МО́РФАВА Хрысціна (24.4.1889, г. Стара-Загора, Балгарыя — 1.6.1936),

балгарская спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана), педагог. Вучылася ў Пеўчай школе ў Празе. З 1913 салістка Балг. опернага т-ва (з 1921 Сафійская нац. опера), з 1916 — Нац. т-ра ў Празе. У 1931—36 выкладала ў Муз. акадэміі ў Сафіі. Валодала надзвычай прыгожым і гнуткім голасам, выконвала лірычныя і драм. партыі: Мажэнка («Прададзеная нявеста» Б.​Сметаны), Маргарыта («Фауст» Ш.​Гуно), Лакмэ(«Лакмэ» Л.​Дэліба), Аіда («Аіда» Дж.​Вердзі), Царыца ночы («Чароўная флейта» В.​А.​Моцарта), Даліла («Самсон і Даліла» К.​Сен-Санса), Сантуца («Сельскі гонар» П.​Масканьі). Выконвала балг., чэш. і інш. слав. нар. песні. У 1936 у Сафіі засн. Жаночы хор імя М.

т. 10, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТРО́ВА Марына Уладзіміраўна (н. 6.2.1934, Рыга),

бел. артыстка балета, педагог. Засл. арт. Беларусі (1967). Скончыла Маскоўскае харэагр. вучылішча (1952). У 1952—72 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, адначасова ў 1968—71, 1973—75 і з 1980 выкладае ў Бел. харэагр. каледжы. Выканала гал. партыі ў бел. балетах: Джулія, Няўзіра («Альпійская балада», «Выбранніца» Я.​Глебава), Рузя («Падстаўная нявеста» Г.​Вагнера); у спектаклях класічнага і сучаснага рэпертуару: Аўрора, Маша («Спячая прыгажуня», «Шчаўкунок» П.​Чайкоўскага), Ліза («Марная засцярога» П.​Гертэля), Гамзаці, Вулічная танцоўшчыца («Баядэрка», «Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Гюльнара («Карсар» А.​Адана), Вакханка («Вальпургіева ноч» Ш.​Гуно), Крыўляка («Золушка» С.​Пракоф’ева), Анель («Блакітны Дунай» І.​Штрауса), Эгіна («Спартак» А.​Хачатурана).

А.​І.​Калядэнка.

т. 13, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНЕ́ЛЬНІКАВА Людміла Мікалаеўна (н. 24.7.1950, г. Варонеж, Расія),

бел. і рас. балерына. Засл. арт. Беларусі (1979). Скончыла Варонежскае харэагр. вучылішча (1968). Працавала ў т-рах оперы і балета Варонежа і Казані. У 1972—82 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Яе творчая індывідуальнасць найб. ярка выявілася ў партыях лірычнага плана. Сярод партый на бел. сцэне: Папялушка («Папялушка» С.​Пракоф’ева), Марыя («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева), Ева («Стварэнне свету» А.​Пятрова), Адэта — Адылія («Лебядзінае возера» П.​Чайкоўскага), Раймонда («Раймонда» А.​Глазунова), Жызэль («Жызэль» А.​Адана), Ліза («Ліза і Кален» Л.​Герольда), Радысачка («Чыпаліна» К.​Хачатурана). Выконвала мазурку і прэлюд у балеце «Шапэніяна» на музыку Ф.​Шапэна і інш. Лаўрэат Міжнар. конкурсу артыстаў балета (Варна, 1970).

т. 14, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТА́РЫКАВА Клаўдзія Фёдараўна (н. 26.12.1935, г. Снежнае Данецкай вобл., Украіна),

бел. спявачка (лірыка-драм. сапрана). Засл. арт. Беларусі (1972). Скончыла Харкаўскі ін-т мастацтваў (1965). З 1965 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, з 1976 — Варашылаўградскай і Харкаўскай абл. філармоній. Валодае голасам прыгожага тэмбру, шырокага дыяпазону. Для выканальніцкай манеры ўласцівы эмацыянальнасць, шчырасць, сцэнічная абаяльнасць. Сярод партый на бел. сцэне: Тася («Андрэй Касценя» М.​Аладава), Яраслаўна («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Ліза, Таццяна («Пікавая дама», «Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Наташа («Русалка» А.​Даргамыжскага), Аіда, Леанора, Дэздэмона («Аіда», «Трубадур», «Атэла» Дж.​Вердзі), Тоска, Чыо-Чыо-сан (аднайм. оперы Дж.​Пучыні). Лаўрэат міжрэсп. конкурсу вакалістаў рэспублік Прыбалтыкі і Беларусі (1968).

Б.​С.​Смольскі.

т. 15, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРУЧКО́ВА Раіса Сцяпанаўна (н. 5.10.1925, Масква),

расійская артыстка балета. Нар. арт. СССР (1959). Праф. (1978). Скончыла Маскоўскае харэаграфічнае вучылішча (1944). З 1944 салістка, у 1978—81 балетмайстар-рэпетытар Вял. т-ра ў Маскве. З 1995 маст. кіраўнік кафедры харэаграфіі Рас. акадэміі тэатральнага мастацтва. Сярод партый класічнага і сучаснага рэпертуару: Аўрора («Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага), Папялушка, Джульета («Папялушка», «Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева), Марыя, Жанна («Бахчысарайскі фантан», «Полымя Парыжа» Б.​Асаф’ева), Тао Хоа, Параша («Чырвоны мак», «Медны коннік» Р.​Гліэра). Знялася ў фільме-балеце «Хрустальны чаравічак» і ў тэлеэкранізацыі балетаў «Паручнік Кіжэ», «Тваё імя». Яе творчасці прысвечаны тэлефільм «Танцуе Раіса Стручкова» і дакумент. фільм «Раіса Стручкова».

Р.Стручкова ў ролі Папялушкі.

т. 15, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТУ́КАЛКІНА Ніна Міхайлаўна ( 26.8.1905, с. Кузнечка Цвярской вобл., Расія — 2.3.1999),

расійская артыстка балета, педагог, балетмайстар. Засл. арт. Расіі (1956). Скончыла Петраградскае тэатр. вучылішча (1922). У 1922—57 салістка Ленінградскага т-ра оперы і балета імя С.​Кірава. Балетмайстар-рэпетытар Узб. т-ра оперы і балета імя А.​Наваі (1968—71), Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі (1960—64 і 1971—73), Чувашскага муз. т-ра (1978—83). Выкладала ў ленінградскіх т-рах оперы і балета (1950—58), музкамедыі (1953—58), харэаграфічным вучылішчы (1958—69). На бел. сцэне ўдзельнічала ў паст. балетаў (сумесна з А.​Андрэевым): «Мара» Я.​Глебава (1961), «Святло і цені» Г.​Вагнера, «Балеро» М.​Равеля, «Трыстан і Ізольда» Р.​Вагнера (усе 1963).

т. 15, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАКАМБА́ЕВА Айсулу Асанбекаўна (н. 22.9.1947, Бішкек),

кіргізская артыстка балета. Нар. арт. Кіргізіі (1976). Нар. арт. СССР (1981). Скончыла Ленінградскае харэагр. вучылішча (1966). З 1966 салістка Кіргізскага т-ра оперы і балета імя А.​Малдыбаева. Яе выкананне вылучаецца дасканалай тэхнікай класічнага танца, псіхалагізмам, тэмпераментам, сцэн. абаяльнасцю. Сярод партый: Чалпон і Адай («Чалпон» М.​Раўхвергера), Каханне і Жыццё («Несмяротнасць» Ч.​Нурымава), Шырын і Мехменэ Бану («Легенда пра каханне» А.​Мелікава), Талганай («Мацярынскае поле» К.​Малдабасанава), Асель («Асель» У.​Уласава), Жызэль («Жызэль» А.​Адана), Марыя («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева), Фларына, Адэта—Адылія («Спячая прыгажуня», «Лебядзінае возера» П.​Чайкоўскага), Нікія («Баядэрка» Л.​Мінкуса), Фрыгія («Спартак» А.​Хачатурана), Аксаніда («Праметай» Э.​Арыстакесяна). Дзярж. прэмія СССР 1976.

Л.​А.​Сівалобчык.

т. 15, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧКО́НІЯ Ламара Рыгораўна (н. 27.12.1930, г. Батумі, Аджарыя),

грузінская і ўкраінская спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана). Засл. арт. Украіны (1963). Нар. арт. СССР (1976). Скончыла Тбіліскую кансерваторыю (1956), выкладае ў ёй (з 1987 праф.). У 1956—60 і з 1968 салістка Грузінскага, у 1960—68 — Укр. т-раў оперы і балета. Валодае голасам прыгожага серабрыстага тэмбру. Яе творчасць вызначаецца высокай вакальнай тэхнікай, шчырасцю і пранікнёнасцю. Сярод партый: Маро, Этэры («Даісі», «Абесалом і Этэры» З.​Паліяшвілі), Марфа («Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Таццяна, Іаланта («Яўген Анегін», «Іаланта» П.​Чайкоўскага), Чыо-Чыо-сан («Чыо-Чыо-сан» Дж.​Пучыні), Віялета («Травіята» Дж.​Вердзі). Лаўрэат Усесаюзнага (1960, Масква) і Міжнар. (1963, Сафія; 1967, Токіо) конкурсаў вакалістаў.

т. 17, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРО́КІНА Ірына Мікалаеўна (н. 23.5.1935, г. Гянджа, Азербайджан),

бел. артыстка балета. Засл. дз. культ. Беларусі (1999). Скончыла Ленінградскае харэагр. вучылішча (1955). З 1955 салістка балета ў Т-ры оперы і балета (г. Чэлябінск), у 1958—74 і 1978—2001 у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі (у 1978—91 рэжысёр, з 1996 пам. маст. кіраўніка), з 1974 арт. балета Бел. філармоніі, у 1976—78 заг. балета ў Дзярж. т-ры муз. камедыі Беларусі. Сярод партый: Марыя («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева), Флёр дэ Ліс («Эсмеральда» Ц.​Пуні), Ліза («Сцежкаю грому» К.​Караева), Фея Шчодрасць і Фея Бесклапотнасць, танцы кітайскі і маленькіх лебедзяў («Спячая прыгажуня», «Шчаўкунок», «Лебядзінае возера» П.​Чайкоўскага) і інш.

т. 18, кн. 1, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАСПАРА́Н (Хачатран) Гаар Мікаэлаўна

(н. 14.12.1924, Каір),

армянская спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана). Нар. арт. СССР (1956). Герой Сац. Працы (1984). Муз. адукацыю атрымала ў Каіры. З 1948 у Арменіі, з 1949 салістка Арм. т-ра оперы і балета. З 1965 выкладае ў Ерэванскай кансерваторыі (праф. з 1977). Голас вял. дыяпазону, удумлівая, тонкая трактоўка маст. вобразаў спалучаюцца ў яе з віртуознай каларатурнай тэхнікай. Сярод партый у операх арм. кампазітараў: Ануш, Шушан («Ануш», «Давід-Бек» А.​Тыграняна), Гаар («Гераіня» А.​Сцепаняна; Дзярж. прэмія СССР 1951), Алімпія («Аршак II» Т.​Чухаджана), у класічных — Лакмэ («Лакмэ» Л.​Дэліба), Віялета, Дэздэмона, Джыльда («Травіята», «Атэла», «Рыгалета» Дж.​Вердзі), Маргарыта («Фауст» Ш.​Гуно), Разіна («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні). Вядомая як камерная спявачка. Дзярж. прэмія Арменіі 1964.

т. 5, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)