КАРСТ (ням. Karst ад назвы плато Карст, або Крас, у Славеніі),

карставыя з’явы, з’явы і працэсы, якія ўзнікаюць пад уплывам прыродных паверхневых і падземных вод у растваральных горных пародах (гл. таксама Карставыя воды). Развіваецца ў карбанатных (вапняк, даламіт, мел, мергель, мармур) і галагенных (гіпс, ангідрыт, каменная соль) пародах, чаму спрыяюць высокая трэшчынаватасць і порыстасць парод, інтэнсіўная цыркуляцыя вод, прысутнасць у іх свабоднай вуглекіслаты і раствораных солей. Характарызуецца комплексам падземных (пячоры, поласці, хады, каверны, галерэі) і паверхневых (варонкі, кары, польі, паноры, жалабы, катлавіны і інш.) форм рэльефу, мінер. нацёчнымі ўтварэннямі (сталактыты, сталагміты), своеасаблівым рэжымам і цыркуляцыяй падземных вод, рачной сеткі, якая знікае ў падземных поласцях, і азёр. У залежнасці ад ступені пакрыцця растваральных парод глебай або скальнымі пародамі вылучаюць К. задзернаваны, накрыты, браніраваны і пахаваны. На карставыя з’явы знешне падобны псеўдакарст, тэрмакарст і суфозія. Развіты ў Зах. Еўропе, Расіі, Кітаі, ЗША, Цэнтр. Амерыцы. На тэр. Беларусі К. прымеркаваны да карбанатных парод дэвонскага і мелавога ўзросту, асабліва ў далінах рэк Дняпро і Зах. Дзвіна. Ускладняе будаўніцтва, месцамі здабычу карысных выкапняў. Карставыя пячоры вывучае спелеалогія; яны выкарыстоўваюцца для лячэння некаторых хвароб і як аб’екты турызму.

Да арт. Карст. Карставыя ўтварэнні ў горным масіве (схема): 1 — кары; 2 — прыродныя шахты; 3 — сталактыты; 4 — пячорная галерэя; 5 — гарызантальная пячора; 6 — сталагнат; 7 — сталагміты; 8 — падземныя рэкі і ручаі; 9 — вертыкальныя пячоры; 10 — падземны вадаспад.

т. 8, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗЫ́РСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР ЦЫСТЭРЦЫЯ́НАК,

помнік архітэктуры позняга барока. У г. Мазыр Гомельскай вобл. Пабудаваны ў 1744—45 у б. урочышчы Кімбараўка па фундацыі Б.​Ражанскага на правым беразе р. Прыпяць, у т.зв. Анёльскай даліне. У 1883 кляштар закрыты, у 1888 перададзены праваслаўным. Уключае мураваны касцёл Міхаіла і жылы корпус, абнесеныя мураванай агароджай. У 1893—94 касцёл рэканструяваны пад царкву: прыбудаваны драўляная званіца, бакавая мураваная галерэя і інш. Касцёл — 1-нефавы, пакрыты высокім 2-схільным дахам з увагнутымі вальмамі над 3-граннай апсідай. Мае моцную канструкцыю (таўшчыня сцен 1,5 м). Гал. фасад расчлянёны на 3 часткі высокімі пілястрамі, завершаны шырокім тонкапрафіляваным карнізным поясам і ступеньчатым атыкам (надбудаваны ў 1894). Бакавыя фасады дэкарыраваны 3 ярусамі фігурных і арачных ніш з конхамі ў верхнім ярусе. Гал. ўваход праз нізкі 5-гранны тамбур, дэкарыраваны буйнымі вуглавымі лапаткамі. Інтэр’ер быў аздоблены сюжэтнай фрэскавай размалёўкай пач. 18 ст. (не захавалася). Першапачаткова з касцёлам з ПнУ злучаўся крыты бляхай і чарапіцай П-падобны ў плане 3-павярховы жылы корпус (1-ы паверх мураваны, 2-і і 3-і — з «прускага муру»), які ствараў унутр. двор. Захаваўся корпус прамавугольны ў плане, 2-павярховы, накрыты 2-схільным дахам. Фасады рытмічна расчлянёны квадратнымі і прамавугольнымі аконнымі праёмамі і шырокімі лапаткамі ў прасценках. Іл. гл. да арт. Кімбараўскія цыстэрцыянскія кляштары.

А.​М.​Кулагін.

т. 9, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЬЗЕНЬ (Plzeń),

горад на З Чэхіі, на р. Бераўнка. Адм. ц. Зах.-Чэшскай вобл. Каля 200 тыс. ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Важны эканам. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: цяжкае машынабудаванне, вытв-сць абсталявання для АЭС, эл.-тэхн., лакаматыва- і вагонабудаванне, харчасмакавая (у асн. піваварная), папяровая, керамічная, шкляная, гарбарная. Маст. галерэя. Музеі і тэатры. Арх. помнікі 14—18 ст.: касцёл св. Барталамея (14—15), будынкі ў стылях позняга рэнесансу і барока, ратуша ў стылі рэнесансу, касцёл св. Ганны ў стылі барока.

Гарадзішча на месцы сучаснага П. існавала яшчэ ў 10 ст. У 12 ст. існавалі аднайм. мястэчка і крэпасць, паблізу якіх каля 1292 кароль Вацлаў II засн. новы П. У час гусіцкіх войнаў адзін з асн. цэнтраў гусітаў. У 1420 гусіты пакінулі горад. Пазней П. 4 разы адбіваў напады гусіцкіх атрадаў і не прызнаў іх караля І.Подзебрада. Пасля 1420 апора каталіцызму. У 1547 П. падтрымаў Габсбургаў, стаў 2-м пасля Прагі каралеўскім горадам. Моцна пацярпеў у час 30-гадовай вайны 1618—48. З канца 17 ст. адзін з цэнтраў чэш. нац. культуры (у 1648 тут засн. друкарня). У 19 ст. важны прамысл. цэнтр (у 1842 пабудаваны сусветна вядомы піваварны з-д). У 1920—30-я г. адзін з цэнтраў рабочага руху. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны ням.-фаш. войскамі (1939—45). У маі 1945 вызвалены амер. войскамі.

т. 12, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́РЦІК (лац. porticus),

галерэя, якая ўтвараецца калонамі ці слупамі і завяршаецца франтонам ці атыкам; звычайна афармляе гал. ўваход у будынак. Вядомы з эпохі антычнасці (у храмах Стараж. Грэцыі, ўзводзіліся і як асобныя збудаванні), пашыраны ў стылях рэнесансу, барока, асабліва характэрныя для класіцызму. На Беларусі П. розных арх. ордэраў адыгрывалі значную ролю ў кампазіцыі палацавых, сядзібных і культавых пабудоў стылю класіцызму. П. дарычнага ордэра ўпрыгожвалі гал. фасад Дзярэчынскага палаца, Магілёўскага Іосіфаўскага сабора, аздабляюць фасады Віцебскага палаца губернатара, Гродзенскага дома віцэ-губернатара, сядзібнага дома ў г.п. Обаль Шумілінскага р-на, Гомельскага Петрапаўлаўскага сабора. П. іанічнага ордэра выкарыстаны ў палацах Сноўскага палацава-паркавага ансамбля і ў в. Хальч Веткаўскага р-на, Магілёўскім касцёле кармелітаў і інш. Своеасаблівае арх. аблічча надаюць П. карынфскага ордэра палацам у Гомелі і в. Жылічы Кіраўскага р-на. Арыгінальна трактаваны класічныя формы ў драўляных П. палаца Радзівілімонтаўскага палацава-паркавага комплексу і інш. У архітэктуры 1930—50-х г. П., у якіх творча перапрацаваны класічныя ўзоры, выкарыстоўваліся як асн. элементы кампазіцыі гал. фасадаў грамадскіх будынкаў (Рэспубліканскі палац культуры прафсаюзаў у Мінску, будынкі абл. драм. т-ра і Палаца культуры і тэхнікі чыгуначнікаў у Гомелі). Буйныя стылізаваныя П. маюць будынкі Белдзяржфілармоніі ў Мінску, чыг. вакзала ў г. Баранавічы і інш.

Г.​С.​Ларкін.

Порцік будынка Вялікага тэатра ў г. Познань (Польшча).
Порцік сядзібнага дома ў в. Хальч Веткаўскага раёна Гомельскай вобл.

т. 12, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭТО́РЫЯ (Pretoria),

горад, сталіца Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі і адм. ц. правінцыі. Знаходзіцца на ПнУ краіны, на выш. каля 1700 м. 1080,2 тыс. ж. (1999). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Важны прамысл., фін. і культ. цэнтр, росту якога спрыяла блізкасць горнапрамысл. раёна Вітватэрсранд. Гал. цэнтр чорнай металургіі. Прам-сць: маш.-буд., у т. л. аўтазборка, вытв-сць эл. абсталявання, веласіпедаў; тэкст., хім., цэм., тытунёвая, гарбарна-абутковая, харч., дрэваапрацоўчая. Паблізу — здабыча алмазаў, жал. руды, каменнага вугалю. Цэнтр ядз. даследаванняў. 2 ун-ты, Ін-т Паўд. Афрыкі, Паўд.-Афр. акадэмія навук і мастацтваў. Музеі: Трансвааля, гісторыі нац. культуры, маст. галерэя і інш. Абсерваторыя. У наваколлі — мемарыял першым трансваальскім пасяленцам-бурам.

Засн. ў 1855 як умацаванае паселішча перасяленцаў-бураў, якія каланізавалі землі на Пн ад р. Вааль. Названа ў гонар кіраўніка бураў Х.В.Я.Прэторыуса. З 1860 сталіца бурскай рэспублікі Трансвааль. У 1897 вакол П. пабудаваны форты, каб абараніць горад ад англічан, якія наваднілі Вітватэрсранд. дзе з 1883 пачалася здабыча золата. Развіццё П. паскорана буд-вам чыгункі да Кейптаўна, Дурбана (1893) і Ларэнсу-Маркіша (1895, цяпер Мапуту, Мазамбік). Пасля англа-бурскай вайны 1899—1902, калі буры прызналі заваяванне Вялікабрытаніяй рэспублік Трансвааль і Аранжавая, П. захавала функцыі адм. цэнтра. З 1910 сталіца Паўд.-Афр. Саюза (з 1961 — Паўд.-Афр. Рэспублікі). Індустр. развіццё пачалося пасля будаўніцтва ў 1934 у П. першага ў Афрыцы металург. камбіната. П. — рэзідэнцыя цэнтр. дзярж. органаў, парламент збіраецца ў Кейптаўне.

т. 13, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРАСЦЕ́ЙСКІ ЗА́МАК,

комплекс умацаванняў у Брэсце (Берасці) у 14—18 ст. Размяшчаўся каля сутокаў Мухаўца і Зах. Буга на трохвугольным у плане мысавым гарадзішчы. Пляцоўка замкавага дзядзінца (пл. больш за 2 га) была ўмацавана земляным валам, на якім знаходзілася 5 вежаў (драўляных, акрамя Берасцейскай вежы) і драўляныя абарончыя сцены-гародні з 129 «каморамі». Дзве вежы былі з брамамі, ад якіх праз Мухавец вялі масты ў горад; на адной з іх быў устаноўлены гадзіннік. Ніжнія паверхі сцен-гародняў выкарыстоўваліся як сховішчы для гараджан з іх скарбам. На верхнім ярусе знаходзілася крытая стрэшкай баявая галерэя («бланкаванье»), У лінію абарончых сцен былі ўключаны і жылыя памяшканні — «светлицы», пастаўленыя глухімі фасадамі ў бок «поля». У 1566 ў цэйхгаузе Берасцейскага замка знаходзілася метал. даспехаў на 100 чал., 12 гармат, 1 марціра, 96 гакаўніц і інш. У замку былі помпы для скрытай падачы вады, якая ішла па падземных драўляных трубах. Помпы прыводзіліся ў дзеянне вадзяным млынам. У 14 ст. Берасцейскі замак быў захоплены рыцарамі Тэўтонскага ордэна, палякамі, у 1500 вытрымаў аблогу крымскіх татараў, у 1525 згарэў, у 1648 у час антыфеадальнай вайны 1648—51 разбураны, адноўлены ва ўмовах вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У 1657 захоплены шведамі, у 1660 і 1661 — рускімі, у 1705 у час Паўн. вайны 1700—21 — шведамі. Пасля Паўн. вайны драўляныя ўмацаванні заменены 5-бастыённымі пабудовамі, якія пазней былі ўключаны ў склад новаўтворанай Брэсцкай крэпасці.

А.​А.​Ярашэвіч.

т. 3, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРУ́ГЕ (флам. Brugge, франц. Bruges),

горад на ПнЗ Бельгіі. Адм. ц. правінцыі Зах. Фландрыя. 116,7 тыс. ж. (1993). Трансп. вузел; марскі (суднаходнымі каналамі звязаны з аванпортам на Паўн. моры г. Зебруге) і рачны порт. Гандаль нафтай, вугалем, жал. рудой, рыбай і інш. Металаапрацоўка, машынабудаванне (суднабудаванне і рамонт, аўтазборка, выраб тэлевізараў), хім., тэкст., мэблевая, харчасмакавая прам-сць; традыцыйная вытв-сць карункаў. Цэнтр турызму. Музей нідэрл. мастацтва. Муніцыпальная маст. галерэя.

Упершыню ўпамінаецца ў 7 ст. У 9 ст. тут пабудаваны замак графаў Фландрскіх, з канца 11 ст. — іх рэзідэнцыя. Цэнтр антыфранц. паўстання 1302 (гл. «Бругская ютрань»). У 13—15 ст. адзін з цэнтраў міжнар. крэдытных аперацый, узначальваў т.зв. Лонданскую ганзу фландрскіх купцоў, тут знаходзілася іх самая буйная факторыя, цэнтр вытв-сці сукна з англ. воўны.

Арх. своеасаблівасць гораду, які называюць Паўночнай Венецыяй, надаюць старадаўнія вузкія дамы, цэрквы і вежы, шматлікія каналы з выгнутымі мастамі. На пл. Гротэ-маркт размешчаны Суконныя рады (1248—1364) з гар. вежай (1283—1482), на пл. Бург — ратуша (1376—1421) і капэла Святой крыві (каля 1480). Сярод цэркваў — сабор Сінт-Салватор (12—18 ст.), Онзе-ліве-Враўэкерк (1210—1549; з «Мадоннай» Мікеланджэла, бронзавымі грабніцамі Марыі Бургундскай і Карла Смелага, 16 ст.). У Суконных радах, доме Грутхусе (1420—70), прытулку Потэры (1276) — музеі нідэрл. мастацтва, у зале капітула (1685) шпіталя Сінт-Янс — музей Г.​Мемлінга.

Да арт. Бруге. Гарадская вежа. 1482.
Да арт. Бруге. Шпіталь Сінт-Янс. 14—15 ст.

т. 3, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАСНАЯ́РСК,

горад у Расіі, цэнтр Краснаярскага края, на берагах р. Енісей. 874 тыс. ж. (1997). Чыг. вузел. Аэрапорт. Рачны порт. Буйны прамысл. цэнтр Усх. Сібіры. Асн. галіны прам-сці: машынабуд. і металаапр. (збожжаўборачныя камбайны, лясное машынабудаванне, суднабудаванне, радыётэхніка, тэлевізары і інш.), хім. (хімвалакно, хімбытпрылады, сінт. каўчук, шыны, медпрэпараты, гумава-тэхн. вырабы і інш.), металургічная (алюмініевая, каляровых і каштоўных металаў і інш.), дрэваапр. (цэлюлозна-папяровы камбінат), буд. матэрыялаў, лёгкая і харчовая. ГЭС. Навук. цэнтр Сіб. аддзялення Рас. АН, Сіб.-Далёкаўсходняе аддзяленне Рас. Акадэміі мастацтваў. 13 ВНУ, у т. л. 2 ун-ты і Сіб. аэракасм. акадэмія. 5 т-раў, у т. л. оперы і балета. 4 канцэртныя залы. Філармонія. Цырк. Музеі: краязнаўчы, культ.-гіст. цэнтр, музей-сядзіба В.​І.​Сурыкава, маст. імя В.​І.​Сурыкава, карцінная галерэя. Каля К. — запаведнік «Сталбы».

Засн. ў 1628 як астрог Красны Яр ваяводам А.​Дубенскім для абароны ад набегаў татар. У пач. 18 ст. цэнтр рамёстваў (цяслярскага, кавальскага, медзеплавільнага, гарбарнага і інш.). Развіццё паскорылася пасля буд-ва (1735—41) Маскоўскага тракту (Ачынск—Канск). З 1822 цэнтр Енісейскай губ. У 19 ст. цэнтр сібірскага казацтва, месца ссылкі дзекабрыстаў, народнікаў, сацыял-дэмакратаў, перасыльны пункт асуджаных у Туруханскі край, Іркуцкую вобл., Якуцію, на Сахалін. У канцы 19 ст. праз К. прайшла Транссібірская чыгунка. З 1934 цэнтр Краснаярскага краю. У 1941—42 у К. эвакуіравана шмат заводаў з зах. раёнаў СССР, у т. л. з Беларусі.

Краснаярск. Панарама горада.

т. 8, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́НСКІ КАСЦЁЛ І КАЛЕ́ГІУМ ЕЗУІ́ТАЎ,

помнік архітэктуры барока 17 ст. ў г. Пінск Брэсцкай вобл. Размешчаны ў гіст. цэнтры горада. Калегіум разам з мураваным касцёлам св. Станіслава (пабудаваны ў 1636—46, у 1956 разбураны) уваходзіў у ансамбль кляштара езуітаў. Узведзены ў 1651—1738 з цэглы. Яго трохпавярховы Г-падобны ў плане будынак паўд. фасадам арыентаваны да набярэжнай р. Піна. Тут размяшчаліся вучэбныя класы, трапезная, службовыя памяшканні. Фасады члянёны аконнымі праёмамі з ляпнымі абрамленнямі. Паўд.-зах. вугал фланкіруе 6-гранная вежа-контрфорс. Будынак завершаны 2-схільным дахам з заломам. Яго тарцы ўпрыгожаны складанымі франтонамі з дэкар. валютамі. З 1638 у калегіуме знаходзілася філас.-тэалагічная школа; у 1645 адкрыта муз. бурса, у 1694 — аптэка; увесь час дзейнічаў т-р, у 1727—35 — друкарня, меліся б-ка, шпіталь для бедных. У 1773 калегіум закрыты. Касцёл у 1786 перададзены уніятам і стаў кафедральным саборам Пінска-Тураўскай уніяцкай епархіі, у 1800 належаў правасл. Пінскаму Богаяўленскаму манастыру. У 1848 сюды пераведзена з Лядаў духоўнае вучылішча. У 1919 касцёл вернуты езуітам, у 1923 аднавілася навуч. дзейнасць калегіума. З 1925 пры калегіуме працавала духоўная семінарыя, з 1937 — навіцыят (установа для падрыхтоўкі новых членаў ордэна). У 1939 калегіум закрыты. У будынку размяшчаліся адм. ўстанова і карцінная галерэя, з 1995 пасля рэстаўрацыі — Музей Беларускага Палесся.

Літ.:

Адамовіч С. Комплекс Пінскага езуіцкага кляштара // Наша вера. 1999. № 3.

Ю.​А.​Якімовіч, А.​А.​Ярашэвіч.

Пінскі касцёл і калегіум езуітаў. Будынак былога калегіума. Здымак 2000.
Пінскі касцёл і калегіум езуітаў. Фота пач. 20 ст.

т. 12, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ МАСТА́ЦКІ МУЗЕ́Й РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

найбуйнейшы на Беларусі збор твораў выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва. Засн. і адкрыты ў 1939 у Мінску як Дзярж. карцінная галерэя, з 1957 Дзярж. маст. музей, з 1993 сучасная назва. Захоўвае творы бел., рас. і зах.еўрап. мастацтва і мастацтва Усходу 14—20 ст. Агульная пл. 3513 м². Меў 10 экспазіцыйных залаў, пл. экспазіцыі 1749 м². У фондах музея (2000) 22,6 тыс. экспанатаў. Навук. аддзелы: навук.-асв. работы, уліку і захавання, стараж.-бел. мастацтва, бел. мастацтва 20 ст., рус. мастацтва, замежнага мастацтва, рэстаўрацыі і хім.-біял. даследаванняў, архіў.

Напачатку размяшчаўся ў будынку Вышэйшай камуніст. с.-г. школы, б. Мінскай жаночай гімназіі. Калекцыя склалася з экспанатаў з фондаў абласных краязнаўчых і гіст. музеяў, а таксама з нацыяналізаваных у Зах. Беларусі маёнткаў. Агульная пл. складала 1500 м². З 1200 экспанатаў, якія былі на момант адкрыцця, у 15 залах экспанавалася 400 твораў бел., рус. і зах.-еўрап. мастацтва 17—20 ст. На пач. 1941 фонды складалі 2711 адзінак. У час Вял. Айч. вайны самыя каштоўныя экспанаты не паспелі эвакуіраваць, іх лёс невядомы. Галерэя адноўлена ў 1944, размяшчалася ў будынку Дома прафсаюзаў. У 1957 музей адкрыўся ў спец. ўзведзеным будынку. Колькасць экспанатаў склала 2886 адзінак.

У музеі сабрана унікальная калекцыя бел. мастацтва: стараж. іканапіс і разьба па дрэве, творы дэкар.-прыкладнога мастацтва, жывапіс 19 ст., у т. л. творы В.​Бялыніцкага-Бірулі, А.​Гараўскага, С.​Жукоўскага, І.​Хруцкага; пасляваеннае і мастацтва 2-й пал. 20 ст. прадстаўлена творамі З.​Азгура, А.​Анікейчыка, І.​Ахрэмчыка, А.​Бембеля, Г.​Вашчанкі, Н.​Воранава, А.​Глебава, В.​Грамыкі, М.​Данцыга, Я.​Зайцава, А.​Кашкурэвіча, А.​Кішчанкі, А.​Малішэўскага, Г.​Мурамцава, У.​Мурахвера, Г.​Паплаўскага, А.​Паслядовіч, І.​Рэя, М.​Савіцкага, У.​Стальмашонка, В.​Сумарава, В.​Цвіркі, Л.​Шчамялёва і інш.; рус. мастацтва 18—20 ст. — творамі К.​Айвазоўскага, У.​Баравікоўскага, К.​Брулова, С.​Канёнкава, К.​Каровіна, Дз.​Лявіцкага, В.​Паленава, Ф.​Рокатава, І.​Рэпіна, В.​Сярова, В.​Трапініна, М.​Урубеля, П.​Фядотава, Ф.​Шубіна, І.​Шышкіна і інш. Калекцыя зах.-еўрап. мастацтва 15 — пач. 20 ст. склалася ў 1960—70-я г. з твораў мастакоў Аўстрыі, Бельгіі, Галандыі, Даніі, Італіі, Польшчы, Францыі, Швецыі, якія адлюстроўваюць асаблівасці развіцця мастацтва ў гэтых краінах у розныя часы. Калекцыя музея папаўнялася па ўсіх раздзелах фондаў, асабліва творамі дэкар.-прыкладнога мастацтва Беларусі (шкло, габелен, нар. мастацтва), Расіі, Зах. Еўропы. Склалася і калекцыя ўсх. мастацтва: кераміка, ткацтва, лакі, метал, традыц. жывапіс, разьба па камені і косці 15—20 ст. Індыі, Ірана, Кітая, Сярэдняй Азіі, Японіі. Збор сучаснага бел. мастацтва папоўніўся творамі В.​Альшэўскага, А.​Задорына, Н.​Залознай, С.​Катковай, У.​Кожуха, В.​Крывашэевай, З.​Літвінавай, А.​Марачкіна, М.​Селешчука, К.​Селіханава, У.​Тоўсціка, Л.​Хобатава, І.​Цішына, В. і Ф.​Янушкевічаў і інш. Музей праводзіць н.-д., збіральніцкую і папулярызатарскую работу, наладжвае выстаўкі твораў айч. і замежных майстроў, ажыццяўляе навук. і творчую сувязь з замежнымі музеямі, арганізоўвае выставачны абмен, праводзіць лекцыі, экскурсіі, заняткі клубаў мастацтвазнаўцаў і аматараў мастацтва, дапамагае ствараць карцінныя галерэі, маст. аддзелы ў інш. гарадах рэспублікі. Выдае каталогі, альбомы, паштоўкі. Мае бібліятэку. У розныя часы музей узначальвалі М.Міхалап (у 1939—41), А.Аладава (з 1944), Ю.Карачун (у 1977—97), У.Пракапцоў (з 1998). Філіялы: Гурынская карцінная галерэя Мазырскага р-на (з 1978), Музей беларускага народнага мастацтва ў в. Раўбічы Мінскага р-на (з 1979), Магілёўскі мастацкі музей В.К.Бялыніцкага-Бірулі (з 1982), архітэктурны комплекс 16—18 ст. у в. Гальшаны Ашмянскага р-на (з 1989), палацава-паркавы комплекс 16—20 ст. у г.п. Мір Карэліцкага р-на (з 1992), «Дом-музей Ваньковічаў. Культура і мастацтва 1-й пал. 19 ст.» (гл. Мінскі музей Ваньковічаў), Мемарыяльны музей Азгура З.І. (абодва з 2000), Лошыцкі сядзібна-паркавы комплекс (з 1986, у стане рэстаўрацыі) — усе ў Мінску.

Будынак музея пабудаваны ў 1957 (арх. М.​Бакланаў). 2-павярховы, прамавугольны ў плане, завершаны зашклёным ліхтаром. Гал. фасад вырашаны на аснове класічнай ордэрнай сістэмы. Цэнтр. ўваход утварае неглыбокая лоджыя з каланадай, якую па баках фланкіруюць глухія аб’ёмы з глыбокімі дэкар. нішамі, дзе размешчаны скульпт. кампазіцыі «Скульптура» і «Жывапіс» (скульптары С.​Адашкевіч, П.​Белавусаў, Л. і М.​Роберманы). Франтон увянчаны скульптурай жанчыны з вянком, якая сімвалізуе росквіт выяўл. мастацтва Беларусі (скульптар А.​Бембель). Пры ўваходзе — парадны вестыбюль, адкрыты на 2 паверхі, з 3-маршавай лесвіцай і абходнай галерэяй на 2-м паверсе. Сувязь выставачных залаў на 2-м паверсе анфіладная. На 1-м і ў цокальным паверхах размешчаны службовыя і дапаможныя памяшканні. Іл. гл. таксама да арт. Музеі мастацкія.

Літ.:

Государственный художественный музей БССР: [Альбом]. М., 1958;

Дзяржаўны мастацкі музей БССР: [Альбом]. Мн., 1979;

Государственный художественный музей БССР: Собр. живописи XV—XX вв.: [Альбом]. М., 1989;

Дзяржаўны мастацкі музей БССР: [Альбом]. Мн., 1990;

Сообщения Государственного художественного музея БССР. Вып. 1. Мн., 1994;

Паведамленні Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Вып. 2. Мн., 1997.

А.​А.​Воінаў (архітэктура), І.​М.​Паньшына.

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь. Вестыбюль музея.
Будынак Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.

т. 11, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)