НІКІ́ЦІН Леанід Аляксандравіч (14.5.1896, г. Разань, Расія — 20.10.1942),
расійскі мастак тэатра, жывапісец. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це, у прыватных студыях у Э.Ліснера, А.Ленскага, скульптара А.Бяссмертнага. Скончыў Вышэйшыя маст.-тэхн. майстэрні (1922). З 1920 працаваў у тэатр. сектары Пралеткульта, дзе з С.Эйзенштэйнам аформіў спектаклі «Мексіканец» паводле Дж.Лондана, «Лена» В.Плятнёва, «Зоры Пралеткульта» В.Ігнатава. У 1924—26 кіраўнік курса гісторыі мастацтваў у Бел.драм. студыі ў Маскве. Аформіў спектаклі студыі «Цар Максімілян» у апрацоўцы А.Рэмізава і М.Міцкевіча (1924), «Сон у летнюю ноч» У.Шэкспіра, «Апраметная» В.Шашалевіча, «Гавань» Гі дэ Мапасана, «Пільны вартавы» М.Сервантэса, «Цырульнік з Берыягу» М.Мэля, «Чорт і баба» Ф.Аляхновіча (усе 1925), «Эрас і Псіхея» Ю.Жулаўскага, «У мінулы час» І.Бэна (абодва 1926); у БДТ-2 — «Эрас і Псіхея» Жулаўскага (1926), «Дуброўскі» паводле А.Пушкіна, «Банкір» А.Карнейчука (абодва 1937). Аўтар афармлення «Вечара бел. танца і песні» (пастаноўка А.Лашчыліна, 1925) у Вял. т-ры. Пісаў партрэты (Бяссмертнага, жонкі, сына), пейзажы («Стары Віцебск», «Дняпро каля Канева» і інш.). Працаваў у кніжнай і прамысл. графіцы.
Літ.:
Никитина В.Р. Дом окнами на закат: Воспоминания. М.,1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШУ́ЙСКІЯ,
княжацкі і баярскі род у Расіі 15—17 ст.; адгалінаванне роду ніжагародска-суздальскіх князёў Рурыкавічаў (ад сынаАляксандра Неўскага Андрэя). Розныя лініі роду вядомы як Ш. (старэйшая лінія), Глазатыя-Ш., Барбашыны-Ш., Гарбатыя-Ш., Скапіны-Ш. Адыгрывалі найважнейшую ролю ў паліт. жыцці дзяржавы. Найб. вядомыя прадстаўнікі: кн.Васіль Васілевіч Ш. (?—кастр. 1538), баярын, ваявода ў войнах Маскоўскага вял. княства з ВКЛпач. 16 ст., фактычны правіцель Расіі пры малалетнім Іване IV пасля смерці вял. княгіні Алены Глінскай (13.4.1538); яго брат кн.Іван Васілевіч Ш. (?—1542), фактычны правіцель Расіі ў 1538—40 і 1542; кн.Аляксандр Барысавіч Гарбаты-Ш. (?—1565), баярын, ваявода, фактычны кіраўнік рус. арміі пры ўзяцці Казані ў 1552, чл.Выбранай рады; кн.Іван Пятровіч Ш. (7—1588), баярын, ваявода, кіраўнік Пскова абароны 1581—82, чл. рэгенцкага савета пры няздольным да кіравання цару Фёдару Іванавічу (1584—86), як праціўнік Барыса Гадунова сасланы ім і пазней забіты; цар Васіль Іванавіч Шуйскі (1552—1612); кн. М.В.Скапін-Шуйскі (1526—1610), вядомы рус. палкаводзец. У 16 — пач. 17 ст. ўсе лініі роду Ш. спыніліся. Апошні іх прадстаўнік — кн.Іван Іванавіч Ш. (7—1638).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯРАСЛА́ВІЧЫ,
княжацкі род у ВКЛ. Паходзілі ад бораўскага кн. Андрэя Іванавіча, сынавял. князя маскоўскага Івана Каліты. Яго нашчадкі валодалі Бораўскам і Серпухавам. Ад імя Яраслава Уладзіміравіча (?—1426), унука Андрэя Іванавіча, яго нашчадкі ў ВКЛ Іван і Фёдар утварылі прозвішча Я. Прадстаўнікі роду:
Васіль Яраславіч (?—1483), сын Яраслава Уладзіміравіча. Удзельны князь бораўскі. У час феад. вайны 1425—53 у 1446 выгнаны вял. князем маскоўскім Дзмітрыем Шамякам. Ад’ехаў у ВКЛ, дзе атрымаў ад вял. князя ВКЛ Казіміра Бранск, Гомель, Старадуб, Мсціслаў. Пасля вярнуўся, дапамог Васілю II вярнуць маскоўскі трон. У 1456 сасланы Васілём II у Угліч. Яго жонка з пасынкам Іванам уцякла ў ВКЛ. Іван Васілевіч (?—1507), сын Васіля Яраславіча. Атрымаў ад вял. князя ВКЛ Казіміра Клецкае і Давыд-Гарадоцкае княствы (1492?), Рагачоўскую вол.Фёдар Іванавіч (? — паміж жн. 1520 і лют. 1522), сын Івана Васілевіча. У 1498 ажаніўся з Аляксандрай (Аленай), дачкой кн. С.Алелькавіча; пасля смерці ў 1501 цешчы атрымаў у спадчыну Пінскае княства. Пасля смерці бацькі атрымаў Клецк, Давыд-Гарадок, Рагачоў, у 1508 — пацвярджэнне на воласць Вяда ў Новагародскім пав. На ім род Я. згас.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСЛЮ́К Віктар Мікалаевіч (н. 26.11.1961, в. Ляскавічы Акцябрскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. рэжысёр і сцэнарыст дакумент. кіно. Скончыў БДУ (1984), Бел.АМ (1994). Здымае фільмы ў аб’яднанні «Летапіс» кінастудыі «Беларусьфільм», у «Белвідэацэнтры». Розныя эпохі нац. гісторыі адлюстраваны ў цыкле фільмаў «Невядомая вайна» (1992), «Слёзы блуднага сына» (1995, прызы міжнар. кінафестываляў «Маладосць» у Кіеве і «Альтэрнатыва» ў г. Тыргу-Мурэш, Румынія), «Казка пра горад Копысь» (1997), «Край тужлівых песень» (1998). У фільмах «Трыццаць гадоў чакання» (1996), «Добры вечар, сад, сад» (1999, дыплом Міжнар. кінафестывалю «Залаты Віцязь» у г. Смаленск, Расія), «Андрэевы камяні» (2000), «Кола» (2003, прызы міжнар. кінафестываляў «Залаты Віцязь» у г. Калуга, Расія, дакумент. і анімацыйных фільмаў у г. Лейпцыг, Германія) у цэнтры ўвагі духоўныя праблемы моладзі, пошукі сучаснікамі маральных каштоўнасцей. Абагульнены партрэт старых вясковых жанчын у вобразна-метафарычнай форме прадстаўлены ў фільме «Мы жывём на краі» (2002, прызы міжнар. кінафестываляў у г. Трыест, Італія; кароткаметражных фільмаў у г. Віла-ду-Конду, Партугалія; у г. Нойбрандэнбург, Германія; дакумент. і кароткаметражных фільмаў у г. Драма, Грэцыя; тэлевізійных фільмаў у г. Плоўдзіў, Балгарыя; дакумент. і антрапалагічных фільмаў у г. Пярну, Эстонія і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАДКО́ВІЧЫ, Валадкевічы,
дзяржаўныя дзеячы ВКЛ з роду герба «Радван». Верагодна, паходзяць ад шляхціца з Віленскага пав. Каспара Мікалаевіча Валадовіча, сыны якога Марцін і Рыгор у 1567 ставілі ў войска ВКЛ 2 коннікаў з маёнтка Геранёны Ашмянскага пав.; Марцін згадваецца і сярод шляхты Менскага пав.Найб. вядомыя:
Марцін (згадваецца ў 1567—82), пісар земскі, суддзя земскі і гараднічы менскі (1582). Меў сына Адама і дачку Палонію, якая была жонкаю кн. П.Друцкага-Горскага. Марцін, верагодна, сын Адама. Суддзя земскі менскі (1628). Крыштоф (1600 ? — 1670), пісар земскі менскі, ваявода новагародскі (1658). У 1645 другі шлюб узяў з княжной Альжбетай з роду Друцкіх-Саколінскіх (памерла ў 1653). Яго дачка Соф’я Канстанцыя ў 1652 выйшла замуж за маршалка ВКЛкн. А.Палубінскага. Марцін Казімір, гараднічы і падстароста менскі (1649). Яго нашчадкамі, напэўна, былі Валадковічы, якія ў 2-й пал. 17—18 ст. займалі розныя пасады ў Менскім пав. Магчыма, да гэтага роду адносіліся Валадковічы: Сенька, які ў канцы 15 — пач. 16 ст. служыў князям Мсціслаўскім і атрымаў ад іх вёскі Касмынічы і Філіпаўшчыну; Павел, які ў 1582 з сынам Васілём служыў удаве кн. Ю.Ю.Слуцкага Кацярыне з Тэнчынскіх; Рыгор, полацкі шляхціц, згадваецца ў 1582; Дзям’ян (памёр да 1582), жонкай якога была Палонія Лядская. У Жамойціі існаваў род Валадковічаў герба «Лебедзь».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВЫ́Д-ГАРАДО́ЦКАЕ КНЯ́СТВА (да канца 15 ст. — Гарадзецкае княства),
феадальная адм.-тэр. адзінка ў 14—16 ст. у ВКЛ у нізоўях р. Гарынь. Цэнтр — Давыд-Гарадок (Гарадок). Вядома з 1382, калі дачка вял.кн.літ. Альгерда Марыя выйшла замуж за князя Давыда Дзмітрыевіча Гарадзецкага. Каля 1390 у дакументах згадваюцца кн. Іван і Юрый Гарадзецкія, верагодна, мясц. Рурыкавічы, нашчадкі Ізяславічаў. Да 1440 княствам валодаў кн. Мітка Давыдавіч, сын Давыда Дзмітрыевіча. Потым вял.кн. Казімір аддаў яго кн. Свідрыгайлу, а пасля яго смерці ў 1452 — удаве Ганне Іванаўне з роду цвярскіх князёў (памерла да 1486). Каля 1492 Казімір падараваў Давыд-Гарадоцкае княства выхадцу з Расіі кн. Івану Васілевічу Яраславічу, а пасля яго смерці (1507) яно адышло да сына Фёдара (памёр у 1521 або 1522). Як вымарачнае ўладанне належала вял.кн. Жыгімонту Старому, які ў 1522 перадаў яго сваёй жонцы Боне Сфорцы. З таго часу Давыд-Гарадоцкае княства — састаўная частка Пінскага княства. У 1554 у Давыд-Гарадоцкім княстве праведзена валочная памера. З 1556 яно пад кіраваннем велікакняжацкай адміністрацыі. У 1558 вял.кн. Жыгімонт Аўгуст перадаў яго кн. Радзівілам (адпаведная грамата выдадзена ў 1551), якія замест Давыд-Гарадоцкага княства і Клецкага княства ўтварылі ў 1586 Клецкую ардынацыю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛЖЭДЗМІ́ТРЫЙ I (каля 1581—17.5.1606),
рускі цар [1605—06]. Самазванец, выдаваў сябе за царэвіча Дзмітрыя, малодшага сына цара Івана IV, які ў 1591 быццам бы пазбег смерці ва Углічы. Асоба І. I не высветлена. Існуе версія, што ён — збеглы манах маскоўскага Чудава манастыра Рыгор Атрэп’еў з дваранскага роду Атрэп’евых, продкі якіх выехалі з Беларусі ў Маскоўскае княства. Выступіў як прадстаўнік апазіц. цару Барысу Гадунову маскоўскага баярства (князёў Раманавых, Чаркаскіх і інш.) і патрыярха. Паводле інш. звестак яго падтрымліваў канцлер ВКЛ Л.Сапега. У 1601 І. I знаходзіўся ў Кіеве, Астрогу, Брагіне, дзе ў 1603 заручыўся падтрымкай уладальніка горада кн. А.Вішнявецкага. У 1604 з дапамогаю караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта III Вазы авалодаў паўд. і паўд.-ўсх.ч. Рускай дзяржавы, заняў Маскву і 21.7.1605 каранаваны як цар Дзмітрый I Іванавіч. Быў адукаваным чалавекам, ведаў некалькі моў і вайск. справу. Адмовіў Рэчы Паспалітай у праве на валоданне Смаленскай і Северскай землямі, якія раней абяцаў перадаць за падтрымку яго выступлення. У знешняй палітыцы намагаўся стварыць антытур. кааліцыю. Забіты змоўшчыкамі-баярамі на чале з В.І.Шуйскім у час нар. паўстання.
Літ.:
Соловьев С.М. Соч.Кн. 4. История России с древнейших времен, т. 7—8. М., 1989;
Скрынников Р.Г. Самозванцы в России в начале XVII в.: Григорий Отрепьев. 2 изд. Новосибирск, 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́БРЫНСКІЯ,
княжацкі род герба «Пагоня» ў ВКЛ. Вялі радаслоўную ад вял. князя Альгерда, які ў дакументах 1366 пазначаны як уладар г.Кобрын. Верагодна, Кобрын перайшоў да яго сына Фёдара Ратненскага, які меў сыноў Гурку, Сангушку (родапачынальнік князёў Сангушкаў) і Рамана — родапачынальніка князёў К.
Раман Фёдаравіч (? — пасля 1417) упамінаецца ў дакументах з 1387. У 1404 вял. князь Вітаўт выдаў яму грамату на валоданне Кобрынам і навакольнымі маёнткамі (Грушава, Несухаіжы і інш.; гл.Кобрынскае княства); у 1411—17 пры двары польск. караля Ягайлы. Сямён Раманавіч (7 — каля 1460), сын Рамана Фёдаравіча. У 1431 дапамагаў вял. князю Свідрыгайлу бараніць Луцк ад войск Ягайлы. Іван Сямёнавіч (? — каля 1490), сын Сямёна Раманавіча. Зрабіў шмат наданняў цэрквам Кобрыншчыны, у 1473 — царкве Божага Нараджэння ў Пружанах. Апошні мужчынскі прадстаўнік роду К. Пасля яго смерці Кобрынскае княства пакінута яго ўдаве Фядоры Іванаўне з роду Рагацінскіх. Марыя Сямёнаўна (? — каля 1510), дачка Сямёна Раманавіча, жонка маскоўскага князя Івана Васілевіча Краснага. Ганна Сямёнаўна (? — люты або сак. 1519), дачка Сямёна Раманавіча. У 1481 выдадзена замуж за князя Фёдара Уладзіміравіча Бельскага, які ўцёк у Маск. дзяржаву з-за выкрыцця яго ўдзелу ў змове супраць Казіміра IV. Да 1512 трымала Кобрынскае княства, якое пасля яе смерці перайшло да мужа.
іспанскі жывапісец. Вучыўся ў Х. дэль Кастыльё ў Іспаніі. Адзін з заснавальнікаў (1660) і першы прэзідэнт Севільскай АМ У ранні перыяд зазнаў уплыў караваджызму, трактаваў рэліг. сцэны як падзеі з нар. жыцця. З 1650-х г. яго жывапісная манера вызначалася вытанчанасцю каларыту, залацістым святлаценем, лірычным ладам кампазіцыі, часам сентыментальнасцю. Сярод твораў: серыі рэліг. карцін для францысканскага кляштара («Францысканскі цыкл», 1645—46), для кляштара капуцынаў («Святыя», 1665), для царквы Санта Марыя ла Бланка («Сон патрыцыя», «Тлумачэнне сну папам Ліберыем» і інш., 1665—66), для капэлы шпіталя Ла Карыдад («Св. Ізабэла Венгерская», «Майсей здабывае ваду са скалы» і інш., 1671—74), для аўгусцінскага кляштара («Св. Фама Вільянуэва раздае міласціну» і інш., 1678) у Севільі, «Прытча пра блуднага сына» (1660—80); карціны «Тайная вячэра» (1640), «Св. сям’я з птушкай» (1640-я г.), «Рэвека і Елеазар» (1650), «Адпачынак на шляху ў Егіпет» (1665—70), «Бязгрэшнае зачацце» (1668) і інш. Ствараў жанравыя сцэны («Хлопчык з садавіной», 1645—54; «Маленькі жабрак», каля 1650; «Хлопчык з сабакам», 1650-я г., і інш.), партрэты («Партрэт рыцара»; аўтапартрэт, каля 1655, і інш.).
шляхецкі род герба «Касцеша» ў ВКЛ. Родапачынальнік — Сцецка Пятровіч, гаспадарскі дваранін, войт магілёўскі і слуцкі (15 ст.). Меў сына Ждана, які валодаў Любанічамі, Чаркасавам і Расасною, унукаў Хаму, Яўмена і Андрэя, ротмістра і двараніна вял. князя ВКЛ Казіміра. Найб. вядомыя:
Іван Андрэевіч (?—1554), сын Андрэя Жданавіча, падскарбі надворны ВКЛ. Багдан Іванавіч (? — да крас. 1586), сын Івана Андрэевіча, староста кокенгаўзенскі, падчашы ВКЛ у 1558—72, маршалак гаспадарскі з 1572, маршалак браслаўскі. Атрымаў ад вял. князя маёнтак Заверцы ў Ашмянскім пав., адсюль прадстаўнікі роду ўжывалі прозвішча Статкевіч-Заверскі. Вільгельм (?—1616), сын Багдана Іванавіча, падкаморы браслаўскі ў 1613. Крыштоф (? — да 1652), сын Вільгельма, ротмістр, староста азярышчанскі, падкаморы браслаўскі. Вызначыўся ў вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 абаронай Азярышчанскага замка ў 1654. Багдан (?—1651), сын Вільгельма, падкаморы мсціслаўскі ў 1630—44, кашталян мсціслаўскі ў 1644—46 і новагародскі з 1646. Актыўна выступаў у абарону праваслаўя. Разам з жонкай Аленай Багданаўнай Саламярэцкай заснаваў Баркалабаўскі Узнясенскі жаночы манастыр, Буйніцкі Святадухаўскі манастыр, Аршанскі Куцеінскі Богаяўленскі манастыр, Аршанскі Куцеінскі Успенскі манастыр, фінансаваў дзейнасць Куцеінскай друкарні. Ян (1601—34), сын Вільгельма, харунжы ашмянскі. Удзельнічаў у бітвах пад Хацінам (1621) і Смаленскам (1633—34). Ян (? — 1660), сын Яна, каралеўскі дваранін, кашталян новагародскі з 1652.