Княства Ліхтэнштэйн (Fürstentum Liechtenstein), дзяржава ў Цэнтр. Еўропе, паміж Швейцарыяй і Аўстрыяй. Падзяляецца на 2 акругі (11 камун). Пл. 157 км². Нас. 31,4 тыс.чал. (1997). Сталіца — г.Вадуц. Афіц. мова — нямецкая. Нац. свята — Дзень нараджэння бацькі правячага князя (15 жн.).
Дзяржаўны лад. Л. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1921. Кіраўнік дзяржавы — наследны князь. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — ландтагу, 25 членаў якога выбіраюцца насельніцтвам на 4 гады. Выканаўчая ўлада належыць князю і створанаму пры ім ураду, які складаецца з 5 асоб.
Прырода. Л. знаходзіцца ў Альпах у бас. Верх. Рэйна. На ПдУ — масіў Рэтыкон (г. Граўшпіц, выш. 2599 м), на З — даліна р. Рэйн. Клімат умераны. Сярэдняя т-растудз. ў даліне Рэйна ад 0 °C да -5 °C, ліп. каля 18 °C. Ападкаў каля 700—1200 мм за год. Рэкі горныя, багатыя гідраэнергіяй. Каля 20% тэрыторыі пад лесам (елка, дуб, бук), каля 40% — пад альпійскімі і субальпійскімі лугамі. Некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва. 87,5% складаюць ліхтэнштэйнцы — народ блізкі да суседніх груп аўстрыйцаў, швейцарцаў і немцаў. Жывуць таксама швейцарцы, аўстрыйцы, італьянцы, туркі і інш. Сярод вернікаў пераважаюць католікі — 80%. Сярэднегадавы прырост 1%. Сярэдняя шчыльнасць 200 чал. на 1 км², большасць насельніцтва сканцэнтравана ў даліне Рэйна. У гарадах і гар. пасёлках жыве больш за 80% насельніцтва, у т. л. ў Вадуцы 5,1 тыс.ж. (1997). У прам-сці, гандлі і буд-ве занята 45% працаздольных, у сельскай і лясной гаспадарцы, садоўніцтве і рыбалоўстве — 2%, у абслуговых галінах — 53%. Больш за 6 тыс.чал. штодзённа прыязджаюць на працу ў Л. з Швейцарыі і Аўстрыі.
Гісторыя. У старажытнасці тэр.Л. насялялі кельты, у 15 ст. да н.э. яе заваявалі рымляне, якіх у 3 ст.н.э. выцеснілі адсюль алеманы (швабы). У 12 ст. тут узнікла феад. ўладанне Шэленберг, у 14 ст. — графства Вадуц, што ўвайшлі ў склад «Свяшчэннай Рымскай імперыі», потым сталі пратэктаратам імперыі Габсбургаў. У 1699 Шэленберг, у 1712 Вадуц прададзены аднаму з прыбліжаных аўстр. імператара з роду Ліхтэнштэйн. Датай утварэння дзяржавы лічыцца 15.8.1719, калі аб’яднаныя Шэленберг і Вадуц атрымалі статус княства. З 1806 Л. у складзе Рэйнскага саюза, у 1815—66 у Герм. саюзе. У 1868 урад распусціў армію (80 чал.) і абвясціў пастаянны нейтралітэт (захоўваўся і ў час 1-й і 2-й сусв. войнаў). У 1876—1918 Л. эканамічна цесна звязаны з Аўстра-Венгрыяй (агульная мытная і падатковая прастора). 5.10.1921 прынята сучасная канстытуцыя. З 1923 у эканам. і валютным саюзе з Швейцарыяй. У 1950—60-я г. актывізавалася прамысл. развіццё. З 1989 (фактычна з 1984) князь Л. — Ганс Адам II. На плебісцыце 1992 большасць выбаршчыкаў выказалася за ўступленне Л. ў еўрап.эканам. прастору. Дзейнічаюць партыя Айч. саюз, Прагрэс.грамадз. (бюргерская) партыя, экалагічная партыя Свабодны спіс (усе 3 партыі прадстаўлены ў парламенце), прафс. аб’яднанне Саюз працоўных і інш.Л. — чл. Савета Еўропы (з 1978), ААН (з 1990), Еўрап. асацыяцыі свабоднага гандлю (з 1991), Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў лют. 1992.
Гаспадарка. Л. — індустр. краіна, па выпуску прадукцыі на душу насельніцтва займае адно з першых месцаў у Еўропе. Штогадовы даход на 1 чал. — 23 тыс.дол. (1996). Найб. развіта прам-сць экспартнага кірунку. Прамысл. прадпрыемствы — пераважна філіялы швейц. фірм. Вытв-сць электраэнергіі 150 млн.кВтгадз (1997), у асн. на ГЭС. Развіта разнастайнае машынабудаванне (2/3прамысл. прадукцыі), у т. л. эл.-тэхн. і радыёэлектроннае прыладабудаванне, вытв-сць кацельнага абсталявання, штампаваных дэталей, высокатэхнал. металаапрацоўка, вытв-сць вакуумнай тэхнікі, электронных сістэм, мікрапрацэсараў. Ёсць асобныя прадпрыемствы тэкст., хім., фармацэўтычнай, гарбарнай, керамічнай, металаапр., дрэваапр. прам-сці. Сусветна вядомы выраб фарфоравых зубных пратэзаў. Найб. прадпрыемствы: прэсавых і штампаваных вырабаў (Эшэн), выліч. машын (Маўрэн), маш.-буд. з-ды (Бальцэрс, Шан, Вадуц). Ёсць вытв-сць фарбаў, лакаў і бялізны. Развіты вінаробства, піваварэнне, сыраробства. Здаўна развіта вытв-сць кафляных плітак і маст. керамікі (Нендэльн). У сельскай гаспадарцы пераважае дробнасялянскае землеўладанне (да 4—5 га). Пад ворывам каля 4 тыс.га, пад пашай каля 6,3 тыс.га. Гал. галіна — жывёлагадоўля (75% кошту с.-г. прадукцыі). Гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак, свіней. Земляробства пераважна ў даліне Рэйна. Вырошчваюць пшаніцу, кукурузу, бульбу, тытунь, кармавыя культуры, агародніну. Пладаводства і вінаградарства. Пчалярства. Многія сяляне сумяшчаюць заняткі сельскай гаспадаркай з працай у прам-сці і абслугоўваннем турыстаў. У сувязі з нізкім падаткам на капітал і адсутнасцю падатку на прыбытак Л. выбраны месцам рэгістрацыі больш як 40 тыс. замежных кампаній. Яны даюць трэць паступленняў у бюджэт краіны. Важнымі крыніцамі даходаў з’яўляюцца банкаўская і фін. справа, замежны турызм (86 тыс.чал. у 1995), санаторныя паслугі і выпуск паштовых марак. Асн. від транспарту — аўтамабільны. У краіне 250 км асфальтаваных аўтадарог, 14,8 тыс. легкавых і 1,5 тыс. грузавых аўтамабіляў. Тэр.Л. перасякае чыг. Вена—Парыж (18,5 км на тэр. краіны). У 1994 экспарт склаў 2,14 млрд.дол., імпарт — 852 млн. долараў. У экспарце пераважаюць прамысл. тавары, у імпарце — спажывецкія і харч. тавары, трансп. сродкі, сыравіна. Асн. знешнегандл. партнёр — Швейцарыя, з якой Л. у грашовай і мытнай уніі (15% экспарту, больш за 75% імпарту). Больш за 40% экспарту ідзе ў краіны Еўропы. Грашовая адзінка — швейцарскі франк.
Літ.:
Печников Б.А. Лихтенштейн — княжество на Рейне. М., 1986.
Ю.В.Бярэзіна (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.Я.Калаткоў (гісторыя).
Герб і сцяг Ліхтэнштэйна.Тыповы ландшафт у Ліхтэнштэйне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛТА́Й, Рэспубліка Алтай,
у складзе Расійскай Федэрацыі. Пл. 92,6 тыс.км². Нас. 192 тыс.чал. (1993): алтайцы, рускія, казахі і інш.; гар. насельніцтва 30%. Сталіца — г.Горна-Алтайск.
Прырода. Тэр. размешчана ў высакагорнай паўн.ч. Алтая (выш. да 4506 м, г. Бялуха). Горныя хрыбты (Катунскі, Курайскі, Паўн. і Паўд. Чуйскія) падзелены глыбока ўрэзанымі далінамі і шырокімі катлавінамі, т.зв. стэпамі (Абайскі, Уймонскі, Чуйскі і інш.). Клімат рэзка кантынентальны. Сярэднія т-ры студз. ад -12 да -32 °C, ліп. 9—18 °C. Ападкаў ад 100 мм (у катлавінах) да 1000 мм (на ПнЗ) за год. Буйныя рэкі Катунь і Бія; воз. Цялецкае. Значныя запасы электраэнергіі. Лесасплаў па р. Бія. Глебы пераважна горна-падзолістыя, у паўн.-зах.ч. на ніжніх схілах гор і ў далінах чарназёмныя. 25% тэр. займаюць горна-таежныя лясы з перавагай хвойных парод (сібірская лістоўніца, кедр, піхта), на выш. больш за 2000—2500 м субальпійскія і альпійскія лугі. Алтайскі запаведнік.
Гісторыя. На тэр. Алтая выяўлены стаянкі чалавека эпохі палеаліту (Улалінка, У-Кан). Праз Алтай праходзілі гуны, цюркскія плямёны, уйгуры, енісейскія кыргызы, каракітаі, манголы. З пач. 13 ст. ўваходзіў у манг. імперыю Чынгісхана, потым у склад розных феад. аб’яднанняў. Шчыльнасць насельніцтва была невялікая. Яно займалася качавой жывёлагадоўляй, паляваннем, арэхавым промыслам; панавалі патрыярхальна-феад. адносіны. З каланізацыяй Сібіры Расіяй плямёны алтайскіх жывёлаводаў пачалі прымаць рус. падданства. Гэты працэс узмацніўся ў час спусташальнай вайны 1755 паміж Маньчжурскімі правіцелямі Кітая і Айрацкім ханствам (Джунгарыяй), у склад якога ўваходзіў Алтай. Ратуючыся ад знішчэння, у 1756 алтайцы прынялі падданства Расіі. У студз. — сак. 1918 тут абвешчана сав. ўлада. У чэрв. 1918 Алтай заняты белагвардзейцамі, са жн. 1919 пачаўся партыз. рух супраць войскаў Калчака. У кастр. 1919 партызаны аб’ядналіся ў дывізію (больш за 18 тыс.чал.) з бальшавіцкім штабам (камандзір І.Я.Траццяк). У крас. 1920 устаноўлена сав. ўлада. 1.6.1922 у складзе РСФСР утворана Айроцкая аўт.вобл., перайменаваная ў 1948 у Горна-Алтайскую аўт.вобл., а яе цэнтр Айрот-Тура — у Горна-Алтайск. У 1993 Алтай абвешчаны Рэспублікай у складзе Рас. Федэрацыі.
Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці: лясная, дрэваапр., лёгкая (тэкст., гарбарная, абутковая), харч. (мясная, масларобная і інш.), вытв-сцьбуд. матэрыялаў, электраэнергетыка (будуюцца Чэмальская і Катунская ГЭС на р. Катунь). Асн. галіны сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля, авечкагадоўля, козагадоўля; гадуюць якаў, маралаў і плямістых аленяў. Пасевы кармавых і збожжавых культур у горных катлавінах і далінах буйных рэк (авёс, ячмень і інш.). Развіта пладаводства. Пчалярства. Пушны промысел. Асн. транспартная магістраль — Чуйскі тракт. Аэрапорт. Горнакліматычны і кумысалячэбны курорт Чэмал. Турызм (воз. Цялецкае, горна-лыжная траса даўж. 1500 м).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ЕЎСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ.
Размешчана на Пн Украіны. Утворана 27.2.1932. Пл. 28,9 тыс.км². Нас. 1,9 млн.чал. (1996, без г. Кіеў), гарадскога 54%. Цэнтр — г.Кіеў. Найб. гарады: Белая Царква, Бравары, Фастаў, Барыспаль, Ірпень, Васількоў, Пераяслаў-Хмяльніцкі, Ягацін (г. Прыпяць і шэраг гарадоў і сельскіх населеных пунктаў на Пн К.в., якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, поўнасцю адселены).
Прырода. Паверхня раўнінная. На Пн — Палеская нізіна, на У — Прыдняпроўская нізіна, на ПдЗ — адгор’і Прыдняпроўскага ўзв. (выш. да 273 м). Карысныя выкапні: буд. матэрыялы, торф, буры вугаль. Клімат умераны кантынентальны, з мяккай зімой і цёплым летам. Сярэдняя т-растудз. на Пн -6,5 °C, на ПдЗ -5,5 °C, ліп. адпаведна 17,5 °C і 20 °C. Ападкаў 500—600 мм за год. Гал.р. Дняпро з прытокамі Прыпяць, Цецераў, Ірпень, Рось (правыя), Дзясна, Трубеж, Супой (левыя). У межах К.в. частка Кіеўскага і Канеўскага вадасховішчаў. Глебы на Пн дзярнова-падзолістыя, на Пд чарназёмы і шэрыя ападзоленыя, у далінах рэк дзярнова-глеевыя і алювіяльныя. Пад лесам каля 20% тэрыторыі. На Пн хваёвыя лясы з дамешкамі бярозы і дуба, на Пд невял. масівы шыракалістых лясоў (дуб, граб, ліпа). Па рэках Дняпро, Дзясна, Ірпень, Цецераў значныя плошчы паплавоў. Залеская і Дняпроўска-Цецераўская запаведна-паляўнічыя гаспадаркі.
Гаспадарка. К.в. характарызуецца развітой апрацоўчай прам-сцю, 3/4 якой сканцэнтраваны ў Кіеве Буйная энергетычная база (Кіеўская ЦЭЦ, ГЭС і ГАЭС, Чарнобыльская АЭС, Трыпольская ДРЭС). Машынабудаванне спецыялізуецца на вытв-сці абсталявання для хім., лёгкай і харч. прам-сці, прыбораў, вылічальных сродкаў, с.-г. машын, суднаў, быт. тэхнікі (халадзільнікі, кандыцыянеры) і інш.З-д парашковай металургіі. Хім. і нафтахім. прам-сць выпускае шыны, гумава-тэхн. і гумава-азбеставыя вырабы, хім. валокны, фарбу, быт. хімію, пластмасы. Фармацэўтычная прам-сць. Развіта лёгкая прам-сць (швейная, тэкст., трыкат., гарбарна-абутковая). На харч.прам-сць (цукр., мукамольна-крупяная, спіртавая, плодакансервавая, мяса-малочная) прыпадае 1/3 аб’ёму валавой прадукцыі вобласці. Значнага развіцця дасягнулі дрэваапрацоўка і вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Здабыча граніту. Ёсць паліграф. камбінат. Маст. промыслы (вышыўка, ткацтва). Гал. галіна сельскай гаспадаркі — земляробства Пасяўная пл. займае больш за 1,5 млн.га. Асн. збожжавыя культуры — азімая пшаніца; сеюць жыта, ячмень, авёс, кукурузу, з тэхн. культур — цукр. буракі, сланечнік, лён-даўгунец. Вырошчваюць бульбу, агародніну. Пашырана садоўніцтва (пл. каля 60 тыс.га). Вял. масівы асушаных зямель. Малочна-мясная жывёлагадоўля. Пчалярства. Гал. від транспарту — чыгуначны, які звязвае Кв. з гарадамі Харкаў, Днепрапятроўск, Данецк, Львоў, Адэса, Сімферопаль, Масква, Мінск і інш.Даўж. аўтадарог 10,4 тыс.км. Суднаходства па рэках Дняпро, Дзясна, Прыпяць. Курорты: Ворзель, Белая Царква, Пушча-Вадзіца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЛО́ДЫЯ (ад грэч. melōdia спевы, напеў, песня, мелодыя),
асноўны выразны сродак музыкі, у якім у непарыўным адзінстве суіснуюць гукавышынны (уласна меладычны), рытмічны і ладавы бакі. Канкрэтныя мелодыі валодаюць таксама тэмбравай, рэгістравай, дынамічнай і агагічнай выразнасцю. Інтанацыйная прырода М. (гл.Інтанацыя) надае ёй нац., жанравую, часткова сац. характэрнасць, збліжае з чалавечай мовай, што выяўляецца ў гукавым вырашэнні, асэнсаванай расчлянёнасці на матывы («словы»), фразы і сказы, у яе змястоўнай і камунікатыўнай функцыях. Цэласнасць, пластычнасць і злітнасць М. як найважнейшага сэнсавага кампанента музыкі забяспечвае аб’яднанне ў ёй характэрных інтанацый (пытання, воклічу, сцвярджэння і інш.) з агульнымі формамі паступеннага меладычнага руху. Суадносіны гэтых момантаў вызначаюцца стылем і жанрам М., яе прыналежнасцю да пэўнага тыпу — рэчытатыўна-дэкламацыйнага, арыёзнага, кантыленнага. Вакальная першааснова М. (залежнасць ад дыхання і галасавога апарата) выяўляецца ў асаблівасцях яе структуры і дынамічнага разгортвання, уласцівых вак. і інстр. мелодыцы, розным стылям, жанрам і меладычным тыпам. Гэта — хвалевая будова («меладычнае дыханне») і натуральнае ўзмацненне дынамікі пры пераходзе ў верхні рэгістр, а пры зыходным руху і вяртанні ў першапачатковы рэгістр — яе аслабленне. Выразнасць канкрэтнай М. ў многім залежыць ад віду меладычнай хвалі (прамой ці зваротнай), яе працягласці, размяшчэння кульмінацыйнага пункта — у пачатку (т.зв. «вяршыня-крыніца», у высокай ступені ўласцівая ўсх.-слав. песеннасці), сярэдзіне або ў канцы хвалі, а таксама ад рытмічнай і ладавай арганізацыі, але перш-наперш ад інтанацыйнага зместу. У нар. і прафес. музыцы аднагалосая М. нярэдка выступае ў тэрцовых, секставых і інш. дубліроўках. У фальклоры найб. пашырана тэрцовая ўтора, у прафес. музыцы — разнастайныя акордавыя згушчэнні, што ўтвараюць свайго роду шматгалосую мелодыю. Роля М. неаднолькавая ў поліфаніі, гамафоніі, манодыі. У поліфаніі М. адначасова спалучаецца з інш. раўнапраўнымі ёй галасамі. У гамафонных творах М. — вядучы голас, утварае першы план на фоне гарманічнага суправаджэння. У манадычных стылях нар., стараж. культавай, класічнай музыкі народаў Усходу М. — адзіны і паўнацэнны носьбіт маст. зместу. Прафес. музыка 20 ст. характарызуецца выключнай разнастайнасцю меладычных стыляў, у якіх адлюстраваны заканамернасці архаічных фальклорных слаёў і сучасныя складаналадавыя, новамадальныя, дадэкафонныя і інш. структуры. У бел. музыказнаўстве асн. ўвага даследаванняў скіравана на выяўленне меладычных асаблівасцей бел.нар. музыкі і іх ператварэнне ў прафес. музыцы ў крыніцу нац. спецыфікі.
Літ.:
Мазель Л.А. О мелодии. М., 1952;
Ручьевская Е. Мелодия сквозь призму жанра // Критика и музыкознание. Л., 1980. Вып. 2;
Корчмар Л.О. Учение о мелодии в XVIII в. // Вопросы теории музыки. М., 1970. Вып. 2;
Арановский М.Г. Синтаксическая структура мелодии. М., 1991;
Елатов В.И. Мелодические основы белорусской народной музыки. Мн., 1970;
Титова Т.А. О современных аспектах термина «мелодия» // Вопросы методологии современного музыкознания. М., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАТУРАЛІ́ЗМ (франц. naturalisme ад лац. natura) у літаратуры і мастацтве, літаратурна-мастацкі кірунак, які характарызуецца свядомай устаноўкай на аб’ектывізм і біялагізм, адмовай ад сац. аналізу рэчаіснасці або схільнасцю да выяўлення вонкавых, эмпірычных фактаў жыцця без маст. абагульнення. маральна-эстэт. ацэнкі і без пранікнення ў іх духоўную сутнасць. На розных этапах развіцця маст. культуры Н. выявіўся як схільнасць да капіравання жыцця, рэпартажу без маст. адбору і тыпізацыі (натуралістычныя элементы ў познарымскім выяўл. мастацтве, у жывапісе, л-ры, т-ры 19—20 ст.). Як асобны кірунак са сваёй праграмай (адмова ад выразнай ацэнкі быцця і мастацтва ў дыяпазоне палярных эстэт. катэгорый) аформіўся ў франц. л-ры 2-й пал. 19 ст. пад уплывам філасофіі пазітывізму (А.Конт, І.Тэн і інш.), эвалюцыйнай тэорыі ў прыродазнаўстве. На думку яго тэарэтыка Э.Заля, задача мастацтва — даследаваць жыццё з той жа дакладнасцю і аб’ектыўнасцю, як гэта робіць навука. У творчасці прадстаўнікоў гэтай плыні (Заля, Г.Флабер, Гі дэ Мапасан, А.Дадэ, браты Ганкур і інш.) Н. аказаўся маст. прыёмам у рэаліст. аналізе жыцця. Руская натуральная школа ў л-ры (В.Бялінскі, М.Гогаль, І.Тургенеў, Дз.Пісараў, М.Салтыкоў-Шчадрын і інш.) была этапам станаўлення крытычнага рэалізму. Пазней натуралістычная плынь выявілася ў прозе П.Бабарыкіна, А.Пісемскага, Дз.Маміна-Сібірака, М.Арцыбашава, у сав. л-ры — Б.Пільняка, Ф.Панфёрава і інш. пісьменнікаў, у познім акад. жывапісе. Дасягненні натуралістычнай школы мастацтва — набліжэнне мастацтва да навукі, майстэрства бытапісання, аналіз сац. структуры грамадства, залежнасці чалавека ад матэрыяльных умоў жыцця, выяўленне кантрастаў багацця і беднасці, класавых супярэчнасцей, дэмакр. тэндэнцыі ў л-ры, інш. відах мастацтва. Сучасная масавая культура, тыражаваная сродкамі кінематографа і відэатэхнікай, страціла пазітыўныя набыткі традыц. Н., у ёй дамінуе арыентацыя на агіднае, нізкае і камічнае, адбываецца парадаксальнае спалучэнне натуралістычнага бытапісальніцтва з прыёмамі сюррэалізму, плыняў постмадэрнізму.
У бел. мастацкай культуры Н. не аформіўся ў асобную плынь, несумяшчальную з яе арыентацыяй на дэмакр. асветніцтва і рамантычныя ідэалы дзярж. і духоўнага адраджэння нацыі. Па аналогіі з негатыўнымі рысамі Н. могуць ацэньвацца недахопы ранняй бел. паэзіі, тэатр. і выяўл. мастацтва (блізкасць вобразнай сістэмы да эмпірычных форм быцця, этнаграфізм, павярхоўнае бытапісанне), якія абумоўлены супярэчнасцямі станаўлення маст. прафесіяналізму. Інш.прырода натуралістычных тэндэнцый у л-ры і інш. відах бел. мастацтва перыяду 1930—50-х г.: яны з’явіліся пад націскам вульгарна-сацыялагічнай крытыкі, дагматычнай ідэалогіі і рэпрэсіўнай палітыкі. У апошнія гады натуралістычныя тэндэнцыі выявіліся ў адыходзе некат. пісьменнікаў, мастакоў, рэжысёраў ад значных грамадскіх праблем, тэматычным абмежаванні творчасці вузка-прымітыўнымі сферамі мяшчанскага побыту.
Літ.:
Давид-Соважо А. Реализм и натурализм в литературе и искусстве: Пер. с фр.М., 1891;
Тагер Е.Б. Проблемы реализма и натурализма // Русская литература конца XIX — начала XX в. М., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРУ́НДЗІ (Burundi),
Рэспубліка Бурундзі (République du Burundi), дзяржава ва Усх. Афрыцы. Мяжуе на Пн з Руандай, на У і Пд з Танзаніяй, на З з Заірам, на ПдЗ абмываецца водамі воз. Танганьіка. Падзяляецца на 15 правінцый. Пл. 27,8 тыс.км². Нас. 6,026 млн.чал. (1993). Сталіца — г.Бужумбура. Афіц. мова кірундзі і франц., пашырана мова суахілі. Нац. свята — Дзень незалежнасці (1 ліп.).
Дзяржаўны лад. Бурундзі — рэспубліка. Паводле канстытуцыі 1992 кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца ўсеагульным галасаваннем тэрмінам на 5 гадоў. Заканадаўчую ўладу ажыццяўляе аднапалатны парламент (Нац. асамблея), выканаўчую — урад на чале з прэм’ер-міністрам, які фарміруе прэзідэнт.
Прырода. Амаль уся краіна занята пласкагор’ем (выш. 1500—200 м), падзеленым некалькімі глыбокімі далінамі, складзеным гал.ч. з дакембрыйскіх крышт. і метамарфічных парод. Зах. край яго — мерыдыянальны хрыбет выш. 2000—2600 м. Асобныя невысокія горы ёсць на У. На крайнім З тэр. Бурундзі ўваходзіць ва Усх.-Афр. рыфтавую зону. Карысныя выкапні: золата, уран, волава, кобальт, медзь, вальфрам, берыліевая руда, касітэрыт, торф і інш. Клімат субэкватарыяльны, умерана вільготны, акрамя сухога сезона (чэрв.—вер.), у паніжаных раёнах гарачы (у Бужумбуры на выш. каля 780—800 м над узр. м. сярэднямесячныя т-ры паветра 23—25 °C), на выш. 1500—2000 м (б.ч. краіны) умерана цёплы (сярэднямесячныя т-ры паветра 15—20 ºС). Ападкаў ад 800—1000 мм да 1400—1600 мм за год. Больш як палавіна тэр. краіны належыць да бас. вытокаў р. Ніл (рэкі Рувуву і Аканьяру), на З рэкі ўпадаюць у воз. Танганьіка (бас.р. Конга). Прыродныя трапічныя лясы амаль усе вынішчаны (займаюць 2% тэр.), пераважаюць паўторныя саванны і культ. расліннасць. Нац. паркі: Ківіра, Рузізі, Рувуву; некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва. Больш за 98% складае народнасць барундзі, належыць да групы паўн. банту. Этнасацыяльна яна падзяляецца на групы жывёлаводаў-тутсі (каля 14%), земляробаў-хуту (каля 85%) і пігмеяў-тва (каля 1%). Жывуць таксама еўрапейцы (пераважна бельгійцы), выхадцы з Паўд. Азіі (у асн. індыйцы). Каля 67% вернікаў — хрысціяне, у т. л. 62% католікаў, 5% пратэстантаў, 32% прытрымліваюцца мясц.традыц. вераванняў, ёсць мусульмане (каля 1%). Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва адна з самых высокіх у Афрыцы — 216,8 чал. на 1 км². У гарадах жыве каля 15% насельніцтва. Найб. з іх (1993, тыс.ж.): Бужумбура — 300, Гітэга — 101,8, Муінга — 79,3, Нгозі — 74,2.
Гісторыя. Тэр. Бурундзі заселена чалавекам у эпоху палеаліту. У пач. 1-га тыс.н.э. тут з’явіліся земляробчыя бантумоўныя плямёны хуту, у 12—13 ст. — качэўнікі-жывёлаводы тутсі. Заснаваная ў 17 ст. тутсі-бурундзійская дзяржава на чале з мвамі (каралём) пасля заключэння Гельгаландскага дагавора 1890 паміж Германіяй і Вялікабрытаніяй аб падзеле сфер уплыву ва Усх. Афрыцы стала аб’ектам герм. каланізацыі. Разам з суседняй Руандай Бурундзі, кароль якой супраціўляўся каланізацыі да 1903, у 1908—12 аб’яднаны ў адзіную калан.тэр. пад назвай Руанда-Урундзі. Апошняя ў 1-ю сусв. вайну акупіравана войскамі Бельгіі (1916), у 1923 паводле рашэння Лігі Нацый перададзена ёй у падмандатнае кіраванне, у 1946 прызнана ААН падапечнай тэр. Бельгіі. З канца 1950-х г. узмацніўся нац.-вызв. рух бурундзійцаў, якім кіравала Партыя адзінства і нац. прагрэсу на чале з Л.Рвагасорэ (забіты ў 1961). 27.6.1962 спец. сесія ААН ліквідавала бельг. апеку над Руанда-Урундзі. 1.7.1962 абвешчана незалежнасць Каралеўства Бурундзі. Пасля ваен. перавароту 1966, які прывёў да звяржэння манархіі і ўстанаўлення рэспублікі, краінай кіравалі ваенныя (перавароты 1976, 1987). Паліт. і сац. нераўнапраўе этнічна пераважных хугу ў параўнанні з кіруючай меншасцю тутсі выклікала крывавыя сутыкненні паміж імі (1972, 1988). У 1991 прэзідэнт маёр П.Буёя распачаў працэс дэмакратызацыі краіны. У 1993 прэзідэнтам рэспублікі ўпершыню выбраны хуту М.Ндадзье (забіты афіцэрамі-тутсі ў кастр. 1993). Этн. канфлікты спарадзілі праблему бежанцаў (каля 700 тыс.чал. у 1994). З 1994 прэзідэнт рэспублікі хуту С.Нтыбантунганья, кіраўнік урада тутсі А.Ндуваё. У выніку перавароту 1996 кіраўніком дзяржавы зноў стаў П.Буёя. Дзейнічаюць Фронт за дэмакратыю ў Бурундзі, Партыя адзінства за нац. прагрэс, Партыя народа, Аб’яднанне за дэмакратыю і сац.-эканам. развіццё, Канфедэрацыя свабодных прафсаюзаў Бурундзі і інш. Бурундзі — член ААН з 1962, Арг-цыі афр. адзінства і інш.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — сельская гаспадарка, у якой занята 93% насельніцтва (у прам-сці і гандлі 1,5%). Апрацоўваецца 43% тэр. краіны, у т. л. 2,6% арашаецца, пад лугамі і пашай 35%. Пераважае матычнае земляробства. Вырошчваюць бананы, маніёк, батат, бульбу, фасолю, кукурузу, сорга, проса, рыс, арахіс, тытунь. Пасадкі алейнай пальмы. Гал. экспартныя прадукты: высакаякасная кава гатунку арабіка (збор 30—45 тыс.т штогод), бавоўна (6—7 тыс.т), чай (2—3 тыс.т), кара хіннага дрэва. Жывёлагадоўля экстэнсіўнага кірунку, адсталая. Гадуюць буйн. раг. жывёлу — каля 1 млн. галоў (1990), авечак, козаў. Рыбалоўства ў воз. Танганьіка (каля 10 тыс.т штогод). У прам-сці пераважаюць прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. сыравіны (кавы, чаю, бавоўны, рысу і інш.). Прадпрыемствы: піваварныя, безалкагольных напіткаў, цукр., малочныя, мукамольныя, алейныя, мылаварныя, гарбарныя; цэментныя, цагельныя, лесапільныя з-ды, тэкст., сеткавязальная, коўдравая і абутковая ф-кі. Дробныя ЦЭС і ГЭС, б.ч. электраэнергіі Бурундзі атрымлівае з Заіра. Невял. здабыча золата, алавянай і танталаніобіевых руд. Традыц. рамёствы. Транспарт пераважна аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 5,9 тыс.км, у т. л. 400 км з цвёрдым пакрыццём. Знешні гандаль ідзе пераважна па воз. Танганьіка паміж партамі Бужумбура і Кігома (Танзанія). 5 аэрапортаў, у т. л.міжнар. ў Бужумбуры. Экспарт: кава (больш за 80% па кошце), бавоўна, чай, скуры. Імпарт: прамысл., харч. і спажывецкія тавары, нафтапрадукты. Асн.гандл. партнёры: ЗША, Бельгія, ФРГ, Японія. Некат. ролю ў гандл. балансе краіны адыгрываюць грашовыя пераводы бурундзійцаў, якія працуюць у суседніх краінах, найб. у горнай прам-сці Заіра. Грашовая адзінка — бурундзійскі франк.
Літ.:
Соколова Р.Б. Республика Бурунди: Справ. М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМА́Н, Султанат Аман,
дзяржава на Б. Усходзе, займае паўд.-ўсх.ч. Аравійскага п-ва. Тэр. дзяржавы выцягнутая з ПдЗ на ПнУ на 940 км. Абмываецца водамі Аравійскага м. Мяжуе з Йеменам, Саудаўскай Аравіяй і Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі; граніцы на З праходзяць па пустыні і выразна не акрэслены. Абсалютная манархія. У адм. адносінах падзяляецца на 6 раёнаў і 59 губернатарстваў. Пл. 212,4 тыс.км. Нас. 1,9 млн.чал. (1994). Афіц. мова арабская, дзярж. рэлігія іслам. Сталіца — г.Маскат. Нац. свята — Дзень нараджэння султана Кабуса (18 ліст.).
Прырода. Тэр. Амана займае ўскраіну плато Аравійскага п-ва з гарамі Хаджар (найвыш. пункт краіны г. Шам, 3353 м) на ПнУ. На ПдЗ плато Дафар з гарамі Кара. Уздоўж Аманскага заліва вузкая (40—50 км) прыбярэжная нізіна Эль-Батына. У цэнтры — усх. ўскраіна пустыні Руб-эль-Халі. Карысныя выкапні: нафта (запасы 575 млн.т), прыродны газ (283 млрд.м³), медная (20 млн.т) і хромавая (2 млн.т) руды; ёсць каменны вугаль, вапняк, мармур, падземныя воды, невял. запасы свінцу, золата, серабра. Клімат трапічны, гарачы і сухі. Сярэдняя т-ра паветра ў студз. каля 21 °C, у ліп. 32 °C. Ападкаў на раўнінах каля 125 мм, у гарах да 500 мм за год, выпадаюць пераважна летам. Пастаянных рэк няма, ёсць вадзі. Пераважае пустынная і паўпустынная расліннасць, у гарах участкі саваннаў, лістападных трапічных лясоў. У аазісах фінікавыя і какосавыя пальмы, аліўкавыя дрэвы. Сярод жывёл — газелі, ліс, шакал, зайцы, тушканчыкі, яшчаркі, змеі.
Насельніцтва. Больш як 90% арабы, жывуць таксама персы, індусы, выхадцы з Усх. Афрыкі. Большая палавіна насельніцтва аселая, сканцэнтравана ў Эль-Батына і вакол Маската, ва ўнутр. раёнах і на ПдЗ — качавое і паўкачавое. Шчыльнасць 8,9 чал. на 1 км². Пераважае сельскае насельніцтва (каля 89%). Найб. гарады: Маскат, Эль-Матрах, Эс-Сахар, Назва, Салала.
Гісторыя. Ёсць звесткі, што ў 4—3-м тыс. да н.э. насельніцтва на тэр. Амана мела флот і займалася пасрэдніцтвам у гандлі паміж краінамі бас. рэк Ніл, Тыгр, Еўфрат і Інд. У 7—11 ст.тэр. Амана некалькі разоў уключалася ў склад Арабскага халіфата. У сярэдзіне 8 ст. аманскія плямёны аб’ядналіся вакол імама, якому належала духоўная і свецкая ўлада. Незалежны імамат Амана з перапынкамі існаваў да канца 18 ст. У пач. 16 ст. прыбярэжнай ч. Амана завалодалі партугальцы, у 1730-я г. заваявалі персы. З 2-й пал. 18 ст. Аман — аб’ект барацьбы паміж Англіяй, Францыяй і вахабітамі. На пач. 19 ст. кантроль над паўд.-ўсх.ч. Аравійскага п-ва ўстанавіла Англія. Тэр. Амана была падзелена на імамат Амана, султанат Маскат і т.зв. Пірацкі бераг (з 1853 Аман Дагаворны). У 1891 над Маскатам устаноўлены брыт. пратэктарат. Імамат Амана заставаўся незалежны. Яго кіраўнікі выступалі за ліквідацыю залежнасці Маската ад Англіі і ўз’яднанне краіны, што прывяло да ўзбр. канфліктаў паміж абодвума бакамі. Паводле Сібскага дагавора 1920 англ. ўлады і султан Маската прызналі імамат Амана незалежнай дзяржавай. У 1955, парушыўшы дагавор, англа-маскацкія войскі ўвайшлі на тэр. Амана і да 1959 акупіравалі большую яго частку; правіцелем Амана стаў султан Маската Саід бен Тэймур. У выніку дзярж. перавароту з ліп. 1970 на чале Амана стаў султан Кабус бен Саід. Са жн. 1970 краіна мае назву Султанат Аман. У вер. 1971 Аман прыняты ў Лігу арабскіх краін, у кастр. — у ААН. Супрацоўнічае з ЗША, падтрымлівае цесныя сувязі з Вялікабрытаніяй. Аман быў пасрэднікам ва ўрэгуляванні ірана-іракскай вайны 1980—88, з’яўляецца прыхільнікам стварэння бяз’ядзерных зон у розных ч. свету. Выступае за захаванне на сучасным этапе замежных войскаў у Персідскім заліве. Мае пагадненне з ЗША аб ваен. супрацоўніцтве.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — здабыча (38 млн. т., 1993) і экспарт (праз порт Міна-эль-Фахль каля Маската) нафты; дае каля 70% валавога ўнутр. прадукту (у 1992 ацэньваўся ў 10,4 млрд.амер.дол., штогадовы прырост да 13%) і больш за 90% паступленняў цвёрдай валюты. Гадавая магутнасць нафтаперапр. з-даў 3 млн. т. Разведку і здабычу нафты ажыццяўляюць змешаныя кампаніі (60% капіталаў ва ўрада Амана, 40% у зах.-еўрап. фірмаў). Прыродны газ (гадавая здабыча 2,8 млрд.м³) выкарыстоўваецца ў энергетыцы, працуюць з-ды па звадкаванні газу. Ёсць дзярж. прадпрыемствы: медзеплавільны з-д у г. Эс-Сахар, нафтаперапрацоўчы ў Маскаце, цэментны ў Русаі. Развіты рыбалоўства, буд.прам-сць, саматужныя промыслы (апрацоўка скур, прадзенне, ткацтва, вытв-сць ювелірных вырабаў, халоднай зброі, прадметаў хатняга ўжытку, перапрацоўка фінікаў). Сельская гаспадарка дае 3% валавога ўнутр. прадукту (у ёй занята 42% насельніцтва, разам з рыбалоўствам). Для земляробства прыдатныя 0,2% плошчы краіны, 4,7% пад пашай. Найб. асвоены Эль-Батына, прыбярэжная раўніна Дафара і вадзі ўнутр. раёнаў. Земляробства аазіснае, са штучным арашэннем. Гал. культура — фінікавая пальма (50% апрацаваных зямель). Вырошчваюць проса, кукурузу, ячмень, пшаніцу, траву альфу (ідзе на выраб паперы і тканін), гародніну, тытунь, лімоны, апельсіны, манга, бананы, вінаград, какосавыя арэхі. Увозіцца збожжа. Жывёлагадоўля экстэнсіўная. Бедуіны-качэўнікі гадуюць авечак, козаў, вярблюдаў. Асн. транспарт — марскі і аўтамабільны, сувязь з унутр. раёнамі — па караванных шляхах. Асн. парты Міна-Кабус, Райсут, Маскат, Эль-Матрах. Аўтамагістралі злучаюць Аман з Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі. Даўж. аўтадарог каля 23 тыс.км, нафтаправодаў 800 км, газаправодаў 350 км. Міжнар. аэрапорты ў Эс-Сіб (прыгарад Маската) і Салале. Экспарт (4,9 млрд.амер.дол., 1991) — пераважна нафта, імпарт (3 млрд.амер.дол., 1991) — машыны і трансп. сродкі, змазачныя матэрыялы, прадукты харчавання. Буйнейшыя гандл. партнёры: Вялікабрытанія, ЗША, Японія, ААЭ, Паўд. Карэя, Сінгапур. Грашовая адзінка — аманскі рыял.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМО́РСКІЯ АСТРАВЫ́ (Comores),
Федэральная Ісламская Рэспубліка Каморскія Астравы (франц. République Fédérale et Islamique des Comores, араб. Джумхурыя аль-Кумур аль-Ітадыя аль-Ісламія), дзяржава на З астравах з групы Каморскіх а-воў у Індыйскім ак. каля паўн. ўвахода ў Мазамбікскі праліў. Складаецца з 3 федэральных акруг. Пл. 1862 км². Нас. 589,8 тыс.чал. (1997). Сталіца — г. Мароні (в-аў Нгазіджа). Афіц. мовы — французская і арабская. Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнасці (6 ліп.).
Дзяржаўны лад. К.А. — ісламская рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1996. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва тэрмінам на 6 гадоў. Заканад. орган — Федэральная асамблея (38 членаў, выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў). Выканаўчая ўлада належыць Кабінету міністраў на чале з прэм’ер-міністрам, якіх назначае прэзідэнт. Мясц. органы ўлады — губернатары астравоў (выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў) і саветы астравоў (выбіраюцца насельніцтвам на 4 гады).
Прырода. А-вы Нгазіджа (Гранд-Камор, пл. 1146 км²), Нджуані (Анжуан, пл. 424 км²) і Мвалі (Махелі, пл. 290 км²) вулканічнага паходжання, складзены з базальтаў, трахітаў, фаналітаў, абкружаны каралавымі рыфамі. Цэнтр.ч. кожнага вострава занята слабарасчлянёным горным вулканічным масівам, на ўзбярэжжах — невял. нізіны. Шмат дзеючых вулканаў. Вышэйшы вулкан Картала (2560 м) на в-ве Нгазіджа апошні раз вывяргаўся ў 1977. Бываюць землетрасенні. Клімат трапічны мусонны, гарачы і вільготны. Сярэднія месячныя т-ры паветра вагаюцца ад 24 да 27 °C. Ападкаў за год ад 1100 мм у цэнтр. частцы а-воў да 3000 мм на наветраных схілах. Порыстыя вулканічныя грунты і глебы прапускаюць ваду; рэк і ручаёў няма. Ёсць некалькі невял. прэсных азёр у кратэрах нядзеючых вулканаў. У раслінным і жывёльным свеце шмат эндэмікаў. У верхніх частках схілаў — трапічныя лясы з дрэвападобнымі папарацямі, ліянамі, ніжэй — участкі саваннаў і хмызнякі. Пад лесам і хмызнякамі 17% тэрыторыі. Мора багатае рыбай.
Насельніцтва. Больш за 75% складае народ анталаутра (каморцы) — змешаная этнічная група нашчадкаў малагасійцаў, арабаў і афрыканцаў. Ёсць нядаўнія выхадцы з Афрыкі і Мадагаскара (па 5%), арабы з Амана і Йемена (7%), выхадцы з Індыі (3%), малайцы (2%), еўрапейцы (пераважна французы, грэкі, італьянцы) і інш. Амаль усе вернікі мусульмане-суніты. Сярэдняя шчыльн. 317 чал. на 1 км², на в-ве Нгазіджа больш за 400 чад., на в-ве Мвалі каля 100 чал. на 1 км². У гарадах жыве 31% насельніцтва, у г. Мароні 30 тыс.ж. (1992). Каля 80% насельніцтва занята ў сельскай гаспадарцы і рыбалоўстве.
Гісторыя. Ісламізаваны з 11 ст. У 1503 адкрыты партугальцамі. З сярэдзіны 19 ст. — уладанне Францыі (з 1843 — в-аў Маёта. з 1866 — астатнія астравы), з 1886 пратэктарат, з 1912 калонія (у 1914—16 адміністрацыйна падпарадкавана Мадагаскару). У 1947 атрымалі адм. аўтаномію (статус «заморскай тэр.» Францыі), пацверджаную на рэферэндуме 1958, у 1962 — шырокую ўнутр. аўтаномію. На рэферэндуме 1974 жыхары архіпелага (за выключэннем в-ва Маёта, дзе пражывае хрысц. насельніцтва) выказаліся за незалежнасць (абвешчана 6.7.1975). Прэзідэнтам стаў А.Абдала. У 1976 незалежнасць К.А. прызнала Францыя (Маёта па выніках рэферэндуму 1976 засталася ў яе ўладанні). У 1976—78 улада ў краіне належала Ваен.-паліт. дырэкторыі. У 1978 у выніку дзярж. перавароту прэзідэнтам зноў стаў Абдала; прынята новая канстытуцыя, абвешчана Федэральная Ісламская Рэспубліка Каморскія Астравы. У ліст. 1989 прэзідэнт Абдала забіты. Кіраўніком дзяржавы ў сак. 1990 выбраны С.М.Джахар. У вер. 1995 пасля спробы дзярж. перавароту, зробленай замежнымі наёмнікамі, Джахар пакінуў пасаду. У кастр. 1996 на архіпелаг уведзены франц. войскі, якія прымусілі кіраўнікоў перавароту здацца. У сак. 1997 прэзідэнтам выбраны М.Такі Абдул-Карым. К.А. — чл.ААН (з 1975). Дзейнічаюць партыі Каморскі саюз за прагрэс, Нац. саюз за дэмакратыю на Каморах, апазіцыйная Форум за нац. вызваленне і інш.
Гаспадарка. К.А. — слабаразвітая агр. краіна. Валавы ўнутр. прадукт у 1994 склаў 370 млн.дол. ЗША. Доля ў ім сельскай і лясной гаспадаркі, рыбалоўства каля 40%, прам-сці каля 4%. На 1 чал. ў год прыпадае каля 630 дол. ЗША. Асн. галіна — земляробства, спецыялізуецца на вытв-сці экспартных культур. Апрацоўваецца каля 42% тэрыторыі, пад пашай і лугамі каля 7%. Гал. культуры: эфіраалейныя (цытранэла, іланг-іланг, лімонная мята, базілік, язмін і інш.) — збор каля 50—100 т у год, ваніль — каля 1000 т, гваздзіка — каля 1200 т. Па зборы гэтых культур краіна займае 1—2-е месца ў свеце. Вырошчваюць какосавую пальму (каля 60 тыс.т какосавых арэхаў штогод), бананы, каву, какаву, цукр. трыснёг, сізаль, ананасы. 3 харч. культур найб. значэнне маюць маніёк, ямс, кукуруза, батат, рыс, агародніна. Гадуюць буйн. раг. жывёлу (каля 50 тыс. галоў), коз (каля 60 тыс. галоў), авечак, аслоў. Птушкагадоўля. Рыбалоўства (каля 5 тыс.т рыбы і морапрадуктаў штогод). Нарыхтоўка драўніны. Вытв-сць электраэнергіі 17 млн.кВт∙гадз (1995). Здабыча вулканічнага туфу (пуцалану) і выраб цэменту (в-аў Нгазіджа). Прадпрыемствы: тэкст., мылаварныя, дрэваапр., па вытв-сці безалкагольных напіткаў, быт. і харч. тавараў, эфірных алеяў, экстрактаў з ванілі, язміну і інш. Развіты разнастайныя саматужныя рамёствы, асабліва ганчарства. Транспарт аўтамаб. і марскі. Гал. порт — Мароні, паблізу міжнар. аэрапорт. Экспарт — 13,7 млн.дол., імпарт — 40,9 млн.дол. (1993). Дэфіцыт часткова кампенсуецца дапамогай міжнар. арг-цый, араб. нафтаздабыўных краін, Францыі, паступленнямі ад каморцаў, што працуюць за мяжой. У экспарце пераважаюць ваніль. гваздзіка, эсенцыя іланг-ілангу, копра, у імпарце — нафтапрадукты, харч. тавары, машыны і абсталяванне. Асн.гандл. партнёры: Францыя, ЗША, Германія, Кітай. Грашовая адзінка — каморскі франк.
І.Я.Афнагем (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Герб і сцяг Каморскіх Астравоў.Да арт.Каморскія астравы. Возера ў кратэры вулкана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ТАР, Дзяржава Катар, дзяржава ў Паўд.-Зах. Азіі, на п-ве Катар. На З, Пн і У абмываецца Персідскім зал., на Пд мяжуе з Саудаўскай Аравіяй і Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі. Пл. 11,4 тыс.км². Нас. 665,5 тыс.чал. (1997). Дзярж. мова — арабская. Дзярж. рэлігія — іслам. Сталіца — г.Доха. Падзяляецца на 9 акруг. Нац. свята — Дзень незалежнасці (3 вер.).
Дзяржаўны лад. К. — абсалютная манархія. Дзейнічае часовая канстытуцыя 1970. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — эмір. Функцыі выканаўчай улады ажыццяўляе ўрад, пасаду прэм’ер-міністра займае эмір. Парламент адсутнічае. Для аказання дапамогі ўраду створаны кансультатыўны савет (35 членаў).
Прырода. Паверхня нізінная (выш. да 56 м). На Пн — пясчаныя дзюны, сярэдняя частка — камяністая галечнікавая пустыня з саланчакамі, на Пд — пясчаныя ўзгоркі. Радовішчы нафты (на сушы і ў тэр. моры, больш за 500 млн.т) і прыроднага газу (каля 20 трлн. м³). Есць паклады буд. матэрыялаў, цэм. сыравіны, серы. Клімат кантынентальны, трапічны. Сярэдняя т-растудз. каля 16 °C, ліп. каля 32 °C. Гадавая сума ападкаў ад 55 мм (на Пд) да 125 мм (на Пн), выпадаюць у ліст.—маі. Пастаянных рэк няма, шмат сухіх рэчышчаў (вадзі). Пераважаюць пустынныя ландшафты, месцамі зараснікі пустынных хмызнякоў і паўхмызнякоў: акацый, тамарыскаў, астрагалаў. З жывёл трапляюцца дробныя пустынныя паўзуны і грызуны. Зімой з Аравіі заходзяць газелі. Мора багатае рыбай, крэветкамі, жамчужнымі ракавінамі.
Насельніцтва. Катарскія арабы складаюць каля 20%, арабы (выхадцы з інш.араб. краін) — 20%, пакістанцы і індыйцы — па 18%, іранцы — 10%. Ёсць групы еўрапейцаў (найб. англічан), амерыканцаў, афрыканцаў (пераважна нашчадкаў неграў-рабоў) і інш. У карэнных жыхароў захаваўся падзел на плямёны. Ва ўнутр. раёнах качуюць групы бедуінаў. Сярэднегадавы прырост каля 1,7%. Сярэдняя шчыльн. каля 58 чал. на 1 км². Каля 90% насельніцтва сканцэнтравана ў г. Доха і яе прыгарадах. Гар. насельніцтва складае каля 80%. Найб. гарады: Доха — 313,6 тыс.ж. (1992), Духан, Ум-Саід. У прам-сці і буд-ве занята 25% рабочай сілы, у абслугоўванні — 51%, астатнія — у сельскай гаспадарцы, транспарце, марскіх промыслах і інш.
Гісторыя. Першае ўпамінанне пра К. адносіцца да 1 ст.н. э. (рым. пісьменнік Пліній Старэйшы). К. неаднаразова заваёўваўся Сасанідамі, у 7 ст. ўключаны ў склад Араб. халіфата. Пасля яго распаду (10 ст.) у складзе дзяржавы карматаў. У 13—14 ст. пад уладай эміраў Бахрэйна, у пач. 16 ст. разам з Бахрэйнам захоплены партугальцамі, пазней — туркамі-асманамі. З 17 ст. К. — аб’ект барацьбы паміж Іранам, Турцыяй, правадырамі араб. плямён, правіцелямі Амана і Саўдыдамі. У канцы 19 ст. ўвесь К. аб’яднаўся пад уладай дынастыі Тані. У 1868 К. навязала нераўнапраўны дагавор Вялікабрытанія. У 1871 акупіраваны войскамі Асманскай імперыі. У 1914 Турцыя адмовілася ад улады над К. на карысць Вялікабрытаніі. Апошняя ў 1916 навязала К. пагадненне, паводле якога ён абвешчаны пад брыт. пратэктаратам. Тут уладарыў род Тані, пытанні знешняй палітыкі і абароны вырашаў брыт. ўрад. У 1968 К. разам з Бахрэйнам і інш. эміратамі намагаўся стварыць Федэрацыю араб. эміратаў Перс. заліва. У 1970 прынята часовая канстытуцыя К., 1.9.1971 ён абвешчаны незалежнай дзяржавай. У 1979 К. разарваў дыпламат. адносіны з Егіптам (пасля заключэння егіп.-ізраільскага мірнага дагавора), якія былі адноўлены ў 1987. К. аказаў дапамогу Іраку ў час ірана-іракскай вайны 1980—88, але ў 1990 асудзіў іракскую анексію Кувейта. У 1992 урэгуляваны тэр. спрэчкі з Саудаўскай Аравіяй, аднак застаюцца нявырашанымі супярэчнасці з Бахрэйнам па пытанні 14 астравоў каля катарскага ўзбярэжжа. К. — чл.ААН і Лігі араб. дзяржаў (з 1971), Арг-цыі Ісламская канферэнцыя, Арг-цыі краін-экспарцёраў нафты (АПЕК). Дзейнасць паліт. партый і прафсаюзаў забаронена.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — здабыча нафты і прыроднага газу (да 95% даходаў краіны). Валавы ўнутр. прадукт 10,7 млрд.дол. (1994), каля 20 тыс.дол. на 1 чал. Здабычу (каля 20 млн.т штогод) і збыт нафты праводзіць дзярж.Ген. нафтавая карпарацыя. Асн. цэнтр здабычы — г. Духан. Агульныя магутнасці прадпрыемстваў па перапрацоўцы нафты складаюць 3,5 млн.т нафтапрадуктаў за год. Здабыча прыроднага газу складае 0,7% ад сусветнай. Вытв-сць электраэнергіі — 5,8 млрд.кВт∙гадз (1995). Працуюць буйныя ЦЭС на прыродным газе ў г. Духан і Доха. Асн. цэнтр нафтаперапрацоўкі, нафтахіміі, звадкавання газу — г. Ум-Саід. Там жа металургічны і сталепракатны (вытв-сць труб для транспартавання нафты і газу) з-ды. У г. Доха вытв-сць угнаенняў і пластмас, прадпрыемствы цэм., металаапр., харч. прам-сці, саматужныя промыслы (вытв-сць тканін, дываноў, мэблі, лодак), аўтарамонтныя майстэрні, з-ды безалкагольных напіткаў, ф-кі па кансерваванні крэветак, мукамольны камбінат, халадзільнікі; паблізу здабыча цэм. сыравіны. Для забеспячэння насельніцтва і гаспадаркі прэснай вадой у гарадах Доха, Духан, Ум-Саід пабудаваны апрасняльныя з-ды. Каля г. Доха створана свабодная эканам. зона Мусаід. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваюць каля 5 тыс.га для земляробства і садоўніцтва (у аазісах) і каля 400 тыс.га для качавой жывёлагадоўлі (пераважна на Пн). Вырошчваюць фінікавую і какосавую пальмы, агародніну (памідоры, капуста, дыні), кукурузу, проса, сорга, канюшыну і люцэрну, траву альфа. Жывёлагадоўляй заняты качавыя і паўкачавыя плямёны. Разводзяць вярблюдаў, авечак, коз. Прамысл. птушкагадоўля, вытв-сць бройлераў. Традыцыйны занятак — рыбалоўства, здабыча крэветак, жамчужны промысел, збор каралаў. Транспарт пераважна аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 2,5 тыс.км, палавіна з іх з цвёрдым пакрыццём. Гал. парты Доха (разнастайныя грузы) і Ум-Саід (экспарт нафты, нафтапрадуктаў, звадкаванага газу). Сетка нафта- і газаправодаў злучае промыслы з партамі. Каля г. Доха міжнар. аэрапорт. У 1994 экспарт склаў 2,9 млрд.дол., імпарт — 2 млрд. долараў. Экспартуюцца пераважна нафта, нафтапрадукты, звадкаваны газ, меншае значэнне маюць штучныя ўгнаенні, сталь, цэмент, крэветкі, жэмчуг, фінікі, сушаная рыба. Імпартуюцца разнастайныя прамысл. і харч. тавары. Гал.гандл. партнёры: Японія, Германія, Францыя, Італія, Бразілія. Уклады К. ў замежныя банкі і кампаніі больш за 14 млрд.дол. Грашовая адзінка — катарскі рыял.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЦІНІ́КА (Martinique),
уладанне (заморскі дэпартамент) Францыі на аднайм. востраве з групы Малых Антыльскіх астравоў у Вест-Індыі. Пл. 1128 км². Нас. 407,3 тыс.чал. (1998). Афіц. мова — французская, пашырана таксама крэольская. Адм. ц. — г. Фор-дэ-Франс. Падзяляецца на 2 акругі. Нац. свята — Дзень узяцця Бастыліі (14 ліп.).
Дзяржаўны лад. М. — заморскі дэпартамент і рэгіён Францыі. Орган дзярж. выканаўчай улады Францыі — прэфектура на чале з рэгіянальным сакратаром, якога прызначае прэзідэнт Францыі. Органы мясц. самакіравання — Ген. савет (дэпартаменцкі орган — 45 членаў) і Рэгіянальны савет (рэгіянальны орган — 41 член); выбіраюцца на 6 гадоў прамым усеагульным галасаваннем. У франц. парламенце М. прадстаўлена 4 дэпутатамі і 2 сенатарамі.
Прырода. Востраў гарысты, складзены пераважна з вулканічных парод. На Пн вулканічныя масівы, у т. л. Мантань-Пеле (1397 м), вывяржэнне якога ў 1902 знішчыла г. Сен-П’ер (загінула 40 тыс.чал.). На Пд горы выш. да 504 м, узгорыстая раўніна. Клімат трапічны пасатны з высокай вільготнасцю. Сярэднія месячныя т-ры 24—27 °C. Ападкаў 1500—2000 мм за год. Дажджлівы сезон (з навальніцамі і ўраганамі) з ліп. да лістапада. Рэкі невял. горныя. Ёсць мінер. крыніцы. На схілах гор захаваліся невял. трапічныя лясы (пальмы, чырвонае, ружавае, кампешавае і хлебнае дрэвы). На раўніне — участкі саваннаў і балот. На ўзбярэжжах месцамі мангравыя зараснікі. Мора багата рыбай, ракападобнымі, малюскамі. Некалькі рэзерватаў, у т. л. Мантань-Пеле.
Насельніцтва. Жывуць пераважна мулаты і негры (93,7%). Невял. групы французаў, дравідаў, кітайцаў, італьянцаў, іспанцаў, партугальцаў, сірыйцаў. Вернікі пераважна католікі (87,9%). Сярэднегадавы прырост каля 2,5%. Сярэдняя шчыльн. каля 360 чал. на 1 км², на ўзбярэжжы — да 1000 чал. на 1 км². У гарадах жыве каля 80% насельніцтва. У г. Фор-дэ-Франс каля 100 тыс. ж.
Іншыя гарады невялікія. У прам-сці занята каля 15% эканамічна актыўнага насельніцтва, у сельскай гаспадарцы і рыбалоўстве — каля 8%, астатнія — у абслуговых галінах. Характэрны вял. беспрацоўе і значная эміграцыя (больш за 6 тыс.чал. штогод, пераважна ў Францыю).
Гісторыя. Тэр. М. са старажытнасці насялялі індзейцы-аравакі, потым карыбы. У 1502 востраў першым з еўрапейцаў адкрыў Х.Калумб. З 1635 пачалася каланізацыя М. французамі (з 1674 калонія Францыі), якія паступова знішчылі мясц. карыбаў. У 17—18 ст. тут засн. плантацыйная гаспадарка па вырошчванні бавоўніку, тытуню, цукр. трыснягу, кавы; для працы на плантацыях прывозілі рабоў з Афрыкі. У час франц. рэвалюцыі 1789—99 на М. часова скасавана рабства (1794, адноўлена ў пач. 19 ст.). У 17 — пач. 19 ст. за валоданне востравам з Францыяй сапернічалі Нідэрланды і Вялікабрытанія (у 1794 М. акупіравалі брыт. войскі, паводле Ам’енскага мірнага дагавора 1802 вярнулі Францыі, у 1809—14 зноў акупіравана англічанамі). З 1816 канчаткова ўладанне Францыі. У 1848 адменена рабства. У 1854 Францыя надала М. частковую ўнутр., у 1900 — і фін. аўтаномію. У пач. 20 ст. ўзніклі марцініканскія паліт. партыі і прафсаюзы. На пач. 2-й сусв. вайны востраў знаходзіўся пад уладай франц. калабарацыянісцкага ўрада «Вішы», з ліп. 1943 марцініканцы падтрымлівалі Франц.к-тнац. вызвалення.
З 1946 М. — заморскі дэпартамент Францыі. У 1982—83 пашырана самакіраванне М. На выбарах 1992 у Ген. і Рэгіянальны саветы большасць атрымалі левыя партыі (у т. л. Марцініканская прагрэс. партыя), якія патрабуюць большай аўтаноміі для М.
На востраве дзейнічаюць аддзяленні 3 паліт. партый Францыі і 12 мясц. партый і рухаў (1999); найбуйнейшае прафс. аб’яднанне — Усеагульная канфедэрацыя працы М.
Гаспадарка. М. — параўнальна развітая краіна Вест-Індыі. У 1995 валавы нац. прадукт на 1 чал. склаў 10 тыс.дол. ЗША. Асновай эканомікі з’яўляюцца сельская гаспадарка і абслугоўванне замежных турыстаў. Вядучыя пазіцыі ў эканоміцы займаюць замежныя, у асн.франц. і амер. кампаніі. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца 34 тыс.га зямлі. Традыцыйна асновай сельскай гаспадаркі М. быў цукр. трыснёг, аднак яго вытв-сць пастаянна зніжаецца ў выніку палітыкі Францыі па абароне айч. вытворцаў цукру. Збор цукр. трыснягу 200 тыс.т, бананаў 230 тыс. т. Вырошчваюць таксама ананасы, манга, цытрусы, батат, маніёк, гародніну, бавоўну і тытунь. Жывёлагадоўля развіта менш. Пагалоўе (тыс. галоў): буйн. раг. жывёлы — 35, свіней — 26, авечак — 40, коз — 20. Птушкагадоўля. Рыбалоўства (каля 5 тыс.т рыбы штогод). Эксплуатацыя лясоў. У прам-сці пераважаюць прадпрыемствы харч. галіны — цукровыя, хлебапякарныя, піваварныя, маргарынавыя, па вытв-сці рому, ананасных і рыбных кансерваў. Працуе нафтаперапр.з-д (Ламаптэн, перапрацоўвае штогод каля 1 млн.т нафты), 2 нафтахім. прадпрыемствы (выпускаюць поліэтылен), цэм.з-д (260 тыс.т цэменту штогод). Ёсць прадпрыемствы металаапр., паліграф., керамічнай і швейнай прам-сці. Вытв-сць электраэнергіі каля 1 млрд.кВт ∙ гадз штогод. Пераважаюць цеплавыя электрастанцыі на імпартнай нафце, ёсць некалькі невялікіх ГЭС. Развіты рамёствы, у т. л. пляценне кошыкаў, ручное ткацтва, разьбярства па дрэве. Дэфіцыт знешнегандл. балансу часткова пакрываецца за кошт даходаў ад турызму. Штогод М. наведваюць да 1 млн. турыстаў, пераважна з ЗША, Канады, Францыі. Турыстаў вабяць на М. маляўнічыя горы і вадаспады, руіны Сен-П’ера і старадаўнія крэпасці, старафранц. архітэктура, музеі, пясчаныя пляжы, добра арганізаваная «індустрыя турызму». Дадатковая крыніца сродкаў — грашовыя пераводы эмігрантаў. Транспарт пераважна аўтамаб. і марскі. На востраве 1690 км асфальтаваных аўтадарог. Гал. марскі порт — г. Фор-дэ-Франс. За 8 км ад яго міжнар. аэрапорт. Штогадовы экспарт складае 200—300 млн.дол., імпарт — 1500—1700 млн.дол. Экспартуюцца бананы, ром, цукар, ананасы, нафтапрадукты; імпартуюцца машыны, нафта, харч. прадукты, буд. матэрыялы. Асн.гандл. партнёры: Францыя (у асобныя гады да 80% знешнегандл. абароту), Германія, Італія, Японія, Вялікабрытанія. Фін. дапамога Францыі складае 4,5 млрд. франкаў штогод. Грашовая адзінка — франц. франк.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).