ФІЗІЯКРА́ТЫ (франц. physiocrates ад грэч. physis прырода + kratos сіла, улада, панаванне),
прадстаўнікі аднаго з кірункаў класічнай школы палітэканоміі і сацыялогіі эканамічнай 18 ст.
Школа Ф. узнікла ў Францыі, тэорыі Ф. распрацоўваліся таксама ў Італіі, Вялікабрытаніі, Германіі, Швецыі і інш. Заснавальнік кірунку Ф. — Ф.Кенэ, асн. прадстаўнікі — А.Р.Ж.Цюрго, П.С.Дзюпон дэ Немур, В.Мірабо, Г.Летрон, П.Мерсье дэ ла Рыўер. Філас. аснова вучэння Ф. — ідэя натуральнага права. У процівагу меркантылізму Ф. лічылі, што асн. багацце дзяржавы паходзіць з вытв-сці, найперш сельскагаспадарчай, а не з грашовага абарачэння. Абсалютызуючы эканам. і сац. значэнне с.-г. працы, яны вылучалі ў грамадстве класы вытворчыя (працаўнікі сельскай гаспадаркі, землеўладальнікі) і непрадукцыйны (бясплодны, які аб’ядноўваў сац. слаі, што не мелі непасрэднага дачынення да земляробства). Ф. адстойвалі ідэю неўмяшання дзяржавы ў эканоміку, крытыкавалі спробы ўлады рэгуляваць прам-сць, асабліва з дапамогай падаткаабкладання.
На Беларусі вучэнне Ф. пашырылася ў 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. Прыхільнікам ідэі натуральнага парадку выступаў І.Страйноўскі, які разумеў пад ім адзінства фіз. і маральнага парадку, законаў прыроды і грамадства; прынцыпы натуральнага права ён разглядаў у якасці крытэрыяў дасканаласці сац.-паліт. ладу, крыніцы правоў асабістай свабоды, узаемнай дапамогі, прыватнай уласнасці. Ідэю натуральнай абумоўленасці грамадскіх адносін падтрымліваў І.Я.Масальскі, які падкрэсліваў неабходнасць больш эфектыўнага выкарыстання зямлі і сял. працы як адзінай крыніцы ўсіх багаццяў, выступаў за паляпшэнне матэрыяльных умоў жыцця і ўзроўню адукацыі сялян. І.І.Храптовіч звязваў магчымасць пастаяннага росту забяспечанасці і асветы для ўсіх з арганізацыяй грамадскага жыцця ў адпаведнасці з патрабаваннямі натуральнага парадку, згодна з якім кожны павінен працаваць на тым месцы, якое яму наканавана. Погляды Ф. развівалі М.Ф.Карповіч, В.Калінскі, якія лічылі, што ўзровень дзярж. дабрабыту залежыць ад земляробаў — асн. стваральнікаў багаццяў, а ўсе сац. супярэчнасці яны звязвалі з цяжкім эканам. становішчам і нізкім узроўнем адукацыі сялянства.
С.А.Яцкевіч.
т. 16, с. 379
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)