ПАМІ́ЛАВАННЕ,
адмена або змякчэнне крымін. пакарання. З’яўляецца адным з асн. канстытуцыйных паўнамоцтваў кіраўніка дзяржавы амаль ва ўсіх краінах свету. Уяўляе сабой акт індывід. міласэрнасці да асобы, асуджанай судом за ўчыненне якога-н. (звычайна цяжкага) злачынства. Прымяненне П. можа быць матывавана па-рознаму (чыстасардэчнае раскаянне, проста з меркавання гуманнасці і інш.). Найчасцей у выніку П. найб. суровыя меры пакарання (напр., смяротная кара) замяняюцца на больш мяккія. З асобы, якая адбыла пакаранне, актам П. можа быць знята судзімасць. У Рэспубліцы Беларусь права П. належыць Прэзідэнту дзяржавы.
т. 12, с. 33
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)