МА́ТРЫЦА [ням. Matrize ад лац. matrix (matricis) матка; крыніца, пачатак],

1) у металаапрацоўцы — рабочая ч. штампа і інш. інструментаў, якая мае скразную адтуліну або паглыбленне, форма ці контур якіх адпавядаюць форме дэталі, што апрацоўваецца. Выкарыстоўваецца пры штампоўцы, прасаванні, глыбокай выцяжцы або працягванні загатоўкі.

2) У паліграфіі — паглыбленая форма з прамым відарысам літары або знака для адліўкі літар ручнога набору (шрыфталіцейная М.), для механізаванага набору ў наборных машынах (лінатыпныя і манатыпныя М.). Стэрэатыпныя М. — паглыбленыя копіі з наборнай тэкставай або ілюстрацыйнай формы высокага друку, атрыманыя прасаваннем на свінцы, пластмасе і інш. матэрыяле; прызначаныя для адліўкі стэрэатыпаў (гл. Стэрэатыпія).

3) Рэльефная копія штампа (контрштамп), якая выкарыстоўваецца пры кангрэўным цісненні.

Матрыца ў паліграфіі: 1 — лінатыпная; 2 — манатыпныя.

т. 10, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)