СЛО́НІМ,

горад, цэнтр Слонімскага р-на Гродзенскай вобл., на р. Шчара пры ўпадзенні ў яе р. Іса. Чыг. ст. на лініі Баранавічы—Ваўкавыск; вузел аўтадарог на Баранавічы, Івацэвічы, Ружаны, Зэльву, Дзятлава. За 143 км ад Гродна. 51,6 тыс. ж. (2001).

Паводле археал. даследаванняў, горад узнік у 11 ст. на месцы невял. паселішча. Упершыню ўпамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1252. У 1254 уваходзіў у Галіцка-Валынскае княства. З 2-й пал. 13 ст. ў ВКЛ. З канца 13 ст. ў С. быў умацаваны замак (гл. Слонімскія замкі), вакол якога рос горад. Слонімская харугва прымала ўдзел у Грунвальдскай бітве 1410. Пасля Гарадзельскай уніі 1413 С. уключаны ў Трокскае ваяв. У 1531 С. атрымаў ад вял. кн. Жыгімонта 1 Старога самакіраванне паводле магдэбургскага права; пацверджана ў 1591 Жыгімонтам III (тады ж дадзены герб: залаты леў з падвойным сярэбраным крыжам на блакітным полі) і ў 1679 Янам III Сабескім, у 1776 скасавана. З 1560 належаў маршалку Р.​Валовічу, з 1586 — канцлеру ВКЛ Л.​Сапегу, з 1655 — князям Агінскім. У выніку вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 горад заняпаў. Яго эканам. ўздым звязаны з дзейнасцю слонімскага старосты Міхала Казіміра Агінскага, вял. гетмана літ., які ў 2-й пал. 18 ст. заснаваў тут сваю рэзідэнцыю, стварыў Слонімскую друкарню, Слонімскую капэлу Агінскага, Слонімскі тэатр Агінскага, пры якім працавалі Слонімская балетная школа, Слонімская музычная школа, пабудаваў Слонімскія мануфактуры дываноў (гл. ў арт. Слонімскія мануфактуры), Агінскі канал і інш. З 1795 С. у складзе Рас. імперыі, цэнтр Слонімскай губерні, з 1797 у Літоўскай, з 1801 у Гродзенскай губерні, цэнтр Слонімскага павета. У вайну 1812 каля С. 20 кастр. адбыўся бой паміж рас. і франц. войскамі. У 1897 у С. 15 893 ж., 1312 жылых дамоў, у т. л. 333 мураваныя, 5 піваварных, 4 ганчарныя, 2 гарбарныя з-ды, 2 канатныя ф-кі, некалькі млыноў, 2-класнае павятовае вучылішча, прыходскае вучылішча, пачатковае яўр. вучылішча, прыватны жаночы пансіён, 2 царквы, 2 касцёлы, 7 сінагог, мячэць. У пач. 20 ст. адкрыты слонімскія гімназіі і Слонімскае рэальнае вучылішча. Вял. ролю ў развіцці прам-сці горада ў 19 — пач. 20 ст. адыгралі буйныя землеўладальнікі графы Пуслоўскія, якія ў прыгарадзе С. — Альбярціне адкрылі медную, дывановую, лесапільную мануфактуры, Альбярцінскую суконную фабрыку і інш. У 19 ст. створана Слонімская сядзіба «Альбярцін». У 1921—39 у складзе Польшчы, павятовы цэнтр Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 цэнтр Слонімскага раёна Баранавіцкай вобл. 26.6.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў горадзе і раёне 42 тыс. чал., у т. л. ў С. больш за 10 тыс. чал. Дзейнічала Слонімская раённая антыфашысцкая арганізацыя. 10.7.1944 вызвалены войскамі 1-га Бел. фронту ў ходзе наступлення на Баранавіцка-Брэсцкім напрамку. З 8.1.1954 С. — цэнтр раёна Гродзенскай вобл., з 7.3.1963 горад абл. падпарадкавання. У 1973—32,5 тыс. ж. З 1990 у С. працуе Слонімскі беларускі драматычны тэатр.

У 14—15 ст. фарміравалася забудова пасада, у С. было 9 цэркваў. У 16 ст. на месцы разбуранага замка пабудаваны драўляны палац, перад якім сфарміравалася гандл. плошча (цяпер вул. Першамайская), да якой сыходзіліся асн. вуліцы. У 17—18 ст. узведзены шэраг мураваных кляштараў, храмаў і інш. пабудоў, якія ўвайшлі ў сістэму абарончых умацаванняў: касцёл дамініканцаў, калегіум езуітаў (не захаваліся), кляштар бенедыкцінак, Слонімскі кляштар канонікаў латэранскіх, Слонімскі касцёл і кляштар бернардзінак, Слонімскі касцёл і кляштар бернардзінцаў, Слонімская сінагога, Слонімская капліца Дамініка, Слонімскі Андрэеўскі касцёл, аўстэрыя і ратуша (барока). З 2-й пал. 18 ст. забудова горада фарміравалася вакол звязаных паміж сабою плошчаў: гал. гандлёвай, перад касцёлам дамініканцаў (цяпер пл. Леніна) і перад сінагогай. Вуліцы (пераважна брукаваныя) накіраваны да гандл. плошчы. У 19 ст. распрацаваны праекты перапланіроўкі С., якія прадугледжвалі захаванне гіст. планіровачнай структуры горада. Паводле іх пабудаваны 2—3-павярховыя цагляныя дамы ў цэнтры горада. Захаваліся фрагменты характэрнай для пач. 18 — пач. 20 ст. жылой забудовы, гар. асабнякі 19—20 ст. У стылі мадэрн — Слонімскага вакзала будынак, банк. У пас. Фабрычны (уключаны ў межы горада) — Слонімская сядзіба «Альбярцін». Сучасны горад размешчаны абапал р. Шчара. Генпланы С. распрацаваны ў 1963 (ін-т «Белдзяржпраект», арх. Л.​Васільеў, С.​Мамаева, карэкціроўка 1966) і 1973 (Мінскі філіял ЦНДІПгорадабудаўніцтва, арх. А.​Агафонава, карэкціроўка БелНДІПгорадабудаўніцтва 1987, арх. Т.​Татарынцава). У 1980 зроблены праект дэталёвай планіроўкі цэнтра (БелНДІПгорадабудаўніцтва, арх. Татарынцава). Паводле генплана 1999 (БелНДІПгорадабудаўніцтва, арх. У.​Ісачанка, Татарынцава, Ю.​Чантурыя, пры ўдзеле арх. А.​Пархуты, У.​Казырновіча) гар. тэрыторыі пашыраюцца на Пд і ПдЗ, ствараецца новы грамадскі цэнтр. Зона адпачынку — р. Шчара, канал Агінскага з паркам, парк у пас. Фабрычны, воз. Лабазоўка.

Працуюць акц. т-ва «Слоніммэбля», Слонімскі кардонна-папяровы завод, Слонімская камвольна-прадзільная фабрыка, Слонімская фабрыка мастацкіх вырабаў, ф-ка «Гасцінічная мэбля», вінзавод, камбінат быт. абслугоўвання і інш.; 10 сярэдніх і базавая (санаторна-лясная) школа, муз. школа, 7 б-к, раённы Дом культуры, Слонімскі краязнаўчы музей. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан, помнік Вызваліцелям. У наваколлі горада 3 магілы і могілкі яўрэяў — ахвяр фашызму.

Літ.:

Мелешко В.И. Слоним: Ист. очерк. Мн., 1962;

Караткевіч В.Б., Кулагін А.М. Помнікі Слоніма. Мн., 1983;

Цеханавецкі А. Міхал Казімір Агінскі і яго «сядзіба музаў» у Слоніме: Пер. з ням. Мн., 1993;

Супрун В. За смугою часу. Мн., 1994;

Яго ж. Дзеі пад Шчарай. Слонім. 2000.

М.​Б.​Батвіннік (гісторыя), Ю.​У.​Чантурыя (архітэктура).

Слонім. Гарадскія асабнякі 19—1-й пал. 20 ст.
Слонім. Дом культуры.

т. 15, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)