падзел зорак на класы паводле асаблівасцей іх спектраў.
Аснова сучаснай С.к.з. — Гарвардская класіфікацыя і яе вынік — каталог Г.Дрэпера, які змяшчае спектральныя характарыстыкі 225 320 зорак Паўн. і Паўд. паўшар’яў неба (амаль усе зоркі да 9 зорнай велічыні). Спектры большасці зорак размяшчаюцца ў выглядзе паслядоўнасці, уздоўж якой інтэнсіўнасць ліній адных хім. элементаў паступова слабее, а іншых — узмацняецца. Падобныя паміж сабой спектры аб’ядноўваюць у спектральныя класы. Абазначаюць іх лац. літарамі ў паслядоўнасці , якая адпавядае змене колеру (зоркі класаў O̺, B — блакітныя, A, F — белыя, G — жоўтыя, у т. л. Сонца, K — аранжавыя, M — чырвоныя), паказчыка колеру і ўбыванню эфектыўнай т-ры (ад 30 тыс. да 3 тыс.К); адгалінаванні адлюстроўваюць адрозненні хім. саставу. Кожны клас (акрамя O̺) падзяляецца паводле тонкіх адрозненняў паміж спектрамі ўнутры класа на 10 падкласаў, якія абазначаюцца лічбамі ад 0 да 9, што ставяцца пасля літары. Клас O̺ падзяляецца на падкласы ад O̺4 да O̺9,5. Іншыя асаблівасці, нетыповыя для дадзенага класа, абазначаюцца малымі лац. літарамі; напр., па інтэнсіўнасці некаторых ліній паглынання вызначаюць свяцільнасць зоркі (гігант або карлік). у гігантаў перад спектральным класам ставіцца індэкс g, у карлікаў — d. С.к. з. дае магчымасць вызначаць класы зорак параўнаннем іх спектраў са спектрамі зорак. для якіх спец. даследаваннямі надзейна ўстаноўлены т-ра фотасфер і абс. візуальныя велічыні. Гл. таксама Герцшпрунга—Рэсела дыяграма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАНТА́Л (лац. Tantalum),
Ta, хімічны элемент V групы перыяд. сістэмы, ат. н. 73, ат. м. 180,948. Прыродны Т. — сумесь стабільнага 181Ta (99,9877%) і слаба радыеактыўнага 180Ta (перыяд паўраспаду 1∙1013 гадоў). У зямной кары 2,5∙10−4% па масе, трапляецца звычайна разам з ніобіем (гл.Танталавыя руды). Адкрыты ў 1802 швед. вучоным А.Экебергам; назва ад імя міфалагічнага Тантала (з-за цяжкасці атрымання ў чыстым выглядзе).
Шэры з сіняватым адценнем пластычны метал, tпл 3014 °C, tкіп каля 5500 °C, шчыльн. 16 600 кг/м³. У звычайных умовах хімічна устойлівы. Раствараецца ў плавікавай кіслаце і яе сумесях з азотнай к-той, гарачай канцэнтраванай сернай кіслаце, расплавах шчолачаў. Кампактны ў паветры пакрываецца тонкай ахоўнай плёнкай пентааксіду Ta2O5, акісляецца пры t > 300 °C. Пры награванні ўзаемадзейнічае з хлорам, фторам, вадародам, пры t > 1200 °C — з азотам і вугляродам; нітрыды (Ta2N, TaN) і монакарбід TaC (tпл каля 3800 °C) вельмі ўстойлівыя да ўздзеяння хім. рэагентаў. Атрымліваюць аднаўленнем Ta2O5 вугалем пры 2000 °C у вакууме. калію гептафтортанталату (V) K2TaF7 — натрыем. Выкарыстоўваюць як кампанент каразійна- і гарачаўстойлівых сплаваў, для вырабу электралітычных кандэнсатараў, электродаў электронных лямпаў, спец. каразійнаўстойлівай апаратуры ў хім. прам-сці і ядз. энергетыцы, фільер у вытв-сці штучнага валакна, награвальнікаў высокатэмпературных печаў, для касцявога пратэзавання ў медыцыне і інш.
Літ.:
Фейрбротер Ф. Химия ниобия и тантала: Пер. с англ.М., 1972;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАЎНС (Townes) Чарлз Хард (н. 28.7.1915, г. Грынвіл, штат Паўд. Караліна, ЗША),
амерыканскі фізік, адзін з заснавальнікаў квантавай электронікі. Чл.Нац.АН ЗША (1956), Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1957), Лонданскага каралеўскага т-ва (1976). Замежны чл.Рас.АН (1994). Скончыў Каліфарнійскі тэхнал.ін-т (1939). З 1939 у фірме «Бел тэлефон лаборатарыс», з 1948 у Калумбійскім ун-це (з 1950 праф.). З 1959 у Ін-це абаронных даследаванняў (віцэ-прэзідэнт, г. Вашынгтон). З 1961 у Масачусецкім тэхнал. ін-це, з 1967 у Каліфарнійскім ун-це (г. Берклі). Навук. працы па мікрахвалевай спектраскапіі, квантавай электроніцы, радыё- і інфрачырвонай астраноміі, радыёлакацыі, астрафізіцы. Распрацаваў прынцыпы ўзмацнення і генерацыі эл.-магн. выпрамянення ў квантавых сістэмах (1951; незалежна ад М.Г.Басава і А.М.Прохарава), стварыў першы мазер (1953). Прапанаваў прынцып работы лазера (1958; разам з А.Л.Шаўлавым). Выкарыстаў мазеры для высокадакладнага пацвярджэння спец. тэорыі адноснасці (1958—63). Разам з інш. прадказаў эфект самафакусіроўкі светлавога пучка (1964; незалежна ад Г.А.Аскар’яна). Выявіў малекулы вады ў міжзорнай прасторы і паказаў, што іх радыёвыпрамяненне абумоўлена мазерным механізмам (касм. мазер; 1969). Нобелеўская прэмія 1964 (разам з Басавым, Прохаравым). Залаты медаль імя Бора 1979. Вял. залаты медаль імя Ламаносава Рас.АН 2000.
Тв.:
Рус.пер. — Радиоспектроскопия. М., 1959 (разам з А.Шаўлавым);
Слияние науки и религии // Диалоги. М., 1979;
Что происходит в центре нашей Галактики? (разам з Р.Гензелам) // В мире науки. 1990. № 6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЛУМАЧЭ́ННЕ ЗАКО́НА,
дзейнасць органаў дзяржавы, арганізацый, устаноў, службовых асоб і грамадзян, накіраваная на асэнсаванне і тлумачэнне сэнсу і зместу норм права. Ажыццяўляецца ў працэсе праватворчасці, рэалізацыі юрыд. норм суб’ектамі права, у навук. дзейнасці і выкладанні юрыд. дысцыплін. Мэта Т.з. — дакладнае і аднастайнае выкарыстанне законаў, выдаленне малазразумелых месц і магчымых памылак пры іх рэалізацыі. Т.з. падзяляюць на; тэкставае (аналіз знешняй формы нормы і яе тэксту), сістэматычнае (устанаўленне сувязей і ўзаемазалежнасцей тлумачанай нормы з блізкімі паводле зместу нормамі, вызначэнне месца, якое яна займае ў структуры нарматыўнага акта), гісторыка-палітычнае (даследаванне сац. значэння нормаў, іх мэт, намераў заканадаўцаў, грамадска-паліт. абставін, якія абумовілі выданне нормы). Пры ўзнікненні разыходжанняў паміж зместам нормы і яе вонкавым афармленнем, выкарыстоўваюць пашыранае Т.з., калі сапраўдны змест нормы некалькі шырэйшы, чым яго слоўны выраз, або абмежаванае, калі ён разумеецца вузей, чым гэта прама выказана ў фармулёўцы нормы. Вылучаюць Т.з. афіцыйнае (робіцца спец. ўпаўнаважанымі органамі ў афіц. акце і з’яўляецца абавязковай дырэктывай для выканаўцаў) і неафіцыйнае, або дактрынальнае (у форме рэкамендацый і парад, што даюцца грамадскімі арг-цыямі, навук. ўстановамі, вучонымі і практыкамі). Афіцыйнае Т.з. ў сваю чаргу падзяляецца на нарматыўнае і казуальнае. Нарматыўнае Т.з. абавязковае для ўсіх асоб і органаў і пашыраецца на ўсе выпадкі, прадугледжаныя нормай; казуальнае — афіц. тлумачэнне нормы, якое даецца судовым або інш. кампетэнтным органам у сувязі з разглядам пэўнай справы і абавязкова выключна пры яе разглядзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРЭСТ (англ. trust літар. — давер),
арганізацыйна-прававая форма аб’яднання кампаній, юрыдычна аформленая пагадненнем аб перадачы правоў на ўласнасць і кіраванне аднаму з удзельнікаў ці спец. органу (праўленню дырэкцыі) і стварэнні адзінай юрыд. асобы; таксама манапал. аб’яднанне прадпрыемстваў пэўнай або некалькіх галін з ліквідацыяй іх вытв. і камерцыйнай самастойнасці. Праўленне Т. рэгулюе фін., вытв. і гандл. дзейнасць прадпрыемстваў. Кожны ўдзельнік Т. ў залежнасці ад долі ўнесенага капіталу атрымлівае пакет акцый, мае права ўдзелу ў кіраванні і атрымання часткі прыбытку. Вышэйшая, чым у картэлях і сіндыкатах, канцэнтрацыя капіталу забяспечвае Т. і больш высокую ўстойлівасць у канкурэнтнай барацьбе.
Першы Т. «Стандарт ойл» створаны Дж.Д.Рокфелерам у ЗША у 1879. Пасля 1-й сусв. вайны хутка развіваліся ў Еўропе. У 1920—40-я г. панаванне Т. у эканоміцы вядучых капіталіст. краін, штучная падтрымка імі высокага ўзроўню цэн пры зніжэнні вытв-сці стымулявала крызісныя працэсы. У пач. 1950 большасцю развітых капіталіст. краін прыняты т. зв. «антытрэстаўскія» законы. На змену Т. прыйшлі больш гібкія формы манапал. аб’яднанняў — канцэрны, холдзінг-кампаніі і інш. У СССР у часы нэпа да 90% нацыяналізаваных і не перададзеных у арэнду найб. буйных прадпрыемстваў былі аб’яднаны ў Т., якія дзейнічалі на прынцыпах гасп. разліку і самастойнасці. Да канца 1920-х г. з’яўляліся асн.вытв. адзінкай сав. прам-сці. Як адна з форм арганізацыі вытв-сці і кіравання пашыраны ў буд-ве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УДА́РНАЯ ХВА́ЛЯ,
вузкая пераходная зона рэзкага павелічэння ціску, т-ры, шчыльнасці і скорасці, што рухаецца адносна няўзбуранага асяроддзя са звышгукавой скорасцю. Узнікае пры выбухах, звышгукавых рухах цел, магутных эл. разрадах, у фокусе лазернага праменя і інш.; у лабараторных умовах атрымліваюць у спец. ударных трубах. У.х. — гэта ўся маса рэчыва, сціснутая і прыведзеная ў рух; паверхня, што аддзяляе У.х. ад няўзбуранага асяроддзя, наз.фронтам У.х. Заканамернасці ўзнікнення і распаўсюджвання У.х. вывучаюць гідрадынаміка і газавая дынаміка.
Параметры рэчыва па абодва бакі У.х. звязаны законамі захавання патокаў масы, імпульсу і энергіі. Гэтыя законы разам з ураўненнем стану рэчыва вызначаюць значэнні ўсіх параметраў як функцый аднаго з іх, напр., ціску ці скорасці. Шырыня У.х. вызначаецца часам рэлаксацыі працэсаў паглынання і рассеяння энергіі і імпульсу. У.х. карыстаюцца ў фізіцы, хіміі, тэхніцы для вывучэння стану і ператварэння рэчываў пры высокіх т-рах і цісках, ажыццяўлення фазавых пераходаў (напр., пры атрыманні тэхн. алмазаў з графіту), змены ходу хім. рэакцый і інш.
Літ.:
Великович А.Л., Либерман М.А. Физика ударных волн в газах и плазме. М., 1987;
Кузнецов Н.М. Устойчивость ударных волн // Успехи физ. наук. 1989. Т 159, №3;
Аврорин Е.Н. и др. Мощные ударные волны и экстремальные состояния вещества // Там жа. 1993. Т. 163, №5.
Г.С.Раманаў.
Ударная хваля паветранага ядзернага выбуху: 1 — зона разрэджання; 2 — зона сціскання; 3 — фронт ударнай хвалі; 4 — рух часцінак паветра; 5 — графік змены ціску паветра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УНУ́ТРАНЫЯ ВО́ЙСКІМіністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь,
дзяржаўнае ўзброенае фарміраванне Рэспублікі Беларусь. Прызначаны для абароны жыцця, правоў, свабод і законных інтарэсаў грамадзян, грамадства і дзяржавы, канстытуцыйнага ладу, бяспекі і суверэнітэту краіны ад злачынных і інш. проціпраўных замахаў. Падпарадкоўваюцца міністру ўнутр. спраў Рэспублікі Беларусь.
Папярэднікамі У.в. Беларусі былі У.в. СССР (войскі ўнутр. аховы Рэспублікі, войскі ўнутр. службы, войскі Усерасійскай Надзвычайнай Камісіі і інш.). У.в., у іх ліку падраздзяленні і часці, утвораныя на базе 5-га Бел. канвойнага палка, аднымі з першых уступілі у бой з ворагам у гады Вялікай Айчыннай вайны (132-гі асобны батальён НКУС — у Брэсцкай крэпасці), потым удзельнічалі у вызваленні Беларусі ад ням.-фаш. захопнікаў. У 1960—67 часці (аддзелы) У.в., якія дыслацыраваліся на тэр. рэспублікі, былі падпарадкаваны Мін-ву ўнутр. спраў БССР. Пасля абвяшчэння незалежнасці Беларусі 43-я канвойная дывізія У.в. СССР была перайменавана ў дывізію У.в. МУС Рэспублікі Беларусь.
У 1992 на базе дывізіі і інш. часцей створаны У.в. МУС Рэспублікі Беларусь.
Асн. задачы У.в.: ахова грамадскага парадку; забеспячэнне рэжыму ізаляцыі асоб, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі, іх канваіраванне; ахова асабліва важных дзярж. аб’ектаў і спец. грузаў; удзел у ажыццяўленні рэжыму надзвычайнага становішча; выкананне задач у сістэме тэр. абароны і інш. Афіцэрскія кадры для У.в. рыхтуе аднайм.ф-тВаен. акадэміі Рэспублікі Беларусь.
Ю.В.Жадобін.
Да арт.Унутраныя войскі. Сапёры-піратэхнікі на практычных занятках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРЭНЕ́ЛЯ ДЫФРА́КЦЫЯ,
дыфракцыя сферычнай светлавой хвалі на неаднароднасцях асяроддзя, напр., на адтуліне ў непразрыстым экране, на непразрыстым дыску. Названа імем А.Ж.Фрэнеля, які вывучаў гэты від дыфракцыі святла.
Для спрашчэння разлікаў дыфракцыйнай карціны светлавы сферычны фронт разбіваюць на кальцавыя зоны (зоны Фрэнеля) так, каб адлегласці ад краёў кожнай зоны да пункта назірання адрозніваліся на палавіну даўжыні хвалі святла. Амплітуда светлавой хвалі ад кожнай зоны павольна змяншаецца з павелічэннем нумара зоны, а фазы ваганняў, выкліканых суседнімі зонамі ў пункце назірання. процілеглыя. Паводле Гюйгенса—Фрэнеля прынцыпу хвалі, што прыйшлі ад суседніх зон у пункт назірання, узаемна аслабляюць адна адну. Калі закрыць цотныя (ці няцотныя) зоны Фрэнеля, то атрыманая сістэма (зонная пласцінка) працуе як збіральная лінза (значна павялічвае асветленасць у пункце назірання і можа даваць відарыс). Калі падобную сістэму сабраць з празрыстых кольцаў спец. формы. то атрымаецца лінза Фрэнеля, якая дае паралельны пучок святла. Выкарыстоўваецца на маяках, у сігнальных ліхтарах і інш.
Літ.:
Степанов Б.И. Введение в современную оптику: Основные представления оптической науки на пороге XX в. Мн., 1989. С. 109—142.
Да арт.Фрэнеля дыфракцыя. Падзел фронту сферычнай хвалі на зоны Фрэнеля; Q — кропкавая крыніца святла: S — фронт хвалі; O — вяршыня фронту; P — пункт назірання; чырвоным вылучаны цотныя зоны Фрэнеля. Адлегласці ад аднайменных краёў суседніх зон да пункта назірання адрозніваюцца на палавіну даўжыні хвалі.Да арт.Фрэнеля дыфракцыя: папярочнае сячэнне сферычнай лінзы Фрэнеля. SO — галоўная аптычная вось лінзы.
амерыканскі акцёр, кінарэжысёр, сцэнарыст, прадзюсер. З 1895 (паводле інш. звестак з 1897) выступаў у мюзік-холе і т-ры пантамімы. У 1914 дэбютаваў у ЗША як акцёр, рэжысёр, сцэнарыст. Спалучаў акцёрскі талент з бліскучай клоунскай тэхнікай. Стварыў вядомую трагічную кінамаску «маленькага чалавека» — бадзягі Чарлі («Бадзяга», 1915; «Ціхая вуліца», «Імігрант», абодва 1917, і інш.). Герой Ч. арганічна існаваў у жанрах трагіфарсу («На плячо!», 1918), меладрамы («Малыш», 1921). У 1923 засн. уласную фірму «Чарлз С.Чаплін філм карпарэйшэн». Пасля фільма «Парыжанка» (1923, без удзелу Ч. як акцёра) зноў звярнуўся да вобраза Чарлі. Непаўторная творчая індывідуальнасць Ч. прынесла поспех стужкам «Залатая ліхаманка» (1925), «Цырк» (1928), «Агні вялікага горада» (1931) і інш. Стварыў антыфаш. сатыр. фільм «Вялікі дыктатар» (1940). Пасля горкай прытчы «Месье Верду» (1947) паставіў фільм «Агні рампы» (1952, прэмія «Оскар» за музыку 1972), у якім выступіў як рэжысёр, сцэнарыст, акцёр і кампазітар. З 1953 у Еўропе. У Вялікабрытаніі паставіў фільмы «Кароль у Нью-Йорку» (1957), «Графіня з Ганконга» (1967). Пра яго мастацтва зняты біягр. фільм «Чарлі» (1992). Спец. прэміі «Оскар» 1928, 1972. Залатая прэмія на Міжнар. кінафестывалі ў Венецыі 1972 за творчасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАРНА́ТАЎ Вячаслаў Міхайлавіч (н. 11.8.1939, г. Амурск Хабараўскага краю, Расія),
бел. архітэктар і даследчык архітэктуры. Канд. архітэктуры (1998). Скончыў БПІ (1967). Працаваў у ін-це «Белдзіпрагандаль», Спец.навук.-рэстаўрацыйных вытв. майстэрнях Мін-ва культуры Беларусі, у 1975—99 гал. архітэктар праектаў у БелНДІдзіпрасельбудзе. З 1981 выкладае ў Бел.нац.тэхн. ун-це. Асн. работы: гандл. цэнтр (1971, 1-я чарга) і адм. будынак фірмы «МАВ» (2002, з В.Малышкіным) у г. Дзяржынск, рэстаран «Бярэзіна» ў г. Барысаў Мінская вобл. (1975, з У.Сарочкіным), будынак навуч. корпуса Ін-та ўпраўлення і прадпрымальніцтва па вул. Славінскага ў Мінску (2001); у аўт. калектыве — праект рэгенерацыі гіст. цэнтра Магілёва, ахоўная зона і зона рэгулявання арх. помніка пач. 20 ст. ў в. Лясная Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл. (абедзве 1974), серыя тыпавых праектаў жылых і грамадскіх будынкаў для малых гарадоў і сельскай мясцовасці (1975—88). Даследуе бел. архітэктуру 2-й пал. 19—20 ст. Аўтар кніг «Сынам Айчыны» (1980), «Георгій Заборскі» (1998), «Абрам Духан» (2002). Адзін з аўтараў кн. «Гісторыя беларускага мастацтва» (т. 3, 1989), «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» (т. 1—7, 1984—88), «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць» (1990). Аўтар-складальнік бібліягр. даведніка «Архітэктары Савецкай Беларусі» (1991, у сааўт.).
Тв.:
Памятники воинской славы на белорусской земле (XIX — нач. XX в.). Мн., 1976.