ЧАРНА́ТАЎ Вячаслаў Міхайлавіч (н. 11.8.1939, г. Амурск Хабараўскага краю, Расія),

бел. архітэктар і даследчык архітэктуры. Канд. архітэктуры (1998). Скончыў БПІ (1967). Працаваў у ін-це «Белдзіпрагандаль», Спец. навук.-рэстаўрацыйных вытв. майстэрнях Мін-ва культуры Беларусі, у 1975—99 гал. архітэктар праектаў у БелНДІдзіпрасельбудзе. З 1981 выкладае ў Бел. нац. тэхн. ун-це. Асн. работы: гандл. цэнтр (1971, 1-я чарга) і адм. будынак фірмы «МАВ» (2002, з В.​Малышкіным) у г. Дзяржынск, рэстаран «Бярэзіна» ў г. Барысаў Мінская вобл. (1975, з У.​Сарочкіным), будынак навуч. корпуса Ін-та ўпраўлення і прадпрымальніцтва па вул. Славінскага ў Мінску (2001); у аўт. калектыве — праект рэгенерацыі гіст. цэнтра Магілёва, ахоўная зона і зона рэгулявання арх. помніка пач. 20 ст. ў в. Лясная Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл. (абедзве 1974), серыя тыпавых праектаў жылых і грамадскіх будынкаў для малых гарадоў і сельскай мясцовасці (1975—88). Даследуе бел. архітэктуру 2-й пал. 19—20 ст. Аўтар кніг «Сынам Айчыны» (1980), «Георгій Заборскі» (1998), «Абрам Духан» (2002). Адзін з аўтараў кн. «Гісторыя беларускага мастацтва» (т. 3, 1989), «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» (т. 1—7, 1984—88), «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць» (1990). Аўтар-складальнік бібліягр. даведніка «Архітэктары Савецкай Беларусі» (1991, у сааўт.).

Тв.:

Памятники воинской славы на белорусской земле (XIX — нач. XX в.). Мн., 1976.

т. 17, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)