РАДАПСІ́Н,
зрокавы пурпур, пігмент палачак сятчаткі вока жывёл і чалавека, які адказвае за чорна-белы або змрочны зрок. Уяўляе сабой складаны бялок (хромаглікапратэід), які наскрозь «прашывае» мембрану фотарэцэптараў. У Р. уваходзяць бялок апсін, 2 алігацукрыдныя ланцугі і храмафорная група караціноіду рэтыналю (альдэгіду вітаміну А). У зрокавым акце пры паглынанні малекулай Р. кванта святла адбываецца абарачальная рэакцыя фотаізамерызацыі, канфармацыйныя перабудовы малекулы Р. Узнікае нерв. імпульс, які перадаецца ў патылічную долю галаўнога мозга, дзе фарміруецца зрокавы вобраз.
І.М.Семяненя.
т. 13, с. 205
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМБО́ЭДР (ад ромб + грэч. hedra аснова, грань),
1) від паралелепіпеда (звычайна нахілены), грані якога з’яўляюцца роўнымі ромбамі. Па крайняй меры 2 вяршыні Р. такія, што ўсе прылеглыя да іх вуглы роўныя паміж сабой. Паралелепіпед з’яўляецца Р. тады і толькі тады, калі ён мае вось сіметрыі 3-га парадку; гл. Сіметрыя.
2) Р. у геалогіі — простая форма крышталёў трыганальнай сінганіі (6-граннік з гранямі ў выглядзе ромбаў). Такую форму маюць крышталі шэрагу мінералаў (кальцыт, магнезіт, радахразіт, смітсаніт і інш.).
т. 13, с. 300
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕРАБРЫ́СТЫЯ ВО́БЛАКІ,
светлыя, празрыстыя воблакі, якія часам з’яўляюцца ў верхняй частцы мезасферы на выш. 70—90 км. Паводле структуры нагадваюць лёгкія перыстыя воблакі. Уяўляюць сабой скопішча часцінак (ледзяныя крышталікі, вулканічны і касм. пыл) памерам 10−4—10−5 см, якія добра рассейваюць сонечнае святло. Існуюць ад некалькіх мінут да некалькіх гадзін.
Назіраюцца ў Паўн. паўшар’і на шыротах 45—70° ад мая да жн., у Паўд. — на шыротах 40—65° у цёплы час года. Гл. таксама Воблакі, Воблачнасць.
т. 14, с. 341
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЦВЯРДЗЕ́ННЕ ПАЛІМЕ́РАЎ,
неабарачальны працэс пераходу рэакцыйназдольных алігамераў і манамераў у нерастваральныя і няплаўкія сеткаватыя палімеры. Адбываецца ў выніку ўзаемадзеяння функцыянальных груп ацвярджальных рэчываў паміж сабой ці з групамі ацвярджальнікаў пры дзеянні цяпла, выпрамяненняў высокіх энергій і інш.; суправаджаецца ўсадкай, таму ў кампазіцыю дадаюць напаўняльнікі. Тэмпература ацвярдзення палімераў павінна быць вышэйшая за т-ру шклавання ўтваральнага палімеру (пры ніжэйшай працэс не адбываецца). Ацвярдзенне палімераў адбываецца пры фармоўцы некаторых вырабаў з пластмасаў, высыханні клеяў і лакаў, зацвярдзенні герметыкаў і кампаўндаў і інш.
т. 2, с. 161
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНА́РХІЯ ВЫТВО́РЧАСЦІ,
стыхійнасць, хаатычнасць, бяспланавасць грамадскай вытв-сці; паводле марксісцкай тэорыі, характэрная асаблівасць капіталізму. Мела месца ў эпоху даманапаліст. капіталізму, калі дробныя прадпрымальнікі вялі паміж сабой жорсткую канкурэнтную барацьбу, а ў вытворча-гасп. дзейнасці ўлічвалі найперш стыхійны попыт і рыначныя цэны на тавары. У перыяд дзярж.-манапаліст. капіталізму ў развітых краінах пачалося вывучэнне попыту і прапановы, укараненне маркетынгу, дзярж. рэгуляванне эканомікі. У некат. развітых краінах дзейнічаюць дзярж. планавыя камітэты, а для абмежавання самавольства манаполій у іх канкурэнтнай барацьбе створана антыманапольнае заканадаўства.
т. 1, с. 340
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖВА́ЧКА,
перажоўванне корму, перыядычна адрыгнутага з пач. аддзелаў мнагакамернага страўніка жвачных жывёл. Уяўляе сабой біял. прыстасаванне, пры дапамозе якога жвачныя жывёлы могуць лепш, чым інш. траваедныя, ператраўліваць пажыўныя рэчывы грубых кармоў. Адбываецца рэфлекторна ў прамежках паміж кармленнем. Корм невял. порцыямі адрыгваецца з рубца і сеткі ў ротавую поласць, дзе перажоўваецца, увільгатняецца слінай і зноў заглынаецца; праз пэўны час цыкл паўтараецца. Паяўляецца ў жывёл з 3-га тыдня і стабілізуецца к 8—10 месяцам. У дарослых жывёл за суткі адбываецца 6—10 жвачных перыядаў.
т. 6, с. 430
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАЛЕ́ВЫ МОД ЗЯМЛЯ́ (Queen Maud Land),
частка Усх. Антарктыды паміж 20° зах. і 45° усх. д. На Пн абмываецца морамі Лазарава, Рысер-Ларсена і Касманаўтаў. Паверхня магутнага ледавіка ўздымаецца на Пд да выш. 3500 м. Берагі ўяўляюць сабой шэльфавыя ледавікі. У прыбярэжнай ч. асобныя горныя хрыбты і вяршыні ўзнімаюцца над паверхняй ледавіка і дасягаюць вышыні больш за 3000 м. Дзейнічаюць навук. станцыі: Новалазараўская (Расія), САНАЭ (Паўд.-Афр. Рэспубліка), Сёва (Японія). Адкрыта ў 1930 нарв. экспедыцыяй Я.Рысер-Ларсена. Названа ў гонар нарв. каралевы.
т. 8, с. 49
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕКСЕ́МА (ад грэч. lexis слова, выраз),
адзінка лексічнага ўзроўню мовы, яго лексікі. Вылучаецца разам з інш. абстрактнымі адзінкамі мовы (фанема, марфема, семема, графема). Уяўляе сабой сукупнасць форм і значэнняў, што ўласцівы аднаму і таму ж слову ва ўсіх яго ўжываннях і рэалізацыях. Напр., усе формы слова «мова» («мову», «мовам» і інш.) і розныя значэнні гэтых форм у розных спалучэннях: «беларуская мова», «мова твора», «мёртвая мова» і інш. — тоесныя як прадстаўнікі лексемы «мова».
Літ.:
Слово в грамматике и словаре. М., 1984.
т. 9, с. 194
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРАЛІТЭ́ (франц. moralité),
жанр павучальнай алегарычнай драмы зах.-еўрап. тэатра 15—16 ст. Узнік у Францыі (п’еса «Разважлівы і Неразумны», 1436). Быў пашыраны ў Англіі, Галандыі, Швейцарыі, Італіі. Асн. дзейныя асобы — алегарычныя персанажы, якія ўвасаблялі розныя дабрадзейнасці і заганы (Вера, Справядлівасць, Сквапнасць і інш.) і вялі барацьбу паміж сабой за душу чалавека. Сюжэты М., рэліг. па духу, але свецкія па форме, узнаўлялі пэўныя сітуацыі рэальнага жыцця, што адрознівала яе ад містэрыі і міракля. Шырока ўжывалася ў школьнай драме 18 ст.
т. 10, с. 104
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́РЧЫНСКІ ДАГАВО́Р 1689,
мірны дагавор паміж Рас. дзяржавай і маньчжурскім Кітаем (Цынскай імперыяй), які завяршыў рас.-маньчжурскі ваен. канфлікт 1680-х г. з-за прыналежнасці Прыамур’я. Падпісаны 6 вер. каля Нерчынскага астрога (цяпер г. Нерчынск Чыцінскай вобл., Расія). Вызначыў умовы развіцця мірных паліт., дыпламат. і гандл. адносін паміж Расіяй і Кітаем. Расія была вымушана адмовіцца на карысць маньчжураў ад тэр. Албазінскага ваяв. (у бас. р. Амур), але замацавала за сабой Усх. Сібір. Н.д. заменены Айгунскім дагаворам 1858 і Пекінскім трактатам 1860.
т. 11, с. 294
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)