БАРЫ́ ((Barye) Антуан Луі) (24.9.1795 ці 1796, Парыж — 25.6.1875),

французскі скульптар і жывапісец. Прадстаўнік рамантызму. Вучыўся ў скульптара Ф.​Ж.​Бозіо (з 1816) і жывапісца А.​Гро (з 1817). Чл. Парыжскай АМ (1868). Аўтар пейзажаў і скульпт. выяў жывёл, адметных тонкасцю назірання натуры, часта ў драматычныя моманты барацьбы («Тыгр, які раздзірае кракадзіла», «Удаў, які душыць газель», 1830-я г.; рэльеф «Леў» на цокалі Ліпеньскай калоны ў Парыжы, 1836; 4 групы драпежнікаў перад Музеем мастацтваў у Марселі, 1868; усе ў бронзе).

А.Бары. Удаў, які душыць газель. Бронза.

т. 2, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАКРУ́ЗА, анакруса (грэч. anakrusis літар. адштурхоўванне),

слабыя (ненаціскныя) склады перад першым метрычным націскам. У сілабатанічным вершаскладанні ў залежнасці ад метра анакруза бывае нулявая (харэй, дактыль), 1-складовая (ямб, амфібрахій) і 2-складовая (анапест). Унутраная структура роднасных памераў (1- і 2-складовых) аднолькавая, адрозніваюцца толькі анакрузы, што паказвае на яе рытмічнае значэнне. На гэтым заснаваны радковыя лагаэды — 2- і 3-складовыя памеры з раўнамерным чаргаваннем анакрузы (напр., у паэмах Я.​Купалы «Яна і я», «Безназоўнае»). Анакруза часам наз. звышсхемныя ненаціскныя склады на пачатку вершаваных радкоў.

т. 1, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКАЯ ПАКРО́ЎСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік архітэктуры неарускага стылю. Пабудавана ў Гродне ў пач. 20 ст. Мураваная 12-калонная 3-нефавая базіліка. Над прытворам 10-метровая 8-гранная шатровая званіца з цыбулепадобным купалком на барабане. Абапал званіцы — невял. шатры з купаламі. Над алтарнай апсідай 5 цыбулепадобных купалаў на 8-гранных барабанах. Гал. фасад храма сіметрычны. Вокны паўцыркульныя з какошнікамі. Перад уваходамі — высокія ганкі, упрыгожаныя разнымі трохвугольнымі навісямі і калонкамі. Бабінец мае мазаічную падлогу. Плоская столь асн. аб’ёму ўпрыгожана 3 размаляванымі плафонамі. Інтэр’ер аздоблены разным драўляным алтаром, размалёўкай.

А.​Ю.​Пятросава.

Гродзенская Пакроўская царква.

т. 5, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Д,

пятая літара бел. і некаторых інш. слав. алфавітаў. Паходзіць з кірыліцкай Д («дабро»), што ўзнікла на аснове грэка-візант. устаўнай Δ («дэльта»), У старабел. графіцы абазначала гукі «д», «д’», «дз’» («вода», «день», «людзи»), мела таксама лічбавае значэнне «чатыры». У 16 ст. акрамя рукапіснай набыла друкаваную форму. У сучаснай бел. мове абазначае шумны звонкі выбухны пярэднеязычны гук «д» («дарога», «дуброва»), а перад глухімі зычнымі і на канцы слоў — парны да яго па звонкасці-глухасці гук «т» («кладка», «сад»). Уваходзіць у склад дыграфаў «дж» («ураджай») і «дз» («дзіва»).

А.​М.​Булыка.

т. 5, с. 556

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВЕ́РАНАСЦЬ у цывільным праве,

пісьмовае ўпаўнаважанне адной асобы другой для прадстаўніцтва ад яе імя перад трэцяй асобай. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь даверанасць ад імя юрыд. асобы, а таксама юрыд. асобе можа быць выдадзена толькі на ажыццяўленне здзелак, якія не супярэчаць яе статусу (становішчу). Даверанасць можа мець простую пісьмовую форму або натарыяльна засведчаную — пры ажыццяўленні здзелак, якія патрабуюць натарыяльнай формы (напр., купля жылога дома). Даверанасць можа быць выдадзена не больш як на 3 гады. Даведнік Давернік можа ў любы час адмяніць даверанасць, а прадстаўнік — адмовіцца ад яе.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 5, с. 561

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЖДЖО́ЎКІ (Haematopota),

род двухкрылых насякомых сям. сляпнёў. Каля 400 відаў. Пераважна ў Афрыцы і Еўразіі. Пашыраны на вільготных лугах. У адрозненне ад інш. сляпнёў лётаюць і ў пахмурнае надвор’е, асабліва перад дажджом. На Беларусі 4 віды, найб. вядомая Д. звычайная (H. pluvialis).

Даўж. 6—13 мм. Ад інш. сляпнёў адрозніваюцца мармуровым малюнкам крылаў. Крывасмокі, нападаюць на чалавека і жывёл. Прысутнасць іх выяўляюць пасля праколу скуры хабатком. Лічынкі развіваюцца ў вільготнай глебе, у глеі прыбярэжных частак прэсных вадаёмаў, лісцевым подсціле. Пераносчыкі ўзбуджальнікаў сібірскай язвы, тулярэміі, трыпанасом, патагенных для с.-г. жывёл.

т. 6, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАРА́ДЧЫ ПАКО́Й у Рэспубліцы Беларусь і краінах СНД, ізаляванае памяшканне, у якім адбываецца нарада суда і дзе прымаецца рашэнне ці вызначэнне па разгледжанай справе; адна з гарантый незалежнасці суддзяў і тайны іх нарады перад вынясеннем прысуду. У час нарады ў Д.п. могуць знаходзіцца толькі суддзі, якія ўваходзяць у склад суда па дадзенай справе. Прысутнасць інш. асоб не дапускаецца. Суддзі не маюць права выдаваць меркаванні, якія мелі месца ў час нарады. Парушэнне тайны Д.п. з’яўляецца парушэннем закону і цягне адмену суд. пастановы.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 6, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАРАШЭ́ВІЦКІ ПАРК,

помнік садова-паркавага мастацтва. Закладзены ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў в. Дарашэвічы Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. на левым беразе р. Прыпяць. Парк пейзажнага тыпу. Пл. каля 8 га. Кампазіцыйным цэнтрам быў сядзібны дом (разбураны ў Вял. Айч. вайну).

Паркавы фасад дома быў арыентаваны ў бок ракі, перад ім — партэр у выглядзе эліпса. У парку раслі унікальныя для Беларусі экзэмпляры платана клёналістага, піхтаў сіб. і бальзамічнай (загінулі ў вайну). Захаваліся хвоя веймутава, елка чырвоная, дуб чырвоны і інш.

В.​Р.​Анціпаў.

т. 6, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗМРОК,

аптычная з’ява ў атмасферы перад узыходам і пасля заходу Сонца; паступовы пераход ад дзённага святла да начной цемры і наадварот. Суправаджаецца зарою. Працягласць З. залежыць ад геагр. шыраты месца: чым бліжэй да экватара, тым ён карацейшы; ад схілення Сонца: у аддаленых ад экватара зонах, дзе летам Сонца апускаецца пад гарызонт на невялікі вугал, вячэрні З. сутыкаецца з ранішнім і цемень зусім не настае (белыя ночы). Адрозніваюць З. грамадзянскі (сонца апускаецца пад гарызонт да 6°), навігацыйны (ад 6° да 12°) і астранамічны (ад 12° да 18°).

т. 7, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМАЕ́ДЗІЦА,

старадаўняе бел. свята язычніцкага паходжання, водгалас пакланення мядзведзю. Звязана з татэмізмам. Спраўлялі ў пач. вясны, калі заканчвалася спячка мядзведзя і ён вылазіў з бярлогі. На К. гатавалі камы (адсюль і назва), сушаны рэпнік, аўсяны кісель, якія лічыліся любімай ежай мядзведзя і былі абрадавымі стравамі святочнага абеду; пасля сяляне клаліся на палаці і пераварочваліся з боку на бок, імітуючы звычкі мядзведзя. У 19 ст. К. адзначалі ў сакавіку перад Дабравешчаннем; паступова страціла першапачатковы сэнс і стала традыц. забавай. У канцы 19 ст. знікла з побыту.

М.​Ф.​Піліпенка.

т. 7, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)