27 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры: царква Маці Божай сярэдзіны 19 ст. ў в. Сакалова, Пакроўская царква (1795) у в. Сігневічы, сядзіба 2-й пал. 18 ст. — 1-й пал. 19 ст. і Троіцкая царква (1827) у в. Новыя Пескі, царква Іаана Багаслова (1817) у в. Стрыгінь, касцёл (1912) і Успенская царква (1863—70) у в. Сялец, Мікалаеўская царква (1825) у в. Чарнякава. Мемарыяльны комплекс «Здзітаўская абарона» на месцы баёў партызан з ням.-фаш. захопнікамі ў в. Здзітава. Выдаецца газ. «Маяк».

Літ.:

Память: Ист.-док. хроника Березовского р-на. Мн., 1987.

С.​І.​Сідор.

т. 3, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІ РАЁН,

на У Гомельскай вобл. Утвораны 8.12.1926. Пл. 2,1 тыс. км². Нас. 73,6 тыс. чал. (1996), гарадскога 3,9%. Сярэдняя шчыльн. 35 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Гомель, рабочы пас. Бальшавік, 188 сельскіх нас. пунктаў, 25 сельсаветаў: Аздзелінскі, Бабовіцкі, Глыбоцкі, Грабаўскі, Давыдаўскі, Даўгалескі, Дзятлавіцкі, Зябраўскі, Красненскі, Маркавіцкі, Пакалюбіцкі, Прыбарскі, Прыбыткаўскі, Рудня-Марымонаўскі, Старабеліцкі, Улукаўскі, Урыцкі, Целяшоўскі, Цярухскі, Цярэніцкі, Цярэшкавіцкі, Шарпілаўскі, Чарацянскі, Чанкаўскі, Яромінскі. Раён моцна пацярпеў у выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС (1986).

Раён размешчаны ў межах Гомельскага Палесся, паўн.-зах. частка — у межах Чачорскай раўніны. Паверхня пераважна нізінная, выш. 120—140 м, найвыш. пункт 160,3 м (каля в. Зябраўка). Карысныя выкапні: торф, гліны для грубай керамікі, пясок. Сярэдняя т-ра студз. -6,9 °C, ліп. 18,6 °C. Ападкаў 590 мм за год. Вегетац. перыяд 193 сут. Асн. рака Сож з прытокамі Іпуць, Вуць, Церуха, Уза. Пашыраны дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя, дзярнова і дзярнова-карбанатныя забалочаныя глебы. Лясы займаюць 34,9% тэр. раёна, пераважаюць хваёвыя, бярозавыя і дубовыя. Пад балотамі 14,1 тыс. га, найб. масівы — Кабылянскае балота, Вадапой, Жарэбна-Конскае балота.

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 95 тыс. га, з іх асушаных 33,9 тыс. га. На 1.1.1996 у раёне 14 калгасаў, 19 саўгасаў, 3 птушкафабрыкі, саўгас «Цяплічны», 8 дапаможных гаспадарак. Асн. галіны сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля, агародніцтва, бульбаводства. Прадпрыемствы буд. матэрыялаў, шкляной, харч. і паліўнай прам-сці. Гомель — чыг. вузел, напрамкі на Мазыр, Жлобін, Навазыбкаў (Расія), Бахмач, Чарнігаў (Украіна); аўтадарогі на Магілёў, Бабруйск, Калінкавічы, Чарнігаў, Навазыбкаў. Суднаходства па р. Сож. У раёне (без Гомеля) 2 ПТВ, 24 сярэднія, 13 базавых і 7 пач. школ, 9 муз. школ, школа-інтэрнат, 38 дашкольных устаноў, 43 клубы і дамы культуры, 48 б-к, 7 бальніц, 38 фельч.-ак. пунктаў. Курорт Чонкі, турбаза «Сож». Помнікі архітэктуры: царква (1-й пал. 19 ст.) у в. Гадзічава; царква Раства Багародзіцы (1881) і будынак царк.-прыходскай школы (канца 19 ст.) у в. Глыбоцкае; парк (2-й пал. 19 ст.) у в. Грабаўка; сядзібны дом («паляўнічы домік», 2-й пал. 19 ст.) у в. Каралёўка; паштовая станцыя (2-й пал. 19 ст.) за 3 км на У ад в. Сеўрукі; Мікалаеўская царква (1-й пал. 18 ст.) і сядзіба (канца 18 — пач. 19 ст.) у в. Старая Беліца; Успенская царква (1865—68) у в. Чарацянка. Помнік абаронцам Гомеля ў пачатку Вял. Айч. вайны ў в. Пакалюбічы. Выдаецца газ. «Маяк».

Г.​С.​Смалякоў.

т. 5, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЗНАНЬ (Poznań),

горад на З Польшчы, на р. Варта. Адм. ц. Велікапольскага ваяводства. 660 тыс. ж. (1999). Вузел чыгунак і аўтадарог, рачны порт. Міжнар. аэрапорт. Важны эканам. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: машынабудаванне (у т. л. трансп., с.-г., дакладнае, эл.-тэхн., прылада- і дызелебудаванне, вытв-сць падшыпнікаў), харч., гумавая, парфумерная, швейная, шкляная, паліграфічная. Штогадовыя міжнар. і нац. кірмашы. Ун-т, мед. акадэмія. Тэатры, у т. л. оперны. Музеі: нац., археал., муз. інструментаў і інш. Цэнтр турызму.

У 8—9 ст. П. — гарадзішча, вакол якога склаўся горад. У 10 ст. адна з гал. рэзідэнцый польскіх князёў. З 968 сядзіба першага польскага біскупства. У 1005 тут падпісаны мірны дагавор паміж каралём Баляславам I Храбрым і архібіскупам магдэбургскім Тагіно. У 1253 П. атрымала магдэбургскае права. З сярэдзіны 13 ст. адм.-паліт. цэнтр Велікапольшчы. У 15—16 ст. адзін з буйных гандл. і культ. цэнтраў краіны (у 16 ст. каля 20 тыс. жыхароў). З сярэдзіны 17 ст. занепадала ў выніку войнаў (Паўночная вайна 1655—60, Паўночная вайна 1700—21) і эпідэмій (у пач. 18 ст. — 12 тыс. жыхароў), У 1793 адышла да Прусіі. З 1807 у складзе Варшаўскага герцагства, з 1815 — Пазнанскага вялікага княства. Тут адбылося антыпрус. Пазнанскае паўстанне 1848. Пасля 1-й сусв. вайны і Пазнанскага паўстання 1918—19 у складзе адноўленай Польскай дзяржавы. У 2-ю сусв. вайну захоплена ням.-фаш. войскамі (1939). У 1945 вызвалена Сав. Арміяй. У 1956 у П. адбыўся першы ў ПНР масавы рабочы пратэст.

Гіст. ядро П. — т. зв. Тумскі востраў на правым беразе Варты. Тут знаходзяцца раманскі касцёл св. Яна (каля 1200—1512), гатычны сабор (сярэдзіна 12 — пач. 16 ст., на месцы касцёлаў 10 і 11 ст., у інтэр’еры грабніцы і надмагіллі, у т. л. 10 ст.), касцёл Дзевы Марыі (15 ст.). На левым беразе — Стары горад (развіваўся з 13 ст.) з рэгулярнай планіроўкай. На цэнтр. плошчы Рынак — ратуша (13—14 ст., перабудавана ў 1550—60 у стылі рэнесансу; жылыя дамы 16—19 ст., часта з галерэямі). Захавалася шмат кляштараў і касцёлаў у стылі барока. У 19 — пач. 20 ст. на З ад Старога горада сфарміраваўся цэнтр П. з палацамі і грамадскімі будынкамі ў стылях класіцызму, эклектыкі і сучаснай архітэктуры. У пасляваен. гады адноўлены пашкоджаныя арх. помнікі, узведзены комплекс міжнар. кірмашу, гасцініца «Меркурый», ансамбль новага цэнтра, новыя жылыя раёны абапал р. Варта.

Познань. Стары горад.

т. 12, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)