А́СТРАХАНЬ,

горад у Расіі, цэнтр Астраханскай вобл., у дэльце р. Волга. 508,0 тыс. ж. (1994). Рачны і марскі порт, чыг. вузел, аэрапорт. Цэнтр рыбалоўства і рыбаапрацоўкі. Асн. галіны прам-сці: лёгкая (трыкатажная, абутковая, футравая), харч. (рыбная, агароднінакансервавая, мясная, саляная), машынабудаванне і металаапрацоўка (суднабудаванне і суднарамонт, вытв-сць кавальска-прэсавага, халадзільнага абсталявання і інш.). Развіта дрэваапр., цэлюлозна-папяровая, хім. прам-сць, 4 ВНУ. НДІ рыбнай гаспадаркі і акіянаграфіі.

Першыя звесткі пра Астрахань як татарскую вёску Аштархан (на правым беразе Волгі за 12 км ад сучаснай Астрахані) адносяцца да 13 ст. У 1395 спалена войскам Тамерлана. У 1459—1556 гал. горад Астраханскага ханства. У 1557 далучана да Расіі. У 1558 у Астрахані пабудавана рус. крэпасць. У 1605—06 захоплена і разрабавана данскімі і церскімі казакамі, у 1670 — войскамі С.Разіна. З 1717 губ. горад, з 1785 абл. горад Каўказскага намесніцтва. У 1-й чвэрці 18 ст. тут створаны ваен. флот, адміралцейства, верфі, порт. З 1943 цэнтр Астраханскай вобласці. Захаваўся крэмль (1580—1620) з Успенскім (1698—1710) і Траецкім (канец 16—18 ст.) саборамі і інш. помнікі архітэктуры. Карцінная галерэя, музей.

т. 2, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)