грашовае выражэнне бягучых затрат на вытв-сць і рэалізацыю прадукцыі; частка вартасці. Уключае кошт выдаткаваных у вытв-сці прадметаў працы (сыравіны, матэрыялаў, паліва, энергіі); кошт сродкаў працы (збудаванняў, машын, абсталявання), перанесеных у працэсе вытв-сці на наваствораны прадукт; аплату працы работнікаў; расходы па збыце і рэалізацыі прадукцыі і інш. выдаткі прадпрыемства па арганізацыі вытв-сці і кіраванні. Адрозніваюць С. базісны, індывід., перавозак, прадукцыі, тэхнал., вытв. і фактычны (справаздачны). С. базісны — С. мінулага перыяду, які бярэцца за аснову разліку С. бягучага або планавага перыяду; С. індывідуальны — затраты на выраб канкрэтнага віду прадукцыі; С. перавозак — затраты на транспартаванне грузаў (прадукцыі) на розных відах транспарту; С. прадукцыі — затраты прадпрыемства (аб’яднання, арганізацыі) на выраб і рэалізацыю прадукцыі (паслуг); С. тэхналагічны — затраты на арганізаванне тэхнал. працэсу вытв-сці прадукцыі і аказання паслуг; С. вытворчы — затраты прадпрыемства на вытв-сць прадукцыі, у якія ўключаюцца кошт паўфабрыкатаў, купленых вырабаў і паслуг інш. прадпрыемстваў, а таксама затраты на абслугоўванне і кіраванне прадпрыемствам; С. фактычны (справаздачны) вызначаецца на аснове фактычных затрат па ўсіх пунктах С. за дадзены перыяд. Выкарыстоўваецца ў гасп. разліку для ацэнкі эфектыўнасці работы прадпрыемства і яго структурных падраздзяленняў, таксама для ўстанаўлення і змянення цэн на прадукцыю (паслугі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМАРЭГУЛЯ́ЦЫЯў біялогіі,
уласцівасць біялагічных сістэм аўтаматычна ўстанаўліваць і падтрымліваць на пэўным, адносна пастаянным, узроўні біял. (фізіял.) паказчыкі. Да сістэм, што самарэгулююцца, адносяцца тыя, у якіх параметры, што рэгулююцца, канстантныя, а вынікі — стэрэатыпныя (напр., стэрэатыпныя, таму «бессэнсоўныя» ў некат. умовах паводзіны насякомага), таксама адаптыўныя сістэмы, што саманастройваюцца, саманавучаюцца і аўтаматычна прыстасоўваюцца да змен навакольнага асяроддзя. Пры С. кіруючыя фактары фарміруюцца ў самой сістэме, а не ўздзейнічаюць на яе звонку. Механізмы С. разнастайныя. Напр., рэгуляцыя паводле прынцыпу адваротнай сувязі на малекулярным узроўні — ферментатыўныя рэакцыі, у якіх канчатковы прадукт уплывае на актыўнасць ферменту; на клетачным узроўні — самазборка клетачных арганел з біял. макрамалекул, на надклетачным — самаарганізацыя разнародных клетак ва ўпарадкаваныя клетачныя асацыяцыі. Большасць органаў здольныя да ўнутрыарганнай С. функцый. Напр., унутрысардэчныя рэфлекторныя дугі забяспечваюць заканамерныя суадносіны ціску ў поласцях сэрца. На арганізмавым узроўні С. забяспечвае і падтрымлівае пэўныя паказчыкі ўнутр. асяроддзя (гамеастаз): т-ру, крывяны і асматычны ціск, узровень цукру ў крыві. Відавы (папуляцыя) і надвідавы (біяцэноз) узроўні С. — старэнне і смерць біял. асобін, суадносіны полаў, рэгуляцыя колькасці папуляцый і інш.
Літ.:
Общая физиология нервной системы.
Л., 1979; Пальцев М.А., Иванов А.А. Межклеточные взаимодействия. М., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫТВО́РЧЫЯ ФО́НДЫ,
асобасныя, рукатворныя і прыродныя рэсурсы, якія выкарыстоўваюцца ў вытв. працэсе для вырабу матэрыяльных і духоўных даброт. Да асобасных рэсурсаў адносіцца талент вытворцаў (у вузкім сэнсе рабочая сіла), элементамі якога з’яўляюцца інфармацыя, веды, уменні і навыкі; да рукатворных — пабудовы, збудаванні, машыны, абсталяванне, інструменты і механізмы, сродкі транспарту, сувязі, рабочая жывёла і інш.; да прыродных — зямля, яе нетры, клімат і да т.п. Вытворчыя фонды разглядаюць з трох бакоў. З боку паводзін суб’ектаў гаспадарання вытворчыя фонды — гэта рэсурсы, якія выклікаюць пэўную рэакцыю адасобленага суб’екта гаспадарання ў адносінах да ізаляванага запасу спажывальных даброт. З боку функцыянавання эканам. сістэмы — гэта тыя рэсурсы, якія ўжо выступаюць у якасці фактараў вытв-сці — спажывальных даброт і падзяляюцца на ўмовы, сродкі і прадметы працы. Паводле характару перанясення вартасці на ствараемы прадукт вытворчыя фонды падзяляюцца на асноўныя і абаротныя. Паводле матэрыяльна-рэчавага складу яны падзяляюцца на асобасныя і рэчаўныя. Гэты падзел мае істотнае значэнне для выяўлення тэхнічнай, вартаснай і арганічнай пабудовы вытворчых фондаў, дынамікі развіцця вытв-сці і эканам. сістэмы. Вытворчыя фонды Беларусі без уліку вартасці зямлі, нетраў, лясоў і таленту вытворцаў склалі ў 1990 105,7 млрд.руб., у т. л. асноўныя вытворчыя фонды 72,3 млрд., абаротныя 33,4 млрд.руб.; у 1994 адпаведна — 320 655, 307 338 і 13 317 млрд.руб., у фактычных цэнах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСЛАРО́БСТВА,
выраб сметанковага масла з малака с.-г. жывёл. Вырабляюць салодкасметанковае масла (са свежых пастэрызаваных вяршкоў), кісласметанковае (з вяршкоў, заквашаных малочнакіслымі бактэрыямі), масла з разнымі напаўняльнікамі (шакаладнае, фруктовае, мядовае), таплёнае (чысты малочны тлушч).
Зыходную сыравіну М. (вяршкі) атрымліваюць сепарыраваннем малака ў сепаратарах, само масла — збіваннем або пераўтварэннем вяршкоў. Пры М. збіваннем вяршкі сярэдняй тлустасці (30—45%) папярэдне пастэрызуюць, хутка ахаладжаюць, вытрымліваюць у спец. ёмістасцях і збіваюць у маслапрыгатавальніках. Пры спосабе пераўтварэння папярэдне пастэрызаваныя вяршкі высокай тлустасці (83—85%) падаюць пад ціскам у маслаўтваральнік, дзе яны хутка ахаладжаюцца пры інтэнсіўным мех. перамешванні, у выніку чаго адбываецца крышталізацыя малочнага тлушчу. У М. выкарыстоўваюць паточныя лініі з адпаведным абсталяваннем.
М. вядома з глыбокай старажытнасці (упамінаецца ў Бібліі і паэмах Гамера). Масла спачатку выкарыстоўвалася ў рытуальных і мед. мэтах, як харч.прадукт пачало ўжывацца ў краінах Паўн. Еўропы, адкуль у 12 ст. яго сталі вывозіць у інш. краіны. У Расіі прамысл.вытв-сць масла пачата з канца 19 ст. і паступова ператварылася ў высокамеханізаваную галіну. Гл. таксама Масласыраробная і малочная прамысловасць.
К.В.Фамічэнка.
Да арт.Масларобства. Паточная лінія для вытворчасці сметанковага масла: 1 — прыёмны зборнік вяршкоў; 2 — пастэрызатар; 3 — напорны бак; 4 — сепаратары; 5 — прамежкавыя зборнікі; 6 — маслаўтваральнік-ахаладжальнік; 7 — вагі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЕРО́Н (ад лац. operare працаваць, дзейнічаць),
участак генетычнага матэрыялу з аднаго, двух і больш счэпленых структурных генаў, якія кадзіруюць бялкі (ферменты), што ажыццяўляюць паслядоўныя этапы біясінтэзу якога-н. метабаліту. У аперон эўкарыёт уваходзіць, як правіла, адзін структурны ген. Рэгулятарныя элементы аперона складаюць таксама праматар (участак малекулы ДНК, з якім спецыфічна звязваецца фермент РНК-палімераза, што ажыццяўляе транскрыпцыю аперона) і аператар (участак ДНК, які нясе функцыю «ўключэння» або «выключэння» структурных генаў і рэгулюе функцыянальную актыўнасць аперона). Канцэпцыя аперона распрацавана франц. вучонымі Ф.Жакобам і Ж.Мано (1961) для тлумачэння механізму рэгуляцыі сінтэзу бялку ў бактэрыяльных клетках.
Рэгулятарная функцыя аперона адбываецца на стадыі транскрыпцыі і забяспечвае каардынацыю сінт. працэсаў і адпаведныя рэакцыі клеткі на ўплыў навакольнага асяроддзя. Кантралюе дзейнасць аперона ген-рэгулятар, які можа знаходзіцца ў розных участках храмасомы. Яго прадукт — бялок-рэгулятар — пастаянна сінтэзуецца ў клетцы ў невял. колькасці і здольны ўзаемадзейнічаць з двума рознымі субстратамі, з аператарам і эфектарам (нізкамалекулярным рэчывам). У рэпрэсібельных сістэмах комплекс бялку-рэгулятара з эфектарам набывае роднасць з аператарам і далучаецца да яго, у выніку адбываецца выключэнне генаў, якія кіруюцца гэтым аператарам. У індуцыбельных сістэмах эфектар, які далучаецца да бялку-рэгулятара, вызваляе аператар ад гэтага бялку. Такім чынам, запускаюцца ў работу гены, падпарадкаваныя дадзенаму аператару.
Да арт.Аперон. Асноўныя структуры і працэсы, якія ўдзельнічаюць у рэгуляцыі біясінтэзу бялкоў — ферментаў паводле гіпотэзы Жакоба—Мано. Лічбы паказваюць паслядоўнасць працэсаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯМЕЛЬНАЯ РЭ́НТА,
даход ад зямлі, не звязаны з прадпрымальніцкай дзейнасцю; частка прыбавачнага прадукту, створанага непасрэдна працай вытворцы і прысвоенага ўласнікам зямлі; плата арандатара ўласніку зямлі за карыстанне ёю. Узнікла са з’яўленнем зямельнай уласнасці. З.р. — лішак прыбавачнай вартасці над сярэднім прыбыткам і агульным коштам вытв-сці, які ўтвараецца пад уздзеяннем прыватнай уласнасці на зямлю і манаполіі на зямлю як на аб’ект гаспадарання. Адрозніваюць З.р. абсалютную, манапольную і дыферэнцыяльную. Абсалютная З.р. — даход, атрыманы з любога зямельнага ўчастка, здадзенага ў арэнду прадпрымальніку. Практычная форма яе існавання — арэндная плата. Па эканам. сутнасці гэта — лішак прыбавачнай вартасці над сярэднім прыбыткам арандатара ці форма рэалізацыі права зямельнай уласнасці і плата за тытул зямельнага ўласніка. Сама па сабе зямельная ўласнасць не з’яўляецца крыніцай З.р., але яна можа быць прычынай таго, што залішні прыбавачны прадукт ператвараецца ў даход землеўласніка. Манапольная З.р. атрымліваецца ў выніку продажу с.-г. прадуктаў па манапольных цэнах. Яна ўтвараецца за кошт спажыўца і прысвойваецца ўладальнікам зямельнага ўчастка, які знаходзіцца ў выключна спрыяльных умовах. Усе адносна лепшыя зямельныя ўчасткі прыносяць звышпрыбытак (лішак над сярэднім прыбыткам), які ўтвараецца за кошт розніцы паміж грамадскай вартасцю і выдаткамі вытв-сці. Гэта розніца дыферэнцыруецца ў залежнасці ад рознай прадукцыйнасці працы, якасці зямельных участкаў, іх месцазнаходжання, таму яна наз.дыферэнцыяльнай (рознаснай З.р.). Паводле А.Сміта, дыферэнцыяльная рэнта — чысты дар прыроды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯМЕ́ЛЬНАЯ ЎЛА́СНАСЦЬ,
гістарычна вызначаная грамадская форма прысваення (індывідуумам або калектывам) зямлі. Адлюстроўвае вытв. адносіны паміж людзьмі ў сувязі з выкарыстаннем зямлі як натуральнай умовы ўсякай вытв-сці і гал. сродку вытв-сці ў сельскай і лясной гаспадарцы. Першай гіст. формай З.у. была абшчынная ўласнасць на зямлю, сродкі яе апрацоўкі і гатовы прадукт. Рабаўладальніцкая форма З.у. ўключала абшчынную, храмавую, дзярж., прыватную (індывід.). У сярэднія вякі пераважала феадальная З.ў. Для таварнай формы грамадскай вытв-сці характэрна прыватная капіталіст. форма З.ў., для сацыяліст. — грамадская, калектыўная, агульнанародная.
Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 нетры, вада, лясы складаюць выключную ўласнасць дзяржавы. Паводле Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб зямлі (1990) грамадзяне Рэспублікі Беларусь маюць права на атрыманне зямельных участкаў і пажыццёвае ўладанне (з перадачай у спадчыну) імі: для вядзення сял. гаспадаркі — да 50 га, дачнага буд-ва і індывід. садаводства — па 0,1 га, для буд-ва і абслугоўвання жылога дома ў гарадах і пасёлках гар. тыпу — 0,05—0,15 га, у сельскіх населеных пунктах — 0,15—0,25 га. Для вядзення асабістай дапаможнай гаспадаркі дазваляецца мець 1 га зямлі (памеры ўчасткаў устанаўліваюцца мясц. органамі ўлады). Паводле закона Рэспублікі Беларусь «Аб праве ўласнасці на зямлю» (1993) прыватная зямельная ўласнасць дазваляецца для вядзення ўсіх відаў асабістых дапаможных гаспадарак грамадзян, дзярж. — захоўваецца для вядзення таварнай сельскай гаспадаркі (калгасы, дзяржгасы, фермерскія гаспадаркі і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУХМА́ЛА-ПА́ТАЧНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна харчовай прамысловасці, якая вырабляе крухмалапрадукты — крухмал, патаку, глюкозу і інш. Яе прадукцыя шырока выкарыстоўваецца ў харч. прам-сці, а таксама ў тэкст., хім., фармацэўтычнай, папяровай і інш. галінах прам-сці, у ліцейнай вытв-сці. Асн. сыравіна: бульба, кукуруза, пшаніца, рыс, сорга і інш.Гал.прадукт — крухмал, з’яўляецца важнай часткай прадуктаў харчавання. Найб. развіта ў Германіі, ЗША, Польшчы, Канадзе, Расіі. На Беларусі К.-п.п. спецыялізуецца на вытв-сці сухога крухмалу і патакі, часткова вырабляе жэліруючы крухмал. Яе развіццё пачалося ў 1840-я г. на дробных прадпрыемствах. Зараз дзейнічае больш за 50 прадпрыемстваў (у сістэме Мінсельгасхарча 16 спецыялізаваных з-даў, 2 цэхі па вытв-сці бульбянога крухмалу і 2 прадпрыемствы па вытв-сці крухмальнай патакі). Найбольшыя з іх: крухмала-патачны з-д у в. Чырвоны Бераг (Жлобінскі р-н), крухмальныя з-ды ў г. Талачын, в. Гальшаны (Ашмянскі р-н), в. Сноў (Нясвіжскі р-н). У 1997 атрымана 9,3 тыс.т сухога крухмалу і 3,8 тыс.т патакі, хоць існуючыя магутнасці дазваляюць атрымліваць у год 25 тыс.т сухога крухмалу і 22,5 тыс. крухмальнай патакі. Пры базіснай крухмалістасці бульбы (15%) яе расход на вытв-сць 1 т сухога крухмалу складае 6,4—6,6 т. У залежнасці ад якасці бульбы і тэхналогіі перапрацоўкі доля выдалення крухмалу вагаецца ад 75 да 85%.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІХВЯ́РСТВА,
дача ў пазыку грошай, рэчаў, с.-г. прадуктаў і да т. п. на кабальных умовах за выплату высокіх працэнтаў. Як правіла, такія пазыкі выкарыстоўваліся не як капітал, а ў якасці пакупнога і плацежнага сродкаў. Зарадзілася ў перыяд распаду першабытнаабшчыннага ладу і пазней назіралася ў самых розных грамадска-эканам. фармацыях. З часоў Стараж. Рыма Л. развівалася разам з водкупам — зборам арэнднай платы, падаткаў і г. д. Характэрным для Л. быў выключна высокі працэнт па пазыках. Яго ўзровень вагаўся ў вельмі шырокіх межах — ад некалькіх дзесяткаў да соцень працэнтаў гадавых. Ліхвярскі капітал адбіраў ў пазычальніка амаль увесь прыбавачны прадукт і таму ён не мог сістэматычна выкарыстоўвацца для мэт капіталіст. ўзнаўлення. З развіццём капіталізму, стварэннем крэдытнай справы, узнікненнем банкаў і пазыковага капіталу асновы Л. былі падарваны. Аднак у наш час у некаторых краінах Азіі, Афрыкі і Лац. Амерыкі з-за недастатковага развіцця ўнутр. рынку і таварна-грашовых адносін, слабасці крэдытнай сістэмы існуюць умовы для захавання Л. Яно служыць асновай фін. закабалення і эксплуатацыі мясц. гандлярамі і багацеямі бядняцкіх слаёў насельніцтва. У індустрыяльна развітых краінах ліхвярскія аперацыі забаронены законам, таму ажыццяўляюцца нелегальна. На Беларусі Л. было найбольш пашырана ў эпоху феадалізму. Так, у Статуце Вял.кн. Літоўскага 1588 змешчана прававая норма (раздз. 3, арт. 24) аб адказнасці шляхты, якая пакінула свае маёнткі, каб пераехаць у горад для заняткаў Л.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНЯ́ЦЦЕ,
адна з асн. адзінак мысліцельнай дзейнасці, найвышэйшы ўзровень абагульнення; лагічная форма, з дапамогай якой будуюцца інш. формы мыслення (суджэнне, вывад). Бывае канкрэтным і абстрактным. Як прадукт і вынік пазнавальнай дзейнасці чалавека фарміруецца праз абстрагаванне, ідэалізацыю, параўнанне, абагульненне і вызначэнне; фіксуе паасобныя фрагменты быцця і цэласны свет. Паводле зместу П. аб’ектыўнае (у ім акумуляваны шматвяковы практычны вопыт чалавецтва); гібкае, рэлятыўнае, што вынікае з універсальнасці руху, прынцыпу ўсеагульнай сувязі і ўзаемаабумоўленасці з’яў; устойлівае (аб’ект дыялектычнай логікі); выступае ў якасці лагічных форм (аб’ект фармальнай логікі). У канчатковым выніку паняційная форма прыводзіць да тэорыі.
Тэрмін «П.» ўведзены стоікамі (3—2 ст. да н.э.). Паводле Зянона з Кітыёна, П. — спасцігнутае ўяўленне. Разгорнутая канцэпцыя П. змешчана ў творах Платона. Дэмакрыт звязваў П. з пачуццёвымі рэчамі, Платон лакалізаваў яго ў сферы мыслення і свеце ідэй, Арыстоцель развіў яго і прадставіў у выглядзе сістэмы П. У сярэднявеччы дыскусіі вакол прыроды П. праявіліся ў барацьбе наміналізму і рэалізму. У канцы 17 — пач. 18 ст. развівалася эмпірычная тэорыя П. (Дж.Лок і інш.). Прадстаўнікі класічнай ням. філасофіі (І.Кант. І.Фіхтэ, Ф.Шэлінг, асабліва Г.Гегель) раскрылі супярэчлівы характар мыслення, паказалі абстрактнасць і канкрэтнасць П., яго арганічную цэльнасць і працэсуальнасць.
Літ.:
Ильенков Э.В. Философия и культура. М., 1991;
Гегель Г.В.Ф. Система наук. Ч. 1. Феноменология духа. СПб., 1994;
Риккерт Г. Границы естественнонаучного образования понятий: Логич. введение в ист. науки. СПб., 1997.