ЧКО́НІЯ Ламара Рыгораўна (н. 27.12.1930, г. Батумі, Аджарыя),

грузінская і ўкраінская спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана). Засл. арт. Украіны (1963). Нар. арт. СССР (1976). Скончыла Тбіліскую кансерваторыю (1956), выкладае ў ёй (з 1987 праф.). У 1956—60 і з 1968 салістка Грузінскага, у 1960—68 — Укр. т-раў оперы і балета. Валодае голасам прыгожага серабрыстага тэмбру. Яе творчасць вызначаецца высокай вакальнай тэхнікай, шчырасцю і пранікнёнасцю. Сярод партый: Маро, Этэры («Даісі», «Абесалом і Этэры» З.​Паліяшвілі), Марфа («Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Таццяна, Іаланта («Яўген Анегін», «Іаланта» П.​Чайкоўскага), Чыо-Чыо-сан («Чыо-Чыо-сан» Дж.​Пучыні), Віялета («Травіята» Дж.​Вердзі). Лаўрэат Усесаюзнага (1960, Масква) і Міжнар. (1963, Сафія; 1967, Токіо) конкурсаў вакалістаў.

т. 17, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)