ПАВІЛЬЁН (франц. pavillon ад лац. papilio шацёр),

1) невялікая лёгкая пабудова, якая стаіць звычайна асобна ў парку; адзін з відаў архітэктуры малых формаў. Вядома са старажытнасці. Шматлікія храмавыя і палацавыя будынкі Усходу мелі характар П. У Зах. Еўропе (у 17—18 ст.) і Расіі (у 18 — пач. 19 ст.) П. стаў неад’емнай ч. палацава-паркавага ансамбля (П. на Ялагіным в-ве ў Пецярбургу, «Катальная горка» ў г. Ламаносаў Ленінградскай вобл. і інш.). На Беларусі П. пашыраны ў пейзажных парках 18—19 ст. (Залескі палацава-паркавы ансамбль, Столінская сядзіба «Манькавічы»), У сучасным садова-паркавым мастацтве П. гарманічна ўпісваецца ў ландшафт паркаў культуры і адпачынку (П. летняй кавярні ў Цэнтр. дзіцячым парку імя М.Горкага ў Мінску).

2) Частка вял. будынка (звычайна палацавага тыпу), часцей квадратная або шматвугольная ў плане, з самаст. дахам. Пашыраны ў архітэктуры стыляў класіцызму і ампір (П. Гомельскага палацава-паркавага ансамбля, Сноўскага палацава-паркавага ансамбля).

3) Пастаянная ці часовая крытая пабудова аблегчанага тыпу для выставачнай экспазіцыі, гандлю і інш. Выставачныя П. вядомы з 19 ст., калі пачалі арганізоўваць буйныя міжнар. выстаўкі («Хрусталёвы палац» на Сусв. выстаўцы 1851 у Лондане; П выстаўкі 1896 у г. Ніжні Ноўгарад, Расія). У буд-ве сучасных выставачных П. выкарыстоўваюцца новыя буд. матэрыялы і канструкцыі, якія даюць магчымасць перакрываць вял. прастору залаў (П. Рэспубліканскага выставачнага цэнтра, Нацыянальнага выставачнага цэнтра «БелЭкспа» ў Мінску).

4) Тэатральная дэкарацыя на рамках, якая паказвае інтэр’ер дома, палаца, хаты, замка і інш. 5) Памяшканне кінастудыі для здымкі або гуказапісу (П. кіназдымачны).

В.Б.Ангелаў, Г.С.Ларкін.

Павільён «Катальная горка» ў г. Ламаносаў Ленінградскай вобл. Арх. А.Рынальдзі. 1762—74.

т. 11, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)