ДЗІ́КАЯ ПЯТРУ́ШКА (Peucedanum),

род кветкавых раслін сям. сельдэрэевых. Каля 120 відаў. Пашыраны ў субтрапічных, умераных і субарктычных абласцях Еўропы, Азіі, у трапічнай і Паўд. Афрыцы. На Беларусі 3 віды: Дз.п. горная (P. oreoselinum) — расце ўсюды ў хваёвых і мяшаных лясах, на ўзлесках; аленевая (P. cervaria) — трапляецца рэдка ў паўд. і зах. частках краіны, занесена ў Чырв. кнігу; настуркавая, або цар-зелле (P. ostruthium) — у наваколлі Мінска, Гродна і Магілёва.

Шматгадовыя травяністыя расліны з простым або галінастым сцяблом і верацёнападобным патоўшчаным коранем. Лісце трайчастае або перыстае, прыкаранёвае чаранковае. Кветкі дробныя, белыя, жоўтыя або чырванаватыя, у складаных парасоніках. Плод — віслаплоднік. Лек., харч. і дэкар. расліны.

Г.​У.​Вынаеў.

Дзікая пятрушка.

т. 6, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ТРЫЦА [ням. Matrize ад лац. matrix (matricis) матка; крыніца, пачатак],

1) у металаапрацоўцы — рабочая ч. штампа і інш. інструментаў, якая мае скразную адтуліну або паглыбленне, форма ці контур якіх адпавядаюць форме дэталі, што апрацоўваецца. Выкарыстоўваецца пры штампоўцы, прасаванні, глыбокай выцяжцы або працягванні загатоўкі.

2) У паліграфіі — паглыбленая форма з прамым відарысам літары або знака для адліўкі літар ручнога набору (шрыфталіцейная М.), для механізаванага набору ў наборных машынах (лінатыпныя і манатыпныя М.). Стэрэатыпныя М. — паглыбленыя копіі з наборнай тэкставай або ілюстрацыйнай формы высокага друку, атрыманыя прасаваннем на свінцы, пластмасе і інш. матэрыяле; прызначаныя для адліўкі стэрэатыпаў (гл. Стэрэатыпія).

3) Рэльефная копія штампа (контрштамп), якая выкарыстоўваецца пры кангрэўным цісненні.

Матрыца ў паліграфіі: 1 — лінатыпная; 2 — манатыпныя.

т. 10, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАГАНАФО́РЫ (Pogonophora),

тып беспазваночных жывёл. Вядомы з позняга дакембрыю (каля 600 млн. г. назад). 2 кл.: вуздэчкавыя, або франуляты (Frenulata), і безвуздэчкавыя, або афрануляты (Vestimentifera, або Afrenulata), больш за 150 відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах. Жывуць на дне, на глыб. 3—10 км, пераважна прымацаваныя.

Даўж. 5,5—150 см, дыяметр 0,1 мм — 3,5 см. Цела нітка- або чэрвепадобнае, у ахоўнай хіцінавай трубцы. Газаабмен ажыццяўляецца шчупальцамі, размешчанымі на пярэднім канцы цела. Крывяносная сістэма замкнутая.

Жыўленне адбываецца пераважна за кошт арган. рэчыва, якое сінтэзуецца аўтатрофнымі сернымі бактэрыямі, што жывуць у поласці цела П. Раздзельнаполыя.

А.​М.​Петрыкаў.

Паганафора: 1 — шчупальцы; 2 — галаўная лопасць; 3 — вуздэчка; 4 — другі аддзел цела; 5 — трэці аддзел цела; 6 — задні аддзел цела.

т. 11, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫСОСКАПАДО́БНЫЯ (Gobiesociformes),

атрад касцістых рыб. Вядомы з міяцэну (каля 22—20 млн. г. назад). 1 сям. — прысоскавыя, або марскія качачкі (Gobiesocidae), каля 40 родаў, каля 100 відаў. Пашыраны ў прыбярэжнай зоне трапічных і ўмераных вод усіх акіянаў, у прэсных водах Цэнтр. Амерыкі. У Чорным м. трапляюцца звычайная, або аднаколерная, рыба-прысоска (Lepadogaster lepadogaster), таўстарылая прысоска, або качачка (L. decandollei), і двухплямістая прысоска, або караткапёрая качачка (Diplecogaster bimaculatus). Вядуць прыдонны спосаб жыцця.

Даўж. да 30 см. Цела кароткае, голае, укрытае сліззю. Афарбоўка маскіровачная. На брушку прысмоктвальны дыск з відазмененых брушных плаўнікоў, якія зрасліся; пры дапамозе дыска П. прымацоўваюцца да камянёў, раслін і інш. Кормяцца дробнымі доннымі беспазваночнымі. Лічынкі пелагічныя.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 13, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАГАХВО́СТЫ (Sificoidea),

надсямейства насякомых падатр. сядзячабрухіх атр. перапончатакрылых. 2 сям., каля 200 відаў. На Беларусі найб. трапляюцца Р.: вялікі хвойны, або Р.-гігант (Serix gigas, або Urocerus gigas), сіні хваёвы (Sirex juvencus, або Paururus juvencus), бярозавы (Tremex tuscicornis). Пераносчыкі чырв. гнілі драўніны. Шкоднікі лесу.

Даўж. да 6 см. Цела цыліндрычнае. У самак на канцы брушка доўгі яйцаклад, падобны на рог (адсюль назва). Вусікі шчацінкападобныя. Ротавыя органы грызучыя. Ногі бегальныя. Развіццё з поўным ператварэннем. Лічынкі белаватыя з жаўтаватым або зеленаватым адценнем, цыліндрычныя, выгнутыя, з 3 парамі рудыментарных грудных ног і вострым адросткам на заднім канцы цела.

С.​Л.​Максімава.

Рагахвосты: 1 — вялікі хвойны (а — дарослая самка; б — лічынка); 2 — сіні хваёвы.

т. 13, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЕ́ДКА ў юрыспрудэнцыі,

асоба, адносна якой ёсць падставы меркаваць, што ёй вядомы нейкія акалічнасці па крымін., адм. або цывільнай справе, выкліканая органам, што вядзе следства, справу аб адм. правапарушэнні, або судовы працэс, для дачы паказанняў. Асоба, выкліканая ў якасці С., абавязана з’явіцца па выкліку і даць праўдзівыя паказанні. За адмову або ўхіленне ад дачы паказанняў, за дачу заведама лжывага паказання па крымін. і цывільных справах С. нясе крымін. адказнасць у адпаведнасці з законам. Працэсуальнае заканадаўства Рэспублікі Беларусь вызначае кола асоб, якія не падлягаюць допыту ў якасці С.: падазроныя; асобы, што па ўзросце, фіз. або псіхічным стане здароўя не здольны правільна ўспрымаць акалічнасці, што належаць высвятленню па справе, і некат. інш.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 14, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́ННІЦЫ (Coenonympha),

род матылёў сям. аксамітніц, або сатыраў, ці вочак атр. лускакрылых. Каля 200 відаў. Пашыраны на ўзлесках, балотах, лугах. На Беларусі 6 відаў: арканія, або сатыр белапалосы (C. arcania), С. звычайная, або памфіл (C. pamphilus), іфіда (C. iphis, або glycerion), С. тулія (C. tullia), С. Гера (C. hero) і С. Эдып (C. oedippus); С. Гера і С. Эдып занесены ў Чырв. кнігу.

Размах крылаў 24—40 мм. Асн. тон афарбоўкі буры, карычневы. Спод крылаў з метал. бліскучай палоскай уздоўж краю. Вусікі з плаўна патоўшчанай булавой. Пярэднія ногі недаразвітыя. За год 1(3) пакаленне. Вусені кормяцца ў асн. дзікарослымі злакамі і асокамі. Зімуюць вусені.

С.​Л.​Максімава.

Сенніцы: 1 — Гера; 2 — Эдып.

т. 14, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНШЛІ́Ф (ням. Anschliff),

непразрысты кавалак мінералу, горнай пароды, руды, акамянеласці, вугалю або металу з адшліфаванай і адпаліраванай адной або некалькімі паверхнямі. Выкарыстоўваецца для вызначэння мінералаў, вывучэння структуры рудаў і інш. у адлюстраваным святле палярызацыйнага мікраскопа.

т. 1, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМПЕТЭ́НЦЫЯ (ад лац. competo дасягаю; адпавядаю, падыходжу),

1) круг паўнамоцтваў (правоў і абавязкаў) якой-н. арг-цыі, установы або службовай асобы, устаноўлены законам, статутам або інш. палажэннем.

2) Веды, вопыт у той ці інш. галіне.

т. 7, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАСЕ́ЙН у геалогіі,

адмоўная замкнёная тэктанічная структура, у якой намнажаюцца або залягаюць асадкавыя горныя пароды, нярэдка з карыснымі выкапнямі. Мае будову сінкліналі або прагіну. Адрозніваюць басейны: гідрагеалагічны, або падземных водаў (артэзіянскі, сцёку трэшчынна-грунтавых водаў і інш.), карысных выкапняў (нафтагазаносны, вугляносны, саляносны, сланцавы, рудны і інш.), седыментацыі (азёрныя, марскія, акіянскія, балотныя і інш.), дзе адбываецца намнажэнне асадкаў. Гл. таксама Аршанскі гідрагеалагічны басейн, Брэсцкі гідрагеалагічны басейн, Прыпяцкі гідрагеалагічны басейн, Прыпяцкі нафтагазаносны басейн, Прыпяцкі саляносны басейн.

т. 2, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)