водныя арганізмы, якія пры бясполым (вегетатыўным) размнажэнні застаюцца злучанымі з мацярынскай асобінай і ўтвараюць калоніі з агульным для ўсіх абменам рэчываў. Пашыраны пераважна сярод аднаклетачных водарасцей, некаторых жгуцікавых, радыялярый, губак, кішачнаполасцевых, ніжэйшых хордавых і інш. Большасць К.а. прымацоўваюцца да нерухомага субстрату (напр., гідроідныя і каралавыя паліпы) і маюць развіты шкілет, іншыя (радыялярыі, сіфанафоры, шэраг абалоннікаў) — жывуць у тоўшчы вады, звычайна паўпразрыстыя. шкілет не развіты. Для многіх К.а. характэрны метагенез: каланіяльнае (бясполае) пакаленне чаргуецца з адзіночным пакаленнем, якое размнажаецца палавым шляхам. Лічынкі палавога пакалення напачатку свабодна плаваюць, потым асядаюць на дно і, прымацаваўшыся, утвараюць шляхам пачкавання новую калонію. Лічыцца, што К.а. — пераходная форма ад аднаклетачных да шматклетачных арганізмаў у эвалюцыйным развіцці. К.а. наз. іншы раз арганізмы, што вядуць пастаянна або часова згуртаваны спосаб жыцця, напр., шэраг бактэрый, тлей, многія птушкі. Гл. таксама Калоніі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́МБРЫДЖСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,
адзін са старэйшых універсітэтаў Еўропы, буйны навук. цэнтр Вялікабрытаніі. Засн. ў 1209 у Кембрыджы. Ужо з 13 ст. ў К.у. вызначыліся традыцыйныя ф-ты: гуманітарны, юрыд., багаслоўскі і медыцынскі. Ун-т быў цэнтрам Рэфармацыі ў Англіі, а ў 17 ст. — перадавой навукі таго часу. З ім звязана дзейнасць Т.Мора, Эразма Ратэрдамскага, Ф.Бэкана, І.Ньютана, Ч.Дарвіна. У Кавендышскай лабараторыі К.у. працавалі Дж.Максвел, П.Дзірак, Дж.Дж.Томсан, Э.Рэзерфард. У 1911 вучоныя ун-та апрацавалі 11-е выд. энцыклапедыі «Брытаніка», якое лічыцца адным з лепшых. К.у. складаецца з каледжаў, якія ўяўляюць сабой самакіроўныя карпарацыі; у кожным з іх каля 400 студэнтаў розных ф-таў. Узначальвае ун-т канцлер. У 1993 у К.у. каля 14 тыс. студэнтаў. Пры ун-це працуюць цэнтры навук. даследаванняў, ін-ты, школы, музеі, Кембрыджская абсерваторыя, бат. сад, б-ка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕДАВІКО́ВЫЯ АДКЛА́ДЫ,
геалагічныя адклады, што ўзніклі ў выніку дзейнасці ледавіка і яго расталых вод на сушы. Падзяляюцца на ўласна ледавіковыя (гл.Марэна), флювіягляцыяльныя, лімнагляцыяльныя адклады. Л.а. лічыцца і абломкавы матэрыял, перанесены айсбергамі і адкладзены ў моры (ледавікова-марскія ці марынагляцыяльныя адклады). Флювіягляцыяльныя адклады ўтварыліся ў працэсе перамыву марэн і марэназмяшчальных пластоў ільду расталымі ледавіковымі водамі. Гэта пяскі, часта буйназярністыя, са жвірам і галькай. У месцах, дзе такі перамыў адбываўся ва ўмовах гідрастатычнага ціску, узнікалі магутныя пясчана-жвіровыя акумуляцыі з дамешкамі валунна-галечнай сумесі. Флювіягляцыяльныя адклады складаюць водна-ледавіковыя раўніны, зандры, озы, камы. Лімнагляцыяльныя адклады (стужачныя гліны, супескі, суглінкі, тонка- і дробназярністыя пяскі) сфарміраваліся ў прыледавіковых азёрах, у надледавіковых і ўнутрыледавіковых вадаёмах, а таксама ў адкрытых ледавіковых лагчынах. Беларусь — тыповая вобласць акумуляцыі Л.а. З Л.а. звязаны радовішчы цагельнай сыравіны, буд. пяскоў, жвіру, галькі, валуноў, падземных вод. Гл. таксама Ледавіковы комплекс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАЛІ́Ф (араб. халіфа — намеснік, пераемнік),
духоўны і свецкі кіраўнік мусульм. супольнасці (умы), а таксама правіцель мусульм. тэакратычнай дзяржавы (гл.Халіфат). Першыя Х. — Абу-Бекр, Асман, Амар I і Алі Ібн Абі Таліб — выбіраліся і былі пераемнікамі заснавальніка ісламу Мухамеда. Пасля захопу ўлады ў 661 Муавіяй I (заснавальнік дынастыі Амеядаў) тытул Х. стаў спадчынным. У 750 права на тытул Х. захапілі сваякі Мухамеда — Абасіды, якія хоць і страцілі да 11 ст. фактычна рэальную паліт. ўладу, але працягвалі лічыцца вышэйшымі духоўнымі аўтарытэтамі мусульман-сунітаў. Пасля знішчэння ў 1258 манголамі свецкай дзяржавы Абасідаў тытул Х. насілі іх нашчадкі, якія жылі ў Егіпце, а пасля заваявання ў 1517 Егіпта туркамі тытул перайшоў да тур. султанаў (насілі да скасавання халіфата ў 1924). У розны час тытул Х. прымалі ў розных месцах мусульм. свету і інш. правіцелі: Фатыміды, Амеяды ў Іспаніі і інш., але яны не карысталіся ўсеагульным аўтарытэтам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХРАМ,
культавае збудаванне, прызначанае для богаслужэння і рэліг. абрадаў. Часам Х. мелі мемар. характар, адыгрывалі ролю абарончых збудаванняў (гл.Храм-крэпасць). Сваімі памерамі, манум. формамі і дэкар. убраннем Х. вылучаюцца сярод гар. ці вясковай забудовы, найчасцей размяшчаюцца на вузлавых участках населеных пунктаў, маюць вял. горадабуд. значэнне. Архітэктура розных тыпаў Х. фарміравалася пад уплывам культавых патрабаванняў, удасканальвання арх.-буд. прыёмаў, развіцця дойлідства ў розных краінах, набывала выразную нац. своеасаблівасць. Кожны элемент Х. і яго маст. аздаблення мае сімвалічны сэнс і адлюстроўвае светапогляд пэўных гіст. эпох.
Паводле рэліг. дагматыкі Х. лічыцца домам Бога (багоў) і мае алтар. Вядомы Х. ў язычніцкіх рэлігіях, у будызме, Іерусалімскі Х. у стараж. іудаізме. На Беларусі пашыраны хрысц. Х. (цэрквы, саборы, касцёлы), культавыя будынкі ў пратэстантызме (зборы, малельныя дамы), а таксама сінагогі і мячэці не маюць алтара і лічацца не Х., а месцам малітвы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАРЫЯ́Т (ад араб. шарыя — правільны шлях),
комплекс мусульманскіх юрыд. норм, прынцыпаў і правіл паводзін. Выкладзены ў Каране, суне і інш.рэліг. творах. У Каране Ш. азначае шлях, трымаючыся якога мусульманін трапляе ў рай. Лічыцца, што выкладзены для людзей Алахам праз прарока Мухамеда. Канчатковую форму набыў у 11—12 ст. Паводле мусульм. уяўленняў, Ш. — вечны і нязменны божы закон, у якім прадугледжаны ўсе выпадкі жыцця і змешчаны ўсе рэліг., маральныя, юрыд., быт. нормы і звычаі. Паводле тэарэтыкаў ісламу, Ш. — агульны арыенцір, які не дае адназначных адказаў, але яго рацыянальнае асэнсаванне дазваляе знайсці правільнае вырашэнне любой канкрэтнай праблемы. Складаецца з ібадату (знешнія формы адносін людзей да Бога), муамаляту (правілы адносін людзей паміж сабой) і ікубату (пакаранне за парушэнне правіл). Асн. праблемы Ш. распрацаваны ў фікху (мусульм. правазнаўстве). На практыцы Ш. рэалізуецца ў мусульм. (шарыяцкіх) судах. У многіх мусульм. краінах сфера дзеяння Ш. звужана за кошт увядзення свецкіх норм права.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Ю́РЫЙ ДАЛГАРУ́КІ (каля 1090—15.5.1157),
вялікі князь кіеўскі [1149—51, 1155—57); фактычны родапачынальнік адгалінавання Рурыкавічаў, прадстаўнікі якога пазней кіравалі ў Маскоўскім вялікім княстве. Шосты сын Уладзіміра Манамаха. Пры жыцці бацькі кіраваў Растова-Суздальскай зямлёй, пасля яго смерці (1125) перанёс сталіцу ў г.Суздаль і стаў першым князем самаст. Растова-Суздальскага княства (гл.Уладзіміра-Суздальскае княства), якое пры ім і яго сынах Андрэю Багалюбскім [1157—74] і Усеваладзе Вялікае Гняздо [1176—1212] заняло пануючае становішча ў Паўн.-Усх. Русі. З пач. 1130-х г. змагаўся за валоданне Пераяславам (цяпер Пераяслаў-Хмяльніцкі) і Кіевам, які заваёўваў у 1149 і 1155. За імкненне валодаць аддаленымі ад уласнага княства землямі празваны Далгарукім. Лічыцца заснавальнікам гарадоў Масква (1147), Пераяслаўль-Залескі, Юр’еў-Польскі і інш. Памёр (верагодна, атручаны баярамі) і пахаваны ў Кіеве. У Маскве Ю.Д. як заснавальніку горада пастаўлены помнік (1954), яго выява на медалі «У памяць 800-годдзя Масквы» (1947).
паказчык колькаснага параўнання біял. ўздзеяння розных відаў радыеактыўнага выпрамянення. Вызначае, у колькі разоў біялагічнае дзеянне іанізавальных выпрамяненняў пэўнага тыпу (напр., альфа-, бэта-выпрамяненне, нейтроны і інш.) большае (ці меншае) за ўздзеянне на той жа біял. аб’ект стандартнага выпрамянення (жорсткіх рэнтгенаўскіх ці гама-прамянёў). Асобныя віды выпрамяненняў суправаджаюцца вызваленнем рознай колькасці энергіі і маюць пэўную пранікальную здольнасць, таму па-рознаму ўздзейнічаюць на жывыя арганізмы. Чым больш энергіі выпрамяненне перадае тканкам, тым больш пашкоджанняў атрымлівае жывы арганізм. Напр., альфа-выпрамяненне (паток цяжкіх часціц — нейтронаў і пратонаў) мае невял. пранікальную здольнасць, што не дазваляе пранікнуць праз вонкавы слой скуры, аднак яно лічыцца найбольш небяспечным пры траплянні радыенуклідаў унутр. арганізма праз раны, з ежай ці пры ўдыханні. Адносная біялагічная эфектыўнасць для электроннага, пазітроннага, рэнтгенаўскага і гама-выпрамянення, а таксама хуткіх пратонаў блізкая да 1, для альфа-часціц і хуткіх нейтронаў роўная 10, для цяжкіх шматзарадных іонаў і ядраў аддачы — 20.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЛЬЯ́РД (франц. billard, ад bille шар),
настольная гульня з шарамі. Вядзецца на пакрытым сукном стале (3,66 × 1,83 м; наз. таксама більярд) з бартамі, якія маюць 6 адтулін (лузаў) з сеткай; некаторыя більярды лузаў не маюць. Радзімай більярда лічаць Індыю і Кітай. Гульня вядзецца шарамі са слановай косці ці пластмасы. Кіем (даўж. 1,5 м) удараюць шары адзін аб адзін, каб загнаць іх у лузы. Існуе некалькі відаў гульні: амер. більярд (пул), англ. (снукер), італьян. (разнавіднасці — фішкі і карамболь); у краінах СНД і Францыі пашыраны рус. (класічны) більярд (разнавіднасці — рус. і маскоўская піраміды, амерыканка).
У шэрагу краін, у т. л. ў Беларусі, більярд лічыцца відам спорту. Праводзяцца спаборніцтвы, у т. л. чэмпіянаты свету. На Беларусі як спорт більярд развіваецца з 1989. Існуе (з 1991) мінская федэрацыя більярда. З 1992 праводзяцца чэмпіянаты Беларусі. Бел. майстры більярда ўдзельнічалі ў чэмпіянатах СССР і свету па рус. більярдзе. На Алімпійскіх гульнях 1996 у Атланце більярд прадстаўлены як паказальны від спорту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯХІМІ́ЧНАЕ СПАЖЫВА́ННЕ КІСЛАРО́ДУ (БСК),
колькасць кіслароду, што ўжываецца арган. рэчывамі, якія ёсць у вадзе, пры біяхім. іх акісленні ў працэсе самаачышчэння вады; паказчык ступені забруджанасці вады і наяўнасці ў ёй лёгкаакісляльных арган. рэчываў. Вымяраецца ў міліграмах кіслароду, які траціцца на акісленне забруджвальнікаў у 1 л вады (мг/л) пры т-ры 20 °C. Значэнні БСК5 — расход кіслароду за 5 сут (60—80% поўнага спажывання кіслароду) і БСКпоўн. — спажыванне кіслароду, які спатрэбіўся для акіслення арган. рэчываў за адрэзак часу да пачатку працэсу нітрыфікацыі. БСКпоўн.лічыцца 15—20 сут, аднак мінералізацыя нястойкіх арган. рэчываў заканчваецца прыблізна за 10 сут (расход кіслароду складае каля 90%), на 20-я сут працэс стабілізуецца (дасягае 99%), але не спыняецца. БСК5 прыродных водаў звычайна 0,5—2 мг/л, у залежнасці ад ступені забруджанасці вадаёмаў 0,5—7 мг/л. Нізкі паказчык БСК можа сведчыць таксама пра наяўнасць у вадзе рэчываў, якія запавольваюць або спыняюць біяхім. працэсы ў ёй.