МАСЦІ́КІ (ад грэч. mastichē смала масцікавага дрэва) у будаўніцтве, матэрыялы ў выглядзе пластычных сумесяў арган. вяжучага рэчыва і танкамолатага напаўняльніка. Бываюць бітумныя, гумава-бітумныя, дзёгцевыя, палімерныя і інш.; гарачыя, якія перад выкарыстаннем разаграюць, і халодныя, якія разводзяць арган. растваральнікамі або вадой.

Дахавыя М. — бітумныя (руберойдавыя) і дзёгцевыя (толевыя) выкарыстоўваюць для прыклейвання рулонных дахавых матэрыялаў, гідраізаляцыйныя — для прыклейвання гідраізаляцыйных матэрыялаў, для абмазачнай ізаляцыі; М. на падлогу — бітумныя, для прыклейвання паркету, лінолеуму да асновы; герметызавальныя — для ўшчыльнення стыкаў зборных канструкцый. М. павінны быць цеплаўстойлівыя, з высокай клейкасцю, пластычнасцю і даўгавечнасцю.

А.​Я.​Вакар.

т. 10, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)