ЦІХАНО́ВІЧ Яўген Мікалаевіч (н. 25.11.1911, г.п. Джусалы Кзыл-Ардзінскай вобл., Казахстан),
бел. мастак. Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1932). Значнае месца ў творчасці займае гіст. тэматыка, партрэтная галерэя дзеячаў бел. культуры. Рэалістычнасцю вобразаў, сюжэтаў, выразнасцю задумы вызначаюцца жывапісныя палотны «У рабства» (1944), «Апавяданне байца» (1946), «Дапамога Масквы партызанам» (1947), «Партызаны ў разведцы» (1948), «Гуляюць дублёры» (1954), «Партызаны ў засадзе» (1958), «Узнагарода Я.Коласа ордэнам Леніна» (1982); партрэтныя кампазіцыі «Р.К.Арджанікідзе ў разведцы пад Барысавам» (1936), «Я.Купала і З.Бядуля ў рэдакцыі газеты «Наша ніва» ў 1914 годзе» (1951, з І.Давідовічам) і інш.; партрэты мастакоў А.Глебава (1946), В.Ціхановіча (1983), А.Пятрухны (1984), нар. артыста Беларусі У.Галубка (1968, 1972). Аўтар графічных кампазіцый: «Пераправа цераз раку Белую», «Палонныя белапалякі» (абедзве 1940), «Дэкрэт аб зямлі» (1963) і інш.; партрэтаў А.Пашкевіч (Цёткі, 1976), Ф.Скарыны, Ф.Багушэвіча (абодва 1977), Я.Купалы, Я.Коласа (абодва 1978) і інш.; трыпціха «Кастусь Міцкевіч у студэнцкія гады» (1959), пейзажаў, ілюстрацый да кніг, больш за 400 экслібрысаў.