ПРЫСТА́ЎКА, прэфікс (лац. praefixum прымацаваны спераду),

адзін з відаў афікса, службовая марфема, якая размяшчаецца перад коранем. Служыць для ўтварэння новых лексем («біць — адбіць, забіць, перабіць», «лес — узлесак, «Палессе», «народны — міжнародны, прынародна») або надання слову пэўнага грамат. значэння: відавога («казаць — сказаць»), ступені параўнання («лепшы — найлепшы») і інш. Дзеяслоўныя П. маюць яшчэ назву прэвербаў (ад лац. prae уперадзе і verbum слова). П. могуць спалучацца ў адным слове («папавыносіць», «напавынаходзіць»). У старых утварэннях і запазычаных словах П. могуць вылучацца толькі гістарычна [воблака—(в)об-влако].

Літ.:

Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 13, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)